Мора ў “Акварыюме”

Чарговы праект БМА “More каханьня”, прэзэнтацыя якога адбылася 13 лютага ў “Акварыюме”, выклікае супярэчлівую рэакцыю, як, зрэшты, любая зьява шоў-бізнэсу. Бясспрэчна адно: ніхто, акрамя Супрановіча з Сахаравым, не дадумаўся выдаць касэту, адмыслова прымеркаваную да Дня сьвятога Валянціна.

 

Аргмомант перад канцэртам быў проста непаўторны – мясцовая ахова выдаліла ўсіх з залі ў цесны калідорчык-катушок і пачала “запускаць” па сьпісе, папярэдне складзеным арганізатарамі з БMA. Цікава, што саміх арганізатараў па гэтым самым сьпісе пускаць у клюб ніяк не хацелі: адміністрацыя палічыла, што запрошаных і так болей, чым трэба. Сахараў, якому прапанавалі набыць білет, на хвалі экспрэсіі пагражаў клюбу судовай справай. Зрэшты, неяк разабраліся. Трэба сказаць, што ў астатнім ахова паводзіла сябе вельмі тактоўна. Прынамсі, асабістыя рэчы музыкаў не “ператрахіваліся” з такой пільнасьцю, як гэта рабілася звычайна ў “Альтэрнатыве”. Дый на канцэрце атмасфэра была зусім іншая – хатняя, можна сказаць. Нягледзячы на значную колькасьць народу, які прыйшоў даведацца, што там Супрановіч з Сахаравым гэткае выдалі, праз увесь вечар не пакідала ўражаньне, што прысутнічаеш на закрытай імпрэзе “для сваіх”.

Канцэрт, паводле старажытнага беларускага звычаю, пачаўся з паўгадзінным спазьненьнем. Першым меўся граць гурт “Безь Білета”, які выправіў на прэзэнтацыю свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў асобе скрыпачкі Ксені, якая сумленна адпрацавала за лайдакаватых мужыкоў-безьбілетнікаў: народ у залі слухаў яе зусім ня драйвавую, даволі працяглую сумна-лірычную імправізацыю без пазяханьняў і пярэчаньняў. Наступнымі выйшлі “Цмокі”, на якіх гукарэжысэр атрымаў магчымасьць са смакам і веданьнем справы адстроіць апаратуру. Аднак экспэрымэнты з гукам зусім не засмучалі ні музыкаў, што гралі, ня чуючы адно аднаго, ні публіку, якая паднялася на першай песьні і больш ужо не сядала да канца прэзэнтацыі. Потым было “Новае Неба” са старымі добрымі гітамі і новым гітарыстам. (Шчырыя яму спачуваньні: займаць месца, якое раней належала Славу Кораню...) Кася, дарэчы, ізноў адгадавала сабе настальгічна-памятныя доўгія валасы, якія так ёй пасуюць. Запачаткаваную “NN” музычную лінію працягнуў гурт “Exist” – тры самазаглыбленыя, патрабавальныя да сябе, да немагчымасьці стылёвыя рыцары экзыстэнцыі. Рэпэтыцыі ў халодным гаражы ніяк не паўплывалі на іх прафэсійныя і разумовыя вартасьці: музыка па-ранейшаму сакаўная, адметная, поўная падводных камянёў і нечаканых паваротаў.

Паміж выступамі гуртоў у ролі шоўмэна спрабаваў сябе Сяржук Сахараў, чыё гіпнатычнае ўзьдзеяньне на публіку набывала часам проста застрашлівыя памеры. Спачатку ён прымусіў хлопца зь дзяўчынай прадэманстраваць на вачох ва ўсяго клюбу сярэдняй цяжкасьці пацалунак, а пасьля схіліў невядомага героя да выкананьня стрыптызу, не даведзенага, што праўда, да лягічнага завяршэньня, якое сталася б фатальным для “Акварыюму”.

Але сапраўдным каралём вечарыны стаўся “Нэйра Дзюбель”. Кулінковіч, чыя беларуская душа папросту не зьмяшчалася ў расейскамоўнай цялеснай абалонцы, сьпяваў, танчыў, піў з фляжкі, распавядаў показкі... публіка на яго ледзьве не малілася.

Лягічным пераходам да дыскатэкі стаўся кампутарызаваны “Палац”, пракляты артадоксамі ад рок-н-ролу. А моладзь, між іншым, танчыла. Значыць, як казаў яшчэ не пралетарскі паэт Маякоўскі, гэта некаму трэба.

Халімон, Самахвалавічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0