Адам Глёбус

Расейскія матывы

 

Самасьць

Раздражняе расейская самасьць. Мы самыя вялікія, мы самыя няшчасныя. Мы ўтапілі самы вялікі падводны човен, у нас згарэла самая высокая вежа, у нас самыя жорсткія тэрарысты… Зь любой трагедыі робіцца выключная зьява. Суцэльны самападман пануе ў расейскай сьвядомасьці. Нават у расейскім часопісе “Плэйбой”, прэзэнтуючы пісьменьніка Мамлеева, пішуць, што ён вялікі расейскі пісьменьнік. Такое сьветаўспрыманьне немінуча вядзе да трагедыі, да расчараваньня. Самасьць асьляпляе расейцаў. І нават разумны й далікатны літаратар Міхаіл Прышвін піша: “…няма ў сьвеце больш барбарскага абыходжаньня з жывёламі, са сродкамі працы, зь зямлёю, чым у нас”. Можна дадаць і чалавека, не памылімся. Але ж галоўнае: “няма ў сьвеце” і “больш”. Дурная самасьць, што вядзе да новых і новых ахвяраў.

 

Троцкі

Бацька чырвонага тэрору Леў Троцкі дэталёва апісаў сваё жыцьцё-быцьцё ў маскоўскім Крамлі. Уразіла ня тое, што бальшавікі расстралялі царскую сям’ю, а што, расстраляўшы, спакойна жэрлі з царскага посуду, і прыслужвалі ім за сталом царскія лёкаі.

Я не цярплю аднаразовага посуду, але й з чужых, нават рэстаранных талерак, есьці не люблю. Каб можна было хадзіць у госьці з уласным сталовым прыборам, я б хадзіў.

 

Брудныя,
галодныя, злыя…

Сын Мікола зьездзіў на дзень у Маскву. “Яны там усе брудныя, галодныя, злыя”, — пра масквічоў. А я ўжо й не заўважаю гэтага, прывык, пэўна. Міколавы ўражаньні пераказаў Сашы Дынько. А яна кажа, што й сапраўды брудныя, галодныя, злыя.

 

Чынгісханавічы

Расейскі эмігрант князь Мікалай Трубяцкой у 20-х гадах ХХ ст. фармуляваў дактрыну новага шляху Расеі. Ён пісаў: “Камунізм на самой справе зьяўляецца скажоным варыянтам эўрапеізму ў ягоных разбурэньнях духоўных асноваў і нацыянальнай унікальнасьці расейскага грамадзтва, у распаўсюджваньні ў ім матэрыялістычных крытэраў, якія фактычна кіруюць у Эўропе і Амэрыцы…”

Відавочны маразм Трубяцкога пацьвердзіла гісторыя, калі камунізм дайшоў да Азіі й выявіўся ва ўчынках Мао, Хо Шы Міна й асабліва крывава ў дзеяньнях Пол Пота, чые пасьлядоўнікі матыкамі трушчылі чарапы сваіх бацькоў.

“Наша задача — стварыць цалкам новую культуру, нашу ўласную культуру, якая ня будзе падобнай да эўрапейскай цывілізацыі… Калі Расея перастане быць скажоным адбіткам эўрапейскай цывілізацыі… Калі яна зноў стане сама собою: Расеяю-Эўразіяю, сьвядомай спадкаемніцаю і носьбітам вялікай спадчыны Чынгісхана”.

Маразм на маразьме. Якая цалкам новая культура? Чаму ня трэба быць падобным да цывілізацыі? Кім можа быць Расея, акрамя як Расеяю? Чаму за ўзор бярэцца спадчына Чынгісхана, а ня прыклад Аляксандра Македонскага, які хоць крышку ў Арыстотэля вучыўся і рэальна аб’яднаў Эўропу з Азіяй?

І няхай бы глупствы князя-выгнаньніка засталіся на пажоўклай паперы. Дык не. Расея намагаецца аб’яднаць Беларусь з Таджыкістанам, Ічкерыяй і Карэліяй і стварыць гэтую хімэрычную Расею-Эўразію. Кроў, вайна й жабрацтва народу — вось вынік намаганьняў.

Расеі, каб захавацца як Расеі, трэба зрабіцца Масковіяй, эўрапейскай дзяржавай, інакш яе зьесьць мусульманская Азія, Чынгісхан адродзіцца, і расейцы зноў будуць сплочваць падаткі вялікаму манголу.

 

Дастаеўскі

Чорны рэаліст Дастаеўскі хварэў на азарт. Але не шанцавала Хведару Міхайлавічу, і ў швайцарскім казыно ён прайграў 2000 рублёў золатам. Сьпехам пазычыў грошы на дарогу і ўцёк у Санкт-Пецярбург. Доўг расейскага літаратара й дагэтуль ня сплочаны. Ня любяць расейцы вяртаць грошы. Браць любяць, красьці любяць, а вяртаць — не.

 

Тургенеў

У дзёньніку братоў Ганкураў Іван Тургенеў названы “мілым барбарам”. З “барбарам” я згодны цалкам, а вось “мілы” — чыста француская галянтэрыя. Тургенеў ня мілы і ня друг, а барбар з бабскім тварам, хворы на імпэрскую ідэалёгію.

 

Сорам за мову

З расейскім празаікам Сьвятазарам Барчанкам я сядзеў за адным рэстаранным сталом у доме творчасьці ў Піцундзе. З жонкаю мы дэманстрацыйна перагаворваліся па-беларуску. “А вам ня сорамна гаварыць за сталом на мове, якой астатнія не разумеюць?” — паспрабаваў упікнуць нас Сьвятазар. — “А вам ня сорамна, што ўсе сьмяротныя прысуды ЧК, НКВД і КГБ пісаліся па-расейску?”. Дні два мы не гаварылі. Потым замірыліся, і Сьвятазар расказаў, як ягоны дзед даў прытулак сям’і Івана Буніна ў крывавым 1917 г. Пазьней я знайшоў у бунінскім дзёньніку запіс: “Каля шлягбаўму кола рассыпалася. Да Яльца пешкі — цяжка! Жахліва! Спыняць, могуць забіць... Прытулілі нас Барчанкі. Увечары (зноў удар!) [Успаміны перарываюцца гукамі гарматных стрэлаў, якія чуваць было, калі рабіліся запісы ў дзёньніку. — А.Г.] у нас госьці, я гаварыў лішняе, — выпіў. 24-га прабылі ў Яльцы. Адсюль чуткі пра пагромы маёнткаў. Вл. См. усё Аненскае разграмілі. Паляць хлеб, скаціну, сьвіньні смажаць і п’юць самагонку (Зноў!)”. У знак прымірэньня Сьвятазар пераклаў на сапраўдную расейскую мову маю аповесьць “Сьмерць-мужчына”.

 

Вырвацца з Расеі

Марына з роду князёў Трубяцкіх з 1934 па 1942 г. была жонкаю самага экстравагантнага расейскага літаратара Данііла Хармса. Ва ўспамінах яна кажа: “Ні за якія грошы, ні за што, што б мне ні далі — каштоўныя пярсьцёнкі, дыямэнты — ніколі ў жыцьці я ня буду глядзець на Расею!” Так вось зьнявагамі давялі чалавека да нянавісьці да Радзімы. Гэтымі словамі яна скончыла ўспаміны. А вышэй яна пісала й такое: “Мяне і яшчэ трох-чатырох маладых паклалі на печы. Я хутка сагрэлася. І раптам я пабачыла котку! Нязьедзеную котку! Я як загарлаю: “Трымайце яе! Таварышы, хапайце яе!” — і зьляцела зь печы. Я кінулася за коткай, каб яе злавіць. Але яна, дзякуй Богу, уцякла”. Котку Марына лавіла, выбраўшыся з блякаднага Ленінграду, дзе за талерку супу з сабачыны аддала Друскіну ўсе рукапісы мужа. Свайго Дані, які баяўся толькі аднаго на сьвеце — што яго забяруць у войска й прымусяць забіваць людзей, які імітаваў псыхічную хваробу, якога па даносе арыштавалі й замарылі голадам у турме. А Марына вырвалася з блякады, а пасьля і з Расеі. Ёй пашанцавала.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0