Анонс

Параўнальная музыкалёгія

Забэйда не спакушаўся Манюшкавым “Лірнікам”, нібыта спэцыяльна напісаным для ягонага голасу. Не спакушаўся, бо меў гонар і не хацеў дарэмнае спрэчкі. Паважаў і сваё, і чужое – без усялякае блытаніны. Быў прафэсіяналам. Дасканала рабіў сваю справу. Сьпяваў тое, што мусіў сьпяваць – ці дзеля хлебу надзённага, ці з пачуцьця ўнутранага абавязку – не пытаючыся, ці вартае яно ягонае увагі. Хіба ж ня самы час у яго вучыцца?

А навучыцца ў яго й сапраўды можна многага. Мяне захапіла перш за ўсё бездакорная густоўнасьць ягонага выкананьня – дасканалае валоданьне гукам і культура пачуцьцяў, амаль недасяжная для пераважнай большасьці цяперашніх нашых сьпевакоў. “Ну, а голас?” – запытаецеся вы. – “Як гучыць слаўны голас Забэйды?” Праўду кажучы, сёньня сярод беларусаў ёсьць людзі з галасамі значна прыгажэйшымі і мацнейшымі, параўнальна зь сьціплым Забэйдавым тэнарам... “Ну, а як жа Забэйдавы трыюмфы ў La Scala?” – яшчэ настойлівей запытаецеся вы, і я ізноў мушу вас расчараваць. Не было аніякіх трыюмфаў, а быў хіба толькі звычайны стаж у La Scala, празь які прайшла добрая палова нашых вядучых опэрных салістаў. Але няўжо Забэйда без трыюмфаў для нас меней дарагі, чым з трыюмфамі? Галоўнае, што ён да нас вярнуўся.

Як вярнуліся да нас скарбы беларускіх патрыятычных песень у культавым альбоме “Я нарадзіўся тут”. Вярнуліся, праўда, не зусім так, як хацелася – замала песень, задужа гарніру. Вельмі рознымі паводле сваёй якасьці апынуліся аранжаваньні нашае песеннае клясыкі. Спадабалася выкананьне мо найбольш славутае беларускае песьні – “Бывайце здаровы”. Спадабаўся “Нёман” на музыку Несьцера Сакалоўскага, прасьпяваны ў народным стылі, пад гітару. (Цікава, колькі працэнтаў слухачоў ведае, што Сакалоўскі — аўтар дзяржаўнага гімну РБ?) Надта спадабалася старая песьня на словы Буйлы “Люблю наш край, старонку гэту…” Аднак для таго, каб прасьпяваць яе ў блюзавым стылі, трэ было спачатку гэтаму навучыцца альбо, прынамсі, быць нядрэнным вакалістам.

 

Артыкул Юліі Андрэевай пра новыя кампакт-дыскі “Я нарадзіўся тут”, трыюмфатара “Рок-каранацыі”, і “Ластаўкі ў стрэсе” зь песьнямі Міхася Забэйды – у наступным нумары “НН”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0