АБ УСІМ ПАТРОХУ


рэпрэсіі за месяц

Безьліч судоў

Прыход трэцяга тысячагодзьдзя ды новага Крымінальнага кодэксу не спыніў машыны палітычных рэпрэсіяў.

Алесю Абрамовічу далі штраф у 500 даляраў за арганізацыю ў лістападзе мінулага году шэсьця працоўных Барысаўскага шклозаводу, што страйкавалі.

У Воршы затрымалі Аляксандра Сталярова, старшыню Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Воршы. Ён распаўсюджваў інфармацыйны бюлетэнь “За перамены”.

Супраць В.Шчукіна ўзбудзілі крымінальную справу за хуліганства.

16 студзеня на цэнтральнае плошчы Барысава сябры Народнае Грамады ды Маладое Грамады Алесь Абрамовіч, Алеся Ясюк, Надзея Грачуха, Зьміцер Кузьняцоў ды Міхал Кузьняцоў патрабавалі мэдычнае экспэртызы Лукашэнкі. Апошнім двум пікетоўшчыкам нічога не пагражае, бо яны падлеткі, а вось іншым “шыюць крымінал” паводле арт.368 КК (“Зьнявага прэзыдэнта”). Цяпер ім пагражае пазбаўленьне волі на два гады.

Апісалі маёмасьць сябра Гельсынскага камітэту Аляксея Катлярова, аднаго з арганізатараў Маршу Свабоды-2000. Забралі ўвесь набытак на заплату штрафу ў 150 “мінімалак”.

У Берасьці засудзілі праваабаронцаў, што адзначалі Дзень правоў чалавека ў Берасьці. Яўгену Бяласіну, Сяргею Бахуну, Уладзімеру Вялічкіну, Кірылу Даньку, Алегу Дыдышку далі штраф. У Віцебску за тое самае далі штрафы Алене Залескай ды Сяргею Васенку, а Зьмітру Мускаму ды Анатолю Захараву — папярэджаньні.

Адзіны, хто вычухаўся з суду, — Уладзімер Кішкурна. 15 верасьня яго затрымалі міліцыянты, а 10 студзеня суд прызнаў іхныя дзеяньні незаконнымі.

Алесь Кудрыцкі паводле інфармацыі ПЦ “Вясна”


мэдыі

«Народная газета»: гістэрыя з геаграфіяй

“Народная газета” на першай старонцы надрукавала інтэрвію са старшынём падатковага камітэту К.Сумарам пад загалоўкам “Налоги в беларуси не выше, чем во многих других странах”. Беларусь пішуць ужо з маленькай літары.

Праз два дні пад рубрыкай “Афіцыйна” ў “НГ” зьявіўся загаловак “Інтэрнэт як сродак масавага паклёпу”. А побач з гэтым афіцыйным паведамленьнем (пра крымінальную справу супраць “Нашай Свабоды” за публікацыю дыягназу) газэта надрукавала інтэрвію з А.Шпілеўскім – “В Страсбурге будут звучать аргументы”. Аднак журналістка “НГ” ня ведала, што Страсбург – гэта Францыя, таму запытала: “Будет ли в Швейцарии обсуждаться проблема президентских выборов?” Сп.Шпілеўскі, відаць, таксама ня ведаў, што едзе ў Францыю. Ягоны адказ на швайцарскае пытаньне пачынаўся гэтак: “В Страсбург приглашены три представителя, не вошедшие в парламент Республики Беларусь: Гончарик, Домаш и Чигирь – так называемая номенклатурная оппозиция”.

А.Лукашэнка, між іншым, вандроўкі сваіх “палацёраў” не ўхваляе ды заявіў, што зэканомленыя на эўрапейскіх турнэ грошы трэба “аддаць людзям на лекі”. Мо гэта рэакцыя на знакамітую публікацыю ў “Нашай Свабодзе”?

Зьміцер Калярадзкі


БПСаўцы схадзілі ў тэатар

25 студзеня каля трыццаці сяброў Беларускай Партыі Свабоды былі заўважаныя ў Купалаўскім тэатры. На сцэне паказвалі ўсё яшчэ актуальных Купалавых “Тутэйшых” з душкам Манаевым у ролі неўміручага Мікіція Зносілова. Калі ж напрыканцы п’есы з-пад сцэнічнага прадоньня пад тэатральны купал узьняліся тры палатніны колеру нацыянальнага сьцяга і акторы выйшлі на паклон, бэпээсаўцы разыгралі сваю сцэнку: спачатку ў партэр паляцелі лістоўкі, потым пад вокліч-заклік “БПС – да барацьбы!” і вокліч-адказ “БПС – да перамогі!” зьявіліся нацыянальны і партыйны сьцягі. Улёткі, трэба прызнаць, публіка расхапала ня зь меншым імпэтам, чым якую гуманітарку, чуваць было і ўхвальныя рэакцыі на дзеяньні юнакоў. Здаецца, што першая ў гэтым годзе міні-пастаноўка ў выкананьні сяброў БПС паклала пачатак беларускаму палітычнаму сэзону.

Міраслаў Чантарыцкі


Партызан Інтэрнэту

Пісаць сёньня пра Інтэрнэт, ці, як яшчэ кажуць пурысты, «Сеціва», здаецца мне такой жа ня вельмі ўдзячнаю працаю, як і напісаньне страшна папулярных на пачатку 90-х артыкулаў пра НЛА. Усе чытаюць, але мала хто сутыкаўся з прадметам тэксту сам-насам. Калі бяруся за асадку, то здрадлівая рука мімаволі выводзіць на разьлінаванай паперы бязглузьдзіцу кшталту «Сеціва -- гэта адлюстраваньне рэчаіснасьці». У галаве імкліва перабіраюцца варыянты, як так даступна, адэкватна, у адным абзацы растлумачыць паспалітай публіцы фэномен гіпэртэксту й спэцыфіку абмену зьвесткамі паміж кампутарамі. Але я сябе спыняю. Хочацца прывесьці мільёны цытатаў зь вядомага і нястомнага прапагандыстага сецевай культуры (і ня толькі яе) Умбэрта Эка пра галяктыкі Гутэнбэрга. Хочацца проста й даступна растлумачыць прынцып працы новага кантынэнту (ой-вэй, якая зацёртая мэтафара) пад назваю Інтэрнэт. Але ў той жа момант хочацца абысьціся без прадмовы, напоўненай зьвесткамі, якія можна атрымаць і без маёй дапамогі, і з куды больш паінфармаваных крыніцаў.

Тым больш, што падставаю для маёй зацемкі паслужыла тая нагода, што 1 лютага споўніцца адзін год з таго дня, як пачаў працу на адрасе http://dt.home.by «Першы беларускі партал і каталёг «Дзед Талаш»». Арганізаваў працу гэтага рэсурсу Янук Латушка. Пэрсона, на прасторах беларускага сэктару пятага кантынэнту даволі прыкметная, калі не сказаць па-расейску — пасіянарная. Чалавек, які далучыўся самым актыўным чынам да стварэньня ці не дзясятка інтэрнэтаўскіх праектаў. Праект «Дзед Талаш» ствараўся з даволі шляхетнаю мэтаю, якая была сфармуляваная стваральнікам як «папулярызацыя белнэту» і «месца, адкуль, на маю думку, пачынаецца беларускi Інтэрнэт». Што ў прынцыпе атрымалася. На сёньня дзед «Дзед Талаш» зьяўляецца адным з самых папулярных беларускіх сайтоў і сапраўды даволі моцна дапамагае ў раскрутцы новых беларускіх Інтэрнэт-праектаў. За што вялікі дзякуй стваральніку. І сказаць яго мусяць як шараговыя карыстальнікі, так і вэб-майстры, уласна, стваральнікі беларускага вэбу.

Калі паспрабаваць вылучыць характэрныя для гэтага сайту рысы, то першае, што кідаецца на вочы, гэта тое, што стваральнік вельмі любіць ужываць словы «прыватны», «індывідуальны». Так, гэта сайт-гобі, аматарскі сайт. Але прыметнік «аматарскі» зусім не зьяўляецца сынонімам «дылетанцкага». Як дарэчы, і эпітытэт «прафэсійны» не заўсёды роўны эпітэту «якасны». Гэта жывое творыва, якое разьвіваецца, расьце, дзякуючы намаганьням, але зусім не высілкам Янука Латушкі й каманды стваральнікаў, якія ў вольны час, для вольных людзей займаюцца засяленьнем пакуль яшчэ вольнай ад дзяржаўнага кантролю прасторы. Гэтак жа, падлучайцеся: http://dt.home.by.

А.А.


Вовы, Вовы...

Лёс 15 прэс-сакратароў Лукашэнкі

Пачалося ўсё з Уладзімера Нісьцюка, які быў першым прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер сп.Нісьцюк – намесьнік старшыні Народнай Грамады.

Другім быў Уладзімер Ядранцаў, які праіснаваў на гэтай пасадзе ўсяго пару дзён у ліпені 1994 г., але назаўжды запомніўся журналістам тым, што, калі агенцтва “Інтэрфакс” ужо перадавала біяграфію новага прэм’ера Міхаіла Чыгіра, адмовіўся хаця б пацьвердзіць факт прызначэньня гэтага кіраўніка ўраду. Ядранцаў ужо амаль 7 гадоў кіруе ўсім дзяржаўным радыё.

Толькі трэцім быў Аляксандар Фядута, з прапановы якога і дзеля якога замест нармальнай прэс-службы стварылі Ўпраўленьне грамадзка-палітычнай інфармацыі. Менавіта Фядута ўсталяваў правілы складаньня асобных сьпісаў журналістаў на кожнае мерапрыемства з удзелам Лукашэнкі – замест звычайнай акрэдытацыі пры прэзыдэнце. Неяк у сьнежні 1994 г. супрацоўнікі КДБ выкінулі мяне з залі на Кастрычніцкай, 5, куды прыехаў прамаўляць Лукашэнка і куды я трапіў бязь сьпісаў. Пасьля ў якасьці кампэнсацыі сп.Фядута ўключыў маё прозьвішча ў сьпіс журналістаў, якія асьвятлялі першы замежны візыт беларускага прэзыдэнта – у Кітай. Гэткім чынам я займеў фатаздымак, дзе мы з Лукашэнкам стаім на Вялікай кітайскай сьцяне. А яшчэ Фядута прывёў у сваё ўпраўленьне ГПІ Ігара Гукоўскага (потым рэдактара “Знамені юності”, а цяпер супрацоўніка агенцтва “Интерфакс-Запад”) ды Ягора Рыбакова, якога нядаўна зрабілі першым намесьнікам старшыні дзяржтэлерадыёкампаніі).

Намесьнік Фядуты — Валеры Харавец — кіраваў УГПІ пасьля адстаўкі шэфа, які запляміў сябе “белымі плямамі” на месцы даклада дэпутата ВС Сяргея Антончыка.

Далей начальнікам стаў Уладзімер Замяталін, пад кіраўніцтвам якога УГПІ стала Галоўным.

Наступным быў Міхаіл Падгайны, сёньняшні старшыня Дзяржкамдруку. Але мы даём яму нумар 7, бо паралельна памочнікам прэзыдэнта па сувязях з прэсай быў прафэсар Алег Слука, колішні дэкан журфаку. Першым памочнікам Лукашэнкі тады быў прафэсар Урал Латыпаў. “Калі Вы, Урале Рамдракавічу, думаеце, што ўсе прафэсары такія ж разумныя, як Вы, дык памыляецеся”, — сказаў тады Латыпаву адзін менскі журналіст. А празь некаторы час Слука арганізаваў інтэрвію Лукашэнкі нямецкай газэце “Гандэльсблят”, дзе прагучалі добра вядомыя словы пра Гітлера ды нямецкі парадак. Кажуць, менавіта сп.Слука настаяў на радыётрансьляцыі запісу гэтага інтэрвію. Пасьля гэтага Слуку зрабілі намесьнікам міністра адукацыі.

Найлепшым кіраўніком прэсавай службы прэзыдэнта многія ўважаюць Міхаіла Шаршавіцкага (№ 8), які працаваў першым на гэтай пасадзе (прыблізна тыдзень) ды нічога зрабіць не пасьпеў. Яго вельмі хутка прызначылі намесьнікам міністра спорту і турызму, адкуль нядаўна звольнілі “за развал турызму”. Сп.Шаршавіцкага журналісты ведаюць з тых часоў, калі ён працаваў ва ўпраўленьні інфармацыі Кебічавага Саўміну. Цяпер ён працуе недзе ў МЗС.

Дзявятым у сьпісе значыцца Валеры Талкачоў, які першым займаў пасаду прэс-сакратара прэзыдэнта. Ён кожны аўторак ладзіў у Нацыянальным прэс-цэнтры брыфінгі, куды маглі трапіць усе ахвотныя журналісты. Напэўна, за гэта Талкачова і “сышлі”. Калі я спытаўся Аляксандра Лукашэнку, чаму ён звольніў свайго афіцыйна першага прэс-сакратара, той адказаў мне: “Чаму ж звольніў? Ён пайшоў на павышэньне – мы яго прарэктарам пэдінстытуту зрабілі...”

Дзясятым стаў намесьнік Талкачова — Уладзімер Няронскі. Калі журналісты крыху цывілізавалі сп.Няронскага, выканаўцу абавязкаў прэс-сакратара саслалі ў Маскву, на валютны аклад у прэс-аддзел беларускага пасольства.

Адзінаццатым можна лічыць Аляксандра Саламаху, які дагэтуль займае пасаду начальніка экс-замяталінскага ГУГПІ. Гэтая структура згубіла свой уплыў, аднак менская традыцыя прымушае ўключыць яго ў гэты сьпіс. Кажуць, ГУГПІ кантралюе правінцыйную прэсу.

Дванаццатым быў Уладзімер Скварцоў, кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы. Скварцоў шчасьліва зьехаў паслом Беларусі ў Нямеччыну, што сапраўды трэба разглядаць як павышэньне.

№ 13 атрымаў Міхаіл Кустоўскі, намесьнік Скварцова, але гэта ня быў “нешчасьлівы выпадак”. Журналісты не маглі нарадавацца на выхаванага чыноўніка, якому яны па старой завядзёнцы тэлефанавалі, каб запісацца на нейкае мерапрыемства з удзелам Лукашэнкі, а ў адказ чулі: “А вы ўжо ёсьць у сьпісе!” На жаль, усё добрае на Карла Маркса, 38 хутка заканчваецца. Сп.Кустоўскаму, які дагэтуль там працуе, прыслалі новага начальніка.

Чатырнаццатым прэзыдэнцкім споўксмэнам стаў Дзьмітры Жук, кіраўнік прэс-службы. Яго кандыдатуру прапанаваў Лукашэнку шэф агенцтва “Интерфакс-Запад” Вячаслаў Зяньковіч, які прытуліў Жука пасьля скарачэньня яго са штату прэс-службы Нацбанку. Тамара Віньнікава ўжо ў Лондане сказала мне, што Жук яшчэ ў Нацбанку прадаваў інфармацыю. На гэта Жук ніяк не адрэагаваў. Простыя намесьнікі кіраўніка адміністрацыі кажуць пра цесныя сувязі Жука зь першым намесьнікам – Замяталіным.

Пятнаццаты і пакуль апошні прэзыдэнцкі прэс-чыноўнік — Мікалай Барысевіч. Група замежных журналістаў зьвярнулася да Барысевіча зь пісьмовым хадайніцтвам звольніць Жука як прафэсійна непрыдатнага і грубага чыноўніка, але адказу не атрымала. Сп.Барысевічу можна толькі паспачуваць ды пажадаць як мага хутчэй зьехаць куды-небудзь паслом. Каб ня стаць апошнім споўксмэнам Аляксандра Лукашэнкі. Хаця... Паўтара дзясятка за няпоўныя сем гадоў – гэта ж няшмат, праўда? Цікава, што пяць зь іх былі Вовамі. Будзем чакаць новых моцных кадравых рашэньняў.

Юры Сьвірко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0