Развод па-славянску

Лукашэнка і старыя ельцынскія кадры — цяжар Пуціна

У гадавіну падпісаньня дамовы аб стварэньні “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка ўчыніў скандальны дэмарш, нечакана перапыніўшы свой чарговы візыт у Маскву. Кажуць, пакрыўдзіўся на свайго калегу Пуціна, які аддаў перавагу сустрэчы з прэзыдэнтам Ізраілю перад братэрскімі абдымкамі з славянскім хаўрусьнікам. Зрабілася відавочным, што стаўленьне новага гаспадара Крамля да свайго няўрымсьлівага беларускага калегі нашмат больш прагматычнае за бацькоўскую спагаду Б.Ельцына. Пра гэта сьведчаць падрабязнасьці скандалу вакол затрыманьня, відаць, ужо былога саюзнага дзяржсакратара Паўла Барадзіна.

Падчас падпісаньня своеасаблівага шлюбнага кантракту з Лукашэнкам год таму адраджальнікі вялікай Расеі ніякім чынам ня бачылі ў ім партнэра. Пуціну на шляху ў Эўропу, на Захад, на смаленскай дарозе патрэбны толькі выканаўца. А такім гаспадар Беларусі можа быць толькі калі яго моцна і надзейна прышпіліць да расейскай эканомікі. Аднак эфэктыўная эканамічная мадэль дзяржавы, як яе ўяўляе сабе Лукашэнка, абсалютна не супадае з той, якую прапагандуе пуцінскі ўрад. На Беларусі працягвае існаваць пераважна савецкая мадэль. Некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што далейшае выкананьне вызначанай праграмы (кантракту) па стварэньні так званай саюзнай дзяржавы па сутнасьці паслабляе беларускі рэжым. Для Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэньня такі ход падзеяў у год магчымых прэзыдэнцкіх выбараў вельмі непажаданы. Адной з прыкметаў пэўнай трывогі сталася чарговая хваля надуманага нагнятаньня антыамэрыканскіх, антызаходніх настрояў. Ізноў своеасаблівую “гасьціннасьць” пачалі адчуваць на сабе акрэдытаваныя ў Менску паслы. Ужо сто дзён Лукашэнка не жадае сустрэцца з паслом ЗША Майклам Козакам і атрымаць ад яго даверчыя лісты. Маланкі ляцяць і ў бок пасла АБСЭ Ганса-Георга Віка. А тут якраз скандал з затрыманьнем Барадзіна пад руку трапіўся.

Тое, што Лукашэнка з кампаніяй падчас сваіх наездаў у Маскву ды ў расейскія рэгіёны мог калі-небудзь нарвацца на своеасаблівую расейскую “гасьціннасьць”, некаторыя назіральнікі прадказвалі даўно. Але што гадавіна сумеснага жыцьця славянскіх сёстраў будзе адзначаная вось так, падобна, мала хто чакаў. Відаць, седзячы з Лукашэнкам у царскай лёжы Большого тэатру на спэктаклі “Страсьці (Рагнеда)”, Пуцін па-свойму зразумеў гэты твор. За тыдзень у маскоўскім аэрапорце зьбіральніка праваслаўных земляў сустракалі ўрадоўцы неадпаведна нізкага ўзроўню. І Лукашэнка ня мог не адчуць гэтага нядобрага знаку. Падчас уручэньня прэміі ў залі царкоўных сабораў храма Хрыста Збаўцы, Патрыярх Маскоўскі Алексій ІІ асабліва адзначыў унёсак Лукашэнкі ў справу збліжэньня славянскіх народаў. Ад сьвецкага Крамля падтрымаць гэтую думку патрыярха ніхто не прыйшоў. Пакрыўдзіўшыся, а можа і жахнуўшыся высноваў, што напрошваліся ў сувязі з усім гэтым, старшыня найвышэйшае дзяржаўнае рады саюзу ў той самы дзень вярнуўся дахаты.

Затое Павал Барадзін няхутка вернецца ў Беларусь, якую ён, зрабіўшыся дзяржсакратаром, неяк назваў “добрым камэрцыйным праектам”.

Калі Барадзіна толькі затрымалі, ягоны, як высьветлілася, непасрэдны начальнік – Лукашэнка – з пагрозьлівымі інтанацыямі заяўляў, што далейшыя крокі ў абарону падначаленага будуць рабіцца ў адпаведнасьці з вынікамі судовага паседжаньня. І вось яно адбылося ў мінулы чацьвер. Барадзін застаўся ў бруклінскай турме на некалькі дзясяткаў дзён. Пуцін па-ранейшаму маўчыць. Замаўчаў пакуль і сам Лукашэнка. Затое ягоныя прадстаўнічыя чыноўнікі прылюдна аспрэчылі рашэньне расейскага прэм’ера Касьянава прызначыць в.а. дзяржсакратара Ігара Селіванава – аднаго з шасьцёх намесьнікаў Барадзіна. Зыходзячы з заяваў, атрыманых у адказ, у расейскім Белым доме, дый у Крамлі, такая рэакцыя была ўспрынятая паблажліва. Як гістэрыка сужыхара зь біцьцём посуду на кухні.

Заўважнай падзеяй у двухбаковых адносінах сталася адкрыцьцё ў Менску прадстаўніцтва кампаніі “Слаўнафта”. Яе прэзыдэнт абвясьціў пра стварэньне СП зь беларускім дзяржаўным канцэрнам “Белнафтахім” пад назвай “Славянская нафтавая кампанія”. Гэтае сумеснае прадпрыемства зьбіраецца здабываць нафту з радовішча, ліцэнзію на распрацоўку якога “Слаўнафта” і “Белнафтахім” яшчэ зьбіраюцца набыць. Урад Беларусі разьлічвае з дапамогай гэтага сумеснага прадпрыемства павялічыць пастаўкі паліўна-змазачных матэрыялаў на ўнутраны рынак.

Згадаем, што адкрыцьцё менскага прадстаўніцтва кампаніі “Слаўнафта” адбылося 24 студзеня. На наступны дзень пасьля фіяска Лукашэнкі ў Маскве. Так ужо супала, што, літаральна па ягоным сьледзе, Падліковая палата Расейскай Фэдэрацыі пачала разглядаць вынікі праверкі гэтай кампаніі. Паводле некаторых зьвестак, знайшліся значныя парушэньні і недахопы ў дзеяньнях кіраўніцтва. Падліковая палата Сяргея Сьцяпашына прапануе расейскаму ўраду ўмацаваць мэнэджмэнт кампаніі сваім спэцпрадстаўніком. Што гэта можа азначаць для беларускага боку, пакуль што сказаць цяжка. Аднак не застаўся па-за ўвагай назіральнікаў наступны факт. На нядаўніх сустрэчах Пуціна з прадстаўнікамі расейскага бізнэсу ўдалы бізнэсмэн і прэзыдэнт кампаніі “Слаўнафта” Міхал Гуцэрыеў ня быў заўважаны. Можа быць, прызнаны ў Менску інтэграцыйны аўтарытэт для Крамля такім не зьяўляўся. Або ўжо не зьяўляецца.

Рознае стаўленьне да лёсу Барадзіна, прадэманстраванае ў апошні час Лукашэнкам і Пуціным, выявілі ня толькі складанасьці іх узаемаадносінаў. Многія лічаць, што Пуцін проста пазбаўляецца ад старых ельцынскіх кадраў. Ня выключана, што такога тонкага ўзроўню гульні за крамлёўскай сьцяной Лукашэнка папросту не зразумеў. І наўрад ці хто-небудзь з блізкага атачэньня быў здатны расплюшчыць яму на гэта вочы.

Цікава, што ў некаторых расейскіх СМІ затрыманьне Барадзіна амэрыканцамі трактуецца і як знакавае папярэджаньне для... Лукашэнкі. А адным з магчымых абвінавачаньняў ужо на ягоны адрас можа зрабіцца, напрыклад, зьнікненьне вядомых у Беларусі асобаў. І калярытныя сьведкі могуць зьявіцца. У атачэньні Лукашэнкі гэткага кшталту публікацыі, дый адзінства расейскіх СМІ ў справе цкаваньня ППРБ, небеспадстаўна ўспрымаюцца з трывогай. Менскія стратэгі адчулі падлучэньне вядомых тэхналёгіяў са знаёмым почыркам. І там, і тут выхаванцы адной гэбісцкай школы.

Развод па-славянску, які назіраецца зараз, вядома, ні ў якім разе не азначае, што Беларусі пагражае лёс саламянай удавы. Расея на гэта ня пойдзе. Некаторыя аналітыкі разважаюць нават так: маўляў, калі ў Чачэніі Масква можа стварыць кішэнную адміністрацыю, дык чаму б не зрабіць гэтага ў Беларусі? Хаця б на нейкі пераходны постлукашэнкаўскі пэрыяд. А беларусам што, яны падтрымаюць – абы вайны не было.

Раман Якаўлеўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0