Сяргей Варыводзкі

Закрыць — значыць забыць

 

«Мы сталіся ахвяраю статыстыкі» — так расейскі міністар энэргетыкі выказаў сваё меркаваньне аб прычынах Чарнобыльскай аварыі. Выказваўся ён з нагоды падзеі, якая, мільгануўшы зь месяц таму, не зафіксавалася ў нашай памяці — закрыцьця Чарнобыльскае АЭС.

 

Чаму якраз гэтыя словы міністра прыцягнулі нашую ўвагу? Стаўся загадкай ды прымусіў насьцярожыцца выраз “ахвяра статыстыкі”. У статыстыку звычайна трапляе тое, што можна сабраць у групы, абагульніць, аб’яднаць у якуюсь аднароднасьць паводле пэўных крытэраў і (самае важнае) пералічыць. Статыстыка адносна Чарнобыльскае АЭС зводзіць яе проста да аднае са сьпісу атамных электрычных станцыяў. Статыстычна выяўленыя ўсе магчымыя парамэтры гэтага шэрагу. Вядомыя і агульны лік атамных станцыяў, і прыстасаванасьць іх да мірных/вайсковых/навуковых мэтаў, і тыпы рэактараў, сыстэмаў ахалоджаньня etc. Кожная АЭС у гэтым пераліку ня мае сваіх адзінкавых/асабовых уласьцівасьцяў, ператвараючыся ў частку ўсяе сукупнасьці і распускаючыся ў катэгорыях падліку: паводле магутнасьці, базаваньня, прызначэньня і г.д. Падкрэсьлім, лучэньне ў поле статыстыкі пазбаўляе асабовасьці-непаўторнасьці і далучае да шэрагу падобнасьці-прыраўняльнасьці.

Але ў сфэру ўвагі статыстыкі трапілі ня толькі атамныя станцыі, але і звычайныя людзі (насельнікі рэгіёну, нежанатыя-жанатыя, з вышэйшай адукацыяй і без, хворыя-здаровыя) з усімі сваімі прызвычаеньнямі і страхамі, ну, і што-нішто яшчэ.

«Вой, а мяне палічылі!» Г.зн. паставілі ў шэраг чымсьці падобных. Трапіўшы ў Сыстэму, мусіш падпасьці пад Закон гэтае сыстэмы і падпарадкоўвацца яму. І няма розьніцы, ці то вядзецца пра дарожныя здарэньні, ці пра захворваньне на аміятрафічны лейкаспангіёз, ці то пра рызыку аварыяў на атамнай электрастанцыі, ці пра нараджальнасьць-сьмяротнасьць. Неасабовыя адзінкі вырачаныя ставацца ахвярамі статыстыкі (ці ахвярамі статыстыцы?).

На міталягічным роўні сьвядомасьці небясьпечнасьць гэткіх зьяваў была зразумелая здавён-даўна. Адсюль, магчыма, апісаньні «залатых» пракаветных часоў празь незьлічальныя, непадуладныя падліку (але не бязьмежныя!) асаблівасьці: «зьверыны ў лесе — нялічана, рыбы ў моры — кішма кішыць». А згадаем славутыя Малочныя Рэкі з Кісельнымі Берагамі!.. Падлучаем статыстыку: рака Малочная, сярэдні расход вады 200 кубоў у сэкунду, тлустасьць 3,2 прац., б./тл./вугл. і так да бясконцасьці (бо хуткасьць плыні мяняецца).

Адным са шляхоў набыцьця ўласнага лёсу было накладаньне імя: Кашчэй Несьмяротны быў зусім ня проста адзінкавым дыстрофікам з плоймы тых, хто не памірае. Звычай даваць свае (асабовыя) імёны захаваўся і да нашага часу й пашыраецца ня толькі на людзей, але і на блізкае ім: хатнюю жывёлу, сабак, котак. У Лацінскай Амэрыцы нават турбіны на гідраэлектрычных станцыях маюць свае імёны (Марыя, Ізаўра, Роза...). Лацінаамэрыканскім апэратарам прасьцей абмяркоўваць уласьцівасьці жанчыны, чым скардзіцца на ТRВМК-12. Туга па мільёнах безназоўных загінулых таксама справа практычна немагчымая. (Кожны ведае, плакаць лепей ня проста па здохлым сабачку, а па сваім канкрэтным Кабздоху.)

Сярод іншых шляхоў пазьбегчы Статыстыкі — адшукаць свой Кон ці спрычыніцца да таго адмысловага, якое яго ўжо мае. Найлепшым узорам тут будзе повязь зь зямлёй, зь месцам, на якім існуеш (але ня з цэлым глёбусам). Нават найслабейшае яна можа падвысіць за межы пралічанага функцыянаваньня. Кірыла Тураўскі славуты ня толькі артадаксальным пісьменствам, але (і найперш) прылучанасьцю да Тураўскіх земляў. Чарнобыльская атамная электрастанцыя нават і тут ня болей як адна зь дзясяткаў безаблічных атамных электрастанцыяў, выпадкова разьмешчаная блізу Чарнобылю.

Станцыя (выразна дэструкцыйнага, нягледзячы на ўсю яе карысьць, прызначэньня) без свайго належнага імя, набліжаная да апакаліптычна адназначнага места, трапіла ў ахвяры аднае з заўжды магчымых імавернасьцяў Статыстыкі — імавернасьці рызыкі катастрофы. Хтосьці пасьмяецца: гэта што ж, даўшы станцыі імя, можна было б вывесьці яе з шарэнгі статыстыкі ды ўнікнуць Аварыі? Не, гэткага мы не сьцьвярджаем, як не сьцьвярджаем і адваротнага, хаця першае здаецца нам больш імаверным за другое. (Трэба ж ведаць, як і назваць. Назвалі б яе Зоркай, дык і саркафаг не было б дзе ставіць.)

Куды мы хілім? Усё да таго ж Закрыцьця. Пацьверджаньнем нашых ірацыянальных досьледаў сталася тая самая Падзея, зь якое мы і пачыналі. Штосьці падобнае (праўда, адносна адзінкавых неадвольных парушэньняў тэхнікі бясьпекі) падрабязна апісаў і прааналізаваў сусьветна вядомы лінгвіст Уорф яшчэ ў 50-я гады. Вымаўляючы, хай сабе і ў думках, простыя словы, мы несьвядома запускаем апрычоны кагнітыўны мэханізм, паводле якога да першага слова падлучаецца ўвесь зьвязаны зь ім пласт асацыяцыяў. Прамаўляючы “закрыцьцё”, мы падсьвядома ўяўляем ліквідацыю, зьнішчэньне чагосьці ці, хутчэй, зьнікненьне яго як з вачэй, так і з рэальнасьці безь вяртаньня назад (альбо зь вяртаньнем з нашае згоды ў акрэсьлены час). Параўнайма: закрыць праблему, закрыць пытаньне, закрыць амбразуру.

Заходнім эўрапейцам (дый ня толькі ім) аварыя на Чарнобыльскай АЭС была жывым верадам — няспынным нагадам пра паразу сучаснае навукі, экалягічную катастрофу, сапсаваную генэтыку, статыстыку ўрэшце. «Закрыўшы» Чарнобыльскую АЭС, Захад (а ці ня мы ў першую чаргу?) пазбаўляецца нават нагаду пра надта ж балючую нават там стрэмку ў сьвядомасьці. Купіць спакой рацыянальнай сьвядомасьці — калі такое яшчэ ўдаецца. А тут «закрылі» (лічы, пахавалі) і забыліся да наступных угодкаў здарэньня. А работы па ліквідацыі хай сабе вядуцца хоць сто гадоў. Рабакі ж таксама мусяць зьнішчаць цела нябожчыка з труной. (Гэта не брутальныя аналёгіі, а выразныя паралелі ў стаўленьні да Чарнобыльскае Станцыі як да жывое, але невылечна хворае заразнае істоты. Да стварэньня, якое, між іншым, мае імя — безыменных скідаюць у брацкія магілы.)

Зрэшты, нашыя тутэйшыя расейскія ўлады даўно ўжо «закрылі пытаньне», пазбыўшыся гэтае праблемы. На Зямлі, Забруджанай Радыёнуклідамі пасьля Катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ня тое што дазваляецца жыць, адтуль ня толькі пастаўляецца «бруднае» харчаваньне, туды прымусова разьмяркоўваюцца маладыя (!) спэцыялісты. Паводле статыстыкі, на гэных тэрыторыях не стае адукаванага насельніцтва (можа быць прыведзены працэнт нястачы лекараў, настаўнікаў, інжынэраў і г.д.). Наступствы Аварыі ліквідаваныя ў нас яшчэ да міжнароднага «закрыцьця» станцыі. Афіцыйнае закрыцьцё Чарнобыльскае Станцыі (чытай: праблемы) ставіць крыж над усякім лямантам знаўцаў законаў статыстыкі. (Чаго крычэць, калі станцыі-та пракцічаскі не сушчэствует. А саркафаг дабудоўваюць.) Затое цяпер мы ведаем пастаўшчыкоў чалавечых гэтым разам ахвяраў Статыстыцы. Нездарма ж наш разанскі прэм’ер гандляваў абліччам у першых шэрагах ганаровых запрошаных.

Дык што — наперад, новыя безыменныя ахвяры Статыстыкі!?

А скульля! Усіх не пералічыце!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0