Віктар Шніп

Сабачыя гісторыі

 

Адзін сабака зьеў жабу. Лёг спаць. І ўсю ноч яму сьніўся Граждан з чырвоным сьцягам, які заклікаў адмовіцца ад уласнага “Я” пасрэдзтвам растварэньня сябе ў чалавечых масах.

 

Адзін сабака зьеў Шніпа і памёр. Граждан прыйшоў на пахаваньне. Зазірнуў у труну, а адтуль вылецела варона з крыкам: “Нармальны чалавек у наш час вершы пісаць ня будзе!”

 

Адзін сабака зьеў Шапэнгаўэра, і яму далі званьне кандыдыта навук. Граждан пакрыўдзіўся: “Я ж таксама скончыў БДУ імя Леніна...”

 

Адзін сабака зьеў Някляева і пайшоў з чыстымі рукамі дамоў. Граждан даведаўся пра гэта і сказаў: “Няўжо нельга было спачатку ў нашай хаце зладзіць сьвята...”

 

Адзін сабака зьеў шчупака. А шчупак у жываце і кажа: “Одна из задач коммунистического общества — искоренение социальных источников зла…

 

Адзін сабака зьеў часопіс “Крыніца”. А Граждану далі мэдаль “Выдатнік друку”.

 

Падчас вячэры адзін сабака зьеў Кука. І папуасы зьвярнуліся да Граждана: “Сёньня на прафсаюзным сходзе мы вырашылі вашу канцэпцыю ўтылізацыі прыняць як разумную дамінанту ў справе адраджэньня субстанцыі рыначнай эканомікі...”

 

Адзін сабака зьеў партыйны білет. Граждан таксама хацеў гэта зрабіць, але ня змог — гарэлкі не хапіла, дый сала cкончылася.

 

Адзін сабака зьеў Леніна. Выйшаў на вуліцу, залез на трактар “Беларус” і сказаў: “Гражданы, яднайцеся, пакуль яшчэ трактар не разваліўся...”

 

Адзін сабака зьеў падводную лодку. Матросы ў лодцы перапалохаліся: “Ну, цяпер усім нам канец...” І толькі Граждан сказаў: “Родину надо защищать средствами славными или позорными — лишь бы защищать ее хорошо”.

 

Адзін сабака зьеў кіляграм марозіва. Увесь замарозіўся і зьнік. Убачыў гэта Граждан і заплакаў: “Ён быў падобны да чалавека, які выйшаў з краіны, дзе ніхто не жыве...”

 

Адзін сабака зьеў помнік Дзяржынскаму. І стаў сабака вялікім, як статуя. Зьбегліся сабакі, дзівяцца. І толькі Граждан не пайшоў глядзець, а сказаў: “Каб перамагаць на рэфэрэндумах, народ трэба не пераконваць, а зачароўваць...”

 

Адзін сабака зьеў бомбу. А бомба ў жываце сабакі ўзарвалася. Разьляцеўся сабака на дробныя кавалачкі. А Граждан сказаў: “Вайна — гэта злачынства, а мір — пакараньне...”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0