Ліст пра каханьне

Набліжаецца Дзень сьвятога Валянціна, і з гэтай нагоды я хачу напісаць вам ліст пра каханьне. Не зусім звыклы, аднак. Магчыма, ён троху ня вашае тэматыкі – але ж у нас пакуль няма сапраўдных беларускіх жаночых часопісаў. А для мяне акурат гэты момант вельмі істотны: хацелася б пагаварыць зь людзьмі, якія будуць разумець мяне найбольш.

...Чамусьці так здаралася, што хлопцы, да якіх я ў маладосьці мела нейкія пачуцьці, заўсёды жаніліся не са мною. І наадварот – тыя, якія прапаноўвалі ўзяць зь імі шлюб, не цікавілі мяне ані. І вось аднойчы, дарэшты змучаная чарговай сваёй безнадзейнай прыгодаю, я стала ў касьцёле на калені перад абразамі і папрасіла: Божа, пашлі мне добрага чалавека, сьвядомага беларуса, які быў бы клапатлівым бацькам нашым будучым дзецям! Не хачу я больш гэтага вар’яцтва, называнага каханьнем...

Малюся. А ў галаве блюзьнерская думка: Бог, вядома ж, усёмагутны, але цікава, як ён будзе выкручвацца? Гэта цяпер беларускіх асяродкаў – у параўнаньні з маім часам – мора, а шаснаццаць год таму? Нас была жменечка, і кожны кожнага ведаў, як аблупленага. Ну, перажаніліся многія паміж сабою, а што было рабіць тым, каму пары не хапіла? Выйсьці замуж за мэнтальнага расейца і выхоўваць яго на беларуса? Некаторым і гэта ўдалося. Што ж да мяне, дык мне адразу рабілася млосна, калі са мною знаёміліся пры дапамозе фразы: “Девушка, а почему вы разговариваете по-белорусски?”. Ня вабіла мяне роля настаўніцы пачатковых клясаў, выбачайце.

...Аднак высьветлілася, што Бог усёмагутны сапраўды. (Ня памятаю, хто сказаў: бойцеся сваіх жаданьняў – яны часам збываюцца...) У хуткім часе я выпадкова пазнаёмілася з хлопцам. Ніколі ні да якіх беларускіх суполак ён не належаў, але рэгулярна слухаў “Свабоду” і сакрамэнтальнага пытаньня мне пры сустрэчы не задаў. Палітычныя погляды ў нас зь ім супадалі, размаўляць па-беларуску ён навучыўся амаль адразу, і праз чатыры месяцы мы зь ім ажаніліся.

Далей – як ува ўсіх: дачка, праца, сын, іншая праца... Нягледзячы на тое, што шлюб наш утварыўся цалкам рацыянальна (а можа, якраз дзякуючы гэтаму?), сябрам ён падаецца ідэальным. Расказаць, чаму мы ня сварымся? Калі муж злуе ці кажа штосьці для мяне непрыемнае, я заўсёды кажу сабе: ты ж ведала ад пачатку, што ён далёкі ад цябе душою? Ведала. Ты згодная, што сама не заўсёды разумееш ягоныя ўчынкі? Згодная. Ну, а на чужых і на тых, каго не разумеюць, — ня крыўдзяцца.

Ціха я жыла ўсе гэтыя гады, ціха і спакойна... не раўнуючы, як у магіле. Толькі часам сны сьніліся нейкія дзівосныя. Я прачыналася ад пачуцьця неверагоднага шчасьця... і йшла на кухню варыць дзецям аўсянку.

І вось яно здарылася насамрэч. Як пішуць на карцінках ад жуек “Love is...” (мая дачка зьбірала іх, як была меншая) – “…like a bolt from the blue”. Менавіта як гром зь яснага неба, бо ўсяго я ад сябе чакала, але ж не таго, што раптам закахаюся ў чалавека, якога ведаю ўжо шмат гадоў. І жонку яго добра ведаю, і дзяцей бачыла. Заўсёды ставілася да яго прыязна, але спакойна. Адносіны ў нас зь ім былі – як у шафы з тэлевізарам, што выпадкова апынуліся ў адным пакоі. Цяпер жа я на яго і глянуць баюся. Усё тое ж насланьнё, як і ў маладосьці – рукі дрыжаць, ногі падгінаюцца, сэрца млее. Ды што тут апісваць доўга, на гэтую хваробу ў любым веку хварэюць аднолькава.

Мы досыць рэдка бачымся. Але часам абменьваемся электроннымі цыдулкамі. Зазвычай яны вельмі кароткія – здароў, як маешся, бай. Але каб жа хто ведаў, як я іх чакаю і колькі разоў перачытваю! Уключаю кампутар і, яшчэ не дайшоўшы да паштовае скрынкі, ужо неяк ведаю, ці прыйшоў мне новы ліст ад яго. Кампутар тады гудзе інакш.

...Можа, камусьці падасца, што мая праблема ў тым, што я выйшла замуж за чалавека, якога не кахала. Раней і я так думала, цяпер – не. Сямейнае жыцьцё – штука досыць жорсткая. “Мне абрыдла гэтая бульба з макаронаю. Ня можаш прыдумаць чагосьці цікавейшага?” – “Я ня маю часу гатаваць табе, як у рэстаране. Я таксама працую, на мне дом і дзеці...” Выйсьці замуж за каханага, на якога ты ледзь не малілася, аб кім думала ўдзень і ўночы – а потым паміраць на канапе ад кожнага неасьцярожнага слова (ці нават і наўмыснай крыўды), залівацца сьлязьмі і піць валяр’янку? Дзякую за такую рамантыку. Лепей ужо так, як я, – ад пачатку без ілюзіяў...

...Вонкава нічога не зьмянілася ў маім жыцьці. Але я адчуваю, што сьвет зрабіўся цалкам іншы – як быццам раней ён быў чорна-белы, а цяпер зрабіўся каляровы. Упершыню за шаснаццаць год мне стала ня ўсё адно, як я выглядаю. І яшчэ я стала значна менш ураўнаважаная – то мне сьпяваць хочацца, то плакаць, то ўваччу чорна ад скрушных думак, то я люблю ўвесь сьвет і кожнага паасобку.

Вось у гэтым апошнім настроі і пішу гэтую “валянцінку” для свайго каханага (які нават не здагадваецца, што ён ім ёсьць, а таму не пазнае ў гэтым лісьце ні мяне, ні сябе). Ну, ды ўсё роўна – са сьвятам, найвялікшая мая радасьць!..

Дарагія мае кабеткі сярэдняга і сталага веку, пяшчотныя маці і маладыя бабулі! Летуценна захопленыя, безнадзейна закаханыя і ўзаемна шчасьлівыя! Ніколі ня прыйдзе да галавы павіншаваць нас з Днём сьвятога Валянціна. “Наша сьвята” – 8 сакавіка (і як я яго за гэта ненавіджу!). Але 14 лютага – таксама наша сьвята. Сьвята, якое мы носім у сабе і так проста ўжо не аддамо. Бо надта добра ведаем, як гэта – жыць, не кахаючы.

Зрэшты, чаго ж я толькі пра жанок... А колькі іх вакол – мужоў і бацькоў са стажам, прыгнечаных тым, што закахаліся ня ў тую і не тады...

Дарагія мае людцы, павіншуйма ў гэты дзень самі сябе і адзін аднога. Мы ніколі не паразмаўляем з вамі пры сустрэчы на гэтую тэму – хаця, магчыма, зь некаторымі з вас я знаёмая асабіста. Мне няма чым суцешыць вас, але прынамсі ў тую хвіліну, калі жыцьцё будзе падавацца вам зьдзекам, ведайце, што вы не самотныя. І што пакуль мы кахаем – мы жывыя, ці ж ня так? Падпісваюся, вядома, псэўданімам, але электронны адрас сапраўдны.

Марта, [email protected]


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0