Пошта

водгукі

Кампрамэтацыя

Шаноўны спадару рэдактару!

У рэдагаванай Вамі газэце быў апублікаваны ў №50(207) ад 11 сьнежня 2000 г. артыкул Сяргея Астраўца “Чыстка ў рэдакцыі “Głosa znad Niemna”.

Хачу адзначыць, што зьмест артыкулу, на думку сяброў Галоўнай Рады нашага Саюзу і калектыву рэдакцыі “Głosa znad Niemna”, зьяўляецца тэндэнцыйным, накіраваным на кампрамэтацыю дзейнасьці Саюзу Палякаў у вачах грамадзкасьці нашай краіны. Аўтар артыкулу – вядомы журналіст — быў шанаваны нашай арганізацыяй, ведалі яго як аб’ектыўнага чалавека, але пасьля некалькіх публікацыяў у “Нашай Свабодзе” і вашай газэце, выступленьняў на радыё “Свабода” Сяргей Астраўцоў паказаў свае адмоўныя якасьці: неаб’ектыўнасьць і тэндэнцыйнасьць у асьвятленьні работы надзвычайнага зьезду Саюзу Палякаў у Беларусі – найбольшай грамадзкай арганізацыі краіны.

Неаб’ектыўнасьць Сяргея Астраўцова праявілася ў тым, што ён, апісваючы справу звальненьня былога рэдактара газэты “Głos znad Niemna” А.Кусельчука, выслухаў толькі яго пункт гледжаньня, дарэчы, вельмі няшчыры, і “скляпаў” артыкулік, дадаўшы ад сябе, што быццам на зьезьдзе нашага Саюзу газэту крытыкавалі толькі пэнсіянэры і што газэта фінансуецца ўрадам Беларусі. Праўдай зьяўляецца тое, што вялікая часткай чытачоў і падпісчыкаў газэты зьяўляюцца людзі старэйшага веку, і яны маюць права ацэньваць тавар, за які плоцяць грошы.

На зьезьдзе зьмест газэты “Głos znad Niemna”, якую 2 гады рэдагаваў А.Кусяльчук, крытыкавалі 28 з 28 выступаючых дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны далі ацэнку вартасьці газэты і працы галоўнага рэдактара.

На зьезьдзе дэлегаты нават не прапанавалі кандыдатуры А.Кусельчука ў склад Галоўнай Рады – кіраўнічага органу Саюзу, на 35 месцаў у якой было прапанавана 58 чалавек. Кусельчука прапанавалі на пасаду старшыні рэвізійнай камісіі, але й тут дэлегаты зьезду ня выказалі яму даверу, толькі ледзь выбралі членам камісіі, і ён атрымаў найбольшую колькасьць адмоўных галасоў. На першым паседжаньні Галоўнай Рады, якое адбылося, дарэчы, адразу пасьля выбараў новых кіраўнічых структур Саюзу, адбыліся, згодна са Статутам СПБ, выбары новага рэдактара газэты “Głos znad Niemna”. Былы рэдактар А.Кусяльчук быў вызвалены Галоўнай Радай ад сваіх абавязкаў.

Сваё звальненьне з рэдакцыі з 1 сьнежня А.Кусяльчук успрыняў як ганеньне на яго. Ніякага ганеньня не было. Сябры Галоўнага праўленьня – выканаўчай улады Саюзу — і я асабіста некалькі разоў прапанавалі яму працу на пасадзе рэдактара аддзелу, але ён адмовіўся ад гэтай прапановы. У гэтай сытуацыі верх узяла амбіцыя. Кусяльчук перакананы, што ён “падняў” газэту, але іначай аб гэтым сьведчаць чытачы і супрацоўнікі рэдакцыі, сябры Галоўнай Рады. Газэта мала пісала аб жыцьці і справах палякаў у Беларусі, дзейнасьці раённых аддзелаў Саюзу, не друкавала пісьмаў чытачоў, галоўны рэдактар быў западозраны ў плягіяце, але затое шмат увагі надавалася другасным праблемам, якія нічога супольнага ня мелі са статутовай дзейнасьцю нашай грамадзкай культурна-асьветніцкай арганізацыі.

Сяргей Астраўцоў, рыхтуючы свой матэрыял, не палічыў неабходным сустрэцца з калектывам рэдакцыі, новым кіраўніцтвам Саюзу Палякаў, выканаць абавязковыя фармальнасьці журналіста – праверыць праўдзівасьць фактаў, якія яму паведаміў А.Кусяльчук. Дрэнна, калі чалавек гаворыць няпраўду. Магчыма, гэта проста нейкая недарэчнасьць. Але значна горш, калі А.Кусяльчук, а зь ім і С.Астраўцоў, хлусяць. Ніякай “зьмены арыентацыі” Саюз Палякаў ня мае намеру рабіць. Таксама чысткі ў рэдакцыі газэты ніхто не праводзіў. Адбылася звычайная зьмена кіраўніка рэдакцыі, які не апраўдаў высокага даверу.

Кіраўніцтва Саюзу Палякаў у Беларусі мае надзею, што ў будучым Ваша газэта пазьбегне такіх недарэчнасьцяў і памылак, як у названым вышэй артыкуле, а будзе друкаваць аб’ектыўныя матэрыялы.

Старшыня Саюзу Палякаў Тадэвуш Кручкоўскі, Горадня

 

лісты ў рэдакцыю

Халімон на каранацыі

Ад Рок-каранацыі-2000 безнадзейна веяла беларускім народным комплексам ня-горшасьці-за-іншых, які спараджае другаснасьць, безадказнасьць, закамплексаванасьць і поўнасьцю забівае творчую патэнцыю. У “Казе” панавала атмасфэра расейскага эстрадна-забаўляльнага шоў. Гэта выяўлялася ва ўсім – ад імправізаваных верставых слупоў часоў Расейскай імпэрыі на сцэне (да камплекту не ставала паласатых будак для жандараў, таму апошнія нелякалізавана бадзяліся па залі) да звышбанальнага сцэнару ў лепшых традыцыях калгаснай “лятучкі”.

Больш, чым на мінулых каранацыях, было камандаў, якія ня маюць ніякіх адносінаў да беларускай рок-музыкі. Напрыклад, прэтэндэнты на “адкрыцьцё году” — “Воображаемые люди” — нагадвалі няўдалую пародыю на расейскі “Мумий Тролль”, ад апошняга, праўда, розьніліся патасна-прэтэнцыёзнымі тэкстамі і наяўнасьцю кардэбалету ў складзе адной асобы жаночага полу ў ружовым, прычым стваралася ўражаньне, што харэаграфічнаму майстэрству яна вучылася непасрэдна ў актора Маргунова з “Каўкаскай палоньніцы”. Больш прафэсійны і ня менш амбіцыйны гурт “Нэо” мае іншую праблему: ягоны вакаліст з прычыны мужчынскіх фізіялягічных адметнасьцяў ня можа быць Зямфірай (хаця, вельмі стараецца, бедны). Можа варта было б паспрабаваць крыху іншую музыку граць? Хаця любыя душэўныя зрухі могуць перашкодзіць пасьпяховаму зарабляньню грошай, на што, уласна, гэты праект і разьлічаны. Крыху не да месца глядзеўся і гітарыст Вярэніч са сваім нотным пультам і імправізацыямі вакол рок-н-рольных стандартаў, якія больш прыдаліся б для “Грыфаманіі”.

Але дабілі мяне ня гэтыя “маленькія копіі вялікіх куміраў”, а звышнепаўторны супэраўтэнтычны Юры Выдронак са сваім “Юр’ем”: калі яны пачалі калядаваць на санскрыце...

Нельга, аднак, пагадзіцца з думкай, што Каранацыя увогуле ня мела сэнсу. Наадварот – яна вельмі добра выявіла, хто ёсьць кім і хто чаго варты. А некаторыя факты дык і наагул дазваляюць спадзявацца, што ў КЗ адбылося пахаваньне Рок-каранацыі, якая вычарпала сябе нават на думку арганізатараў. На тле агульнай амбіцыйнасьці й надуманасьці малайцом глядзелася “Крама”, якая проста выйшла, сыграла – і заля літаральна стала на вушы. І для гэтага Варашкевічу зусім не давялося распранацца.

Халімон, Самахвалавічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0