ДЫСКАГРАФІЯ


“ТОЛЬКІ СОН”.
Ален. (р) 2000.

Во, Ален зьявіўся! Калісьці ў маладзёвых выданьнях яго называлі “першай праўдзівай зоркай нацыянальнае папсы”. Сьвяціла тая зорка з паўночнага Наваполацку нядоўга, бо неўзабаве, не адчуўшы належнае цеплыні на Радзіме, перабралася бліжэй да крыніцаў натхненьня, за акіян, дзе з дапамогаю фонду Орса-Рамана выдала кампакт-дыск з уласнымі песьнямі, запісанымі яшчэ на Радзіме й перапраўленымі за мяжу. Пасьля Ален вярнуўся, але гэта якраз той рэдкі выпадак, калі цешыцца з прычыны вяртаньня інтэлектуальнай каштоўнасьці асаблівых падставаў няма.

Даўно мне не даводзілася чуць так нядбайна ўвасобленыя песьні. Прычым нядбайнасьць гэтая назіраецца скрозь як у мэлёдыях, зь якіх станоўча можна адзначыць хіба што “Пераклад”, “Гэй, весяло!”, так і ў іх аранжаваньні, бо партыі ўсіх інструмэнтаў запісаныя з дапамогай халодных, безэмацыйных і вывераных, як курс партыі і ўраду, клявішных. Але найбольш уразілі вакальныя, калі іх наагул можна назваць такімі, партыі самога Алена. Калі яўны фальш падчас жывога канцэрту можна яшчэ неяк апраўдаць (гарлянка там, працягнула, манітораў не чуваць, мянты фанатаў мянташаць), дык ва ўмовах студыі не выпяваць таго, што належыць, проста недаравальна і сьведчыць пра элемэнтарную халтуру.

Ну вось: я прыйшоў да найбольш, на маю думку, канцэнтраванага вызначэньня гэтага альбому. Асобнай гутаркі заслугоўвае вокладка альбому. Я разумею: нацыянальная папса. Але фінансаваць гэты ўбогі, сіроцкі палёт творчае фантазіі за кошт і без таго ня дужа багатай эміграцыі...

Наагул, склалася такое ўражаньне, што альбом быў выдадзены выключна для бліжэйшых сяброў і каб пацьвердзіць, што той фонд Орса-Рамана нешта робіць дзеля занядбанае Айчыны. Вялікі дзякуй за клопат! Насамрэч, нашыя і за мяжой каму хочаш у вушы бананы паўстаўляюць! Нездарма ж колькі гадоў таму славуты зямеля Сашык Саладуха, які таксама лічыць сябе неверагоднаю эстраднаю зоркаю, бегаў у Менску па рэдакцыях з сотавікам у зубах і хваліўся: “Я залаты дыск выдаў!” Ня ведаў Шурык, што “залатым” у некаторых краінах сьвету называецца дыск, які разышоўся накладам звыш мільёна асобнікаў. Сашык жа выдаў тры тысячы, якія дагэтуль ляжаць у крамах. Нават чужая мілая купіць пагрэбавала...

А дыск сапраўды, між тым, быў залаты. Па колеры.

Між тым альбом “Толькі сон” да музыкі мае хіба што фармальнае дачыненьне. Хоць ён і з Амэрыкі. Толькі сон!

Толькі СЛУХАЧ

 

“20 СУПЕР-ХИТОВ, РОЖДЕННЫХ В БЕЛАРУСИ”. Розныя выканаўцы. “Bulba Records”, (p) 2000.

“Bulba Records” здолела ўсяго за год нарабіць шмат шуму на выдавецкім музычным рынку Беларусі. У адрозьненьне, скажам, ад “Ковчега”, “Bulba Records” арыентуецца найперш на музыку папулярную, часам аж занадта, да ляскату ў зубах. Дый праекты выдавецтва незаўважнымі не праходзяць, бо яны дастаткова прадуманыя і, што нямалаважна, камэрцыйна асэнсаваныя.

Вось і гэтая кампіляцыя вырабленая найперш з разьлікам на расейскі музычны рынак і мае на мэце пазнаёміць расейскага слухача з найбольш вартым, на думку “Bulba Records”, што маецца ў папулярнай музыцы Беларусі.

Безумоўна, спрабаваць прапхнуцца ў Расею з тыповай для яе прадукцыяй амаль безнадзейна. Расейскі рынак вялізны і здольны праглынуць на працягу сэзону не адну зорку, нават успамінаў пра яе не застанецца. Таму Маскву можна зацікавіць хіба што нечаканымі і якасна ўвасобленымі ідэямі.

Ініцыятары гэтага праекту, вобразна кажучы, паспрабавалі і на цьвічку пасядзець, і Гуга Бос уласны пры гэтым не падраць. Такім чынам, песенькі на альбоме можна разьмеркаваць на тры ўмоўныя групы.

Першую складаюць песьні, увасобленыя ў адпаведнасьці з расейскімі фарматамі ды стандартамі. Гэта самыя прасьцяцкія творы, якім жыць наканавана ад сілы год-два. Потым ім на зьмену прыдуць іншыя такія ж песьні і дакладна такія ж выканаўцы — Сьвятлана Караблёва, “Тяни-толкай”, Наташа Раманава і г.д. Галоўны іхны пралік — упэўненасьць, што ў Маскве могуць слухаць толькі песьні, напісаныя на расейскай мове. Дзеці: яна там усім даўно абрыдла! Расейцы прагнуць пачуць экзотыку, якой вы ім даць ня можаце, на жаль... Так што магу павіншаваць некалі рок-гурт “Flammable” з нармальным папсовым гітом, штопраўда, абсалютна для іх ненатуральным.

Другая група — модныя песенькі. Нашых сёньняшніх ды-джэяў хлебам не кармі, толькі дай пазьдзекавацца зь якой-небудзь чужой, але папулярнай песьні. Хаця аранжавальнікі яны ў большасьці сваёй — аніякія! Не кранайце, хлопцы, Мулявіна, не нявечце Міхалка — ён і так сьмешны, ня псуйце “Палац” — пад яго і бяз вас выдатна танчыцца! Так што ўся гэтая прадукцыя ды-джэйская вельмі хутка пойдзе ў сьметніцу.

Нарэшце, трэцяя група. Вяртаючыся да моўных праблемаў расейцаў, дадам: калі яны й будуць слухаць штосьці іншаземна-расейскамоўнае, дык толькі сапраўды высакаякаснае. Аляксея Шадзька слухаць будуць. Сашу Кулінковіча — напэўна. Але найбольш шанцаў маюць Аляксандар Памідораў з “Цудам на Каляды” ды N.R.M. з “Трыма чарапахамі” з тае прычыны, што такога ў Расеі ня чулі. А “Bulba Records” мусіць найперш арыентавацца на незанятыя сэктары рынку.

Праўда, з песень гэтага альбому можна вылучыць і чацьвертую групу. Гэта творы, якія выконваюцца прыгожымі дзяўчатамі. Такімі, як Стася з групы “По глазам”. У такіх шанцы ёсьць. Калі замуж удала павыходзяць. Пажадана, каб за Ігара Крутога. Тады кар’ера гарантаваная. Але такіх у Крутога — поўныя тралейбусы ў Маскве.

Бульбяны СЛУХАЧ

 

“КЕЛІХ КОЛА”.
Стары Ольса (Р) 2000

Гэта першы альбом гурту, які раней зваўся “Руевіт” і “засьвяціўся” на кружэлцы “Легенды Вялікага Княства”, што зьмяшчала кампазыцыі розных выканаўцаў, што працуюць у “сярэднявечным”, “рыцарскім” кірунку. Зьмена назову ані не паўплывала на абраную гуртам стылістыку. Афармленьне дыску – характэрныя візэрункі, гатычныя дэталі – не адстае ад найменьняў трэкаў: “Закляцьце”, “Ладзьдзя”, “Трызна”. Ці ня ўсё месца на буклеце аддадзенае выявам інструмэнтаў, скарыстаных у запісе. Арсэнал адпаведны – электрагітараў альбо сынтэзатараў тут не спаткаеце, музыка выключна акустычная.

Самі музыкі ўмоўна падзялілі альбом на дзьве часткі – на пачатку вандруем у раньняе Сярэднявечча, а пасьля, хто жывы застанецца, патрапіць у Сярэднявечча сталае. На дыску запісана 17 кампазыцыяў, большая частка – інструмэнтал. Першая кампазыцыя (“Закляцьце”) прасякнутая духам паганскіх рытуалаў – вогнішча, сьпеў трубы, шэпт-заклён ды настойлівае вуркатаньне бубнаў. Ствараецца адчуваньне асабістай прысутнасьці – гэта скрозь у альбоме: пошум мора, птушыныя крыкі, іржаньне коней, шолах дажджу. На гэтым тле й разгортваецца нетаропкі аповед рыцарскіх часоў у “беларускім варыянце”. Важкія кампазыцыі, дзе за лідэрства спрачаюцца партыі ліры й дуды (“Пір”, “Танцы”) чаргуюцца зь лёгкімі, празрыстымі – рэй тамака вядуць гусьлі ды жалейкі (“Баляда”). Сярод апошніх вылучаецца “Поўня” – сола жалейкі сярод гукаў начнога лесу. Вухканьне пугача, ціўканьне птаства, выцьцё ваўкоў і шчымлівая самотная мэлёдыя. Супэр! “Поўня” ды яшчэ“Дуброва” – сакавітая архаічная песьня з надта прыдатным тутака нізкім сьпевам – стылістычна набліжаюцца да чыстага фальклору.

У другой палове альбому зьяўляецца не характэрная для архаікі акустычная гітара і прыносіць з сабою новыя мэлядычныя адценьні (“Легенда”, “Брама”). Далей, адпаведна назову, трапляем на вясёлае баляваньне (“Келіх кола”). Зьвяртае на сябе ўвагу апошні твор “Там за халмом”, невялічкая выкшталцованая п’еса. Туманны восеньскі ранак, апошні вершнік ужо зьнік на дарозе, але ўваччу яшчэ лунае штандар… Надзвычай пекная кода.

Яраш Малішэўскі


водгук

Пра сындром Васіля Быкава

Паўнавартага беларускага музычнага выданьня, якое паўплывала б на яго фармаваньне, пакуль няма, таму гэтую місію спрабуе ўскласьці на сябе “НН”. Прынамсі, адной з мэтаў існаваньня газэты зьяўляецца фармаваньне “беларускага погляду” ў чытачоў.

Амаль усё, што тычыцца погляду на беларускі кнігадрук, атрымоўваецца файна. І ўвогуле, адным з галоўных беларускіх дасягненьняў стагодзьдзя сьмела можна назваць кнігадрук. Так ці інакш, але беларускую кнігу можна знайсьці ў любой кнігарні ў любым горадзе. Прачытаў рэцэнзію, падумаў, пайшоў і набыў, што трэба.

А вось з музыкай інакш. Кропак у гарадох за Менскам амаль няма. Жадаеш прыдбаць касэтку, тэлефануй сп.Супрановічу. Ці не таму рэцэнзаваньне музычных навінак у газэце так істотна адрозьніваецца ад рэцэнзаваньня кніжных?

Якімі рысамі можна акрэсьліць музычныя рэцэнзіі й артыкулы за апошні год? Па-першае, непэрыядычнасьць. Па-другое, нейкая незразумелая выбаркавасьць. Не разумею, нашто два разы рэцэнзаваць «Nicolai Skorіkov «Golden hits» і чаму даецца столькі ўвагі тым, хто таго й ня варты (Музыка здесь 101,2 FM Stylе Radio”). І чаму так упарта ігнаруецца лепшы, на мой суб’ектыўны погляд, folk-гурт “Троіца” (альбомы TROITSA “TROITSA”, ethno-trio TROITSA “Live in Orial 66”, Іван Кіpчук “Спадчына загінулых вёсак”).

А па-трэцяе, крытычнасьць. Я ў кожным выпадку ня супраць крытыкі ўвогуле. Крытыка спрыяе дасканаласьці. Але ў выпадку з музычнымі рэцэнзіямі крытыка ўсё ж мусіць быць адным з гатункаў рэклямы, спрыяць узьнікненьню цікавасьці, а не зьнішчэньню яе. А менавіта так і адбылося ў выпадку з рэцэнзіямі вельмі паважанага мной Слухача на ўкраінскую музыку.

А галоўнай крыніцай усіх гэтых музычных пакутаў зьяўляецца ўсё той жа беларускі народны сындром “ня-горшасьці-за-іншых”. І хварэем на яго мы ўсе, нат сп.Халімон з Самахвалавічаў, бо апантана шукаць у беларускіх гуртах рысы падабенства з расейскімі – адна з галоўных прыкметаў сындрому. Расея, Расея... Як мы яе баімся! Колькі крыку было ў нас, калі там зьявіўся “Иван Купала” (ат, маскалі! Спакусіліся на хлеб нашага “Палацу”!). І рэцэнзія ў “НН” у №1 за 2000 год, выснова зь якой: “Иван Купала” – амаль беларускі гурт.

Другой праявай сындрому зьяўляецца настойлівае жаданьне бачыць у музыцы адно змагара са сьцягам у руках. А праяве гэтай ужо гадкоў дванаццаць. Спн.Ластаўкіна ня хоча зразумець, чаму “зьнепраблемлены” “Сьвяты вечар 2000”. Сп.Слухач не разумее, чаму ў NRM атрымоўваецца адно сьцёб (цікава, а чаму наклад “Навінак” 5600 ас.?). А Сьнітко смуткуе па часох першых рок-каранацый, калі “Новае Неба” было блакітнейшым, дрэвы вышэйшымі, а “Мясцовы Час” тутэйшы аж да сьлёзаў.

Ня плач, дзяўчыначка, рок у Беларусі не памёр. Проста пэрыяд такі: добра пагуляўшы сымпатычным зялёным вусенем, беларускі рок паступова ператвараецца ў кокан, каб празь нейкі час выпаўзьці зь яго файным матылём.

Хіба гэта не прагрэс, што стары “Палац” распаўся на тры такія розныя і непаўторныя гурты? І дарма ў №5 “НН” увагнала два такія тлустыя цьвікі ў дамавіну для “Юр’і”. Зрэшты, гурт жа добры! І патэнцыял у яго вялікі. А “Таўкачыкі”, арганізаваныя Выдронкам, пра якія ў “НН” увогуле ніхто ня ўзгадвае? А той, хто ніколі раней ня чуў “Юр’і”, прачытае артыкул і вырашыць, што яго хутчэй за ўсё ніякая нацыянальная сьвядомасьць не прымусіць слухаць гэты гурт.

І не разумею радасьці з нагоды зьяўленьня “беларускіх гопнікаў”. Сёньня яны б’юць морду “за Лявона”, заўтра “за Мірона”, а праз тыдзень – “бо морда крыва”. Цікава, шмат радасьці было б, калі б замест звыклых савецкіх рудых прусакоў па вашай кватэры гоцалі б “нацыянальна сьвядомыя”, “ідэйна-талковыя” бел-чырвона-белыя прусакі?

“НН” пакуль ня мае вартага канкурэнта, таму й адказнасьць яе аўтараў перад чытачамі вышэйшая. Таму, калі вас апаноўвае сындром В.Быкава, лепей зрабіць перапынак і нічога не пісаць.

Ды наагул, даўно ўжо мусіць зьявіцца новае музычнае выданьне, якое бяз нэрваў й сантымэнтаў будзе вырашаць гэтыя праблемы.

Максім Восіпаў, Віцебск

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0