У Браме тысячагодзьдзя

Нядаўна адзін наш апазыцыйны дзяяч сказаў: калі мы не пераможам на прэзыдэнцкіх выбарах — гэта будзе канец, сьмерць усяму — Беларусі, мове, дэмакратыі... Словам, час спыніцца, і ўсё страціць сэнс. А мне міжволі прыгадалася галоўная рыса савецкае намэнклятуры. Кожны начальнік гэтага кшталту глядзеў на сябе і на сьвет толькі сёньняшнімі вачыма і мысьліў, у найлепшым выпадку, у рамках сваёй службовай кар’еры. Адчуваньня гістарычнае пэрспэктывы не было. Вось жа апошнім часам такая беспэрспэктыўнасьць стала прыкметаю ня толькі вялікіх і малых начальнікаў, але і тых, хто зь імі змагаецца. Адсюль панылы настрой і зусім няма таго фантастычнага адчуваньня супольнасьці, жыцьця на «адной ноце», якое было ў нас у часы развалу імпэрыі. Нездарма З.Пазьняк кажа пра страту элітамі нацыянальнае ідэі. Гэта — тая самая «адна нота». А я думаю, што пачынаецца яна менавіта з вычуваньня гістарычнае пэрспэктывы. Прычым зусім неабавязкова з дакладнасьцю ведаць даты жыцьця Давыда Гарадзенскага або тэму Андрусаўскага замірэньня. Як той казаў, я ведаю, што наша гісторыя багатая і слаўная і гэтага мне цалкам дастаткова, каб ганарыцца сваім народам і сваім краем. Хіба ж можна з такім пачуцьцём сур’ёзна казаць, што параза на прэзыдэнцкіх выбарах — гэта канец усяго і ўсяму?

Сёньняшняя тэма — галоўныя падзеі беларускай гісторыі мінулага тысячагодзьдзя. Прычым мы сьведама ня будзем казаць пра войны і паўстаньні. Безумоўна, яны паўплывалі на наша сёньняшняе жыцьцё. Але мы будзем казаць пра тое, што фармавала нас і наш край, што мацавала, а не разбурала. Такім чынам, мы ў Браме тысячагодзьдзя.

Мае апытаньні гісторыкаў і культуролягаў дазволілі скласьці наступны рэестар найважнейшых падзеяў і зьяваў беларускае гісторыі, якая акурат укладаецца ў рамкі тысячагодзьдзя.

Храналягічна першае тут — хрысьціянства. Сёньняшніх беларусаў не назавеш моцна рэлігійнымі людзьмі, тым больш аб’яднанымі вакол адной царквы. Дый паганскія традыцыі ў нас яшчэ жывыя ў народнай культуры. Тым ня менш, і найлепшая архітэктура краіны, і дзейнасьць Эўфрасіньні Полацкай, Лазара Богшы, дойліда Яна, і наступная асьветніцкая праца езуітаў, і шмат чаго іншага, аб’яднанага тэрмінам хрысьціянства, адбілася на ўсім нашым жыцьці. Як бы мы ні былі разьяднаныя канфэсійна, але ў цэлым неаспрэчна, што беларусы — хрысьціянскі народ.

Далей — палітычная гісторыя. Стварэньне Вялікага Княства Літоўскага, дзяржавы, у якой нашы продкі жылі, якую баранілі ў войнах і якую будавалі на працягу 500 гадоў.

Наступная — Кніга Скарыны. Менавіта зь ёй Беларусь перажыла сусьветную рэвалюцыю культуры, навукі і асьветы.

Сьледам за Скарынавай кнігай — юрыдычны здабытак, Статут ВКЛ, які дзейнічаў на беларускіх землях на працягу амаль чатырох стагодзьдзяў.

Далей — зноў рэлігійная падзея — царкоўная унія, якая перадвызначыла сьветапогляд нашых продкаў на доўгія гады.

Пасьля — аграрныя рэформы каралевы Боны, знакамітая «Ўстава на валокі», якая спарадкавала Беларусь настолькі, што й нашыя далёкія нашчадкі будуць пазнаваць і любіць свой край менавіта такім, а ня іншым.

Наагул жа дзейнасьць рэфарматараў, будаўнікоў і вынаходнікаў звычайна ня так ярка адкладаецца ў памяці пакаленьняў, як усялякія закалоты, войны ды паўстаньні. Але сёньня мы зьвяртаем увагу менавіта на стваральныя акцыі, што мянялі аблічча Беларусі на вякі, калі не назаўсёды. Да такіх належыць і дзейнасьць Антонія Тызэнгаўза.

А ў маім пераліку падзеяў тысячагодзьдзя застаецца ўсяго дзьве пазыцыі. Гэта «Наша Ніва» — газэта, якая сфармавала беларускую ідэю і зрабіла нашу нацыянальную сьвядомасьць менавіта такой, якую мы маем.

І — тры беларускія рэспублікі.

Падвядзем вынікі. За тысячу гадоў большасьць найважнейшых для Беларусі падзеяў і зьяваў сабралася ў XVI ст., якое яшчэ называюць Залатым Векам. Нашыя скарбы думкі, мастацтва, архітэктуры, нашая воля і сіла духу, нашая любоў да свайго краю галоўным чынам — там. У гэтым сэнсе мы — нацыя XVI ст. Ужо ў наступным, XVIІ-м, пачаліся доўгія і разбуральныя войны з маладой Расейскай імпэрыяй, пасьля якіх беларусы часам не далічвалі кожнага другога. У XVIІІ ст. краіна крыху ўзьняла была галаву, але яе тутсама адцялі расейскім мячом.

Зьдзіўляе тое, як бедна прадстаўленае мінулае, ХХ ст. Яно «багатае» на Курапаты, Хатынь, Чарнобыль... Увогуле стагодзьдзе, зь якога мы прыйшлі, было неверагодна неспрыяльнае для беларусаў. У пэўным сэнсе тое, што мы яго пакінулі, пасяляе надзею на новае, ХХІ-е. Спагада гісторыі заўсёды наведвала нас хвалямі, і ўсьлед за такім кашмарным заняпадам абавязкова павінен быць уздым. Можа быць нават такі, як у стагодзьдзі XVI. І тады нашаму новаму стагодзьдзю нашчадкі таксама дадуць назву Залаты Век.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0