Нашыя ўяўленьні пра “беларускі крымінальны сьвет”, “польскі” ці “нямецкі крымінальны сьвет” амаль заўжды перабольшаныя. У страху і ў фантазіі вялікія вочы. Беларускі злачынны сьвет – правінцыйная філія расейскага. Польскі й нямецкі проці расейскага здаюцца проста дзіцячымі. А ў Расеі рэальнасьцю сталі нашыя самыя страшныя ўяўленьні. «Беспредел», закон вуліцы, неверагодная жорсткасьць пры неймавернай квапнасьці, пагарда да любога закону і права – божага й чалавечага... Цэлая цывілізацыя, выгадаваная на турэмных вартасьцях, выраслая з маскоўскае дэспатыі, з апрычніны, з царскай катаржнай Сібіры, зь вялікай сталінскай – на паўкраіны, на паўнароду – зоны. І ўсё гэта пануе, размнажаецца, культывуецца.

Большасьць беларусаў, як і большасьць эўрапейцаў, ведае Расею па Маскве, па Краснай плошчы, па Пушкінскім музэі і Трацьцякоўцы. Варта пакінуць Маскву, як пачынаецца іншы сьвет, дзе няма ні права, ні закону. Нам гэта дзіка. Страшна чытаць гісторыі, якімі поўніцца расейская прэса. Вусьцішна, але трэба. Каб ведаць, з чым маем справу.

Расейскі крымінал – страшная пагроза ня толькі парадку на беларускіх вуліцах, але й самім асновам эўрапейскае цывілізацыі, ці не найвялікшая стратэгічная пагроза бясьпецы ў Эўропе і сьвеце. Менавіта гэта мела на ўвазе памочніца Джорджа Буша па нацыянальнай бясьпецы Кондалайза Райс, гаворачы пра пагрозу сьвету, што сыходзіць ад Расеі. З Расеі пра Расею гэтым разам піша аглядальніца Інтэрнэт-газэты www.gazeta.ru Ганна Архіпава.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0