БІБЛІЯТЭКА

 

Душа Пазьняка

Зянон. Глёрыя Патрыя. — Вільня, Таварыства беларускай культуры ў Літве, 2000. Наклад 1000 ас.

 

Каб пасьпяхова здаць залік па лаціне, студэнты павінны былі вывучыць на памяць сто восемдзесят лацінскіх выразаў. Выкладчыца сама складала патрэбны сьпіс і па частках прыносіла на заняткі. Помню ясна, як дзень, першы афарызм з таго малаўцямнага напачатку сьпісу: Gloria Patria Ruthenia Alba — Хвала Бацькаўшчыне — Беларусі. Веліч і слава Радзімы ўсьведамляліся намі ня толькі праз пасярэдніцтва паэзіі й прозы Ўладзімера Караткевіча, але й пад урачыстыя літаўры лацінскай мовы. За што я да гэтай пары ўдзячны выкладчыцы.

Студэнцкія студыі прыгадаліся мне над Зянонавай кнігай “Глёрыя Патрыя”, у якую ўвайшлі вершы й фатаграфіі, напісаныя й зробленыя на працягу 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, кнігай фотапаэзіі. Часам творы ў ёй узаемазамяняльныя — вершы сваёй ляканічнасьцю (тры радкі) нагадваюць імгненны, выхаплены з плыні часу здымак, а здымкі сюжэтна разгортваюцца ў прасторы й часе, як фотабаляды.

У кожным чалавеку жыве прага падарожжаў і адкрыцьцяў. Едзем за сьвет, стамляемся ў чужамоўных натоўпах, вяртаемся, расчараваныя. А трапляем у летні Браслаў, узыходім на замчышча, заціснутае між азёраў... Бачым, як далёка ўнізе адплывае ўдалеч і драбнее на вачах човен, нібы сьціраецца аб шурпатую тарку хваляў. На далёкім супрацьлеглым беразе пад сонечным промнем раптам блісьне шпіль касьцёлу Сэрца Ісуса, быццам зямля піша на нябёсах залатым пяром, абмакнуўшы яго ў чарнільна-чорныя хмары... Я перажыў гэтыя шчасьлівыя хвіліны двойчы — два гады таму, блукаючы па замчышчы, і два дні таму, гартаючы кнігу Зянона, дзе Браслаўшчына знайшла сваё адлюстраваньне ў дзясятку вершаў і фатаздымкаў. Вось хоку “Некалі на Браслаўшчыне”:

Ля старога млына
Курыць люльку млынар.
Нават вейкі ў муцэ.

Усяго дзесяць словаў. Адзіная боязь, уласьцівая Пазьняку-паэту — боязь лішняга, неабавязковага слова.

Зянон — філёзаф у паэзіі, хоць і не заснаваў уласнай школы стоікаў, як ягоны цёзка, што жыў больш за дзьве тысячы гадоў таму ў Атэнах. Грэцкі мысьляр паходзіў з Кітыёну на востраве Крыт, беларускі — зь вёскі Суботнікі на Івейшчыне. І хараством краявідаў вакол гэтага заходнебеларускага селішча да гэтага часу наталяецца душа Пазьняка. Вось страла брукаванкі з наканечнікам касьцёла — дарога ў Суботнікі з боку Юрацішак. Вось звычайная вясковая хата, што выглядае адным вакном з высокай пшаніцы — родны дом у Суботніках. Вось вёска ўмасьцілася нанач у тумане, толькі касьцёльная вежа, як дазорца, чуйна прыслухоўваецца да навакольля — вечар над Суботнікамі.

Спакойнае, векавечнае жыцьцё, якому, здаецца, не пагражае небясьпека. І раптам між прытульных воку краявідаў — верш “Іду на спатканьне”, які прымушае схамянуцца:

Чорная труна выплыла з-за павароту
На плячах незнаёмых
І, нібы лодка, гайдаецца
Ў хвалях галоў.
Так нечакана,
Бо я ішоў на спатканьне з каханай
І думаў пра пацалункі.

Так Зянону ўбачылася вядомае memento mori. Зноў мудрая лаціна пераклікаецца з засамочанай беларускай душой.

Прозьвішча Пазьняк толькі на першы погляд этымалягічна збліжана са словамі позна, позьні, той, які спазьніўся. Больш праўдзіва на іх месцы выглядацьмуць словы зь іншым значэньнем: пазнаць, той, які пазнае. Пазнае красу і веліч Бацькаўшчыны празь ёмістае слова і аб’ектыў фотаапарату. Імкнецца спазнаць лёс Айчыны — над роднай Гаўёй і над варшаўскай Віслай. “Мілая Радзіма, Ты — уся мая памяць. Усё, што бачыў і перажыў за жыцьцё, усё, што пра Цябе чуў і чытаў і нават уяўляў — усё са мной. Ты, такая вялікая і прыгожая, перапоўніла маё сэрца і маю галаву. Калі назаву Цябе — белыя воблакі над Гаўёй і празрыстая плынь, дзе жывуць серабрыстыя рыбы, цёплае лета ў шуме вады і паўдзённых вятрах, вечны травень у квецені груш і звон... звон касьцёльны над палямі плыве да віленскіх сьцен у маю калыску... Глёрыя! Хвала! Хвала цьвітучаму дрэву! Хвала зямлі і людзям, што, нібы цьвет пад вятрыскам, ападалі ў Цябе, у гоні Твае пад Пагоняй, на сьцяжыны Твае пад сьцягамі, у травы Твае за свабоду...” — піша Пазьняк.

Ды няма марных ахвяраў, бо менавіта з ахвярных жыцьцяў складаецца вечнасьць Радзімы. Рупіць мне дастаць на белы сьвет яшчэ адно лацінскае мудраслоўе, якім заканчваўся той, прыгаданы ўжо, студэнцкі сьпіс: Vita brevis, patria aeterna — Жыцьцё кароткае, Радзіма вечная.

Міхась Скобла

 

Сьціплая чырвоная Каштуніца

Arche. 9—2000. Мэдыцына.

 

Апошні нумар часопіса ARCHE за мінулае стагодзьдзе выйшаў ні тоўсты ні тонкі — 152 старонкі. Чырвонымі «Паталёгіямі грамадзтва» ARCHE скончыла 1999 г., чырвонай «Мэдыцынай» — 2000 г. На канец 2001 г. ARCHE заплянаваў спэцыяльны нумар «Прэзыдэнцкія выбары’ 2001. Пасьляслоўе», толькі пакуль не прызнаецца, які — чырвона-зялёны ці бел-чырвона-белы.

На вокладку нумару зьнялася Вэраніка Шарко. Раней ARCHE сваіх мадэлек прапісваў па імені, цяпер часопіс прыйшлося несьці на апазнаньне акулам менскіх подыюмаў. А дарма няма на вокладцы імя, вельмі ж запаміналася. Якая Юля Стома, міс Грудзі Беларусі і міс Скура Беларусі, упрыгожвала ARCHE-Панславізм! А які Ўладзімер Адамчык увекавечаны на нумары «Адам Глёбус»!..

На леташніх чырвоных «Паталёгіях» зьнялася Надзея Ягорава. На першай старонцы вокладкі як бы гуляючы ў цнатлівасьць, дарма што голая, а на апошняй — дык увогуле зь нейкім габоем замест усіх шатаў, зь якога (ці ў які?) пяўся струк чырвонага перцу, з тых тоўсьценькіх, ці не ў прабірках з дапамогаю Віягры буржуямі вырошчваных, што ў Менску круглы год прадаюцца на латках.

Па часьці голага цела ARCHE, яснае дзела, за год пасталеў. Цяпер сьпераду нумару стылізацыя пад італьянскае адраджэньне, а ззаду — сьціплая дэманстрацыя доўгіх лытак, гнуткасьці цела, лоўкасьці рук і нічога болей. У сэнсе — пад сукенкай нічога. Затое на фоне бел-чырвона-белага сьцяга, ясны перац.

Сам нумар выйшаў бязь лішняга фурору, звычайна ўласьцівага тоўстым тэматычным нумарам ARCHE, але пры гэтым кожны сабе знойдзе што пачытаць. Гурманы інтэлектуальнае літаратуры — драму Лявона Юрэвіча «Сакрэт Антона Адамовіча», аматары мэмуарыстыкі — лісты япіскапа Васіля (Тамашчыка) да Юркі Віцьбіча, паэзіі — пару гонкіх вершаў Людкі Сільновай, Андрэя Хадановіча, Міколы Раманоўскага, Алеся Наўроцкага ды Валянціны Аксак. Уласна пра мэдыцыну пішуць Віталь Кошалеў (сувязь беларускае рахманасьці з дэфіцытам ёду) і Ігар Сарокін (псыхіятрыя). Ну, і два, як заўжды ў ARCHE, прыкметныя празаічныя дэбюты — Ліліі Сазанавец і Андрэя Захаранкі. Відаць, калі Лукашэнку скінуць, усе нумары ARCHE будуць такія, як гэткі — сьціплыя і без аплёмбу.

Апошнія леташнія «Паталёгіі» пранырлівая кнігарня ТБМ скупіла невядома ў якіх палестынах і цяпер перапрадае па тры мільёны — у чатыры разы даражэй, чым яны прадаваліся год таму. І бяруць жа, бяруць! — кажа кнігар Гуркоў. Ці акажацца «мэдычны» нумар такім жа паплатным праз год? Папраўдзе, павінен. Нягледзячы на шматлікія памылкі карэктуры (мабыць, Алесь Аркуш сурочыў, назваўшы ARCHE часопісам рэдактараў і карэктараў).

Кажуць, найбольшымі цнотамі Воіслава Каштуніцы былі ягоная нуднасьць і сьціпласьць. Бо сэрбам настолькі папярок горла стаяў Мілошавіч і ўсе эксцэнтрыкі апошніх гадоў, што пэдантычны юрыст здаўся братам-славянам збавенным ганцом спакою. Калі дапусьціць, што і ARCHE сатканы з свайго «цайтгейсту», значыць, усё ж апошні нумар сёлета мае шанцы абысьціся безь зеляніны. А што, блін, у нашай справе галоўнае?

Назіральнік проста

 

Орган NATO

Беларускі Гістарычны Агляд. Том 7, сшытак 1 (12). Старонкі 1-302, Чэрвень 2000. ISSN 1392 – 902 X

 

У чарговым нумары “Беларускага Гістарычнага Агляду” Вячаслаў Насевіч у артыкуле “Карэньшчына: тры стагодзьдзі з жыцьця аднаго маёнтка” аналізуе эканамічную гісторыю Беларусі на прыкладзе маёнтка Корань, што на Меншчыне: пачынаючы зь сярэдзіны XVI ст. (ад “валочнай памеры” і пачаткаў Рэчы Паспалітай) і да XIX ст. ужо за расейскім часам. Піша пра станаўленьне і разьвіцьцё сялянскай гаспадаркі, паступовае ейнае ўмацаваньне, а потым разбурэньне традыцыйных сувязяў у выніку анэксіі Расеяй. З эканамічнымі выкладкамі цяжка спрачацца: з інкарпарацыяй беларускіх земляў у склад Расейскай імпэрыі селянін Кораню, гэтага асобна ўзятага маёнтка, стаў жыць горш, таму і падтрымаў Напалеона ў 1812 г.

У працы “Лёс беларускіх габрэяў у Генэральным Камісарыяце Беларутэніі” нямецкі дасьледчык Бэрнгард К’яры аналізуе падзеі апошняе вайны. К’яры задаецца пытаньнем: чаму ў Беларусі зьнішчылі аж столькі габрэяў? Няўжо віна за гэта ляжыць толькі на вэрмахце, СС і айнзацгрупе? К’яры сьцьвярджае, што ў сьмерці 700 тыс. нявінных аднолькава вінаватыя і прадстаўнікі беларускай адміністрацыі, і паліцаі, дый цывільныя жыхары, зацікаўленыя ў вырашэньні грашовага, зямельнага ці нават, так бы мовіць, рэчавага пытаньня. “У Беларусі як сярод палякаў, так сярод і беларусаў антысэмітызм усё-ткі меў месца нагэтулькі, што перад абліччам нямецкага тэрору ў наступныя гады ён здолеў узбуяць у шмат якіх месцах. Прычынамі, побач з традыцыйнымі антыгабрэйскімі забабонамі, была мешаніна страху перад пакараньнем, спробаў прыстасавацца да акупацыйнай улады і прагі да асабістае выгоды”, — піша К’яры. Зь ім, відавочна, многія будуць спрачацца. Чаго варта жорсткае ў адносінах да беларусаў, узгадаваных на геройскім эпасе, цьверджаньне: “У акупаванай Беларусі героі падчас гэтае вайны сустракаліся яшчэ нашмат радзей, чым дзе ў іншых краінах”.

Нямецкую тэму ў часопісе працягвае выкладчыца Мангаймскага ўнівэрсытэту Астрыд Зам з артыкулам “Беларускі нацыяналізм ці нацыяналізм Беларусі”, аналізуючы палітычную эвалюцыю краіны ў апошняе дзесяцігодзьдзе і адказваючы на пытаньне, ці было заканамерным абраньне ў 1994 г. прэзыдэнтам “чалавека з табакеркі” і ў чым пралікі “нацыяналістаў” ва ўплыве на электарат.

Сярод іншых тэкстаў нумару — артыкул Джыма Шарпа “Гісторыя зьнізу” пра асаблівасьць бачаньня гістарычных працэсаў звычайнымі людзьмі, пра погляд на тыя ці іншыя падзеі іхных удзельнікаў.

У адным са сваіх леташніх нумароў “Беларуская думка” ўпікнула “Беларускі Гістарычны Агляд” тым, што ён быццам бы выдаецца на грошы заходніх спэцслужбаў і пэрсанальна NАТО. Ня кожнаму добраму гістарычнаму часопісу дастаецца такая ўвага ідэалягічных наглядчыкаў і такая «легенда». Значыць, часопіс запатрабаваны часам.

А.Г.

Набыць «Беларускі Гістарычны Агляд» можна ў менскай кнігарні «Акадэмкніга».

 

Новыя кнігі

А.Краўцэвіч. Стварэньне Вялікага Княства Літоўскага. – Жэшаў: Эканамічны аддзел філіі Люблінскага ўнівэрсытэту імя М.Складоўскай-Кюры, 2000. – 238 с. ISSN 1230-512-X

Праблема ўтварэньня ВКЛ – адна з найважнейшых у гісторыі Беларусі, бо ў гэтай дзяржаве адбылося фармаваньне нашага народу. Кніга складаецца з аналізу беларускае, літоўскае, польскае, расейскае ды іншых гістарыяграфій гэтае дзяржавы, зь якога А.Краўцэвіч выводзіць сваю вэрсію паўстаньня беларуска-літоўскага гаспадарства. Аўтар прыйшоў да высновы, што ўтварэньне ВКЛ было вынікам працэсу балта-славянскіх кантактаў, і ацэньвае Княства як біэтнічнае дзяржаўнае ўтварэньне з панаваньнем усходнеславянскага элемэнту. Навуковы рэдактар кнігі – доктар гіст. навук Георгі Штыхаў, рэцэнзэнты – гісторыкі Павал Лойка і Ўладзімер Емяльлянчык. Першае выданьне кнігі было выйшла накладам 200 ас. (замест пазначаных 2000 ас.) у выдавецтве “Беларуская навука” ў 1998 г.

А.Русецкі. Уладзімер Караткевіч. Праз гісторыю ў сучаснасьць: Нататкі літаратурнае творчасьці. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 300 с. – Наклад 1500 ас. ISBN 985-02-0423-0

Гэтае літаратуразнаўчае дасьледаваньне прысьвячаецца юбілею пісьменьніка. Цана 850 р.

Эўрыка: Нарысы: Для мал. і сяр. шк. веку / Укл. Н.Філіповіч; Маст. У.Гладкевіч ды інш. – Менск: Юнацтва, 2000. – 112 с.: іл. – Наклад 500 ас. ISBN 985-05-0284-3

У новай кнізе пазнавальнае сэрыі для шкаляроў: нарысы “Вера нашых продкаў” – пра вытокі й сёньняшні дзень праваслаўя ў Беларусі, “Пра што расказваюць старажытныя карты”, “Прыехала Каляда” – пра беларускія традыцыйныя зімовыя сьвяты, асобны разьдзел прысьвечаны некаторым жывёлам, занесеным у “Чырвоную кнігу Беларусі”. Мае дыхтоўную вокладку й каштуе 600 р.

Каталіцкія сьвятыні Беларусі: Адрыўны каляндар на 2001 г. / Скл. А.Кулагін, Э.Граховіч. – Менск: Ураджай, 2000. – Наклад 10000 ас.

Праваслаўныя сьвятыні Беларусі: Адрыўны каляндар на 2001 г. / Скл. А.Кулагін. – Менск: Ураджай, 2000. – Наклад 20000 ас.

У продажы зьявіліся перакідныя календары для каталікоў і праваслаўных. На кожны дзень аўтары прапануюць адмысловыя артыкулы пра найбольш славутыя сьвятыні краю. Каштуюць па 400 р.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0