Навіны за тыдзень

 

Вячоркаўцы перамаглі

23 лютага Найвышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў скаргі “пазьнякоўскага” КХП БНФ, які патрабаваў пазбавіць “вячоркаўскі” БНФ “Адраджэньне” ягонае назвы і скасаваць рэгістрацыю. КХП будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў Найвышэйшым судзе.

 

Арышт Ваўка

У Варшаве на запыт беларускіх уладаў у экстрадыцыйную турму быў зьмешчаны ізраільскі прадпрымальнік Леанід Воўк, якога беларускія ўлады вінавацяць у нявыплаце падаткаў падчас дзейнасьці ў якасьці дырэктара “Кляс-Клюбу” ў Менску. Аб’яднаная Грамадзянская Партыя заявіла, што прадпрымальнік дапамагаў апазыцыйным палітыкам, будучы ў Беларусі, і менавіта за гэта перасьледуецца цяпер уладамі. АГП заклікала польскія кампэтэнтныя органы не выдаваць сп.Ваўка ў Беларусь.

 

 

Анархістаў у адвэнтысты

Фэдэрацыя Анархістаў Беларусі адзначыла дзень савецкага войска масавым спаленьнем прызыўных пасьведчаньняў ля ваенкамату на плошчы Свабоды і прыняла прысягу ніколі не служыць у войску. Нібыта паслухаўшыся іх, у той самы дзень Генштаб паведаміў пра тое, што праект закону “Аб альтэрнатыўнай службе” будзе гатовы ўжо ў сакавіку-красавіку. Тычыцца ён будзе толькі раней судзімых ды вернікаў, якія ня могуць браць у рукі зброю з-за рэлігійных перакананьняў (гэта трэба будзе давесьці адпаведнымі пасьведчаньнямі ад рэлігійных грамадаў). Асобы з вышэйшай адукацыяй будуць “альтэрнатыўна” служыць 18 месяцаў, астатнія – 27.

Алесь Кудрыцкі


спартовы тыдзень

Праколы і скальпы

Эдуарду Малафееву, які цяпер назірае за прыгодамі нацыянальнай футбольнай зборнай у баўгарскай Альбэне, самы час брацца за галаву ды хавацца ў бульбу. Тры паразы ў спарынгах з узбэкамі, румынскім клюбам “Фарул” ды баўгарскім “Спартаком” у чарговы раз адлюстравалі ўзровень беларускага клюбнага футболу. Між тым, зірніце на каляндар ды ўзгадайце, што да гульні з Украінай засталося крыху больш за тры тыдні. Толькі і спадзеву, што на легіянэраў. Вунь, як Гурэнка ў гішпанскую “Сарагосу” прыйшоў, дык цяпер яна направа ды налева кухталі раздае. Дый нашыя кіеўскія разьведчыкі Хацкевіч зь Бялькевічам таксама, відаць, у тыле ворага бяз справы не сядзяць. Так што яшчэ пабачым, хто каго. А на сёньня – паводле апошняга рэйтынгу ФІФА, мы на 96-м месцы, а Украіна – на 36-м...

А вось у тэнісістаў ад аднаго подыху далёкай яшчэ вясны папросту кроў закіпае: тое, што Максім Мірны Магнуса Нормана адмяцеліў у Марсэлі, гэта яшчэ хай сабе, але вось расейца Марата Сафіна (другая ракетка 2000) завошта зганьбіў? Зусім не па-брацку атрымалася. Хаця гэтым Максім на турніры ў Ратэрдаме задаволіўся, у другім раўндзе прайграўшы швэду Вінсыгуэру. Адпомсьціў за дружбака мянчук Вова Ваўчкоў, паказаўшы скандынаву ў чвэрцьфінале, хто ёсьць кім. Праўда, у паўфінале Вову “зрабіў” француз Эскюдэ. Ну, ды нічога – 39 тысячаў “зялёных” за выхад у паўфінал таксама на дарозе не валяюцца.

Біятляністы выправіліся ажно ў алімпійскі Солт-Лэйк-Сыты, на сёмы этап Кубку сьвету! Думаеце, каго-небудзь зь іх гэны кубачак сапраўды цікавіць? Чорта лысага! Нашыя ўжо да алімпіяды рыхтуюцца – трэба ж разгледзецца там, што дзе зрэзаць можна, дзе лішні набойчык прыхаваць... Каб толькі дзядзька Сэм за каўнер не злавіў, а то не разумеюць яны нашых жартаў...

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0