БІБЛІЯТЭКА

 

 Скарбы сьвету

Імя Міколы Крывальцэвіча, археоляга з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, добра знаёмае вузкаму колу спэцыялістаў, якія вывучаюць бронзавы век, шырокаму колу сталых чытачоў “Нашае Нівы” і вялізным колам грамадзкасьці, якія сочаць за падзеямі вакол Курапатаў. Мікола — адзін з тых спэцыялістаў-археолягаў, якія праводзілі раскопкі гэтай сумнай мясьціны, аўтар публікацыяў пра яе. Да таго ж ён адзін зь нешматлікіх папулярызатараў археалягічных ведаў. Колькі гадоў таму на старонках “Нашай Нівы” пачалі зьяўляцца яго артыкулы пра найбольш гучныя археалягічныя адкрыцьці. Быў час, калі “Наша Ніва” друкавала грунтоўныя артыкулы з разьлікам на іх доўгае жыцьцё ўжо ў асобных выданьнях. З той задумы атрымаўся зборнік Сяргея Харэўскага “Зьвяры-суайчыньнікі”, і толькі цяпер — кніга Крывальцэвіча “Археалягічныя адкрыцьці сьвету”.

Гэта першая беларуская кніга пра сусьветную археалёгію. Зразумела, папулярная. “Шырокі” чытач прагне сэнсацыйных зьвестак пра мінулыя эпохі. У сьвеце такі попыт задавальняюць ня толькі прафэсійныя археолягі, але і цэлая армія пісьменьнікаў ад навукі, якая за добры прыбытак выдумала не адну гісторыю пра муміі іншаплянэтнікаў ды розных гуманоідаў, Атлянтыду і г.д. У кнізе Міколы Крывальцэвіча ёсьць толькі дакладныя факты, але калі чытач прагне золата — няма праблемаў, ёсьць і пра адкрыцьцё ўнікальных залатых комплексаў. У зборніку сапраўды галоўнае з тых адкрыцьцяў, што ўзрушылі сусьветную супольнасьць, пра што пісалі газэты, паказвала тэлевізія, пра што хто-небудзь ды нешта чуў. Цяпер гэта паказана з пункту гледжаньня прафэсійнага дасьледніка і дапоўнена адпаведным камэнтаром.

На першы погляд, зьмешчаны матэрыял выглядае змрачнавата. Націск зроблены на нябожчыкаў, муміі, пахаваньні, могілкі і г.д. Але за гэтым стаіць агульная тэндэнцыя зьменаў інтарэсаў у грамадзтве. Калі раней за найбуйнейшае археалягічнае адкрыцьцё ўважалі пад’ём на сьвет Божы колькі там кіляграмаў золата, то цяпер найважнейшым лічыцца атрыманьне чарговай шматвекавой муміі. Біялёгія трывала зрабілася навукай нумар адзін. З адкрыцьцём новай муміі (тапельца з балота, замерзлага з глыбы лёду і г.д.) публіка чакае незвычайных біялягічных экспэрымэнтаў. Зважайма, пра клянаваньне раней і думкі не было. Але народ у Эўропе быў і раней дастаткова адукаваны — нейкая кабета ўсур’ёз настойвала на тым, каб яе апладнілі замерзлай спэрмай “ледзянога чалавека” з Альпаў. Іншыя прапаноўвалі вылучыць зь цела чалавека, што праляжала ў балоце каля 2500 гадоў, гены ды прарасьціць іх у лябараторных умовах. Апатэозам стаў сучасны праект клянаваць Ісуса Хрыста, скарыстаўшы біялягічны матэрыял са славутай Турынскай плашчаніцы. Уяўляеце, якім будзе другое прышэсьце?

У кнізе знайшлося пачэснае месца і сапраўды навуковым намаганьням узнавіць былыя формы жыцьця, у сэнсе — лад матэрыяльнай вытворчасьці. Так званая “жывая археалёгія” імкнецца поўнасьцю аднавіць рэальныя працэсы матэрыяльнага жыцьця ранейшых эпох. Энтузіясты ствараюць быццам старажытныя паселішчы, жывуць, як жылі людзі сотні і тысячы гадоў таму, аднаўляюць іх “індустрыю”. Гэтак у Эўропе, Амэрыцы. Як канстатуе Мікола Крывальцэвіч, у Беларусі пакуль няма экспэрымэнтальнай археалёгіі. Цэлая галіна сучаснай археалягічнай навукі застаецца ў нас нязьведанай, і таму кожны, хто адважыцца ёю займацца, будзе варты пашаны айчыннага першапачынальніка. Гэтак, хто пачне?

Увогуле беларускага матэрыялу ў кнізе небагата. Як адкрыцьці ўсясьветнага маштабу можна разглядаць дасьледаваньні крамянёвых капальняў часоў нэаліту і бронзавага веку каля Ваўкавыску ды вывучэньне нэалітычных паселішчаў на пАлях Крывіна і Асавец. Калі пішацца пра нешта найбольш знакамітае, любы чалавек з уласнага досьведу знойдзе не прапанаваныя аўтарам факты, у тым ліку зь Беларусі. Няма пра гружаныя золатам каравэлы з Амэрыкі, пра адкрыцьцё затанулай антычнай Александрыі, увогуле пра падводную археалёгію (якая-ніякая падводная археалёгія ў Беларусі ёсьць). Калі працягнуць “пахавальную” тэндэнцыю кнігі, прыгадайма багаты курган палавецкага хана ва Ўкраіне. З той жа лініі — нядаўна адноўлены на падставе чэрапа зьнешні выгляд славутай княгіні зь Беларусі Алены Глінскай, пляменьніцы мяцежнага Міхаіла Глінскага, маці Івана Жахлівага. Маскоўскіх дасьледнікаў уразіў балцкі тып яе твару, што патлумачылі… польска-літоўскім паходжаньнем Глінскіх (арыгінальны погляд на беларускі род татарскага паходжаньня). Няма, нарэшце, пра пошукі славутага (віртуальнага?) скарбу Напалеона, што вядуцца з выкарыстаньнем найноўшай электроннай тэхнікі. Калі Мікола Крывальцэвіч вырашыць працягнуць сэрыю выданьняў пра “сэнсацыйную” археалёгію, абяцаю падзяліцца мэмуарамі, як знайшлі Нясьвіскі скарб. Зямелька наша багатая…

Валеры Пазьнякоў

Крывою моваю пра Залатавуснага

Пішу Вам з нагоды наступнай. Трапіла да мяне кніга Алеся Марціновіча “Златавуст з Турава” (Мінск, Юнацтва”, 2000) і моцна мяне ўразіла. Словаў беларускіх нармальных у кнізе мала. Такой зрусіфікаванай ды зьнявечанай мовай толькі на БТ і гавораць. Літаральна кожная старонка ўтрымлівае штосьці кшталту: тамашнія, серабро, заблудзіўся, рыжы, мінута, грабіць, умудроны, удасца (што зрабіць)... Тэкст чалавека, які ня думае па-беларуску, а толькі піша час ад часу.

“Мова свая непаўторная” (гэта адзін з артыкулаў гэтай кнігі).

Усевалад Сьцебурака


у працяг палемікі

Пра беларускую філязофію – 2,
альбо “рэпартаж з задворкаў гуманітарнай прасторы”

Распачынаючы дыскусію з В.Булгакавым пра “беларускую філязофію”, я й ня думаў пра далёкасяжныя высновы. Тэкст пра “сэкундарныя дыскурсы” пісаўся лёгка і весела, у сьціплай пакоры, як пэўнага кшталту пародыя на “інтэлектуальныя спэкуляцыі з сацыяльным рэзанансам”, якіх апошнім часам сталася ў беларускай прэсе зашмат. Мне было цікава павярнуць гэты “інтэлектуальны інструмэнтар” супраць саміх “спэкулянтаў”, якія ўжываюць яго ў наіўнай веры ў тое, што ахвяры іхных спэкуляцыяў будуць сядзець ціха і ліць гаручыя сьлёзы крыўды. Альбо ім ня будзе дзе адказаць. Альбо нават калі й дадуць слова ў адказ, дзеля прыстойнасьці, “спэкулянты” тут жа дадуць “адказ у адказ”, у якім паспрабуюць з вас зрабіць ідыётаў яшчэ большых. Напрыклад, адправяць вас “у творчы крызыс на задворкі гуманітарнай прасторы”. Дзе ў вас ёсьць поўнае права на далейшую “маргіналізацыю”.

Гэта самае зрабіла “Наша Ніва” ў прамінулым нумары, патрактаваўшы мой адказ на крытыку ў якасьці самой крытыкі. І тут я зразумеў, што самы час рабіць славутыя далёкасяжныя высновы пра задворкі і пра тое, што мы там.

 

Задворкі

Першая добрая навіна: задворкі чакаюць нас усіх — ня толькі незалежную беларускую культуру, але й культуру залежную, і нават культуру як такую. І гэта зусім не загана, а яе рэальнае месца ў сучаснай цывілізацыі, а таксама праява нутраной сутнасьці культуры, што можа быць і адбывацца толькі там, дзе ёсьць свабода. А, вядома, чым далей ад цэнтру, тым болей свабоды. У цэнтры ж застануцца мэнэджэры, маніпулятары, палітыкі і журналісты — тыя, каго Мілан Кундэра ў свой час назваў “імаголягамі”. Задачай гэтых людзей будзе не стварэньне культуры, ня творчасьць і ня мысьленьне — а адбор і вызначэньне таго, што для шырокіх (альбо вузкіх) народных масаў будзе асацыявацца з “культурай”. Гэты адбор і вызначэньне ня мае анічога супольнага з “старамоднымі” ідэямі сумленнага аналізу альбо культурнай крытыкі. “...Калі ў час, калі я пішу гэтыя радкі, усе вырашаць, што Марцін Гайдэгер мусіць быць патрактаваны як псыхапат і паршывая авечка, дык гэта не таму, што ягоныя ідэі непераўзыдзеныя іншымі філёзафамі, а таму, што на імалягічнай рулетцы ён стаўся ў дадзеную хвіліну пройгрышнай лічбай, антыідэалам”, — пісаў Кундэра ў “Несьмяротнасьці”. Ён меў рацыю – менавіта гэта і здарылася ў свой час з Гайдэгерам...

 

Крыху гісторыі

Калі на пачатку 90-х некалькі генэрацыяў уклаліся ў пабудову інфраструктуры свабоднай і незалежнай беларускай культуры, яны спадзяваліся заснаваць тэрыторыю свабоды, вольную ад цэнзуры і ад прымусу. Утопію творчага суіснаваньня асобаў, тэкстаў, кірункаў. У першай палове 90-х здавалася, што гэтая ўтопія амаль уцялесьнілася: кнігі, часопісы, падзеі шчыльна перапляталіся, жыцьцё смакавала, нават дзяржаўная культура трансфармавалася і абнаўлялася: паўставалі “ЗНО”, някляеўская “Крыніца”, “ЛіМ” яшчэ друкаваў Акудовіча... Потым прыйшоў Лукашэнка, і ўтопія ператварылася ў руіны. Для больш эфэктыўнага кіраваньня гэтымі руінамі прыйшлі імаголягі.

(...)

Вось ужо год “Arche” справядліва інфармуе беларускага чытача, што яны ў цэнтры, а ўсе астатнія на задворках. Мы гэта ведаем. Мы радыя за вас, калегі.

 

Пазытыў

Чым далей ад цэнтру, тым больш свабоды. Нас там чакаюць нашыя ненапісаныя раманы і недадуманыя думкі. Там нашая радзіма — Каралеўства Беларусь.

Ігар Бабкоў


водгук

Рэфлексіі і рэфлексы

Падобна, што філязофскі дыскурс Беларусі пачаў набываць новыя, дагэтуль невядомыя ў гісторыі філязофіі рысы. У якасьці рабочай прапаную даць яму назву “пячорнага дыскурсу”.

Новы праект распачынаецца зь пячорнага дыягназу, які В.Булгакаў ставіць сучасным беларускім інтэлектуалам на старонках аднаго з нумароў “ARCHE”. Далей — пячорная рэцэнзія на 7-мы нумар “Фрагмэнтаў” у часопісе “ARCHE-Скарына”. Усё вышэйпералічанае, у сваю чаргу, выклікае ня менш пячорную рэакцыю з боку філёзафа І.Бабкова. І ўжо амаль як рэфлекс — тутака ж, у “НН”, зьяўляецца адказ В.Булгакава на такім жа самым “пячорным узроўні”.

У Плятона мэтафара пячоры азначала такі стан чалавечае душы, калі яна яшчэ сьляпая, неразумная і таму несвабодная. Але чалавек мае шанец паступова выйсьці зь пячоры на сьвятло (прыклаўшы пэўныя намаганьні ўласных волі й розуму) — у сьвет чыстых вечных ідэяў, сузіраньне якіх — найвышэйшыя веда, шчасьце і свабода. Дасягнуць такой веды здолеюць тыя, хто стаў на шлях філязофскага пазнаньня.

Таму занадта доўгае знаходжаньне філёзафаў у пячоры, цалкам прысьвечанае іх унутраным пячорным разборкам, можа паставіць пад пагрозу ўсё філязофскае мысьленьне Беларусі, якое, нарэшце, пачало нараджацца і набываць свае адметныя рысы.

Pite KANTrap, Менск

P.S. Ад філёзафаў мы чакаем рэфлексіяў, а не рэфлексаў.


новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Г.Малажай, В.Красьней. Алімпіяды па беларускай мове: Дапаможнік для навучэнцаў агульнаадук. школ, гімназій і ліцэяў. – Менск: ТДА “Аверсэв”, 2000. – 240 с. – Наклад 5000 ас.

С.Рублеўскі. Апостраф. Тэксты аб праявах быцьця. – Менск: ТАА ПП “Асобны дах”, 2000. – 216 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6356-33-4

Віцебскі літаратар з тэкстаў аб праявах свайго быцьця спрабуе скласьці партрэт краіны канца ХХ ст.

Беларуская камэдыя: Для сяр. і ст. шк. веку / Укл. Н.Семашкевіч. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 382 с. – Наклад 4000 ас. ISBN 985-02-0064-2

У зборнік увайшлі найлепшыя камэдыйныя творы беларускіх майстроў сьмяшлівае п’есы: Л.Родзевіча, Янкі Купалы, В.Дуніна-Марцінкевіча, Каруся Каганца, Ф.Аляхновіча, А.Макаёнка, Міхася Чарота, Віталя Вольскага, Кандрата Крапівы. Каштуе 500 р.

У.Навумовіч. Беларуская літаратура: Навучальны дапаможнік. – Менск: Унівэрсытэцкае, 2000. – 335 с. – Наклад 8000 ас. ISBN 985-09-0342-2

У кнізе папулярна выкладаецца гісторыя беларускае літаратуры ад старажытнасьці да сёньня. Дапаможнік, рэкамэндаваны да ўжытку Міністэрствам адукацыі, мае скласьці канкурэнцыю гэткага сама кшталту кнігам В.Старычонка. Цана 1 т.р.

Беларускі гістарычны зборнік. № 14 / Пад рэд. А.Мірановіча. – Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2000. – 244 с. ISSN 1232-7468

З.Караў і С.Дубавец пішуць пра палітыку расейскага царызму й фармаваньне аблічча гістарычнае мінуўшчыны Беларусі ў расейскай гістарыяграфіі дарэформавага пэрыяду. С.Яцкевіч дасьледуе палітыку савецкіх улад дачынна нацыянальнага школьніцтва ў Заходняй Беларусі ў 1939-41 гг. Г.Глагоўская публікуе аўтабіяграфію віленскага мастака й грамадзкага дзеяча Пётры Сергіевіча ў польскім перакладзе з камэнтарамі. А.Вабішчэвіч дасьледуе жыцьцё беларускага палітыка й публіцыста 1-е траціны ХХ ст. Аляксандра Цьвікевіча. У зборніку мноства іншых матар’ялаў. Наконт набыцьця дамаўляйцеся праз электронную пошту: [email protected]

Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засяленьня да сяр. ХІІІ ст. / Рэд. калегія: М.Касьцюк (гал. рэд.) ды інш. – Менск: ВП “Экапэрспэктыва”, 2000. – 351 с.: іл. – Наклад 10000 ас.

Аўтары – акадэмікі й кандыдаты навук, таму іхнае супольнае дасьледаваньне можна ўважаць за акадэмічнае. Аднак у цяперашніх варунках выданьне такой кнігі пад тытулам Акадэміі навук немагчымае. Рэдактары першага тому – Міхась Касьцюк (галоўны рэдактар, колішні дырэктар Інстытуту гісторыі НАНБ), Міхась Чарняўскі й Георгі Штыхаў. Сярод аўтараў – Э.Зайкоўскі, А.Іоў, Л.Калядзінскі, М.Крывальцэвіч, М.Клімаў, Я.Зьвяруга, С.Тарасаў ды інш.

Гісторыя Беларусі: Навучальны дапаможнік. У 2 ч. Ч. 2. Люты 1917 г. – 2000 г. / А.Новік, Г.Марцуль, Э.Забродзкі ды інш.; Пад рэд. А.Новіка, Г.Марцуля; 2-е выд., перапрац. і дап. – Менск: Унівэрсытэцкае, 2000. – 464 с. – Наклад 4000 ас. ISBN 985-09-0352-Х

Працяг тэндэнцыйнага гістарычнага “дасьледаваньня”. Каштуе
4 т.р.

Я.Юхо. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Навучальны дапаможнік / У 2 ч. Ч. 1. – Менск: Рэспубліканскі інстытут вышэйшае школы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 2000. – 352 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-6299-39-Х

Прафэсар Я.Юхо перапрацаваў свой падручнік, выдадзены на пачатку 1990-х гг. У першай частцы разглядаецца паўстаньне й разьвіцьцё праўна-палітычнае культуры ў Беларусі ад зьяўленьня першых дзяржаў на абшарах краю да 1917 г. Каштуе 2,5 т.р. Кніга мае тонкую вокладку й дрэнна склеена.

Кур’ер. № 1 (4), студзень 2001 г. – Менск, 2000. – 48 с.: іл. – Наклад 5300 ас.

Папярэднія нумары часапісу выйшлі ў сакавіку, траўні й верасьні 2000 г. У першым сёлетнім выпуску чытайце развагі й аналітычныя артыкулы пра кандыдата, альтэрнатыўнага цяперашняму кіраўніку краіны, нарыс найноўшае гісторыі Беларусі апошняга дзесяцігодзьдзя ХХ ст., “пасквіль на ўплывовую асобу” (Міхала Мясьніковіча) аўтарства Аляксандра Фядуты. Юры Дракахруст разважае ў сваім артыкуле “Калі вы гэткія разумныя” пра ролю й долю беларускае савецкае інтэлігенцыі. Супрацоўнік “Советской Белоруссии” Сяргей Крапівін піша пра невядомыя старонкі гісторыі беларускае мытні ў 1920-я гг. Цана часапісу ў шапіках “Белсаюздруку” не зьмянілася з пачатку 2000 г. – 300 р.

Я.Колас. На ростанях: Трылёгія: Для ст. шк. веку. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 704 с. – (Школьная бібліятэка). – Наклад 31000 ас. ISBN 985-02-0149-5

Праграмны твор вялікага песьняра каштуе ў менскіх кнігарнях 274 р.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0