Вайсковая апазыцыя

23 лютага пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах афіцыйна абвясьціў генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі.

 

Беларускія прэзыдэнцкія выбары, хутчэй за ўсё, адбудуцца сёлета, не пазьней, чым у “адну зь нядзеляў верасьня”. Такая неакрэсьленасьць дае падставы меркаваць, што Лукашэнка паспрабуе наагул абысьціся бязь іх і пераабрацца ці то пры дапамозе чарговага рэфэрэндуму, пра які будзе абвешчана ў траўні на так званым другім Усебеларускім народным сходзе, ці то шляхам звычайнага парлямэнцкага галасаваньня. Але як бы там ні было, шэрагі кандыдатаў у прэзыдэнты растуць. Каманда першага міністра абароны сувэрэннай Беларусі (1992—1994) складаецца практычна з адных вайскоўцаў, якія, з прыходам да ўлады А.Лукашэнкі, апынуліся ў апазыцыі. Мяркуючы зь некаторых першых крокаў гэтай каманды, у прыватнасьці, з наладжваньня кантактаў з прэсай, можна сьцьвярждаць, што ў цяперашняга валадара зьявілася даволі дакладна арганізаваная і структураваная вайсковая апазыцыя.

Адной з найкалярытных асобаў у атачэньні Казлоўскага зьяўляецца генэрал Яўген Бачароў, былы камандзір памежных войскаў. Ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод “аўганцаў”, у іх, дарэчы, рэжым бачыць адну са сваіх апораў. Ня выключана, што да Казлоўскага далучацца і іншыя вайскоўцы, пакрыўджаныя Лукашэнкам. Напрыклад, 55-гадовы начальнік Генштабу беларускага войска генэрал-лейтэнант Казлоў, якому папросту не падоўжылі кантракт – бо ня ўмеў “угінацца” перад галоўнакамандуючым.

Па ўсім відаць, што Казлоўскі мае харызматычныя рысы, зь якімі можна сьмела разьлічваць на сымпатыі выбарцаў. Нарадзіўся ён у простай сялянскай сям’і, скончыў беларускую школу. Нават у Ташкенцкай вайсковай вучэльні курсант Павал Казлоўскі па ўласным жаданьні здаваў некаторыя іспыты (у прыватнасьці, матэматыку) па-беларуску.

Немалаважна і тое, што П.Казлоўскі – не паркетны генэрал. Ён прайшоў усе штабныя і шыхтовыя службовыя пасады. Нейкі час ягоным падначаленым быў сёньняшні начальнік Генштабу расейскага войска Анатоль Квашнін, зь якім Казлоўскі дасёньня захоўвае цёплыя стасункі. Паводле некаторых зьвестак, і балятавацца 58-гадовы экс-міністар вырашыў менавіта пасьля нядаўніх візытаў у Маскву...

Сямейнікі Паўла Казлоўскага не адразу ўхвалілі гэтае ягонае рашэньне – аж занадта пераканальным было здарэньне з Захаранкам. Толькі пасьля працяглых гутарак – а ў вялікай сялянскай сям’і генэрала ўсе пытаньні вырашаюцца па традыцыі супольным абмеркаваньнем – Казлоўскі давёў неабходнасьць свайго ўдзелу ў выбарах. Дарэчы, генэрал быў у маленстве вязьнем фашызму, што таксама будзе мець не абы-якое значэньне для выбарцаў.

У 1992 г. П.Казлоўскі быў не адзіным кандыдатам на пост міністра абароны. Іншы прэтэндэнт — беларус-генэрал Георгі Шпак — цяпер камандуе расейскімі паветрана-дэсантнымі войскамі. Але першым апрануць новую форму з “Пагоняй” і бел-чырвона-белым шаўронам на рукаве наканавана было Паўлу Казлоўскаму. Менавіта яго віталі на лужку перад Белым Домам падчас першага ў гісторыі візыту міністра абароны незалежнай Беларусі ў ЗША – пасьля ўсяго, што адбылося ў беларуска-амэрыканскіх стасунках за гады кіраваньня Лукашэнкі, візыты такога ўзроўню цяпер папросту нерэальныя. Пры Казлоўскім былі распрацаваныя армейскія статуты на беларускай мове, з улікам старажытнабеларускай вайсковай традыцыі. Пры ім распачало актыўную дзейнасьць Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў, актывістамі якога былі як сацыял-дэмакрат Мікалай Статкевіч, так і генэральны пракурор Віктар Шэйман.

Ад традыцыйнай грамадзянскай апазыцыі зь ейнай непераадоленай аморфнасьцю каманда П.Казлоўскага істотна адрозьніваецца перш за ўсё ўплывовымі сувязямі і аўтарытэтам у сілавых структурах — як менскіх, так і маскоўскіх: нездарма ж Казлоўскі на працягу апошніх год узначальваў Міжнародны фонд рэабілітацыі здароўя былых вайскоўцаў “БелРос”. Прагматызм генэрала праяўляецца і ў тым, што ён са сваёй камандай быццам бы гатовы падтрымаць самага пэрспэктыўнага кандыдата ад апазыцыі. Але вызначыцца з прэтэндэнтам, на ягоную думку, трэба пры канцы перадвыбарчай кампаніі, а не на пачатку.

Зьяўленьне беспартыйнага генэрал-палкоўніка Паўла Казлоўскага на перадвыбарчым небасхіле заўважна ажыўляе палітычнае жыцьцё Беларусі і зьлёгку блытае палітычныя карты як апазыцыі, так і рэжыму. А замежныя назіральнікі змушаныя будуць значна адкарэктаваць сваё стаўленьне да беларускіх выбараў. Ніхто не жадае ўзрушэньняў, усе жадаюць мірнай трансфармацыі краіны ў цэнтры Эўропы.

Раман Якаўлеўскі


Генэрал Казлоўскі праславіўся сваім змаганьнем зь Беларускім Згуртаваньнем Вайскоўцаў у 1993 г.  Аб пачатку сваёй прэзыдэнцкай кампаніі Казлоўскі абвесьціў 23 лютага 2001 г. — на сьвята акупацыйнае для Беларусі арміі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0