Сяргей Харэўскі

«Устава на валокі»

 

Каму даводзілася праяжджаць праз расейскую вёску, той бачыў істотную розьніцу з нашай, беларускай. За ўсходнімі межамі былое Рэчы Паспалітае вёскі маюць хаатычную забудову, часьцяком нават цяжка вызначыць вуліцы, а вакол хатаў раскіданыя лапікі агародаў ды палёў самых розных памераў. І наадварот. Чым далей рухаешся на Захад, у Беларусь, тым больш жорсткую бачыш пляніроўку паселішчаў, нават самых мізэрных. А ўжо ад Менску да Горадні дык і наагул не сустрэнеш і выпадковага будана. Палі дакладна пашнураваныя, хаты стаяць нібыта паводле тыпавога праекту. Гэта вынік рэформаў, распачатых яшчэ за каралеваю Бонай Сфорцай і завершаных яе сынам Жыгімонтам Аўгустам. Тым самым, які выдаў слынную «Ўставу на валокі» ў 1557 г.

Італьянка Бона адразу ж угледзела нягегласьць тагачаснае беларускае гаспадаркі. І яе мараю было завесьці тут усё на прадукцыйны, эўрапейскі лад. Тады ўсе вясковыя землі былі наноў пералічаныя і падзеленыя на горшыя й лепшыя, была ўведзеная трохпольная сыстэма. Усе дзяржаўныя вялікакняскія ўладаньні, паводле ўставы, дзяліліся на роўныя кавалкі памерам у адну валоку (гэта 21 з гакам гектар). Вынікам рэформы стала грандыёзнае пераўтварэньне старых паселішчаў ды будаўніцтва новых. Жылыя хаты былі пастаўленыя ў шыхт уздоўж простых вуліц, гаспадарчыя пабудовы – на другі бок.

Зямельная рэформа забясьпечыла дакладнае спагнаньне падаткаў зь вясковага насельніцтва, а таксама блізу справядлівае разьмеркаваньне зямлі сярод сялянства. Насельніцтва пасела на абшарах Беларусі больш-менш раўнастайна. Колісь закінутая зямля стала радзіць.

Рэформа ахапіла пад 90% вёсак на Гарадзеншчыне і пакрысе за сто гадоў дакацілася да ўсходняе мяжы Вялікага Княства. Вынікам стала сапраўдная рэвалюцыя ў сельскай гаспадарцы і ўрбанізацыі. Наступствы мы бачым няўзброеным вокам. Нічога ў выглядзе нашых вёсак не зьмянілася з XVI ст.!

І яшчэ адзін плён тае «Ўставы на валокі»... Ахова прыроды. Напрыклад, было забароненае паляваньне на ваўкоў, лісіцаў ды зайцоў з сабакамі. Гэта тое, да чаго Вялікая Брытанія падышла толькі сёлета! Катэгарычна забаранялася бескантрольнае паляваньне ў пушчах. Касіць там можна было толькі ў пэўныя дні, каб не пужаць зьвярыну ды птушак. У грыбы ды ягады дазвалялася хадзіць дзеўкам ды дзецям. Катэгарычна забаранялася паляваньне на рэдкія зьвяры, напрыклад, на сарнаў ды даніэляў. Забаранялася лавіць рыбу падчас нерасту. Каб жа ня тыя ахоўныя захады, што былі зробленыя амаль паўтысячы гадоў таму, мы багата чаго не далічылі б сёньня.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0