Негвалтоўны захоп улады

Ці ёсьць сіла, здольная на такое ў 2001 годзе?

 

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі – адзін з фаварытаў змаганьня за права стаць кандыдатам ад патрыятычна-дэмакратычнага блёку. Незалежнае беларускае грамадзтва чакае ад кандыдатаў здольнасьці сабраць 100 тыс. подпісаў, рашучасьці ў часе выбараў і здатнасьці аб’яднаць беларускае грамадзтва пасьля перамогі. За Казлоўскім – імідж генэрала. За ім жа – паездка ў Маскву напярэдадні вылучэньня і кантакты з былым кіраўніком КДБ У.Мацкевічам. Таму гутарку зь ім мы пачалі з пытаньня, ці ёсьць у Беларусі сіла, якая магла б прыйсьці да ўлады негвалтоўным шляхам у 2001 г.?

— Гвалтоўным шляхам узяць уладу ў Беларусі проста немагчыма, наш народ да гэтага непадрыхтаваны. Дый гэта была б вялікая памылка, трэба думаць аб шляху нармальным, дэмакратычным. Будуць увосень прэзыдэнцкія выбары ці не — гэта таксама пытаньне. А можа ўлада прыдумае нейкую прычыну, каб не пайсьці на выбары, якое-небудзь становішча надзвычайнае... Але па канстытуцыі гэтыя выбары павінны адбыцца, таму весьці гаворку трэба аб нармальных дэмакратычных выбарах. Ці магчымыя такія сёньня ва ўмовах нашай краіны? Калі глядзець сёньняшні, прыняты “палатай” выбарчы кодэкс — столькі пытаньняў узьнікае! Па зборы подпісаў, стварэньні выбарчых камісіяў, прызначэньні назіральнікаў у гэтыя камісіі... Для таго каб правесьці дэмакратычныя выбары, трэба многа зьмяненьняў, на маю думку, уносіць у гэты выбарчы кодэкс. Паводле сёньняшняга заканадаўства і па стаўленьні ўладаў Беларусі такія выбары малаверагодныя. На вялікі жаль...

— Вы ня верыце ў посьпех дэмакратычных кандыдатаў?

— Беларускі народ сёньня мае вялікі шанец, каб перамагчы на гэтых выбарах. Гаворка ня йдзе пра нейкіх канкрэтных кандыдатаў, а — я хачу гэта падкрэсьліць — пра магчымасьці й шанцы самога народу. Сёньняшняя ўлада існуе не для народу. Гэтай уладай не задаволены сёньня ні просты рабочы, ні селянін, ні дырэктар саўгасу, ні тыя ж чыноўнікі райвыканкаму. Але існуе вялікі страх перад гэтай уладай. Сёньняшняя ўлада можа чалавека пасадзіць, асудзіць невінаватага. Але сёньня настрой сярод чыноўнікаў, “вэртыкальшчыкаў” такі, што гэты страх павінен прайсьці, калі яны ўбачаць разумнага, прадказальнага кандыдата. Які ня будзе іх абражаць, перасьледаваць, калі яны не вінаватыя ні ў чым. Калі сёньняшні чыноўнік-“вэртыкальшчык” будзе гэта ведаць, ён зь вялікай радасьцю здасьць гэтую ўладу, якая за сем гадоў нічога добрага не зрабіла для сёньняшняй Беларусі і надакучыла людзям.

Сёньня існуюць розныя сцэнары. Адзін — калі апазыцыйныя сілы выбіраюць аднаго кандыдата і для рэгістрацыі, і для збору подпісаў, раскручваюць яго, і ён выступае супраць Лукашэнкі на роўных як адзіны лідэр, якога добра ведае насельніцтва. Я лічу гэты сцэнар памылковым. Больш слушным мне падаецца абраньне некалькіх кандыдатаў, якія будуць незалежнымі ад партыяў і створаць кааліцыю з апорай на шырокія колы насельніцтва, на нармальных здаровых людзей, на тых прафэсіяналаў, якія сёньня вельмі чакаюць пераменаў. Кааліцыя — гэта некалькі чалавек, якія пойдуць на рэгістрацыю, але будуць здольныя потым, пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, саступіць некаму аднаму, найбольш аўтарытэтнаму, чый рэйтынг у грамадзтве будзе на той момант найбольш высокім. Я лічу, вось такая кааліцыя зь некалькіх кандыдатаў зможа супрацьстаяць сёньняшняй уладзе і рэалізаваць сцэнар перамогі. Гэта маё глыбокае перакананьне.

Калі будуць нармальныя дамоўленасьці паміж кандыдатамі ў гэтай кааліцыі (я кажу сёньня ўмоўна, не называючы прозьвішчаў, хоць усё гэта сёньня праясьняецца й вымалёўваецца кааліцыя), я гатовы ўдзельнічаць у гэтым праекце да перамогі. Пры адной умове: што будзе нармальная дамоўленасьць паміж кааліцыйнымі кандыдатамі, будзе агаворана, на якім этапе яны павінны саступіць найбольш прахадному зь некалькіх чалавек.

— Мы добра памятаем падзеі восені 1996-га. Дагэтуль многіх хвалюе пытаньне: чаму тады не была ўжытая сіла дзеля абароны канстытуцыйнага ладу ў краіне?

— А якая сіла ў 96-м годзе магла быць? Я не зусім разумею гэтага пытаньня. Сіла была ў руках Лукашэнкі. Ваенная сіла апазыцыі? Яе проста не было ў 96-м. Яе й сёньня няма — нейкай ваеннай сілы апазыцыі...

— Але вайсковая сіла рэжыму неаднародная. Ёсьць пэўныя людзі ў сілавых структурах, якія, магчыма, падтрымалі б дэмакратычныя зьмены. У Югаславіі міліцыянты ў касках ды з шчытамі ішлі ў шэрагах дэманстрантаў.

— Югаславія — вельмі добры прыклад. Пойдуць ці ня пойдуць сёньня сілавыя структуры за прэзыдэнтам — вось так, мяркую, пастаўлена пытаньне. Я б так вам адказаў. На тыя падразьдзяленьні, якія побач з прэзыдэнтам (служба бясьпекі, ахова прэзыдэнта, магчыма, нейкія часткі ўнутраных войскаў, брыгады спэцыяльнага прызначэньня) сёньня й разьлічвае прэзідэнцкая ўлада. Але настрой, які сёньня прысутнічае, скажам, у беларускім войску, зусім іншы. Беларуская армія ніколі ня выканае загаду прэзыдэнта на вайсковыя дзеяньні супраць свайго народу. Я ў гэтым перакананы. Ня толькі таму, што калісьці я камандаваў гэтымі злучэньнямі, падразьдзяленьнямі. Я добра ведаю, у якім выглядзе й стане сёньня знаходзіцца беларуская армія. Прэстыж службы ў войску вельмі нізкі, заробак афіцэра меншы, чым, скажам, сэржанта амону альбо спэцыяльных брыгадаў Міністэрства ўнутраных справаў. Міністэрства абароны сёньня атрымлівае грошай толькі каб пракарміць салдата, выдаць невялічкую зарплату афіцэру. Але няма баявой падрыхтоўкі, лётчык ня можа лётаць на сваім самалёце, бо самалёт не падрыхтаваны, няма нават паліва для яго... Моцна не стае афіцэраў малодшага каманднага складу. Сёньняшняя беларуская армія — гэта небаяздольны дзяржаўны інстытут, прызначаны для абароны сувэрэнітэту сваёй дзяржавы.

Сёньня вялікае незадавальненьне існай уладай і ў структурах КДБ. Мы чулі, як прэзыдэнт казаў пра супрацоўнікаў КДБ і пракуратуры, называючы іх п’яніцамі, гультаямі... Можна па-рознаму ставіцца да Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, але яны працуюць у сфэры, у якой павінны працаваць. Таму настрой у гэтых структурах сёньня не на карысьць улады. Выканаюць любы загад толькі падразьдзяленьні, якія побач з кіраўніком дзяржавы й маюць добры заробак і матэрыяльную базу.

Настроі ў сілавых структурах зь лістапада 96-га моцна зьмяніліся. Я ведаю настроі, бо сустракаюся з многімі афіцэрамі, маімі былымі падначаленымі, якія гавораць аб гэтым. Наколькі добры быў настрой службы на пачатку 90-х! Не таму, што я быў міністрам абароны, не! Проста вайскоўцы бачылі стаўленьне дзяржавы да сілавых структураў. Дзяржава толькі пачынала ствараць сваё: беларускае войска, беларускую міліцыю, усе інстытуты сувэрэннай дзяржавы. Людзі бачылі, што яны патрэбныя гэтай дзяржаве. Што патрэбная служба афіцэра войска, афіцэра КДБ, афіцэра таго ж Міністэрства ўнутраных справаў. Але да 2001 г. абставіны так зьмяніліся, што ўсе нармальныя людзі ў сілавых структурах — афіцэры, генэралы — убачылі зусім іншае! Што яны патрэбныя Лукашэнку толькі каб трымаць ягоную ўладу. Калі адзін чалавек можа з прымяненьнем любой сілы і нават з крывёю ўтрымліваць сваю ўладу — гэта страшна, у тым ліку і для сілавых структураў. Кожны разумее, што ў выпадку ўдзелу ў незаконных акцыях зь яго і спытаць могуць — хоць бы ягоныя блізкія, родныя, дзеці. Яны ўсе грамадзяне Беларусі. І яны ўсе вельмі не хацелі б удзельнічаць у сілавым утрыманьні сёньняшняй улады. Прыкладна ў 90% супрацоўнікаў МУС, КДБ і беларускага войска настрой — “За перамены!”. Яны жадаюць тых пераменаў, якіх жадаем і мы з вамі.

Гутарыла
Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0