26.02.2001 / 13:00

ВОДГУКІ

№ 08 (217), 19 — 26 лютага 2001 г.


 ВОДГУКІ

 

Клятва Гіпакрата і новы Крымінальны кодэкс

Новы Крымінальны кодэкс прадугледжвае больш суровыя, чым папярэдні, пакараньні за прафэсійныя злачынствы мэдыкаў. Так, “неаказаньне дапамогі хвораму”, неасьцярожнасьць, у выніку якой пацыент атрымаў пашкоджаньне або “інфэкцыяваньне ВІЧ-інфэкцыяй”, “неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў” можа “пацягнуць” на 2, 3 і нават 5 гадоў турэмнага зьняволеньня.

У друку ўжо зьявіліся першыя водгукі на згаданы артыкул Кодэксу. Прэтэнзіі ёсьць як у саміх мэдыкаў, так і ў пацыентаў, як абгрунтаваныя, так і неабгрунтаваныя. Усе іх скаргі можна падзяліць на мэдыцынскія і сацыяльныя. Першыя для свайго разгляду патрабуюць спэцыяльных мэдыцынскіх ведаў, другія – элемэнтарнага жыцьцёвага досьведу. Так, напрыклад, у ЗША лекар зарабляе за месяц каля 10 000 даляраў, а ў Беларусі – каля 30—40 даляраў. Ад нішчымніцы ратуюць соткі, лецішчы, “левыя” даходы. Некаторыя думаюць, што розьніцу паміж заробкам лекара і сапраўдным коштам ягонай працы кампэнсуюць пацыенты. Але гэта не зусім так. Што жабрак жабраку можа даць?

Чаму ж, у такім разе, лекары не пратэстуюць, не ствараюць незалежных прафсаюзаў, ня ладзяць пікетаў? Па-першае, гэта ад прыроды не ўласьціва інтэлігенцыі, а па-другое, больш “заможныя” лекары — хірургічнага профілю, адміністратары — не падтрымаюць іх. Многім мэдыкам “бясплатная” мэдыцына выгадная: карыстаючыся ўсім гатовым, яны тут і дзяржаўную зарплату атрымліваюць, і ад пацыентаў нядрэнны навар маюць, а хто-ніхто нават умудраецца наладзіць штосьці кшталту прыватнай практыкі. І ня трэба плаціць ні падаткаў, ні збораў, і ніякая інспэкцыя не падкапаецца.

Да таго ж, наш беларускі лекар часта пры ўсім жаданьні ня можа лячыць хворых на ўзроўні цяперашніх дасягненьняў мэдыцыны. На закупку дарагіх і эфэктыўных мэдыкамэнтаў проста няма сродкаў, ня кажучы ўжо аб мэдыцынскай апаратуры. Многія дарагія лекі ў дзяржаўных аптэках і мэдыцынскіх лячэбных установах адсутнічаюць. Іх часам можна купіць у камэрцыйных аптэках, і каштуюць яны, напрыклад, на месячны курс лячэньня — да некалькіх сотняў даляраў. Для амэрыканца грошы невялікія, там іх можна зарабіць за колькі дзён — а нашаму бюджэтніку ці пэнсіянэру, каб купіць такія лекі, трэба аддаць заробак ці пэнсію за некалькі месяцаў. Лекару даводзіцца выкручвацца, ілгаць хвораму, “лячыць” абы-чым, хаця карысьці ад гэтага мала ці зусім няма, а часам адна шкода, бо хвароба прагрэсуе. Звычайна лекары сумленна тлумачаць сытуацыю сваім пацыентам, і тады хворыя пішуць ва ўсе мэдыцынскія і немэдыцынскія інстанцыі, грукаюць ва ўсе дзьверы. Часьцей за ўсё безвынікова, бо “на няма і суду няма”. А вось “за неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў”, “за неаказаньне дапамогі хвораму” ў новым Крымінальным кодэксе ёсьць адпаведнае пакараньне. А якую дапамогу можа аказаць, напрыклад, лекар-радыёляг п’яному, якога ў транспарце схапіў інсульт? Хворыя і іх родзічы не заўсёды разумеюць, што далёка ня кожны доктар можа дапамагчы хвораму, і, замест таго, каб выклікаць “хуткую”, скардзяцца на доктара, што выпадкова апынуўся побач і не аказаў “належнай дапамогі”. Сацыяльныя скаргі хворых агульнавядомыя: чэргі ў паліклініках, адмова ў шпіталізацыі, дрэннае харчаваньне, недастатковая ўвага альбо грубасьць мэдпэрсаналу.

Скаргі на дактароў часьцяком выкліканыя некампэтэнтнасьцю “пакрыўджаных”. Так, часьцей за ўсё сваякі памерлага скардзяцца на памылкова пастаўлены дыягназ і няправільнае лячэньне, празь якое наступіла сьмерць. Праблема памылак дыягностыкі — вельмі складаная. Больш за ўсё яна зьвязаная зь недасканаласьцю, недакладнасьцю мэдыцыны як навукі. Прычыны памылак бываюць розныя: недастатковая кваліфікацыя доктара, цяжкі стан хворага і адсюль немагчымасьць дэталёва яго абсьледаваць, адсутнасьць адпаведных умоваў, пераацэнка кансультантаў, недаацэнка ці пераацэнка спэцыяльных дасьледаваньняў, падабенства прыкметаў многіх захворваньняў і г.д. Цікава, што працэнт дыягнастычных памылак у высокакваліфікаваных лекараў бывае нават вышэйшым, чым у менш кваліфікаваных. Гэта тлумачыцца тым, што ў першым выпадку кантынгент хворых бывае цяжэйшы, больш складаны для дыягностыкі, чым у другім. Усе выпадкі разыходжаньня клінічнага (прыжыцьцёвага) дыягназу з патолягаанатамічным (пасьля сьмерці) разглядаюцца на клініка-анатамічных канфэрэнцыях. Лекары таксама на сваіх памылках вучацца.

У мэдыцыне ёсьць такія правілы, невыкананьне якіх – сьмерць для хворага, а то і для здаровага чалавека, напрыклад, пераліваньне крыві без папярэдняе праверкі сумяшчальнасьці яе з крывёй пацыента, выдаленьне адной ныркі без высьвятленьня наяўнасьці другой і яе функцыянальных магчымасьцяў і г.д. За такія “памылкі” лекары нясуць юрыдычную адказнасьць.

У згаданым вышэй артыкуле Кодэксу чамусьці нічога не сказана пра адказнасьць дзяржаўных кіраўнікоў і адміністрацыі мэдычнай вэртыкалі за здароўе людзей у Рэспубліцы Беларусі, за выміраньне беларускай нацыі. Гэтак, пры Савецкім Саюзе бальшавіцкая ўлада з мэтай аднаўленьня колькасьці насельніцтва, замяшчэньня загубленых ёй жа людзей, карала патэнцыйных бацькоў, часта галадаючых ці жывучых у беднасьці. Карала за “нежаданьне” мець дзеці, уводзячы вар’яцкія законы супраць абортаў і “падатак на бязьдзетнасьць”. А многія хацелі б тады і цяпер хочуць мець, ды не адно дзіцё, а чатыры-шэсьць, многа, ды ня могуць: самім трудна пражыць. Дык колькі ж будзе цягнуцца гэтая злачынная бальшавіцкая ўлада?! Чаму за здароўе нацыі нясуць адказнасьць толькі лекары ды мэдсёстры?

Пасьля заканчэньня мэдыцынскага інстытуту лекары даюць Клятву Гіпакрата. І цяпер, нягледзячы на сваё беднае існаваньне, яны, у большасьці сваёй, сьвята яе выконваюць, але многія, каб не парушаць гэтай клятвы, сыходзяць з мэдыцыны.

Пры канцы зазначу, што праблема, якую я тут закрануў, мне добра вядомая, бо я ўжо 47 год працую патолягаанатамам, 10 год працаваў галоўным пазаштатным Менскім гарадзкім патолягаанатамам і столькі ж — Галоўным пазаштатным патолягаанатамам МАЗ БССР, загадчыкам катэдры паталягічнай анатоміі Менскага мэдыцынскага інстытуту, старшынём Навуковага таварыства патолягаанатамаў Беларусі. Мне добра вядомыя памылкі лекараў, сьлёзы сваякоў, юрыдычныя “справы ўрачоў”, як усё ёсьць у жыцьці.

І.Мірончык, Менск


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру