Расколатая дзяржава

Воля Курдыстану трымаецца на ракетных ударах, якія наносяць па Іраку саюзьнікі

Праз 10 гадоў пасьля вайны ў Затоцы курды насамрэч наблізіліся да стварэньня сваёй дзяржавы. У 1991 г. для абароны курдзкага насельніцтва Іраку ад ірацкіх жаўнераў, якія вынішчалі курдаў цэлымі гарадамі, была створаная ахоўная зона на поўнач ад 36-й паралелі (такая ж зона была створаная на поўдні краіны для абароны шыіцкага насельніцтва). У выніку ірацкім войскам было забаронена дзейнічаць у ахоўнай зоне, а за выкананьнем гэтых умоваў пачала сачыць амэрыканская й брытанская авіяцыя. Пры набліжэньні да гэтых зонаў ірацкія вайсковыя аб’екты зьнішчаюцца.

Спачатку нават на абароненай зямлі па-ранейшаму панавала нэндза, голад і ў дадатак грамадзянская вайна. Але гады тры таму сытуацыя пачала мяняцца – пачаўся эканамічны ўздым, на думку курдзкіх урадоўцаў, зьвязаны з рэзалюцыяй ААН №986. Тады, пры канцы 1996 г., была распачатая праграма “Нафта — на харч”, што дазволіла Іраку прадаваць нейкую частку сваёй нафты, а 13% (адпаведна з доляй курдаў у агульнай плошчы й колькасьці насельніцтва краіны) гэтых нафтавых прыбыткаў пачалі аддаваць курдам. Але ёсьць і іншая прычына паляпшэньня эканамічнае сытуацыі — маштабная кантрабанда ірацкага паліва ў Турэччыну. У адрозьненьне ад ізаляванага Іраку курдзкае дзяржаўнае ўтварэньне мае простыя сувязі з Турэччынай.

Вынікі эканамічнага росту відавочныя — мноства будаўнічых пляцовак у курдзкіх местах, багатыя базары. Многія курды пачалі атрымліваць сталы заробак. Каля 15 даляраў у сярэднім атрымоўвае служачы курдзкае адміністрацыі – а ягоны ірацкі калега толькі 2. Ва ўнівэрсытэце курдзкай сталіцы, Арбілю, выкладаюць прафэсары з Багдаду, бо курды плацяць ім 300 даляраў у месяц, а ў Багдадзе — толькі 10. У “Вольны Курдыстан” паціху йдзе й замежны бізнэс – спачатку гэта былі туркі, цяпер жа зьявіліся Alcatel, Siemens, ABB.

Ад нелегальнага паліўнага гандлю і легальнага гандлю іншымі таварамі мае прыбытак найперш наймацнейшая палітычная сіла Ірацкага Курдыстану – пратурэцкая Дэмакратычная Партыя Курдыстану Масуда Барзані (сына легендарнага курдзкага правадыра Мустафы Барзані). Яна кантралюе захад вольнае зоны і мяжу з Турэччынай. З ДПК канкуруе праіранскі Патрыятычны Зьвяз Курдыстану Джалала Талабані, які кантралюе меншы ўсходні кавалак Курдыстану на мяжы з Іранам. У той час як сродкі ад нафты падзеленыя паміж двума партыямі пароўну, грошы ад кантрабанды ідуць у асноўным Барзані. Пасьля вайны ў Затоцы вечна разьяднаныя кланы аб’ядналіся, каб выгнаць са сваёй зямлі С.Хусэйна, а ў 1992 г. была нават дасягнутая дамоўленасьць пра правядзеньне супольных выбараў і стварэньне ўраду на парытэтнай аснове. Але праз колькі месяцаў згоды старыя фэўдальныя сваркі й спрэчкі пра падзел кантрабандных грошай зноў прывялі да звады, і ў 1994 г. пачалася адкрытая грамадзянская вайна. Талабані падтрымлівалі іранцы і аджаланаўская Працоўная Партыя. Барзані ж атрымаў дапамогу Анкары, а ў жніўні 1996 г. нават паклікаў на помач Садама. У грамадзянскай вайне загінулі тысячы курдаў. Быў заключаны шэраг марных мірных пагадненьняў (апошняе — у жніўні 1998 г. у Вашынгтоне), але й сяньня на курдзкай зямлі хутчэй перамір’е, а не трывалы мір. Таму й сёньня тысячы курдаў працягваюць пераходзіць турэцкую мяжу і ўцякаць у Эўропу.

Тым ня менш паціху ўсталёўваюцца курдзкія дзяржаўныя інстытуцыі – створаная ўжо нават свая ДАІ. Гэта выклікае непакой у Тэгеране, Дамаску, Багдадзе і Анкары, напалоханых посьпехамі курдзкага дзяржаўнага будаўніцтва. Цягам апошніх некалькіх гадоў турэцкія генэралы некалькі разоў давалі зразумець, што хочуць усталяваць свой кантроль над Поўначчу Іраку, і пастаянна арганізоўвалі вылазкі на ірацкую тэрыторыю, каб зьнішчаць базы Курдзкай Працоўнае Партыі. Сяньня Аджалан у вязьніцы, а рэшткі ягоных войскаў адышлі ў Іран і на паўднёвы ўсход падкантрольнага ПЗК абшару, а таму Барзані і Талабані стаяць перад патрэбай наноў вызначыць свае стасункі з Турэччынай. Увесь час ствараюцца новыя хаўрусы. Напачатку году ўжо і Талабані паклікаў туркаў на дапамогу, каб абяззброіць 8 000 байцоў Аджалана, што дзеюць у ягонай зоне. Барзані ж у адказ кінуўся шукаць гарантыяў Багдаду, і яго прадстаўнікі малююць будучыню Курдыстану ў фэдэратыўным Іраку і адмаўляюцца ад незалежнасьці.

Рэдка калі Курдыстан меў такую рэальную магчымасьць стаць незалежным, якую мае цяпер, але й зараз у эканамічным пляне ён надта залежыць ад турэцкай гаспадаркі. Па вялікім рахунку, воля Курдыстану сяньня трымаецца толькі на заходніх самалётах і тых ракетных ударах, якія наносяць па Іраку саюзьнікі. Бяз гэтага іракцы лёгка разьбілі б курдзкія войскі, што ня маюць цяжкой тэхнікі.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0