26.02.2001 / 13:00

Равяка Руслан. Беларусы ў савецкім войску

№ 08 (217), 19 — 26 лютага 2001 г.


 Беларусы ў савецкім войску

 

Араў

Прызвалі беларуса ў савецкае войска. Завезьлі яго некуды на Далёкі Ўсход, у глухое й забытае Богам мястэчка.

У першы дзень сэржант зашыхтаваў усіх “маладых” дый вырашыў паказаць, хто ён тут такі. Па чарзе падыходзіць да кожнага, тыцкае пальцем і пытае:

— Что делал на гражданке?

— Пахал… – адказвае адзін расеец.

— І здесь пахать будешь!

— Что делал на гражданке? – да наступнага.

— Пахал… – прамаўляе другі.

— І здесь пахать будешь! – зноўку перапыняе сэржант.

І так з кожным навабранцам, пакуль чарга не прыйшла да беларускага хлопца.

— Что делал на гражданке?

— Араў… – адказвае беларус.

Сэржанту на імгненьне заняло дух, а пасьля пачуўся роў:

— Здесь я орать буду, а ты будешь, как и все, пахать!

 

Кепска ў роце

Прыехаў генэрал-беларус правяраць вайсковую частку. Камандзір часткі ледзьве ў рот тому не глядзіць, завіхаецца. А генэрал ходзіць хмурны і ўсё мармыча сабе пад нос:

— Кепска ў роце, кепска ў роце, кепска ў роце…

Камандзір часткі ўжо дрыжыць, думае – без пагонаў застануся.

Павялі генэрала ў сталоўку. Тая аж блішчыць. А генэрал адно ўсё:

— Кепска ў роце, кепска ў роце, кепска ў роце… .

Тут выцягваецца няведама адкуль п’яны маёр-беларус з пляшкай гарэлкі дый кажа генэралу:

— Ну, дык можа па сотачцы прычасьцімся?

Усе вакол генэрала струпянелі, а той сёў за стол дый выпіў зь ім шклянку гарэлкі.

— Во, — кажа, — цяпер добра ў роце!

 

Ён есьць

Падыходзіць адзін новапрыбылы афіцэр да салдата-беларуса й пытаецца:

— Где прапаршчык Іваноў?

— Ён есьць! – адказвае салдат.

— Я знаю, что он есть, но где он?

— Ён есьць! – зноўку паўтарае салдат.

— Да где он, дубина, спрашиваю, есть?

— Да ў сталоўцы ён есьць, таварышч летэнант.

Равяка Руслан


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру