БНФ ня вечны

«Нам няма чаго чакаць ад прэзыдэнцкіх выбараў», — заявіў на гэтым тыдні Зянон Пазьняк на Радыё «Балтыйскія Хвалі»

 

Прайшло паўтара году з часу, як В.Вячорка зьмяніў З.Пазьняка на чале БНФ, а абсалютная большасьць беларусаў пра гэта ўсё яшчэ не здагадваецца. Вобраз БНФ не памяняўся, арганізацыя па-ранейшаму асацыюецца з высокім чалом Зянона. Дарма што Вячорку выказвала сымпатыі большасьць незалежных газэтаў. Замалая цяпер іхная сіла, каб магчы зьмяніць грамадзкія стэрэатыпы. Рэйтынг Пазьняка застаецца вышэйшы за Вячоркаў, а рэйтынгі КХП-БНФ і БНФ «Адраджэньне» сувымерна невялікія.

Марныя застаюцца і спадзяваньні рамантыкаў на збліжэньне і рэінтэграцыю дзьвюх частак некалі адзінага цэлага. З аскепкаў ня зьлепіш келіха. Во як Рух: адно ягонае крыло цяпер за Кучму, другое — за імпічмэнт, адно называецца Народны Рух Украіны, другое — Украінскі Народны Рух. І абодва маюць рэйтынг папулярнасьці, ня большы за 3%.

Дык мо памылкаю было памкненьне абнавіць кіраўніцтва Фронту ў 1999 г.? Не. За паўтара году яскрава выявілася, наколькі розныя дзьве плыні. Заходніцкі, лібэральны, партнэрскі Вячоркаў БНФ шчасьліва ўратаваў рэпутацыю белмоўнае апазыцыі. Дзякуючы гэтаму гаспадарчыя і бюракратычныя эліты, а таксама ўсё замежжа з такім спадзяваньнем прыглядаюцца цяпер да кандыдатуры Сямёна Домаша.

Што засталося нязьменнае за паўтара году, дык гэта паспаліты стэрэатып усюдыіснага і ўсёмагутнага бээнэфаўца, які пранік скрозь, усё можа і ўсім запраўляе. «Яму шкодзяць, яму не даюць!» — гэтак бароняць свайго куміра Лукашэнку бабы з авоськамі ды мужыкі з «Крыжачком».

Нават калі б абодва крылы БНФ самараспусьціліся, а ўсе бэнэфісты краіны рушылі на Марс будаваць там незалежную Беларусь, БТ наўрад ці паведаміла б пра гэта народу. БНФ нагвалт патрэбны Лукашэнку. Бо каму-каму, а Фронту ён ніколі не прайграе. У сканструяванай ім палітычнай прасторы БНФ — гэта галоўны ігрок, проста-такі бясцэнны супернік, безь якога трывалае ўтрыманьне ўлады не магло б быць такім адносна бяскроўным. Для Лукашэнкі і падобных да яго ігра супраць БНФ бяспройгрышная хоць бы таму, што большасьць насельніцтва Беларусі ніколі не прагаласуе за бэнэфіста — у сілу свайго паходжаньня і цывілізацыйнай прыналежнасьці. Сацыялягічныя дасьледаваньні пацьвярджаюць гэта з году ў год. Ніколі — якой бы непрывабнай ні была альтэрнатыва ў асобе дземянцея, лукашэнкі ці нейкага будучага ярмошына. Ды нават калі б такое прасьвятленьне здарылася, дык Масква ня дужа абуралася б імавернаю фальсыфікацыяй выбараў. Прыкладна як у 1996 г. Не абуралася б, пры патрэбе, і лёгкаю стралянінаю ў цэнтры Менску, і вывадам на вуліцы пятай калёны службы аховы з свастыкамі на рукавох. Хоць бы таму, што вечна анахранічная Масква ніколі не перастане баяцца бэнэфіста. Разумеюць гэта ў стане Вячоркі, таму й не афішуюць сваёй падтрымкі Домашу, баючыся нашкодзіць, і ў стане Пазьняка («Нам няма чаго чакаць ад гэтых выбараў»).

Нам сапраўды няма чаго чакаць ад гэтых выбараў, дый ад беларускае палітыкі ў цэлым у бліжэйшыя ... гадоў, калі думаць, што інтарэсы людзей беларускае культуры, а і ўвогуле нацыянальныя інтарэсы па-сапраўднаму абараняе толькі БНФ.

Але, на шчасьце, БНФ болей ня мае манаполіі на беларушчыну. Па-бээнэфаўску думае палова палітычнае эліты; лібэралы і сацыял-дэмакраты гавораць па-беларуску ня горш, чым байцы на Варвашэні, 8. І справа ня ў іхнай ідэалёгіі, а ў тым, што гэтую беларускасьць дыктуе ім і грамадзтва сваімі чаканьнямі, і іхная ўласная душа сваімі парываньнямі. Во «Зубр»: яшчэ толькі афармляецца, а можна быць пэўным, што і «Зубр» будзе ня менш патрыятычнаю сілаю, чым БНФ.

Існаваньне БНФ (двох БНФ, трох БНФ... няважна...) — важны элемэнт псыхалягічнага камфорту для белмоўных жыхароў краіны. Ня ўсё страчана, ня ўсё зьнікла, калі дзейнічае звыклая (-ыя) легальная партыя (-і) на чале з праверанымі палітыкамі. Боязь радыкальнае перагрупоўкі сілаў — гэта як боязь пярэбараў.

Але такая перагрупоўка насьпела, як і пошук новага таварнага знаку — замест БНФ — для апазыцыі. Чаму б не пакінуць прароку Пазьняку і назву БНФ, і ягоны імідж? Пазьняк, дарэчы, будзе лепш ведаць, як імі распарадзіцца.

Год прэзыдэнцкіх выбараў — адзіная магчымасьць для прамоцыі новае сілы. Для стварэньня яе патрэбная не абы-якая палітычная воля і ахвяраваньне сіюмінутнымі эгаістычнымі палітычнымі і фінансавымі інтарэсамі. Урэшце — гэта будзе выгадна ўсім. Вячорка не харызматык і ня лідэр масаў. Мо гэта стане ягонай цнотай у справе пераадоленьня амбіцыі і дзяльбы?

Гаворка не пра друзлую кааліцыю ці каардынацыю дзеяньняў — пра адзіную, цэнтралізаваную сілу, у якую зьядналіся б як найбольш людзей і палітычных сілаў і якую асьвяцілі б сваёй падтрымкай дзеячы культуры.

Гэтак некалі Наваградзкае княства ня проста прыняло Міндоўга, але і адмовілася ад сваёй назвы, каб даць жыцьцё вялікай дзяржаве.

«БНФ» ня вечны ў якасьці галоўнага цэнтру беларускай апазыцыі. Ад прызнаньня гэтага робіцца няўтульна. Але калі «БНФ» ня здолее перарадзіцца ў новы, іншы цэнтар, дык гэтага ня здолее зрабіць ніякая іншая сіла — менш вартая даверу і, пэўна, менш беларуская. Бо нікому болей не паверыць Васіль Быкаў. А бяз голасу такіх, як Быкаў, у Беларусі вы нічога ня зробіце — ні «Выбару 2001», ні «Зубра 2006». Тут не Расея, гаспада, тут нацыя паэтаў.

Калі ж такі новы цэнтар не паўстане, вось тады нам сапраўды ня будзе чаго чакаць ад выбараў і ад палітыкі ў цэлым. Палітычныя сілы людзей беларускае культуры закансэрвуюцца ў выглядзе купкі сэктаў, шэрагі якіх штогод сьціскаюцца, як шчыгрынавая скура, і купкі палітычных клюбаў, што змагаюцца за замежную падтрымку. Лідэры апазыцыі і палітызаваная інтэлігенцыя будуць лавіць кожны шанец, каб эміграваць. А белмоўныя застануцца ў стане недабітых зайцоў на карыкатурах расейскамоўнай прэсы. Але пра такія пэрспэктывы думаць ня хочацца, бо тады, выходзіць, нам яшчэ 50 гадоў трэба не высоўвацца і дбаць адно пра ўмацаваньне беларускае культуры як фундамэнту беларускае палітыкі.

Разьвітаньне з БНФ у першым варыянце — гэта траўматычнае разьвітаньне зь юнацтвам нацыі, зь першым каханьнем. Альтэрнатыва — доўгая сьмерць БНФ. Якая многімі будзе ўспрымацца, нібы тым клясыкам, як канчальнае «з мовай маёй разьвітаньне» і «зь песьняй маёй разьвітаньне». Ад гэтага другога варыянту ўрэшце болю будзе больш.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0