Меркаваньне экспэрта

Падзеі выбарчае кампаніі аналізуе Віктар Чарноў, палітоляг, выканаўчы дырэктар фонду “Адкрытае грамадзтва”.

 

“У дзеяньнях улады яўна праглядаецца сілавы сцэнар правядзеньня будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Выкарыстоўваецца тая самая мэтодыка, што й на парлямэнцкіх увосені. Адсеў кандыдатаў на стадыі рэгістрацыі. Выліцьцё на іх патокаў бруду. Завядзеньне крымінальных справаў. Магчыма, рэгістрацыю пройдуць толькі маргінальныя, недэмакратычныя кандыдаты. Гэтую небясьпеку можна пераадолець, калі грамадзтва здолее мабілізавацца на супраціў спробам “адстраляць” кандыдатаў перад рэгістрацыяй. Адна з праблемаў, якую вырашае апазыцыя, гэта колькасьць кандыдатаў, зь якою выходзіць на рэгістрацыю: ці то вылучаць аднаго, ці йсьці на рэгістрацыю гуртам. Пажадана, каб апазыцыя змагла б вызначыцца з адзіным кандыдатам яшчэ да рэгістрацыі, раскруціць яго. Калі пойдуць некалькі кандыдатаў, небясьпека іхнае нерэгістрацыі наўрад ці зьменшыцца, бо акрамя дэмакратаў, рэгістравацца будуць і маргіналы накшталт Леванеўскага, псэўдадэмакраты Гайдукевіч ды Калякін. Лукашэнка пакіне іх, бо яны яму не пагражаюць, а сур’ёзных палітыкаў “вырубіць”. Улада вырашыць праблему канкурэнтаў Лукашэнкі ды захавае выгляд дэмакратычных выбараў (“ня ўсіх жа кандыдатаў зьнялі”). Усіх небясьпечных для Лукашэнкі кандыдатаў гатовыя аб’явіць крымінальнікамі. Ствараюць уражаньне абложанае фартэцыі, дзе ворагі - скрозь. Яскравы прыклад – экстра-выпуск перадачы Зімоўскага ў сераду».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0