Кампанія «Еўрасець» плануе закрыццё некалькіх магазінаў у Беларусі ў рамках аптымізацыі бізнесу. Пра гэта БелаПАН паведаміў генеральны дырэктар беларускага філіяла кампаніі Алесь Мухін.

Паводле яго слоў, частка нерэнтабельных магазінаў з цягам часу будзе закрывацца. «Гэта нармальны працэс, — перакананы А.Мухін. — Мы прыйшлі сюды рабіць бізнес, і таму ў тым ці іншым горадзе, раёне, дзе мы памыліліся з пазіцыянаваннем магазіна, яны будуць закрыты — таксама, як гэта адбывалася і раней».

Адказваючы на пытанне, колькі менавіта салонаў трапіць пад скарачэнне, А.Мухін адзначыў, што «гэты працэс жывы». «Яшчэ паўгода таму я сказаў бы, што два. Але ўвод кантрольных знакаў і мясцовага падатку з продажаў у Мінску і Мінскай вобласці, канешне, адбіўся на нашых продажах — чорны рынак атрымаў у цане яшчэ большую перавагу», — сказаў ён.

Пры гэтым А.Мухін адзначыў: «Будзем аптымізаваць колькасць магазінаў. Але гаварыць аб масавым закрыцці не даводзіцца».

Выступаючы на XI Пецярбургскім эканамічным форуме, старшыня савета дырэктараў «Еўрасеці» Яўген Чычваркін аб’явіў, што кампанія закрыла ўсе салоны сувязі ў Азербайджане, хаця выйшла на гэты рынак у студзені 2007 года. «Усё, што, мы зразумеем, не прыносіць нам прыбытку, мы закрыем сёлета», — сказаў Я.Чычваркін.

У гэтай сувязі А.Мухін звярнуў увагу на тое, што «Еўрасець» у Азербайджане і Беларусі знаходзіцца на розных стадыях: «Азербайджан — на этапе start‑up, там было адкрыта пяць магазінаў, для таго каб паглядзець, наколькі там у прынцыпе эфектыўная прапанаваная бізнес‑мадэль (мы працуем легальна на ўсіх рынках), каб зразумець, наколькі мы там жыццяздольныя».

Рашэнне аб закрыцці салонаў у Азербайджане кіраўнік беларускага філіяла звязаў з вельмі нізкімі выручкамі, якія не апраўдваюць затраты мацярынскай кампаніі нават на момант start‑up.

У Беларусі ж у маі гэтага года адкрыты соты салон «Еўрасеці». Як адзначыў А.Мухін: «Мы працягваем актыўна адкрываць новыя магазіны». Першы салон «Еўрасеці» ў Мінску, нагадаем, быў адкрыты ў верасні 2005 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?