МУЗЫКА


Культура пачуцьцяў

«Ластаўкі ў стрэсе»
(Р)(C) БМАgroup, 2000.

Новая CD-сэрыя Беларускай Музычнай Альтэрнатывы, у якой выйшлі «Ластаўкі ў стрэсе», задуманая зь вялізным размахам. Творцы праекту, узгадаўшы імёны Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Антонія Радзівіла, абяцаюць “сабраць найслыньнейшыя ўзоры беларускай сымфанічнай, джазавай, рок-музыкі, бардаўскай песьні”. Абяцанка, зрэшты, не да канца зразумелая. Што маюць на ўвазе шаноўныя спадары-выдаўцы? Ну, з бардаўскай песьняй усё зразумела: тут аўтар і выканаўца сумяшчаюцца ў адной асобе. А як вылучыць “найслыньнейшыя ўзоры” ў музыцы акадэмічнага напрамку (сымфанічнай, камэрна-інструмэнтальнай, опэрнай, вакальнай і іншай якой)? Бо ёсьць адметныя выканаўцы і адметныя кампазытары, і часьцей за ўсё гэтыя цалкам адрозныя адметнасьці не супадаюць ані ў часе, ані ў прасторы. Трэба выбіраць нешта адно. Альбо найлепшыя беларускія творы (хай нават і ў мізэрным выкананьні), альбо найлепшых выканаўцаў. У першым выпадку вы задаволіце хіба толькі выкладчыкаў музычнай літаратуры; у другім — спрычыніцеся да зьяўленьня новых пытаньняў. Прыкладам, калі беларускі сьпявак выконвае італійскія арыі – гэта беларуская зьява ці не? На маю думку, менавіта беларуская.

Забэйда-Суміцкі – у адрозьненьне ад ганарлівых сёньняшніх ляўрэатаў – любоўна выконваў беларускія музычныя творы, не зважаючы на недасканаласьці некаторых зь іх. 74 хвіліны гучаньня кружэлкі ўтрымліваюць дзесяць рамансаў і больш чым дваццаць народных песень. Дыск цалкам беларускамоўны. (Цікава, ці здолеюць будучыя ўкладальнікі анталёгіяў адкапаць 74 хвіліны чыста беларускага гучаньня, калі дойдзе чарга да “беларускай перапёлачкі” Ларысы Александроўскай ці якога-любя іншага сьпевака “клясычнае” беларускае эпохі? Я чамусьці сумняюся…)

Што ж датычыць новага дыску Забэйды-Суміцкага, дык тут усё скрозь творы, якіх – апрача “Лявоніхі” – не адшукаеш у школьных праграмах. Для цікаўнага чалавека вокладка дыску выглядае проста як запрашальны квіток у бібліятэку. Колькі імёнаў, і ледзь не палова зь іх – незнаёмыя!

Першы ж раманс – першая неспадзяванка: хто такі Галкоўскі? Нядоўгае корпаньне ў энцыкляпэдыі – і адказ гатовы. Канстанцін Галкоўскі (1875-1963) – літоўскі і беларускі кампазытар, народны артыст Літвы, прафэсар Літоўскай кансэрваторыі. Ураджэнец Вільні, па нацыянальнасьці беларус, выхаванец Пецярбурскай кансэрваторыі (вучань М.Рымскага-Корсакава, А.Глазунова, А.Лядава), аўтар шматлікіх рамансаў і хораў на вершы Ф.Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Зьмітрака Бядулі, К.Буйло.

А вось яшчэ незнаёмае імя – А.Спаскі, аўтар рамансу “Ноч” на верш М.Багдановіча. Гэтага кампазытара нават у энцыкляпэдыях не адшукаць – мо таму, што сучасныя беларускія энцыкляпэдыі сканчаюцца, у найлепшым выпадку, дзесьці на літарах ПУК.

Яшчэ больш загадкавых ці папросту нечаканых імёнаў спатыкаеш сярод апрацоўшчыкаў народных песень. Дарэчы, укладальнікі дыску не ўлічылі, што існуе вялікая розьніца паміж аранжаваньнем і апрацоўкай. Апрацоўка – гэта ператварэньне жывой і вольнай народнай песьні ў штыўны і нудны кампазытарскі твор, напісаны паводле нейкіх акадэмічных правілаў. А аранжаваньне – гэта пераклад гатовага твору для аркестру ці ансамблю інструмэнтаў, у дарэмнай надзеі зрабіць яго крыху прывабнейшым (у рэальнасьці ж звычайна атрымліваецца наадварот). Аднак нашыя сучасныя архівісты ня дураць сабе галавы гэткімі тонкасьцямі і ўпарта ўжываюць зусім не беларускае слова “аранжыроўка”.

…Адное толькі вывучэньне імёнаў кампазытараў, што спрычыніліся да апрацоўкі Забэйдавых песень, адчыняе перад пільным дасьледчыкам цэлы сьвет беларускае культуры. Вось кампазытар Міхаіл Красеў – карэнны масквіч. У мяне яшчэ з акцябрацкага веку захавалася кружэлка з запісам ягонай дзіцячай опэры “Марозка”… Дык вось гэты самы Красеў у 30—40-я напісаў музыку для першых нацыянальных спэктакляў БДТ-2. У тым ліку да “Паўлінкі” і “Прымакоў” Янкі Купалы, “Пінскай шляхты” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У кожным спэктаклі гучала мноства народных песьняў, якія кампазытар зьбіраў, вывучаў і апрацоўваў. Адна зь іх, да спэктаклю “Ў пушчах Палесься”, была напетая самім Якубам Коласам.

Ці яшчэ адна прыкметная асоба – Аляксандар Грачанінаў, таксама расейскі кампазытар, чыя музыка амаль невядомая ў Расеі, але даволі папулярная ў Амэрыцы. Вучань М.Рымскага-Корсакава. Рэфарматар расейскай царкоўнай музыкі. У 1925 г. зьехаў на Захад, доўгі час жыў у Парыжы, Нью-Ёрку. У 1923—24 г. працаваў у Беларускай песеннай камісіі, якая была створаная ў Маскве, пры Дзяржаўным інстытуце музычнай навукі “з мэтай гарманізацыі беларускіх народных песень”, перададзеных Наркаматам асьветы БССР, і складалася выключна з расейцаў. Запісы песень былі зробленыя А.Грыневічам, У.Тэраўскім і М.Янчуком. Цягам няпоўных двух гадоў было апрацавана больш за 250 мэлёдыяў. Неўзабаве выйшла новая дырэктыва: камісію ліквідаваць, сяброў накіраваць у Менск, дзеля стварэньня Беларускага музычнага тэхнікуму. Менавіта з гэтых “сяброў” і паўстала беларуская кампазытарская арганізацыя. Ну, а Грачанінаў тымчасам апынуўся ў Парыжы. А разам зь ім – увесь ягоны творчы набытак, улучна з 17 апрацоўкамі беларускіх народных песень для голасу і фартэпіяна і 11 апрацоўкамі для мяшанага хору, якія лічыліся найбольш каштоўным даробкам Беларускай песеннай камісіі.

Ажно чатыры грачанінаўскія апрацоўкі мы можам цяпер паслухаць у выкананьні Міхася Забэйды-Суміцкага. Тры зь іх – “Ой, рана-рана куры запелі”, “Конь бяжыць, зямля дрыжыць” і асабліва “Шчука-рыба ў моры” – гэта сапраўдныя песенныя шэдэўры, хай нават крыху сапсаваныя недарэчным рамесным аранжаваньнем. Проста дзіўна, якім чынам кампазытар, знаёмы зь Беларусяй выключна з расповедаў свайго вучня Міхаіла Красева, здолеў спазнаць самую душу беларускай песьні – такой адрознай ад расейскага фальклёру. Але цуд адбыўся!

Іншыя творы на Забэйдавым дыску больш засмучаюць, чым цешаць. Нудныя, загрувашчаныя апрацоўкі; псэўданародныя рамансы, у якіх беларускасьці менш, чым у лукашэнкаўскіх “Дажынках”; аматарскія спробы пяра, дзе на кожным кроку відаць сьляды занадта руплівага вывучэньня расейскіх клясыкаў…

Забэйда не спакушаўся Манюшкавым “Лірнікам”, нібыта адмыслова напісаным для ягонага голасу, бо меў гонар і не хацеў дарэмнае спрэчкі. Паважаў і сваё, і чужое – без усялякае блытаніны. Быў прафэсіяналам. Дасканала рабіў сваю справу. Сьпяваў тое, што мусіў сьпяваць – ці дзеля хлеба надзённага, ці з пачуцьця ўнутранага абавязку, – не пытаючыся, ці вартае яно ягонае ўвагі. Цяпер, праз 19 гадоў пасьля сьмерці, ён вярнуўся на радзіму – хаця б у выглядзе кампакт-дыску. Хіба ня самы час у яго вучыцца?

А навучыцца ў яго й сапраўды можна многага. Мяне захапіла перш за ўсё бездакорная густоўнасьць ягонага выкананьня – дасканалае валоданьне гукам і культура пачуцьцяў, амаль недасяжная для пераважнай большасьці цяперашніх нашых сьпевакоў. “Ну, а голас?” – запытаецеся вы. Папраўдзе, сёньня сярод беларусаў ёсьць людзі з галасамі значна прыгажэйшымі і мацнейшымі за сьціплы Забэйдаў тэнар. Людзі, якія робяць бліскучую сусьветную кар’еру, – прыкладам, Уладзімер Мароз. Год таму ён зьехаў у Пецярбург і цяпер выконвае вядучыя барытонавыя партыі на найлепшых сцэнах сьвету. Ці мроілася гэткая кар’ера Забэйду? Наўрад ці… “Ну, а як жа Забэйдавы трыюмфы ў La Scala?” – запытаецеся вы, і я ізноў мушу вас расчараваць. Не было ніякіх трыюмфаў, а быў хіба толькі звычайны стаж у La Scala, празь які прайшла добрая палова нашых вядучых опэрных салістаў. Але няўжо Забэйда без трыюмфаў для нас меней дарагі, чым з трыюмфамі? Галоўнае, што ён да нас вярнуўся.

Юлія Андрэева


Два сьветы, дзьве настальгіі

«Я нарадзіўся тут»
(C) (Р) Алесь Суша, 2000.

Скарбы беларускіх патрыятычных песень вярнуліся да нас у альбоме “Я нарадзіўся тут”. Вярнуліся, праўда, не зусім так, як хацелася – замала песень, задужа гарніру. Перш за ўсё фатаздымкаў, у якіх увасобілася неверагодная самазакаханасьць нашых музыкаў. Вось Дзімачка Вайцюшкевіч у 3 гады – фатакартка зь сямейнага альбому. А вось ён жа – крыху старэйшы, у гусарскім касьцюмчыку. А вось Алезіс і Лявон – дарослыя, апранутыя ў індзейцаў. Крыху далей – увесь N.R.M. Побач Піт з парашутам, Алег Дземідовіч у сэржанцкай форме і гэтак далей да бясконцасьці. Адной толькі Вэранікі Кругловай дзевяць фотак. Нашто ўсё гэтае дзяцінства? Каб адчуць сябе часткаю гісторыі?

Падобна, дзеля гэтага ж старыя песьні былі разбаўленыя “сьвежымі” кампазыцыямі Вольскага, Вайцюшкевіча, Памідорава. Ня ўсе яны ўпісваюцца ў стыль ці ўвогуле вытрымліваюць непазьбежнае ў гэткіх выпадках параўнаньне. Відавочныя ўдачы – “Я нарадзіўся тут” Лявона Вольскага і “Радзінная песьня” Зьмітра Вайцюшкевіча.

Вельмі рознымі паводле сваёй якасьці сталіся й аранжаваньні нашае песеннае клясыкі. Спадабалася выкананьне мо найбольш славутае беларускае песьні – “Бывайце здаровы”. (Самае дзіўнае, што яна была пазычаная не з айчынных натазбораў, а зь нейкага аднаму Богу вядомага сьпеўніка, надрукаванага ў 50-х гадох у Канадзе.) Спадабаўся “Нёман” на словы Астрэйкі. (Цікава, ці вядома слухачом, што аўтар музыкі Несьцер Сакалоўскі агучыў таксама дзяржаўны гімн БССР і РБ?) Надта спадабалася песьня на словы Канстанцыі Буйло “Люблю наш край, старонку гэту…” Аднак, каб прасьпяваць яе ў блюзавым стылі, трэ было спачатку гэтаму навучыцца. Дарэчы, музыку гэтае песьні напісаў, як мяне вучылі ў кансэрваторыі, беларускі кампазытар-эмігрант Мікола Равенскі; аднак на вокладцы пазначанае імя Вячаслава Качанскага. Каму ж верыць: кансэрваторскім прафэсарам ці ўкладальнікам кампакт-дыску? Баюся, ані гэтым, ані гэным.

Інфармацыі на ўкладцы да “тутаўскага” альбому значна менш, чым фатаздымкаў. Вось, напрыклад, песьня “Не загаснуць зоркі ў небе” з музыкаю Мікалая Янчука і словамі Янкі Купалы (у арыгінале гэты верш называецца “Нашай Ніве”). Песьня геніяльная, дый выкананьне цалкам “на ўзроўні”. Дык чаму ж не сказаць слухачам хоць пару словаў пра Янчука? Не прыгадаць, што менавіта ён у 1907 г. упершыню ўзьняў перад Акадэміяй Навук Расеі пытаньне пра выданьне помнікаў беларускай мовы, фальклёру, мастацкай літаратуры. Што менавіта ён аўтар “Этнаграфіі народу Беларусі” (1918-1920). Што ён у апошні год жыцьця стаяў ля калыскі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту…

Для такога асьветна-постмадэрнісцкага альбому шчэ ў большай ступені не стае інфармацыі пра песьню “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” з музыкай Ўладзімера Тэраўскага і словамі Макара Краўцова.

Яўнай няўдачай дыску мне ўяўляецца песьня “А ў бары, у бары…” з музыкай Тэраўскага на словы Янкі Купалы. Здаецца, напачатку музыкі намацалі самую ейную душу, але па-дзіцячаму спужаліся яе трагізму і ператварылі гэтую песьню ў вясельны ці рэстаранны п’яны танец.

Аднак ня ўсё ж чапляцца да дробязяў! Варта й пра канцэпцыю паразважаць. Нячаста ў нашых музычных крамах можна купіць нешта – прабачце – канцэптуальнае. Нешта такое, пра што можна ад душы паспрачацца ў цёплай кампаніі. А ў гэтым альбоме канцэпцыя ёсьць. Можа, крыху другасная – так бы мовіць, беларускі варыянт “старых песен о главном”. Але аналёгія ў дадзеным выпадку чыста вонкавая. Хаця б з той прычыны, што іхняе “главное” і нашае – прынцыпова адрозныя. Расейцы настальгуюць па той мінуўшчыне, якой яны ганарацца, а мы саромеемся, бо так ці іначай – хай сабе і ў якасьці ахвяраў – удзельнічалі ў той жудаснай таталітарна-імпэрскай гульні. Нашую мінуўшчыну песьняры савецкага “ўчора” з усёй моцы адпрэчваюць, бо самым сваім існаваньнем яна перакрэсьлівае іхныя міты і мэсіянскія амбіцыі.

Карацей кажучы, мы зь імі настальгуем па-рознаму, хаця прычыны для настальгіі ў нечым падобныя. І нам, і ім патрэбныя сілы для рэваншу, патрэбнае нейкае апірышча. А дзе яго знайсьці, калі не ў легендарнай мінуўшчыне, захаванай у песьнях і паданьнях? І няважна, што гэтая легендарная мінуўшчына, як напраўдзе, суцэльна адрозная ад мінуўшчыны рэальна-гістарычнай. Галоўнае – яна знаёмая, як бываюць знаёмымі сны, неверагодна прыгожая, ахінутая рамантычным флёрам сямейных сагаў, прасякнутая мілым водарам маленства, калі маці і бацька былі маладымі і здаровымі, а навакольныя рэчы скрозь бачыліся ў ідылічна-ружовым колеры. Гэтая ірэальная рэчаіснасьць, мёртвая, калі глядзіш на яе праз прызму старых фатаграфіяў, ажывае ў песьні і хвалюе душу ўяўнымі ўспамінамі.

“Я нарадзіўся тут” – гэта спроба стварыць новы песенны міт пра нашую мінуўшчыну і нашую свабоду. Міт, у якім бы мы пачуваліся ня тымі, кім мы ёсьць. Ці, дакладней кажучы, – ня тымі, кім мы зрабіліся, прызвычаіўшыся да штодзённага ўціску і гвалту. Міт, у якім мы трызьнілі б сябе ўладарамі ўласнае краіны і, нарэшце, пажадалі б яе здабыць – не для сабе, дык хаця б для сваіх дзяцей. Міт пра нас – герояў… “Я нарадзіўся тут” – гэта спроба ператварыць мёртвыя веды, запазычаныя з газэтных артыкулаў ці з падручнікаў, у жывое і гарачае пачуцьцё.

Пытаньне ў тым, наколькі ўдалай сталася гэтая спроба.

Вось, прыкладам, “Радзіма мая дарагая”— крыху іроніі, крыху абавязковага сьцёбу, крыху захапленьня, прыхаванага дзесьці ўнутры, як мага далей ад чужых вачэй. Здаецца, мы яшчэ не гатовыя засьпяваць беларуска-савецкія песьні зусім па-новаму – з адкрытым сэрцам і розумам. Мы ўсё яшчэ чуем іх праз рэпрадуктар на Ленінскім праспэкце 7 лістапада дый, паводле даўнае звычкі, затыкаем вушы. Ці пачынаем крыўляцца і блазнаваць, гарлаючы што ёсьць моцы: “Радзіма мая дарагая!” А песьня ж сапраўды пра Беларусь!

Зрэшты, многіх сваіх мэтаў альбом пасьпяхова дасягнуў. “Сумяшчэньне нібыта несумяшчальнага – нацыяналізму з касмапалітызмам (калі хочаце, Беларусі й Сусьвету)”, як тлумачыў Лявон Вольскі, атрымалася дасканала. Ці мо гэта першая ластаўка новых часоў, калі беларусы ўжо ня будуць пачувацца ў сваёй культуры як у запаведніку, адгароджаным ад навакольных стыхіяў высокай сьцяной? Ворагі беларушчыны не маглі прыдумаць для сьвядомых беларусаў лепшае мянушкі, чымсь “маргіналы”. Маргінальнасьць – гэта акурат тое, чым можна пужаць ня толькі малых дзяцей, але й падлеткаў, якія ад самога нараджэньня ні разу не наважыліся адбіцца ад свойскага гурту. Калі б іхная кампанія засьпявала па-беларуску, яны таксама ахвотна б падхапілі. Новаму дыску N.R.M. i С°, паводле ўсіх прыкметаў, наканавана здабыць папулярнасьць. Хаця б таму, што запісаная на ім музыка – па сутнасьці, чысьцюткі “поп”. Якасны “поп”, які ўсім падабаецца і лёгка запамінаецца, у адрозьненьне ад элітарнага “року”. Мо нарэшце на нашых беларускіх абшарах зьявілася музыка, здольная зьяднаць натоўп у народ?

Як напраўдзе, гэтаму замінае толькі адна празаічная абставіна: у менскіх музычных крамах новы прадукт каштуе ажно 10 даляраў… Зрэшты, слушнасьць альбо памылковасьць гэткіх кірмашова-псыхалягічных разьлікаў можа пацьвердзіць толькі жыцьцё. Ці засьпяваюць нашыя людзі на мітынгах? Пра гэта мы даведаемся ў сакавіку. Ці пойдуць яны на выбары галасаваць за беларускую ўладу? Гэта стане вядома ўлетку. Вынікі песеннай агітацыі сярод падлеткаў мы ўбачым падчас наступнай выбарчае кампаніі, калі новае пакаленьне дарасьце да правамоцнага веку. Але гэта пры ўмове, што Беларусь як дэмакратыя датрывае да наступных выбараў.

Ю.А.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0