Алег Трусаў

Пераломны год

намесьнік старшыні апазыцыі на плятформе БНФ у ВС 12 скліканьня

 

1991 год назаўжды ўвайшоў у аналы найноўшай беларускай гісторыі. Як і на пачатку ХХ ст., у 1918-м, палітычныя працэсы на тэрыторыі неабясяжнай “турмы народаў”, ці то “імпэрыі зла”, адбываліся сынхронна як у цэнтры, так і ў асобных яе рэгіёнах

 

Жахлівы пачатак

Пачаўся гэты векапомны год са студзеньскіх падзеяў у Вільні. Савецкія цемрашалы вырашылі сілай задушыць імкненьне літоўцаў да незалежнасьці. Ленінскі досьвед сьведчыў, што спачатку трэба захапіць сродкі масавай інфармацыі – і танкі з дэсантнікамі рушылі на віленскую тэлевежу. Але здарылася нечаканае: сотні бяззбройных людзей з усёй Літвы ўзялі вежу ў жывое кола і сваімі грудзьмі закрылі яе. Многія загінулі, вежа была захопленая, але, дзякуючы тэлебачаньню, якое на ўвесь сьвет паказала кадры вандалізму, агрэсары былі спыненыя, літоўская дэмакратыя засталася існаваць, а Гарбачоў мусіў тэрмінова спыніць узброены канфлікт.

Віленскія падзеі ўзрушылі ўсю Беларусь. Найбольш актыўныя беларусы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі паехалі ў Вільню і далучыліся да літоўскіх дэмакратаў. Даслала туды сваіх прадстаўнікоў і парлямэнцкая апазыцыя БНФ – некаторыя зь іх пасьля атрымалі літоўскія ўзнагароды.

Пад уплывам віленскіх падзеяў з КПСС выходзяць апошнія бээнэфаўцы-камуністы і сярод іх Сяргей Навумчык. Нават камуністычная большасьць у Вярхоўным Савеце мусіла асудзіць чалавечыя ахвяры ў Літве і заклікаць крамлёўскае кіраўніцтва да дыялёгу. Безумоўна, толькі дзякуючы Віленскай перамозе сталася магчымай перамога Маскоўская, аб якой гаворка пойдзе далей.

У студзені апошні савецкі ўрад ачоліў Паўлаў, які, у чыста сталінскім духу, абвясьціў канфіскацыйную грашовую рэформу, калі за тры дні трэ было абмяняць старыя 50- і 100-рублёвыя купюры на новыя. У чэргах ля ашчадных касаў пакутавалі ў асноўным старыя людзі, якія ўсё жыцьцё зьбіралі грошы на “чорны дзень”. І гэты дзень зрабіў для іх апошні савецкі прэм’ер.

Эканоміка Беларусі імкліва занепадала. Замест таго, каб па прыкладзе Прыбалтыкі ўзьняць цэны на прадукты харчаваньня і тавары штодзённага побыту, урад Кебіча ўвёў шматлікія купоны і талёны.

Пачаў раскручвацца махавік інфляцыі. Упершыню за шмат гадоў мэталёвыя грошы сталі зьнікаць з ужытку.

 

Першы рэфэрэндум

Паколькі мацаваць Саюз сілай зброі ўжо не выпадала, у Маскве вырашылі дасягнуць такіх самых мэтаў шляхам рэфэрэндуму.

Вярхоўны Савет БССР не пацьвердзіў на сваёй сэсіі рашэньня Крамля аб правядзеньні на тэрыторыі Беларусі “агульнасаюзнага волевыяўленьня”, і тады гэтую справу даручылі Прэзыдыюму ВС БССР, які – з пратэрміноўкай, шляхам збору подпісаў сяброў Прэзыдыюму, – прыняў адваротнае рашэньне. Радыё, газэты і ТБ не спынялі аднабаковай прапаганды нават у дзень галасаваньня, аднак каля мільёну грамадзянаў Беларусі выказаліся за незалежнасьць сваёй краіны. Таму ўсе расейскамоўныя журналісты, якія пішуць, што ў жніўні 1991 г. незалежнасьць звалілася на нас зь неба, сьвядома альбо несьвядома памыляюцца. Асабліва высокія адсоткі прыхільнікаў незалежнасьці былі ў Менску, Горадні і іншых буйных гарадах Беларусі.

 

Плошча Незалежнасьці

Пасьля першага “пераможнага” рэфэрэндуму жыцьцё, як, дарэчы, і пасьля наступных, адразу значна пагоршылася. І ўпершыню ў ХХ ст. у Менску на вуліцы і плошчы масава выйшлі рабочыя, адным махам разбурыўшы міт аб “талерантнай” спакойнай Беларусі.

Мне давялося прайсьці шлях у адной з такіх рабочых калёнаў, якая рушыла да Дому Ўраду ад брамы Роваравага заводу. Некалькі тысячаў чалавек ішлі моўчкі, вельмі культурна, бяз лаянкі, нікога не чапаючы ў дарозе. Сярод тых, хто крочыў у цэнтар, не было ніводнага п’янога. Дарэчы, за тыдзень рабочых страйкаў ніхто не парушаў грамадзкага парадку, нават сьмецьця пасьля страйкоўцаў не заставалася. Важна адзначыць, што калёны рабочых выходзілі на сёньняшнюю плошчу Незалежнасьці пад вялікімі бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Менавіта тады і паўсталі ў Беларусі незалежныя прафсаюзы, якія, нягледзячы на шматгадовы ўціск, захаваліся і сёньня.

 

Пераможны жнівень
і стваральны верасень

У жніўні 1991 г. я быў у Менску, рабіў у сваёй кватэры рамонт. Якраз у ноч з 18 на 19 жніўня мы клеілі з жонкаю шпалеры ў залі, леглі спаць позна і а 6-й раніцы прачнуліся ад тэлефоннага званка. Даведаліся, што ў Маскве закалот, уладу захапілі ворагі Гарбачова і будуць татальныя арышты па ўсёй краіне. Крыху пазьней уключылі тэлевізар і пабачылі там славуты балет. Я сабраўся і паехаў у Вярхоўны Савет, каб высьветліць сытуацыю. У памяшканьні апазыцыі сабралася нас болей за 10 чалавек, але Пазьняка не было, і хадзілі чуткі, што ён арыштаваны. Мы адразу пачалі дзейнічаць. Частка пайшла да Дземянцея, частка стала пісаць адозву да народу, а я пайшоў да Шушкевіча, каб даведацца, што ён сабе думае.

Станіслаў Шушкевіч адразу далучыўся да апазыцыі, падпісаў нашую адозву і стаў званіць па спэцсувязі ў розныя рэспублікі. У маёй прысутнасьці ён датэлефанаваўся да Акаева ў Кіргізію, і той запэўніў Шушкевіча ў сваёй адданасьці Гарбачову. Дзесьці а 13-й у Вярхоўны Савет зьявіўся Зянон Пазьняк, які прынёс свой варыянт адозвы да народу, але, убачыўшы наш праект, падтрымаў яго. Мы зьвязаліся са штабам Ельцына ў Маскве і ўвесь час атрымлівалі адтуль апэратыўную інфармацыю аб сытуацыі там. Увечары 19 жніўня каля Дому ўраду на плошчы адбыўся першы мітынг у падтрымку нашай незалежнасьці. Убачыўшы сьмеласьць і актыўнасьць апазыцыі, менская намэнклятура, якая спачувала ГКЧП, спалохалася і вырашыла пачакаць фіналу падзеяў у Маскве. Праз два дні путч праваліўся.

25 жніўня Вярхоўны Савет абвесьціў незалежнасьць Беларусі, і дэпутаты Лукашэнка, Кавалёнак і Драбышэўская ўнесьлі ў залю пасяджэньняў бел-чырвона-белы сьцяг, які заняў месца побач са старым сьцягам БССР.

Увечары, седзячы ў буфэце за чаркай каньяку са спадаром Кавалёнкам, я піў за незалежнасьць Бацькаўшчыны і ня мог паверыць, што мара нашых продкаў нарэшце зьдзейсьнілася.

У пачатку верасьня вялікая група дэпутатаў ад апазыцыі атрымала запрашэньне ў Маскву для ўдзелу ў апошнім зьезьдзе дэпутатаў СССР. Галоўным дасягненьнем гэтага зьезду было наданьне поўнай незалежнасьці краінам Прыбалтыкі і ператварэньне СССР з жорсткай фэдэрацыі ў канфэдэрацыю: была прынятая пастанова, якая рабіла любы рэспубліканскі закон вышэйшым за саюзны. Апошні выконваўся тады, калі не пярэчыў рэспубліканскаму.

Пазьняк сказаў тады прарочыя словы: “Вось і падышлі апошнія месяцы савецкай імпэрыі. Што пабудавана на крыві, доўга трываць ня зможа”.

У верасьні Вярхоўны Савет дзьвюма трацінамі галасоў падтрымлівае законы пра назву нашай дзяржавы, герб і сьцяг. Гэта былі зорныя часы нешматлікай апазыцыі БНФ (10%), якая прымушала камуністычную большасьць прымаць гістарычныя пастановы – аб спыненьні дзейнасьці КПБ, аб адмене бальшавіцкага сьвята 7 лістапада і г.д.

 

Вызначальны сьнежань

У кастрычніку Ўкраіна на рэфэрэндуме прагаласавала за поўную незалежнасьць. СССР стаў развальвацца на вачах усяго сьвету, бо яго асноўны стрыжань – КПСС – быў зьнішчаны яшчэ ў жніўні. Гарбачоў зноў узьняў пытаньне аб новай саюзнай дамове, але яго ўжо ніхто ня слухаў. 8 сьнежня 1991 г. у Віскулях, недалёка ад Берасьця, дзе ў 1918 г. Троцкі паводле загаду Леніна бальшыню Беларусі падараваў немцам, ціха, бяз стрэлаў і дэманстрацыяў, сканала савецкая дзяржава.

А 30 сьнежня 1991 г. у Алма-Аце была пастаўленая апошняя кропка ў крывавай савецкай гісторыі. Упершыню за 200 гадоў Беларусь ператваралася з аб’екту ў суб’ект эўрапейскай гісторыі і вось ужо дзесяць гадоў пазначаецца на мапе сьвету асобным колерам.


10 ліпеня 1994 году ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў відавочна перамагае Аляксандар Лукашэнка. Сьпякотны сонечны дзень. Лета вельмі гарачае. Нядзеля. Ізноў нядзеля. Як і 17 верасьня 1939 году, калі савецкае войска пераходзіць польскую мяжу, каб злучыць беларусаў у адной дзяржаве, як 22 чэрвеня 1941 году, як 30 кастрычніка 1988 году, калі на Дзяды тысячы менчукоў упершыню сутыкаюцца з вайсковай машынай імпэрыі, як 25 жніўня 1991 году, калі Беларусь абвяшчае незалежнасьць, як 8 сьнежня 1991 году, калі ў Белавескай пушчы зьнікае СССР, як 24 сакавіка 1996 году, калі выбухае першая “менская вясна” барацьбы за незалежнасьць. У тую нядзелю 24 сакавіка, дарэчы, не названую ў ліку “падзеяў стагодзьдзя”, дзясяткі тысячаў людзей выйшлі ў Менску на праспэкт Скарыны сьвяткаваць Дзень Волі. Здавалася, што людзкі паток проста сёньня зьмяце дыктатуру, сарве падпісаньне ганебнае дамовы ў Маскве. Да будынку тэлерадыёкампаніі, здавалася, рукой падаць. Нядзелі, нядзелі, нядзелі...

Шэсьць дзён у тыдзень беларусы шчыруюць на дзядзьку, на грош, на кавалак хлеба. А ў дзень сёмы, калі паны адпачываюць, гісторыя зьдзяйсьняе найважнейшыя для беларусаў падзеі, а самі беларусы выходзяць шукаць свабоды.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0