дзесяць мяхоў беларускай гісторыі

 

Усяслаў Чарадзей — князь і гарэлка

Усяслаў Чарадзей – сэкс-сымбаль і грамадзянскае сумленьне заходнерускіх земляў, прататып быліннага Волха Ўсяславіча, бацька бэтэшна-калыханачнага Дзеда-Барадзеда і вынаходнік гарэлкі “Ўсяслаў Чарадзей”.

 

У першыя гады княжаньня Ўсяслаў ня ўносіў ніякіх зьменаў у палітыку свайго бацькі Брачыслава, якая, збольшага, зводзілася да мэтадычнага генацыду пскавічоў і наўгародцаў і рэгулярнай дэманстрацыі дулі афіцыйнаму Кіеву. Штопраўда, у зносінах зь вялікім братам здараліся і часовыя пацяпленьні. Напрыклад, полацкая дружына брала ўдзел у наглядна-агітацыйным паходзе, які мілітарысцкая Русь у асобах трох сыноў кіеўскага князя Яраслава Мудрага зладзіла супраць торкаў-анархістаў, з мэтай заклікаць іх да дысцыпліны і талерантнасьці і прадухіліць гуманітарную катастрофу ў месцах кампактнага іх пражываньня. За баявыя заслугі Ўсяслаў атрымаў Копысь, Воршу і цэлы абоз турэцкага шырспажыву па зьніжаных коштах. Дарэчы, гераізм палачанаў азваўся нам у ХХ ст. – калі б Копысь не апынуўся тады ў нашых руках, яскравы талент Аляксандра Лукашэнкі загібеў бы ў глухім закутку Смаленскай вобласьці.

Спэкуляцыя турэцкімі трантамі прынесла дадатковыя фінансавыя сродкі, на якія Ўсяслаў збудаваў новы дзядзінец у суточчы Заходняй Дзьвіны і Палаты (да гэтага там месьціліся рэзыдэнцыі замежных паслоў), што дазволіла кантраляваць прадпрымальніцкую дзейнасьць вараскіх купцоў і перапыніць нелегальную эміграцыю з Тмутаракані. А вось за Сафію давялося пазмагацца: напаўпаганскае полацкае веча ўпёрлася рогам і не хацела выдзяляць бюджэтных сродкаў на царкву, адстойваючы ідэю пабудовы лядовага палацу. Дзеля большай пераканальнасьці Ўсяславу давялося разы са тры абярнуцца ваўком.

Дбаў Усяслаў і пра здароўе нацыі. Так, у фізкультурна-аздараўленчых мэтах ён у 1065-м ладзіць вайскова-спартыўную гульню “Зарніца” ў ваколіцах Ноўгарада. Існуе гіпотэза пра таемнае пагадненьне паміж Усяславам Чарадзеем і нармандзкім герцагам Вільгельмам Заваёўнікам, што меліся падзяліць Эўропу. Плян быў просты: нарманы, захапіўшы Англію, рухаюцца з захаду ў Скандынавію, злучаюцца там з полацкімі палкамі, што ідуць з поўдня, і разам не пакідаюць мокрага месца ад бандыцкай маліны варагаў. Далей – справа тэхнікі. Фатальную ролю ў гэтай гісторыі адыгралі крамяныя англасаксонскія дзеўкі. Пабачыўшы іх, Вільгельмавы рыцары адзінагалосна вырашылі назаўжды застацца на Брытанскіх выспах. Так што Ўсяславу давялося абмежавацца экспрапрыяцыяй званоў з Наўгародзкае Сафіі.

Гэтым ён страшна пакрыўдзіў зайздросных Яраславічаў, якія неадкладна распачалі паход на поўнач. Спалілі Менск, перабілі мужчынаў, а жанчын і дзяцей узялі з сабой дзеля паляпшэньня генатыпу, падупалага з прычыны бязладных полавых сувязяў з асобамі палавецкай нацыянальнасьці, — і шчыльнымі радамі выйшлі да Нямігі. Разрабаваўшы МакДональдз на Раманаўскай слабадзе, недзе ў раёне “Гандлёвага дому”, Яраславічы 28 лютага 1067 г. сустрэліся з Усяславам. Супольна адзначыўшы Новы год, які пачынаўся тады ў сакавіку, на трэці дзень звычайнага постнавагодняга сіндрому, апанэнты згадалі чаго ім адно ад аднаго трэба. З абодвух бакоў у мардабоі, прыгожа названым пасьля “бітвай на Нямізе”, бралі ўдзел каля 10–15 тысячаў чалавек. Перамога Яраславічаў была аж настолькі відавочнай, што яны неадкладна павярнулі дахаты, ды яшчэ ў пераможным запале аддалі Ўсяславу нейкія тэрыторыі. І ўвогуле, дзіўныя ў іх былі адносіны: ці то любілі яны полацкага князя, ці то ненавідзелі, але жыць безь яго не маглі. Так, не мінула й паўгоду — клічуць Усяслава ў Воршу мірыцца. Прычым цалуюць крыж і даюць зуб – абяцаюць не чапаць. Але, відаць, не ўтрымаліся і ў апошні момант унесьлі зьмяненьні й дапаўненьні ў свае абяцаньні. Усяслаў грыбы разьвесіў, аднак замест піва “Куцейна” яго чакалі вада з хлебам і сонца праз ваконца порубу, укапанага ў зямлю на 52,7 мэтра.

Праз восем месяцаў у Кіеве насьпела крыза ўлады. Полаўцы, паганяўшы дружыну кіеўскага Ізяслава па ўсім Дзікім полі, паціху раскладалі цяпельцы пад гароднямі. Народ, з крыкам “Ізя, геть!”, папросту турнуў яго ў плечы прэч з гораду. Паўстала патрэба ў альтэрнатыве. Вось тады хтосьці і згадаў, што ў порубе корміць вошы выпетралым ад сухіх галадовак целам вязень сумленьня №1 Усяслаў Полацкі. Знайсьці замаскаваны поруб на тэрыторыі дзядзінца было няцяжка – вязьніца не адпавядала гігіенічным патрабаваньням санстанцыяў і адтуль невыносна тхнула інфармацыяй пра тое, што там ужо больш за год знаходзіцца здаровы мужык. Пасьля трохдзённай лазьні і чатырохдзённай інаўгурацыі Ўсяслаў прыступіў да выкананьня канстытуцыйных абавязкаў. Перш-наперш ён выйшаў за браму й абярнуўся ваўком перад полаўцамі. Акупанты на імгненьне спруцянелі, а пасьля, несупынна хрысьцячыся, бокам-бокам падаліся ў Дзікае поле.

Тым часам легітымны Ізяслаў Яраслававіч з 16 тысячамі ўзброеных міжнародных назіральнікаў рухаўся да Кіева. Калі яны паказаліся на даляглядзе, Усяслаў нечакана адчуў моцную тугу па Бацькаўшчыне і з крыкам “Радзіма, мая дарагая!” уцёк у Полацак падземным ходам. Там яго з хлебам і сольлю ў набоях чакаў кіеўскі вэртыкальшчык Мсьціслаў Ізяславіч, чым і тлумачыцца адсутнасьць Усяслава ў палітычным жыцьці рэгіёну на працягу далейшых трох год. Наступны кіеўскі вэртыкальшчык, Сьвятаполк, быў не такі трывалы. Полацкія дзеўкі і гарэлка зрабілі сваю справу – Усяслаў без асаблівых цяжкасьцяў вытурыў яго з Полацку.

Пасьля, на працягу 30 год, княства цешылася мірам і спакоем, калі не лічыць дробных свавольстваў Уладзімера Манамаха, які час ад часу паліў то Смаленск, то Лукомль, то Лагойск, то Друцак, то зноў Смаленск. Асабліва ўпадабаў ён Менск, дзе звычайна не пакідаў ні чалядзіна, ні скаціны.

Усяслаў жа, паставіўшы дзяржаўныя справы на аўтапілёт, захапіўся вывучэньнем моваў і пераклаў на крыўскі дыялект “Уліс” Джойса, “Ківач Фуко” Эка і “Палявыя дасьледаваньні ўкраінскага сэксу” Забужкі.

Алег Гардзіенка, Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0