Марудзіць не выпадае

Беларусі пагражае рабаўніцкая прыватызацыя

Леанід Сініцын, былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, зьвярнуўся да дэпутатаў палаты прадстаўнікоў з заклікам узбунтавацца супраць свайго патрона. “Краіна на мяжы нечуванай па сваіх маштабах рабаўніцкай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці, — піша ён у сваім звароце да дэпутатаў. – Ідзе пачварнае спаборніцтва: хто таньней прадасьць Беларусь. На продаж выстаўленыя найлепшыя беларускія прадпрыемствы, якія эфэктыўна працавалі нават ва ўмовах дзяржаўнага кіраваньня”. Леанід Сініцын уважае, што трэба сказаць “рашучае “не” прыватызацыі ў перадвыбарчы год. Размовы пра тое, што, “калі няма прыватызацыі, дык няма й рэформаў”, напярэдадні выбараў могуць весьці толькі правакатары. Рабаўніцкую прыватызацыю, якой Лукашэнка ў 1994 г. абяцаў не дапусьціць, ён праводзіць цяпер пад ціскам свайго мафіёзнага атачэньня. Пакуль выбары не прызначаныя, ідзе не рэфармаваньне эканомікі, а круцельская гульня бяз правілаў, расьцьвітае махровы “беспредел”. Гэта пара спыніць. Пара ўнесьці ды прыняць пастанову палаты прадстаўнікоў аб прызначэньні прэзыдэнцкіх выбараў і вярнуць усіх у рамкі закону. Вы й толькі вы маеце права абвесьціць іхную дату ды спыніць гэтым усе злачынныя гульні вакол нашай Радзімы. Пакуль вы будзеце чакаць адмашкі аднаго з кандыдатаў (маецца на ўвазе Лукашэнка – Рэд.), усё будзе спрададзена. І тады – якая, у прынцыпе, розьніца, хто стане бяспраўным прэзыдэнтам абабранага народу? Бо ж наша краіна ня нам належацьме!” Сініцын заклікае “дзеяньнямі даказаць сваю легітымнасьць” і “нічога не баяцца”.

Гэты лямант у пустэльні, зьвернуты да прызначэнцаў дыктатара, выкліканы найперш рашэньнем аб перадачы бабруйскага камбінату “Белшына” фактычна ва ўласнасьць расейскім інвэстарам, якія будуць дзейнічаць праз маскоўскі банк “Авангард”. Дырэктар гэтага банку зьяўляецца адначасова дарадцам Генадзя Селязьнёва, старшыні расейскае Думы і блізкага сябра Аляксандра Лукашэнкі. Нібыта маюць прадаць таксама «Беларуськалі» і мазырскую нафтаперапрацоўку. З дапамогай гэтых грошай Аляксандар Лукашэнка, магчыма, хоча прафінансаваць сваю кампанію.

Наіўны заклік сп.Сініцына зьвернуты ня гэтак да псэўдапарлямэнтароў, як да айчыннага капіталу, якім бы мізэрным ён ня быў. “Калі вы не згуртуецеся вакол свайго кандыдата, дык усё нацыянальнае багацьце апынецца ў руках расейскіх спонсараў Лукашэнкі, а вас зробяць нікчэмнымі прыслужнікамі расейскага крыміналу”, — папярэджвае Сініцын, далучаючыся ў пэўным сэнсе да дэпутата Пашкевіча, які апошнім часам таксама рэзка крытыкуе лукашыстаў.

Гэтыя палітыкі бяруць дыстанцыю ад Лукашэнкі, бо адчуваюць нетрываласьць ягонае ўлады. Яны яшчэ не гатовыя зрабіць наступны крок – адкрыта падтрымаць кандыдата ад грамадзкай апазыцыі Лукашэнку, які адзін (а не якія там “палаткі”) у выпадку сваёй перамогі і здолее ўратаваць Беларусь ад разрабаваньня. Але гэты наступны крок – непазьбежны.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0