Сьвятыня вярнулася ў храм

21 лютага пры ўдзеле віцебскага біскупа Ўладыслава Бліна адбылася незвычайная падзея ў жыцьці Глыбокага – асьвячэньне цудадзейнага абраза Маці Божай Падхорнай Глыбоцкай, які вярнуўся пасьля рэстаўрацыі ў Глыбоцкі Траецкі касьцёл.

 

На асьвячэньні, акрамя вернікаў, прысутнічалі ксяндзы ўсіх парафій Глыбоцкага дэканату: кс.Кшыштаф Вітвіцкі, дэкан Глыбоцкі; ксёндз-пралат Ёзас Булька, пробашч Мосарскага касьцёлу Сьвятой Ганны; найстарэйшы ксёндз Глыбоччыны і Віцебскай дыяцэзіі Люцыян Паўлік з Задарожжа. Біскуп Уладыслаў прачытаў казаньне з тэмамі любові да бліжняга і сям’і. Ён адзначыў, што сам нарадзіўся на Глыбоччыне, паходзіць з Задарожжа. Пасьля апошняй вайны быў выехаў у Польшчу, таму яму лягчэй размаўляць па-польску, аднак ён сказаў: “Хто разумнейшы – можа маліцца і па-француску, і па-польску, але я на каленях вас прашу, каб вы маліліся на беларускай мове, бо яна для вас родная”. Са словаў біскупа, у Віцебску вернікі вельмі прыязна ставяцца да роднае мовы, бо яна для іх зразумелая.

Ініцыятарам рэстаўрацыі абраза быў колішні глыбоцкі, а цяпер лынтупскі ксёндз Пятро Ўрубель. Рэстаўрацыя, паводле розных зьвестак, каштавала пад пяць тысячаў даляраў.

Гэты абраз некалі быў уласнасьцю Глыбоцкага кляштару айцоў-кармэлітаў босых. Знаходзіўся ў касьцёле кармэлітаў пад хорамі, адсюль і назоў – Маці Божая Падхорная. Пры касацыі кляштара кармэлітаў царскімі ўладамі за актыўны ўдзел мніхаў у паўстаньні 1863 г. і перадачы яго будынкаў “праваслаўнай благачыніі” частка твораў мастацтва дасталася Глыбоцкаму Траецкаму касьцёлу. Сярод іх – абраз Маці Божай Падхорнай, крэсла з разьбянымі ільвянымі галоўкамі, скульптура Ісуса Хрыста, які сядзеў на калодзе ў цярновым вянцы. Скульптура раней знаходзілася ў законным хоры і дзіўна пацела 10 жніўня 1763 г. Кармэліцкая хроніка паведамляла, што а 17-ай і а 22-ой гадзіне ўвесь твар Ісуса пакрываўся кроплямі поту, і айцец-магістар Апалінары сьціраў яго ў прысутнасьці мніхаў.

Нягледзячы на ўсе ліхалецьці й віхуры, Глыбоччыне ўдалося захаваць значную частку сваёй культурна-гістарычнай спадчыны, а колішнія глыбоцкія ксяндзы — цяпер ксёндз-магістар Уладыслаў Завальнюк і ксёндз-біскуп Кірыла Клімовіч — у нашай сталіцы працуюць на ніве адраджэньня беларушчыны ў касьцёле.

Уладзімер Скрабатун, Глыбокае


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0