Абласны тэатар

Пра Мазынскага апошнім часам шмат чуваць. Першай навіной тэатральнага сэзону быў ягоны вымушаны сыход з пасады галоўнага рэжысэра Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі (даўней гэты тэатар называўся “Вольная сцэна”). Гэтая навіна ўсіх скаланула. Здаецца, даўно ўжо адышлі ў мінулае тыя часіны, калі партыйны бос сваёю мазолістаю рукою прызначаў і звальняў мясцовых жрацоў Апалёна. Ды дзе там! Скандальнае звальненьне Мазынскага не спыніла існаваньня Тэатру-студыі, а сам Мазынскі вырашыў заснаваць першую белмоўную незалежную антрэпрызу. Першым спэктаклем якой у год прэзыдэнцкіх выбараў стала не “Антыгона”, ня “Макбэт” — “Вечар”, паводле Дударава.

 

Тэатар “Вольная сцэна” меў прыгожую трупу і разнастайны рэпэртуар, рабіў чатыры, а то й пяць прэм’ераў у сэзон з рознымі рэжысэрамі – ад Мікалая Дзінава (сапраўднае прозьвішча Гавядзінаў) да Пінігіна зь ягоным творчым антыподам Раеўскім. Ажыцьцявіў скандальную пастаноўку “Ўзьлёту Артура Ўі, які можна было спыніць”. Гэты скандал моцна паспрыяў папулярнасьці “Вольнае сцэны” сярод журналістаў. Тэатар езьдзіў на фэстывалі, атрымоўваў нейкія ўзнагароды – пераважна ў краіне, а аднойчы нават за мяжой – у Бранску. Пабываў у Эдынбургу, зьдзівіўшы тамтэйшую публіку дудараўскім перакладам Шэксьпіра на беларускую мову з ужываньнем не зусім цэнзурнай лексыкі. Прыдбаў утульнае памяшканьне, дзе наладжваліся прыгожыя вечарыны і мастацкія выставы. Распрацаваў собскі стыль у афішах – пэдантычна-крыклівы, з пазнакамі накшталт “фантасмагорыя-псыхааналіз”, “фантастычны трылер-кліп”, “жудасная камэдыя”, “драматычныя мроі” ці нават “кабарэ-дэтэктыў”. Займеў уласную старонку ў Інтэрнэце – з адрасамі і рэквізытамі, падрабязным пералікам колішніх прэм’ераў, фэстываляў і ўзнагародаў, з архівамі і навінамі. А галоўнае – з фатаграфіямі актораў трупы і іхнымі днямі нараджэньня. І ўсё гэта на расейскай мове – г.зн. зь відавочным разьлікам на Бранск. Як ува ўсіх беларускіх прадпрыемстваў.

Паўстаньне “Хартыі-97”, падпісаньне Беларускай Дэклярацыі свабоды, апазыцыйныя маршы, мітынгі – усе гэтыя падзеі не абышліся бяз чыннага ўдзелу Мазынскага. У сакавіку 1998 г. на запрашэньне чэскага тэлебачаньня і радыёстанцыі “Свабодная Эўропа” ён разам зь Юр’ем Хашчавацкім наведвае Прагу з нагоды прэм’ернага паказу на Чэскім тэлебачаньні славутага дакумэнтальнага фільму “Звычайны прэзыдэнт”...

Менавіта таму ніхто не зьдзівіўся, калі на Мазынскага быў учынены напад: рэжысэр вяртаўся з лазьні, да пад’езду заставалася некалькі крокаў, і раптам – жудасны ўдар ззаду тупым прадметам па галаве. У выніку – сур’ёзныя пашкоджаньні галавы, страсеньне мазгоў, зламаная рука, рэанімацыя. Цікава, што Мазынскі жыве ў тым самым доме і ледзь ня ў тым жа пад’езьдзе, што й актор Расьціслаў Янкоўскі, які калісьці таксама быў зьбіты невядомымі хуліганамі. Напад адбыўся пры гэткіх самых абставінах і паводле вельмі падобнай схемы. Нягледзячы на гэты дзікунскі напад, дакладна празь месяц – 27 лютага – Мазынскі наважыўся зладзіць прэм’еру ў новым тэатры пад старою шыльдаю. Такая жыцьцёвая цьвёрдасьць ня можа не заслугоўваць павагі.

Рэпэтыцыя, на якую я намагалася патрапіць, адбывалася ў памяшканьні былой карчмы “На ростанях”, дзе цяпер шпарка робяць рамонт. Парадныя дзьверы былі зачыненыя, на тыльных вісеў замок. Я доўга валэндалася па двары ў дарэмнай надзеі, што яны адчыняцца – ці, прынамсі, нехта мне растлумачыць, як трапіць усярэдзіну. Цэлую гадзіну я пачувалася, як Аліса ў Краіне Цудаў – хіба што замест гарачага ліпеньскага поўдня была завея, і пранізьлівая вільгаць, і лёд пад нагамі, а цудадзейнага грыба, з дапамогай якога можна ўплішчыцца ў замочную шчыліну, у мяне не было. Нарэшце мне пашчасьціла дастукацца да вахцёркі ў суседняй мастацкай галерэі, якая зьлітавалася над мною і правяла нейкімі калідорамі проста ў сэрца творчага працэсу. У невялікім пакоі панавала разруха. На падлозе – будаўнічы друз, сьцены напаўразбураныя, без тынкоўкі. Сярод усяго гэтага бруду й паскудзтва стаяў стол, вясковыя лавы й зэдлікі – знарочыста тэатральныя, бутафорскія, бо ў вёсцы я гэткай мэблі ніколі ня бачыла. У гэтым асяродку разыгрывалася тэатральная дзея. Акторы Мікола Кучыц і Аляксандар Ткачонак з Расейскага тэатру яшчэ ня надта добра ведалі свае ролі і шчыравалі з паперкамі ў руках, шукаючы “арганічнага самапачуцьця”. Рэжысэр кіраваў працэсам, седзячы на старэнькай канапе. Там жа знайшлося месца й для мяне.

Тое, што я пабачыла, засмуціла мяне. Вядома, на прэм’еры многія дэталі пастаноўкі будуць выглядаць іначай. Больш прыгожа. Больш арганічна. Аднак самая сутнасьць наўрад ці зьменіцца. А сутнасьць гэтая заключаецца менавіта ў тым, што Мазынскі з пахвальнаю пасьлядоўнасьцю ўзнаўляе стылістыку абласных тэатраў савецкае эпохі. Цалкам верагодна, што “Вечар” Дударава і не надаецца на іншую пастаноўку. Схематычныя пэйзаны і пэйзанкі, праблемы і характары, якіх ня знойдзеш анідзе па-за абсягамі пісьменьніцкага дачнага каапэратыву… Калісьці гэта здавалася “вострым”, цяпер – старамодным і нецікавым. Незалежнасьць антрэпрызы нічога не зьмяніла ў стылі Мазынскага.

Навошта ж тэатар выбраў для свайго вяртаньня гэткую п’есу?

Дудараў прапанаваў Мазынскаму сваю падтрымку ў адраджэньні “Вольнае сцэны”. Знайшліся й бізнэсмэны, якія далі грошы “пад Дударава”, бо ў мазынцаў не было нават сродкаў, каб скончыць працу над “Мамабукам”. Фармальны патранаж над тэатрам узяў на сябе Саюз тэатральных дзеячоў, які ўзначальвае Дудараў. Цяпер абмяркоўваецца магчымы ўдзел прафсаюзаў. Сам Мазынскі катэгарычна аспрэчвае любую сувязь паміж дудараўскай прапановай і выбарам п’есы: “Ды няма тутака ніякай сувязі! “Мамабук” у нас ужо быў; гэта адзіны спэктакль, які ў нас застаўся пасьля таго, як нашая частка трупы пайшла з тэатру. Мы хацелі ўзяць яшчэ адну ягоную п’есу – “Кім” – і зрабіць трыпціх. Куды ж тут падзенешся – Дудараў найлепшы наш драматург. Нам трэба быць удзячнымі. Мала таго – гэта зразумелы і блізкі нам матэрыял, вельмі праблематычны. Так што ўсё сышлося нібыта найлепшым чынам”.

Над гэтымі апошнімі словамі варта задумацца. Найлепшы наш чын — стылістыка абласнога тэатру.

Апазыцыйнасьць, пры ўсёй яе прыцягальнасьці ў эпоху аўтарытарызму, ня здольная сама сабою надаць жыцьця мёртваму дому.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0