БІБЛІЯТЭКА


Сяргей Харэўскі

Дзейнасьць Тызэнгаўза

 

Скажу шчыра: Антоні Тызэнгаўз — адзін з самых любімых маіх пэрсанажаў беларускае гісторыі. На тое ў мяне ёсьць шэраг прычынаў. Напрыклад, яго ня любяць польскія й расейскія гісторыкі. Ужо гэтая акалічнасьць правакуе цікавасьць. Рэч у тым, што падскарбі вялікі літоўскі, скарыстаўшы давер апошняга караля Рэчы Паспалітае, здолеў сканцэнтраваць у сваіх руках вялізную ўладу і літаральна перамяніць увесь край ад Дзьвіны да Нёмана. За лічаныя гады паўсталі новыя вёскі, мястэчкі, дзясяткі мануфактураў, млыноў. Былі пракапаныя сотні кілямэтраў новых суднаходных каналаў. У Беларусь засьпяшаліся майстры з усіх куткоў Эўропы. Менавіта Тызэнгаўз, разумеючы значнасьць прамысловасьці ў аграрнай краіне, стварыў тут магутную, як на тыя часы, тэкстыльную вытворчасьць. Завуркаталі варштаты на збройных, мэблевых, шорніцкіх, дывановых мануфактурах. За 14 гадоў Антоні Тызэнгаўз здолеў адкрыць 24 дзяржаўныя фабрыкі й пабудаваць два прамысловыя паселішчы – Гарадніцу й Ласосну! Упершыню ў нашай гісторыі былі ўжытыя мэтады комплекснага праектаваньня й будаўніцтва, скарыстаныя тыповыя праекты й уніфікаваныя матэрыялы. А тэмпы! Напрыклад, мікрараён Гарадніца з 85 дамоў, разьлічаных на пражываньне 1500 чалавек, быў пастаўлены за 15 гадоў! І тое самае ў Паставах, Дзятлаве, Варнянах, ды багата яшчэ дзе ў Беларусі...

Тызэнгаўз завёў школы, тэатры, капэлы, друкарні, батанічныя сады... Дарэчы, пра друкарні. Менавіта ён ператварыў Гарадзенскую друкарню, узяўшы яе ў арэнду, у сапраўднае выдавецтва ў сучасным сэнсе. Тут рыхтаваліся, рэдагаваліся й выходзілі кнігі. Мала таго, у гэтым выдавецтве выйшлі першыя пэрыёдыкі ў Беларусі — «Газэта Гарадзенская» й «Кур’ер Літоўскі». Нарэшце ягоныя ініцыятывы падхапілі й найбольш дальнабачныя магнаты, ствараючы фабрыкі, адкрываючы вучэльні й запрашаючы майстроў з Эўропы.

Дзейнасьць аднаго чалавека, апошняга рыцара Вялікага Княства, перакрэсьлівае міт пра «сьмяротную хваробу» нашае дзяржавы перад расейскай акупацыяй.


Нязьдзейсьненая рэвалюцыя

Восстание и война 1794 года в литовской провинции (паводле расейскіх архіваў). – Масква: “Книжный дом Черо”, 2000.—176 с., ISBNS-88711-142-9.

 

Такога яшчэ не было. Дый не магло быць. Паўстаньне пад кіраўніцтвам Касьцюшкі заўсёды муляла ляяльным да “старэйшага брата” гісторыкам. Аж да таго, што ў пяцітомнай “акадэмічнай” гісторыі БССР пра тое паўстаньне нават не было згадана. Задужа яскравая падзея, якая выстаўляла імпэрскую Расею ў непрыглядным абліччы. Аб зборніках дакумэнтаў пра паўстаньне ня можна было й думаць. А цяпер маем. Дзякуючы высілкам нястомнага дасьледніка Яўгена Анішчанкі, які багата часу правёў у маскоўскіх архівах. За ўласныя грошы, між іншым.

Паўстаньне Касьцюшкі вызначалі па-рознаму. Складальнік вырашыў у загаловак зборніку вынесьці проста слова “паўстаньне”, але й дадаў “вайна” – не ў супрацьвагу паўстаньню, а як азначэньне інтэрвэнцыі Расеі ў Вялікае Княства Літоўскае. Апошняе абазначанае як Літоўская правінцыя. Вельмі рэдкі тэрмін у нашай гістарыяграфіі, відаць, з-за яго “правінцыйнага”, прыніжальнага характару. Вялікае Княства часта ў XVII–XVIII ст. называлі Літоўскай правінцыяй, але то было збольшага ў соймавых, юрыдычных актах (Рэч Паспалітую пры пэўных працэдурах падзялялі на тры правінцыі: Вялікапольскую, Малапольскую і Літоўскую). Расейскі бок прыняў такі тэрмін, але ўжываць яго цяпер – бянтэжыць непадрыхтаванага чытача.

Як мае быць, дакумэнтам папярэднічае прадмова. Складальнік з уласьцівай яму сьціпласьцю ня згадвае ані пра якія цяжкасьці са здабываньнем дакумэнтаў у маскоўскіх архівах. На жаль, і астатняя “каляархіўная” інфармацыя вельмі няпоўная. Так, не сказана, паводле якіх моўных і археаграфічных прынцыпаў друкуюцца тэксты. Не адзначана, паводле якога стылю, старога або новага, датаваныя дакумэнты (а пры больш уважлівым вывучэньні выяўляецца, што і так, і гэтак). Засмучае паказальнік імёнаў – з адвольным напісаньнем прозьвішчаў (паводле расейскай канцыляршчыны) і ня менш адвольным іх разьмяшчэньнем, зь непазначанымі старонкамі.

Усё гэта часьцяком сустракаецца ў працах Я.Анішчанкі. Бачна, што дасьледнік апантаны навуковымі росшукамі, здабычай новага матэрыялу, а на канчатковае ўпарадкаваньне не заўсёды стае часу. Затое складальнік палічыў патрэбным даць суворую ацэнку сваім калегам. Галоўны недахоп іх працаў Я.Анішчанка бачыць у рамантызьме, іх “юбілейным” характары, ігнараваньні дакумэнтаў, якія сёньня зрабіліся агульнавядомымі. Гучаць выразы: “відавочныя інсынуацыі”, “плён каньюнктурнай фантазіі”, “палітычная ангажаванасьць” і г.д. Пры ўсіх падставах выглядае гэта ня вельмі карэктна.

Зборнік дапамагае па-новаму зірнуць на многія падзеі гераічнага 1794 г. Шмат зьвестак пра ваенныя падзеі, нават дробныя сутычкі. Акты і адозвы паўстанцкіх уладаў распавядаюць, між іншым, пра ідэйнае забесьпячэньне паўстаньня. Іх характар прымушае прыгадаць пабляклае слова “рэвалюцыя”. Так азначалі падзеі 1794 г. сучасьнікі падзеяў, але слова не замацавалася ў гістарычнай навуцы. Пэўна таму, што супраць “рэвалюцыі” дзейнічалі пераможныя расейскія войскі. Можа, трэба падзеі 1794 г. азначыць менавіта трыма словамі: “паўстаньне”, “вайна”, “рэвалюцыя”? Пасьля, у час сьледзтва, царскія служкі на палонных ліцьвіноў пачалі заводзіць справы менавіта як на рэчаісных і патэнцыйных рэвалюцыянэраў (раўнуючы іх з французамі-якабінцамі). З матэр’ялаў зборніку бачна, што палонныя трымаліся мужна і ўмела, сяброў не выдавалі і адхілялі ўсе абвінавачаньні ў рэвалюцыйнасьці.

А ці была сапраўдная рэвалюцыйнасьць? Прынамсі Касьцюшкаў Паланецкі ўнівэрсал пра скасаваньне прыгону распаўсюджваўся ў Беларусі і Літве паўстанцкімі ўладамі як афіцыйны загад (гл. дакумэнт №63). Увогуле сялянам абяцалі многа, нават шляхецкія прывілеі. Асобныя шляхціцы раздавалі маёмасьць. Я.Анішчанка ня лічыць усё гэта вартымі рэальнага значэньня фактамі і разглядае хутчэй як памкненьні, якія не ўвасобіліся ў значныя публічныя дзеяньні (“акрамя дэманстрацыйнага пераапрананьня знаці ў эвангельскія лахманы”). Апошняе сапраўды мела месца. Як даносілі расейцам клецкія жыды-купцы, у Вільні “палякі ўсе агулам ордэнаў ня носяць, усе апранутыя ў белае зрэб’е з торбамі на баку”). Калярытна, пэўна, выглядалі магнаты ў сялянскім строі. Зрэшты, для ўсіх рэвалюцыяў характэрная карнавалізацыя. Аднак гэта антураж, а ня сутнасьць падзеяў. А вось масавы ўдзел сялянаў у паўстаньні, пра які сьведчыць ці ня кожная старонка зборніку, ня мог быць выкліканы аднымі толькі прапагандысцкімі высілкамі паўстанцкіх уладаў. За гэтым стаялі матэрыяльныя фактары.

Уражаньняў ад кнігі багата: прыкра за рэзкасьць тону і неахайнасьць абыходжаньня з дакумэнтамі, але самаахвярная праца складальніка проста захапляе. Зборнік, дарэчы, заяўлены як папярэднік яшчэ аднаго, больш поўнага. Той таксама будзе плёнам працы аднаго чалавека.

Валеры Пазьнякоў


Паліклініка!

У менскіх кнігарнях зьявіўся 11-ы том “Беларускае энцыкляпэдыі” (Мугір—Паліклініка).

Што ўражвае найбольш, дык гэта адсутнасьць згадкі пра “Нашу Ніву”. Вядома, пра газэту 1906—1915 г. артыкул ёсьць, а вось пра сучаснае выданьне з гэтай назвай – ані слова! Хаця, напрыклад, пра “Наша Слова”, што “выходзіць у Лідзе на бел. мове як прыватная штотыднёвая газэта для дзяцей старэйшага веку”, у томе пішацца.

Газэтаў “Навіны” ды “Наша Свабода” для энцыкляпэдыстаў не існуе й не існавала. Дзіўна, што знайшлося месца для “Народнай Волі” ды гарадзенскае “Пагоні”. Пра аднайменны з апошняю герб пры канцы артыкулу напісалі: “У 1990 Літва аднавіла герб “П.” як дзяржаўны пад назвай “Віціс”. У час 2-й сусьв. вайны былі спробы бел. калябарантаў легітымізаваць яго. З 19.9.1991 да 7.6.1995 “П.” была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусі”.

Вось як заканчваецца артыкул пра Зянона Пазьняка: “Дэп. Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі ў 1990-95. З 1996 у эміграцыі, з кастр. 1999 лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі”.

Артыкул пра вуліцу Нямігу ёсьць, а пра трагічную станцыю мэтро – няма. Чытач энцыкляпэдыі не даведаецца, што Нотынгем – горад-пабрацім Менску, а Ноўгарад цяпер афіцыйна называецца Вялікім Ноўгарадам.

Аднак асобны дзякуй трэба сказаць за “Нацыянал-фашызм”: “Агульнымі крытэрамі Н.-ф. служаць: афіцыйна ўстаноўлены ін-т “правадыра нацыі і дзяржавы” (фюрэра), які канцэнтруе ў сваіх руках гал. рычагі заканад., выканаўчай, суд. улады, дзейнічае ў інтарэсах вузкай групы буйных уласьнікаў прадпрыемстваў і капіталаў; адсутнасьць форм дэмакр. арганізацыі і самаарганізацыі грамадзтва, а таксама яго ўдзелу ў прыняцьці паліт. рашэньняў; разгалінаваны апарат насільля над грамадзтвам”.

Зьміцер Калярадзкі


новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Arche – Пачатак: Мэдыцына. № 9 (14), 2000 г. – Менск, 2000. – 152 с. – Наклад 1000 ас. ISSN 1392-9682

Часапіс стаўся танчэйшы, але праз гэта й зручнейшы на чытаньне. Заплаціць жа 975 р. (калі набывацьмеце ў шапіках “Белсаюздруку”) варта хаця б за біяграфічную п’есу Лявона Юрэвіча пра Антона Адамовіча – чытальнік даведаецца шмат новага як пра гэтага чалавека, гэтак і пра чыннасьць беларускіх адраджэнцаў у цяжкія гады апошняе нямецкае акупацыі. У нумары добры падбор лірыкі – вершы Людкі Сільновай, Валянціны Аксак, Андрэя Хадановіча й “Епикграмма на законъчене преложеня Трыщанова” Міколы Раманоўскага – першы вершаваны твор ХХІ ст., напісаны па-старабеларуску! Не абмінеце ўвагаю лісты Ўладыкі Васіля (Тамашчыка) да Юркі Віцьбіча ды адмысловыя артыкулы пра псыхічныя хваробы беларускага грамадзтва й асобных грамадзян РБ у артыкулах Ігара Сарокіна й Віталя Кошалева. Прыемнага чытаньня!

Л.Дайнека. Меч князя Вячкі: Раман: Для ст. шк. веку / Маст. У.Лукашык. – Менск: Юнацтва, 2000. – 335 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0446-3

Каштуе 1 т.р.

А.Камароўскі. Пэнальці: Аповесьці й апавяданьні: Для ст. шк. веку. – Менск: Ураджай, 2000. – 262 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-04-0319-5

Першая ў беларускай літаратуры кніга, цалкам прысьвечаная футболу. Прадмову да яе напісаў трэнэр футбольнае зборнае Беларусі Эдуард Малафееў. Аўтар – Алесь Камароўскі – зараз дырэктар выдавецтва “Юнацтва”. У 1982 г., калі менскае “Дынама” сталася чэмпіёнам СССР у футболе, А.Камароўскі першы з спартовых камэнтатараў пачаў на Беларускай тэлевізіі весьці рэпартажы па-беларуску. Цана кнігі 650 р.

Л.Геніюш. Гасьціна: Выбранае / Уклад. З.Пазьняк. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 382 с. – (Бел. паэзія ХХ ст.). – Наклад 3000 ас. ISBN 985-02-0278-5

Кніга складзеная зь вершаў Ларысы Геніюш, выдадзеных у БССР. Уклала зборнік Зінаіда (а не Зянон) Пазьняк, супрацоўніца выдавецтва. Выйсьце гэтае кнігі ў сэрыі “Беларуская паэзія ХХ ст.” трохі дзівіць, бо ў кнігарнях дагэтуль можна набыць выданьне Л.Геніюш з сэрыі “Беларускі кнігазбор”. Каштуе 715 р.

А.Кулагін. Эклектыка. Архітэктура Беларусі 2-е пал. ХІХ – пач. ХХ ст. – Менск: Ураджай, 2000. – 304 с.: іл. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-04-0350-0

У даведніку разглядаюцца ўсе стылі й кірункі эклектыкі, што адлюстраваліся ў беларускай архітэктуры на зьбегу ХІХ і ХХ стст.: нэараманскі стыль, нэаготыка, нэарэнэсанс, нэабарока, нэаклясыцызм, нэарасейскі стыль, рэтраспэкцыйна-расейскі стыль, мадэрн. Пры канцы кнігі зьмешчаны слоўнік тэрмінаў. У даведніку шмат ілюстрацыйнага матэрыялу: фатаздымкаў, рысункаў, замалёвак помнікаў архітэктуры. У кнігарнях каштуе 1,6 т.р., у выдавецтве – на траціну таньней.

Беларусь на мяжы тысячагодзьдзяў. – Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2000. – 432 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-11-0191-5

Кніга складаецца з артыкулаў гісторыкаў, якія імкнуцца выкласьці сваё гледзішча на асноўныя гістарычныя працэсы ў Беларусі ад даўніны да сёньняшняга дня, зважаючы на галоўны кірунак палітыкі цяперашняга рэжыму.

Н.Вълчев. Беларуската моя тетрадка: Пераклады зь беларускае мовы Н.Вылчава / Пад рэд. Н.Гілевіча. – Менск: Беллітфонд, 2000. – 280 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-6576-11-3

Кнігу склалі баўгарскія пераклады твораў беларускіх паэтаў ад Міколы Гусоўскага да Людмілы Рублеўскай, зробленыя Н.Вылчавым за апошнюю чвэртку веку. Рэдактар перакладаў – Ніл Гілевіч. Цана кнігі 190 р.

У.Ліпскі. Басанож па зорках: Пра вядомага й невядомага Ігара Лучанка. – Менск: Беларусь, 2000. – 199 с.: іл. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-01-0345-0

Старшыня Беларускага дзіцячага фонду Ўл.Ліпскі ў сваёй новай кнізе дасьледуе вытокі роду кампазытара І.Лучанка. У кнізе шмат цікавых фактаў – прыкладам, высьвятляецца, што І.Лучанок невыпадкова стаўся кампазытарам: пры канцы 20-х гадоў Уладзіслаў Галубок “выцягнуў” бацьку І.Лучанка “ў людзі”, узяўшы яго ў свой вандроўны тэатар. Цана кнігі – 375 р.

Гульнёвы падворак / Уклад. К.Лабчэўская; Пад рэд. Л.Жук. – Менск: ТАА “Красіка-прынт”, 2001. – 128 с. – (Беларусь сьвяточная). – Наклад 200 ас. ISBN 985-405-082-3

У кнізе зьмешчаны шэраг творчых распрацовак гульнёвых праграм на ўсе цыклі беларускага народнага календара. Кніга будзе карысная пэдагогам у садкох і малодшых клясах школы. Каштуе 450 р.

В.Бусько. Экономическая мысль Беларуси в период НЭП (20-е годы). – Менск: “Право и экономика”, 2000. – 280 с. – Наклад 300 ас. ISBN 985-442-029-9

Разглядаецца эканамічная палітыка ўраду БССР у 20-я гады. Пры канцы кнігі – вялікі кнігапіс. У продажы няма. Пагартаць кнігу можна на кніжнай выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы (Аддзел беларускае літаратуры, 5-ы паверх).

Л.Сапегін. Геабатаніка: Навучальны дапаможнік / Навук. рэд. В.Парфёнаў. – Менск: Тэсэй, 2000. – 192 с.: іл. – Наклад 200 ас. ISBN 985-6454-92-1

Гэты першы падручнік з геабатанікі беларускаю моваю, на жаль, ня будзе прыступны ўсім ахвочым празь мізэрны наклад – 200 асобнікаў. Пабачыць кнігу можна на кніжнай выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы (Аддзел беларускае літаратуры, 5-ы паверх).

І.Цітавец. Ёсьць любоў у мяне…: Зборнік песень. – Менск: “Адукацыя й выхаваньне”, 1999. – 321 с.: іл. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6029-69-4

І.Цітавец прапануе ўсім чытачом пяяць ягоныя песьні. Цана зборніка – 1,6 т.р.

Археалёгія Беларусі: У 4 т. Т. 3. Сярэднявечны пэрыяд (ІХ – ХІІІ стст.) / Я.Зьвяруга, Т.Каробушкіна, П.Лысенка, Г.Штыхаў; Навук. рэд. П.Лысенка. – Менск: Беларуская навука, 2000. – 554 с.: іл. – Наклад 1400 ас. ISBN 985-08-06321-5

Перадапошні том “Археалёгіі Беларусі”, падрыхтаваны ў Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук, лучыць вынікі працы беларускіх археолягаў у дасьледзінах сярэднявечнае даўніны за ўсё ХХ ст. Кніга мае дрэнную аправу: вокладку зь незразумелым малюнкам і слаба сшытыя міжсобку балоны і пры частым карыстаньні можа разваліцца. Трэці том выразна дысгармануе з двума папярэднімі празь неаднолькавы макет і аздобу. Каштуе 2,5 т.р.

Беларуская энцыкляпэдыя: У 18 т. Т. 11: Мугір – Паліклініка / Рэд. калегія: Г.Пашкоў ды інш. – Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2000. – 560 с.: іл. – Наклад 10000 ас. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11) ISBN 985-11-0035-8

У выдавецтве том каштуе 2,5 т.р.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0