26.02.2001 / 13:00

Сьвяты Валянцін і Беларусь

№ 08 (217), 19 — 26 лютага 2001 г.


 Сьвяты Валянцін і Беларусь

14 лютага паўсюль у сьвеце сьвяткавалі па-рознаму. Нехта пайшоў са сваёй каханай у дарагі рэстаран дзе-небудзь на Мангетэне, нехта набыў свайму хлопцу падарунак у Інтэрнэт-краме. Менская моладзь, усьцешаная файным надвор’ем, падалася на Пляц Волі.

Сьвяты Валянцін і бізнэс

Дзень сьвятога Валянціна нясе з сабою ня толькі прызнаньні ў каханьні, пацалункі ды шчасьлівыя погляды, але й неблагі прыбытак. Вядома, бізнэс, які робяць на дні закаханых гандляры кветкамі, не параўнаць з тым, які прыпадае на старыя савецкія сьвяты 23 лютага ды 8 сакавіка. І ўсё-ткі тавар разыходзіцца жвава. Ведаюць пра гэта й мастакі-гандляры са сквэру на плошчы Свабоды. 14 лютага многія зь іх прыйшлі на працу раней звычайнага – каб канкурэнты не занялі месца. І дарэмна. Недзе а трэцяй гадзіне міліцыянты, што запоўнілі сквэр, загадалі мастакам “змотвацца” – неўзабаве, маўляў, пачнуцца беспарадкі, ды ад вашага мастацтва нічога не застанецца. Іх не цікавіла, што арт-бізнэсоўцы толькі тых “беспарадкаў” і чакалі – чым меней твораў мастацтва, тым болей грошай у кішэнях. Давялося, аднак, сыходзіць – улада, гумовыя дручкі. Нездарма ўжо трэці дзень па сквэры сноўдалі два міліцыянты ў цывільным – “абстаноўку” вывучалі.

 

Сьвяты Валянцін і масы

Часам кажуць, што дзень сьв.Валянціна – сьвята для дваіх закаханых, а не для натоўпу. Нашто, пытаюцца, тыя мітынгі – ці не атрымаецца так, як магло быць за саветамі: “З днём сьвятога Валянціна, таварышы! Гура!” Ды толькі гісторыя кажа іншае. Яшчэ да таго, як нарадзіўся сьвяты Валянцін, у Старажытным Рыме было сьвята каханьня. 14 лютага рымляне адзначалі сьвята багіні Юноны, а 15 лютага пачынаўся фэст Люпэркаліяў. Норавы ў Рыме былі жорсткія (адносна, вядома), і хлопцаў ды дзяўчатак гадавалі асобна на ваяроў ды жонак. Быў, праўда, час, калі ім дазвалялі пабыць разам – тыя самыя Люпэркаліі. Дзявочыя імёны пісалі на цыдулках ды клалі іх у збаны. Хлопцы выцягвалі тыя запіскі, вызначаючы, такім чынам, сваю сяброўку на час Люпэркаліяў. Здаралася, гэтае сяброўства перарастала ў каханьне.

“Не хапае фэсту”, — даводзілася чуць падчас мітынгу і шэсьця 14 лютага. Так, гэта быў менавіта мітынг, а хацелася сьвята.

 

Сьвяты Валянцін і ўлада

Сама асоба сьвятога Валянціна – сымбаль барацьбы супраць бязглуздай улады, якая спрабуе падпарадкаваць сваім мэтам ды жаданьням самую чалавечую сутнасьць. Кляўдыюс ІІ, рымскі імпэратар, быў вядомы сваёй жорсткасьцю ды крывавымі вайсковымі кампаніямі. Дзеля задавальненьня ягоных амбіцыяў патрабавалася ўсё больш вояў, гатовых пайсьці паміраць “за Рым”. Але зь цягам часу добраахвотнікаў было ўсё меней – каму хацелася кідаць сваю сям’ю дзеля пашырэньня межаў імпэрыі? Тады імпэратар забараніў браць шлюб – каб мужчыны кахалі не жанок, а толькі зброю. Рымскія сьвятары Валянцін ды Марыюс пачалі патаемна вянчаць маладых. Неўзабаве Валянціна схапілі. Рымскі прэфэкт пастанавіў пакараць яго сьмерцю – зьбіць доўбнямі ды адрэзаць галаву. 14 лютага 269 г. па Нараджэньні Хрыстовым прысуд быў зьдзейсьнены. Праз 227 гадоў Папа Рымскі Гелясіюс абвесьціў 14 лютага днём сьв.Валянціна. А яшчэ праз 1505 гадоў, у самым пачатку трэцяга тысячагодзьдзя, у менскім мэтро зьбілі двух хлопцаў, якія наважыліся прыйсьці на сьвяткаваньне Дня Закаханых. Норавы імпэратараў не зьмяняюцца. Ды рана ці позна яны сыходзяць у нябыт, а каханьне застаецца.

Алесь Кудрыцкі


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру