Рыгор Барадулін

Не спыніць

 

Друк. Упэўненае й дужае слова гэтае прыйшло ў нашую крывіцкую, беларускую мову зь Нямеччыны, з радзімы Гутэнбэрга – хроснага бацькі друкарскага варштату.

Друк. Сьледам ягоным прыйшлі ў мову наскую шматлікія словы, родам зь недалёкай ад прагнай на веды Крывіі Нямеччыны.

Друк. Кожны гук гаворыць сам за сябе.

Д – дыханьне, дотык, дарога.

Р – рух, радасьць, рупнасьць.

У – узьлёт, урачэньне, урачыстасьць.

К – кон, кола, калыска.

Дыханьне працінала друкарку ад дотыку да ліста, яшчэ цёплага ад фарбы, да ліста, дзе на ймгненьне прыстоіла, бо прыстала, дарога вякоў дапытная й дападная.

Рух гаспадарыў, радасьць сьмялела, рупнасьць, як і заўсягды, сьпяшалася.

Узьлёт слова галавакружна хмялеў ад урачэньня вышынёй, урачыстасьць сьвяткавала перамогу сьвятла над цемрай.

Кон круціў кола дзён, у калысцы рызыкі расла ўпэўненасьць, што друкаванае слова пад руку з крывіцкім клёкам абыйдзе сьвет, зьдзівіць яго недасяжнай дасяжнасьцю, насыціць аржаным хлебам праўды, запалоніць празрыстасьцю ісьціны.

Апошнія радкі жаўранка крывіцкае раніцы Максіма Багдановіча выдыхнутыя ў падзяку друкаванаму слову:

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

Першае нашае друкаванае слова спудзіла ўсходніх суседзяў. Кнігі Францішка Скарыны ў Масковіі (на глухім хутары Эўропы) былі абвешчаныя ерасьсю.

У інструкцыі, паводле якой каралеўскі пасол мусіць гаварыць з рымскім Папам, пра Скарыну казалася:

“Кіруючыся набожным жаданьнем і наважыўшыся надрукаваць і выдаць на рускай мове Сьвятое пісаньне, прыбыў да масквіцянаў. Гэтыя кнігі былі публічна па загадзе князя спалены, таму што былі выдадзены падданцам рымскае царквы і ў месцах, якія падлягаюць ейнай уладзе. Такая ўселена ў гэты народ непрыязнасьць да лацінскага й рымскага імені...”

Цішка Гартны, адзін з рупліўцаў пра беларускую дзяржаўнасьць, які для Бэсэсэрыі наладжваў беларускі кнігадрук у Нямеччыне, пісаў, як нямецкі друкар у неўразуменьні глядзеў на літару ў. І, разважаў далей Цішка Гартны, што стаіць за літарай гэтай?

Яна – выдых чалавека, які вырваўся з задушлівай цямніцы, зь лютага марозу. Гэта выдых крывіцкае мовы.

Безумоўна, лацінка болей пасавала б беларускаму слову, яна яшчэ цясьней лучыла б нас з Эўропаю, зь якой Беларусь этнічна й гістарычна адно цэлае.

Пры ўсёй павазе й шане да кірыліцы, яна нас, так бы мовіць, усё-ткі азіяціць.

Жывому беларускаму слову замыкалі вусны катоўнямі царскіх вязьніцаў ды савецкіх ГУЛАГаў, пераціналі горла вяроўкамі вялікадзяржаўніцкіх ды бальшавіцкіх эшафотаў, а яно крычэла, хрыпела надрэзаным горлам Янкі Купалы, і сёньня рупіцца яно прабіцца да аглухлых ад нэакамуністычнай прапаганды прыпавесьцямі Васіля Быкава.

Беларускае друкаванае слова як пачалі паліць яшчэ ў часы Скарыны, дык і дасёньня паляць і на голым агні, і на вогнішчы зьнявагі й няспыннай забароны.

Але цяжка спыніць беларускі друкарскі варштат і зацятым беларусафобам, і недасьведчаным запабежнікам.

Не магу стрымацца, каб не ўзгадаць пра маё першае знаёмства зь беларускамоўным друкарскім варштатам. А пазнаёміўся я зь ім лобам.

Вайна. Партызаншчына. Рэдакцыя вушацкай раённай газэты з кагэбісцка-савецкім назовам “Прымежны калгасьнік” (скалгашаны раён межаваў з Заходняй Беларусяй) разбураная, як пяялася ў “Інтэрнацыянале”, “магутным выбухам сваім”,— ні вокнаў, ні дзьвярэй. Цямнее ў кутку заінелы напалову разабраны варштат. Вялізнае кола. Малому ж, як таму дурню стрэліць, сьвярбіць яго крутнуць. І крутнуў. Кола зьляцела (не было замацаванае) і, халоднае да дрыжакі, апякло мне лабаціну. Гузак ускочыў як не з маю галаву.

Гэта было папярэджаньнем, што ад друку болей гузакоў, чымся воплескаў.

Думаю, і ўсім, хто пнецца спыніць кола беларускага друкарскага варштату, гузакоў хопіць. Як лоб іхні ні на што іншае не прыдатны...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0