Адам Глёбус

Перамога ў вайне

 

У ХХ ст. беларусам не пашанцавала: і першая, і другая сусьветныя войны праходзілі на іхнай тэрыторыі, больш за тое, беларусы ваявалі наймітамі з розных бакоў: з расейскага, польскага, нямецкага. А сваё войска, якое б абараняла й абараніла Беларусь, так і не паўстала. Хоць спробы ўтварыць нашае войска рабіліся неаднаразова, і ў гісторыю вайсковых строяў мы, вядома, увайшлі і за Булак-Балаховіча, і ў часы Кушаля з Рагулем. Ведаючы гэтую таямніцу, гісторыкі вынайшлі для беларусаў вызначэньне: Беларусь — краіна партызанская. Беларус і партызан сталі ледзь не сынонімамі. Дзяды Талашы, Бацькі Мінаі, Піянэры Казеі зрабіліся беларусамі-героямі, яны ледзь не пераўзышлі па памерах сваіх помнікаў сапраўдных нашых герояў мінулага стагодзьдзя — Купалу, Коласа й Багдановіча. Але яны не маглі іх пераўзысьці, бо менавіта Багдановіч у “Пагоні”, Колас у “Дрыгве” й Купала ў “Партызанах” стварылі міталягему пра народных мсьціўцаў. Пагоня ляціць і б’е мячамі ў сэрца тых, хто адрокся бацькаўшчыны. Коласаўскія партызаны гэтаксама змагаюцца з акупантамі, як са сваімі здраднікамі. Але найбольш узорны ў гэтым шэрагу верш Купалы: “Партызаны, партызаны, беларускія сыны. /За няволю, за кайданы/ Рэжце гітлерцаў паганых, / Каб ня ўскрэсьлі век яны”. Хто такія гітлерцы? Чаму ня гітлераўцы? Няма й не было раней у нашай мове ніякіх гітлерцаў. Гіцлі ёсьць, а гітлерцы толькі ў вершы Купалы. І я ўпэўнены, яны там не выпадкова ўзьніклі... Калі вярнуцца ў час другой сусьветнай бойні й зірнуць на жахлівы двубой дзьвюх найвялікшых таталітарных пачвараў, дык без усялякай цяжкасьці можна пабачыць, што называць гэтую вайну бітваю немцаў з рускімі будзе недакладна, а двубоем камуністаў з фашыстамі, як і сталінцаў з гітлераўцамі – больш правільна. Таму набяруся мужнасьці й адрэдагую верш генія:

Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб ня ўскрэсьлі век яны.

Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце сталінцаў паганых,
Каб ня ўскрэсьлі век яны.

Калі палічыць за асноўную падзею ў мінулым стагодзьдзі другую сусьветную вайну, дык можна было б і пагадзіцца з тым, што тры згаданыя вышэй творы зьяўляюцца ўзорнымі ў нашых хрэстаматыях. Але мне, чалавеку, які ненавідзіць усё вайсковае, ваеннае, мілітарысцкае, ніяк не выпадае прымаць, а тым больш ухваляць падобныя рэчы. Для мяне асноўнымі падзеямі беларускага ХХ ст. застаецца напісаньне й выданьне трох кніжак: “Вянка” Максіма Багдановіча, “Новай зямлі” Якуба Коласа й “Спадчыны” Янкі Купалы. Пра другую сусветную ў гэтых кніжках нічога не гаворыцца. Але мне выпала пісаць якраз пра яе, пра паганую. Ну ня любіш ты, Глёбусе, вайны... Вось дзіва знайшоў. А хто ж яе любіць? Легіёны, мой мілы таварышу чатачу, легіёны ідыётаў любяць: вайну, вайсковую форму, пагоны, ваенную прозу, тэатар ваенных дзеяньняў, мэмуары франтавікоў, біяграфіі камандзіраў, карты бітваў, ордэны, медалі, званьні, кукарды... Яны маршуюць па пляцах і праспэктах, езьдзяць на танках і бэтээрах, размахваюць сьцягамі, разьбіваюць лобам цагліны, жаруць жывыя жабкі і павукі. Яны носяць зрэзаныя, а значыць мёртвыя, кветкі да магілаў невядомых салдатаў, робяць гэтыя магілы пасярод гарадоў, стаўляюць над магіламі абеліскі, запальваюць “вечныя” агні й шабасуюць вакол іх. На будынках аматары вайны пішуць велічэзнымі літарамі, што подзьвігі будуць жыць вечна, што яны бесьсьмяротныя. Яны – жорсткія, сьляпыя, неразумныя... Які разумны напіша над магілаю слова “бесьсьмяротны”?! Які разумны пачне ганарыцца тым, што забіваў людзі, жывёлу, зьнішчаў расьліны, руйнаваў гарады, паліў вёскі й мястэчкі? Які нармальны чалавек будзе з асалодаю згадваць, як зарэзаў брата, біў мячом у бацькава сэрца? І якая розьніца, гітлерца ці сталінец, камуна-бальшавік ці нацыянал-патрыёт, калі ты найперш забойца. Толькі ня думай, мілы таварышу, што я спадзяюся пры жыцьці пабачыць заканчэньне апошняй вайны на белым сьвеце. Ня бачыў я першай, ня ўбачу й апошняй. Ні табе, ні мне не давялося прысутнічаць пры забойстве Абэля Каінам. Не спыніў таго злачынства й Бог. Так, што ўсе мы спадкаемцы Каінавага вайсковага граху, і мусім памятаць пра тое. І не павінны радавацца Каінавым перамогам, ня мусім услаўляць іх. Вайсковая перамога – перамога Каіна над Абэлем.

2001 год


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0