Ерусалім для дваіх

Рэдактар нямецкага часопісу Der Spiegel Генрык М.Бродэр — пра тое, як вырашэньне канфлікту на Блізкім Усходзе могуць падказаць юдзейскія і мусульманскія фундамэнталісты

 

Канфлікт на Блізкім Усходзе набліжаецца да новага небясьпечнага апагею. Ізраільцяне і палестынцы, юдзеі і мусульмане вядуць сябе гэтак, быццам яны цьвёрда вырашылі — лепш разам загінуць, чымся жыць побач ці разам. З усіх спробаў пасярэдніцтва пакуль столькі сама толку, як са спробаў спыніць камэту. Фундамэнталісты на Блізкім Усходзе не гатовыя да перагляду сваіх пазыцыяў.

Фундамэнталізм у Эўропе быў вельмі пашыранай хваробай, а на Балканах і ў Паўночнай Ірляндыі існуе дагэтуль. Тады як у юдзейскай і ісламскай гісторыі апошняга тысячагодзьдзя не было такіх крывавых эксцэсаў, як крыжовыя паходы і перасьлед вядзьмарак у хрысьціянаў. Не было таксама спробаў узаемнага вынішчэньня. Наадварот, Саладын, султан Эгіпту, Сырыі і Палестыны, увекавечаны Лесынгам у п’есе “Натан Мудры”, пасьля таго як адваяваў у 1187 Палестыну, дазволіў юдзеям вярнуцца ў Ерусалім. І калі ў хрысьціянскай Эўропе ХV і XVI ст. юдзеяў увесь час перасьледавалі, у Асманскай імпэрыі яны маглі не баяцца за сваё жыцьцё. Габрэі, са свайго боку, ад часу разбурэньня Другога Храму ня мелі сваёй дзяржавы, то бок ня мелі ўлады над іншымі і магчымасьці кепска абыходзіцца зь меншасьцямі. Сярод габрэяў былі рэлігійныя фундамэнталісты, як ілжэмэсія Шабатай Цві, але палітычнага фундамэнталізму не было.

Жыцьцё юдзеяў дакладна вызначаюць 613 запаветаў і забаронаў. Але нават найпабожнейшы з пабожных юдзеяў ведае, што ніводзін чалавек ня можа заўсёды пільнавацца ўсіх гэтых правілаў. Таму паўсядзённае жыцьцё габрэя-верніка напалову складаецца з таго, што ён выконвае “галахскія” правілы (рэлігійныя законы), а на другую палову — з таго, што ён іх абмінае. У Ерусаліме ёсьць “Інстытут Навукі і Галахі”, супрацоўнікі якога — рэлігійныя прыродазнаўцы — занятыя перадусім тым, што тлумяць галаву Богу. Яны распрацоўваюць ліфты, кліматычныя ўстаноўкі і тэлефоны, якія габрэй-вернік можа ўжываць і ў шабат. У надзвычайным выпадку, пры небясьпецы для жыцьця, усё дазволена і бяз гэтага.

Падобным чынам паводзяць сябе і мусульмане, якія трымаюцца рэлігійных правілаў. У месяц посту, рамадан, ад усходу да заходу сонца нельга піць і есьці. Калі рамадан прыпадае на лета, пост стаецца катаваньнем. Рэстараны зачыненыя, але што вернікі робяць удома, абыходзіць хіба што Бога. Рэлігія існуе для таго, каб структураваць жыцьцё, але не для таго, каб рабіць яго яшчэ складанейшым. Таму як хрысьціяне, так і юдзеі зайздросьцяць мусульманам за іх цудоўна простыя правілы ўзяцьця шлюбу, скасаваньня шлюбу і пераходу ў іншую веру.

Чым можа стаць прагматычная, арыентаваная на паўсядзённае жыцьцё рэлігія, калі яна спалучаецца з нацыяналізмам, вельмі добра відаць, на жаль, на прыкладзе Ізраілю. “Габрэйская дзяржава” — гэта дэмакратыя зь дзеяздольным падзелам уладаў, рынкавай эканомікай і вольнай прэсай, але без канстытуцыі. Яе адсутнасьць наўмысная. Каб прыняць канстытуцыю, найперш трэ было б вырашыць пытаньне, ці Ізраіль “юдзейская дзяржава”, ці сьвецкая дзяржава зь юдзейскай бальшынёй насельніцтва. Дэ факта Ізраіль — краіна з дваістым грамадзкім ладам: з палітычнага гледзішча — дэмакратыя, з культурнага — тэакратыя, дзе рэлігійным суполкам належыць вырашальны голас у цывільных справах.

Юдзеі знаходзяцца ў кампэтэнцыі артадаксальнага найвышэйшага рабінату, габрэйскія рэфармісцкія грамадкі карыстаюцца “ўнутранай свабодай”, рабінам-рэфармістам дазваляецца праводзіць службы, але яны ня могуць афармляць шлюбы. Мусульмане і хрысьціяне, якія складаюць цэлых 20% грамадзянаў Ізраілю, ня могуць абысьціся без паслугаў сваіх кадзі і сьвятароў. Хто хоча пабрацца шлюбам у цывільным парадку, мусіць ехаць за мяжу. У дзяржаве Ізраіль не існуе інстытуту цывільнага шлюбу, але Ізраіль прызнае шлюбы, заключаныя за мяжой. У войску і ў шпіталях як нешта само сабой зразумелае падаецца кашэрная ежа. Гэтак у побыце ўсталяваўся фундамэнталізм, які ўспрымаецца гэтаксама натуральна, як у іншых грамадзтвах — аддзеленасьць дзяржавы ад царквы. Бог так ці йнакш умяшаны ў любую справу.

Перамога ў Шасьцідзённай вайне ня толькі зрабіла Ізраіль дзяржавай-акупантам, яна спарадзіла ў многіх пабожных ізраільцянаў перакананьне, што Бог зноў адкрыўся свайму народу. Вось жа, каб выканаць ягоную волю, трэ было засяляць акупаваныя тэрыторыі, а не пакідаць іх пустымі ў якасьці закладу для мірных перамоваў. Прыйсьце мэсіі здавалася пытаньнем найбліжэйшай будучыні, у такі момант адмовіцца ад зямлі азначала б умяшацца ў справу Ўсемагутнага. Вельмі нямногія згледзелі небясьпеку, якая хавалася ў спалучэньні рэлігіі і нацыяналізму. Філёзаф Ешаягу Лейбавіц, сам прававерны юдзей, ужо неўзабаве пасьля трыюмфу 1967 г. папярэджваў: “Мы прайгралі Шасьцідзённую вайну на сёмы дзень, калі пастанавілі не аддаваць акупаваных тэрыторыяў”.

У той жа час у Ізраілі можна ўбачыць фундамэнталізм зусім іншага кшталту, прадстаўлены ультраартадаксальнымі і ваяўніча антысіянісцкімі юдзеямі, якія адмаўляюць сьвецкай габрэйскай дзяржаве ў праве на існаваньне. Ужо цяпер “адзіная дэмакратыя на Блізкім Усходзе”, як яе заўсёды называюць у Ізраілі, падрываецца знутры. Трэцяя паводле моцы партыя ў кнэсэце, безь якой, фактычна, ня могуць правіць ні Партыя Працы, ні Лікуд, — гэта фундамэнталісцкая партыя Шас. Яна збольшага гатовая да кампрамісу з палестынцамі, але затое хоча завесьці ў Ізраілі дзяржаву паводле правілаў Торы. “Рыторыка некаторых рэлігійных юдзеяў нагадвае прамовы аятолаў у Тэгеране”, — канстатуе гісторык Бэрнард Льюіс.

Усё большы фундамэнталізм ізраільцянаў сутыкаецца з традыцыйным фундамэнталізмам у рэгіёне. Ужо можна сьмела казаць, што і палестынская дзяржава ня будзе дэмакратычным утварэньнем. Ня толькі таму, што ўва ўмовах трыццацігадовай акупацыі сапраўды цяжка выгадаваць дэмакратычную сьвядомасьць, а перадусім таму, што дэмакратыя і фундамэнталізм несумяшчальныя. Прычым у палестынцаў для іхнага фундамэнталізму ёсьць гістарычна зразумелыя прычыны. Іх прагналі, яны пакутавалі, ім хлусілі, іх уводзілі ў зман, яны заплацілі вусьцішную крывавую плату — толькі за тое, каб праз больш як 50 гадоў ім прапанавалі кампраміс, які яны ня могуць не ўспрыняць як паразу.

Зь іншага боку, ізраільцяне сваім фундамэнталізмам замінаюць самі сабе. Яны, натуральна, разумеюць, што палестынцы зазналі несправядлівасьць, якой ужо ня выправіць, што пасьля 1945 г. габрэйскую дзяржаву трэ было будаваць у Нямеччыне, а не на Блізкім Усходзе, за кошт немцаў, а не палестынцаў. Але гэтага не адбылося, і цяпер шмат якія ізраільцяне баяцца, што любая саступка палестынцам будзе роўная прызнаньню сіянісцкага праекту за гістарычную памылку. Калі палестынцам аддаць частку Ерусаліму, дык ці не вярнуць ім і Яфу? У сутнасьці фундамэнталізму, поруч зь іншым, закладзена гатоўнасьць да гульні “ўсё альбо нічога”. Хто першы саступіць, той прайграе.

Разьвязку гэткай дылемы прапануе толькі іншы фундамэнталізм — фундамэнталізм, які дае ўсё абодвум бакам. У Тэкоа, паселішчы для 250 габрэйскіх сем’яў на ўскрайку Юдзейскай пустэльні, жыве рабін Мэнахем Фруман. У VIII ст. да нараджэньня Хрыстовага прарок Амос гадаваў тут авечкі ды разважаў пра Бога і сьвет. Фруман, які нарадзіўся ў 1945 г. пад Хайфай у сям’і польскіх габрэяў, на свой лад робіць нешта падобнае.

Перш як стаць рабінам, ён служыў у паветраным дэсанце ізраільскага войска і вывучаў філязофію і гісторыю ў Ерусалімскім унівэрсытэце. Ад 1989 г. ён падтрымлівае кантакт з палестынскім рухам Хамас. Заснавальніка Хамасу, шэйха Ахмэда Ясіна, ён наведваў у турме і “гадзінамі гутарыў” зь ім пра тое, “як рэлігія магла б паслужыць мостам да міру”. Рабі Фруман выпрацаваў плян, які, на ягоную думку, мае шанец спадабацца палестынскім фундамэнталістам ня менш, чымся яму самому. “Гэтая зямля — зямля прарокаў, зямля Бібліі, таму мы мусім дамагчыся прароцкага, біблійнага міру”. Замест падзелу зямлі паміж ізраільцянамі і палестынцамі, паводле ягонай ідэі, на адной і той жа тэрыторыі мусяць існаваць дзьве дзяржавы. “Ізраіль у Палестыне, Палестына ў Ізраілі. Два сьцягі, два гімны, два парлямэнты, два прэзыдэнты, два ўрады”. Фруман здае сабе справу з таго, што такая канструкцыя — абсалютная навіна ў гісторыі народаў і што яна зьвязаная з мноствам небясьпекаў.

Але, як казаў яшчэ ягоны настаўнік, вялікі рабі Цьві Егуда Кок: “Чым большая ідэя, тым большая й небясьпека”. Фруманава ідэя нагадвае квадратуру кола. Сьвецкія ізраільцяне жахаюцца, уяўляючы сабе жыцьцё ў краіне, дзе рабі Фруман і шэйх Ясін, юдзейскі і мусульманскі фундамэнталісты, будуць гарантамі біблійнага міру. Але гэта можа стацца апошнім шанцам — калі праваляцца ўсе разумныя варыянты. То бок вельмі хутка.

Пераклаў зь нямецкай Алесь Пяткевіч паводле Der Spiegel


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0