Тупікі і выхады

Калі выходзіць з таго, што “Белорусская газета” адстойвае цяпер інтарэсы новае маскоўскае эліты і выказвае меркаваньні, блізкія да высноваў аналітычных цэнтраў расейскіх спэцслужбаў, дык тая раскрутка прэм’ера Ярмошына, якой займаецца “БГ”, набывае цікавае прачытаньне.

 

Са старонак “БГ” Ярмошын прадстае ня проста пазытыўнай фігурай, “сапраўдным мужыком” і талковым гаспадарнікам, але сапраўднай – дый адзінай сапраўднай – альтэрнатывай Лукашэнку. Дзякуючы гэтай рэкляме і безумоўна пазытыўнаму вобразу прэм’ера ў лібэральных урадавых выданьнях, ягоны палітычны рэйтынг стала расьце і дасягнуў ужо невялікага, але вельмі дастойнага як для “краіны аднаго палітыка” ўзроўню. Рэйтынг Ярмошына вышэйшы за рэйтынг многіх апазыцыйных лідэраў, пра якіх “БГ” найчасьцей піша як пра кандыдатаў, што ня маюць шанцаў, — г.зн. дыскрэдытуючы. Ня будзем гаварыць пра асабістую сумленнасьць, кіраўнічы талент ды ідэалягічныя пазыцыі Ярмошына – хоць, здаецца, у гэтым беларусам ад яго няма чаго чакаць. Важнае іншае: Ярмошын ня мае права балятавацца. Гэта ўлічваў Лукашэнка, прызначаючы яго на пасаду. Раскручваючы Ярмошына як альтэрнатыву, маскоўскія аналітычныя цэнтры падсоўваюць беларускім элітам падсадную качку. Разьлік на Ярмошына як альтэрнатыву – гэта тупік. Раскручваць яго – г.зн. наўмысна дэзарыентаваць публіку.

Такая стратэгія “БГ” сьведчыць, што Крэмль ня проста ставіць на выбарах на Лукашэнку як найвярнейшага саюзьніка і абаронцу расейскіх інтарэсаў, але нават ужо цяпер робіць нешта, каб яму дапамагчы.

Ярмошын можа ўстаць на чале дзяржавы толькі пры складаным зьбегу складаных абставінаў – у выніку зусім неверагоднага гвалтоўнага разьвіцьця падзеяў, з анархічнымі забурэньнямі, безуладзьдзем і фактычным скасаваньнем цяперашніх канстытуцыйных законаў. У гэта цяжка паверыць. Дый такі сцэнар найменш адпавядаў бы нацыянальным інтарэсам Беларусі. Яго менш за ўсіх хоча патрыятычна-дэмакратычная апазыцыя (у мутнай вадзе выйграе толькі “моцная рука”), супраць яго неаднойчы засьцерагаў Пазьняк, дый Лукашэнку, яснае дзела, паміраць ня хочацца. Пры чым тады Ярмошын як альтэрнатыва?

Другі тупік чакае апазыцыю пры сцэнары “хай Лукашэнка сам выбера сабе канкурэнта”. Маўляў, усім апазыцыйным кандыдатам трэба зьбіраць подпісы і падаваць дакумэнты на рэгістрацыю, бо Лукашэнка зарэгіструе ня ўсіх, хто набярэ 100 тысячаў подпісаў. Маўляў, чым болей будзе ісьці апазыцыйных прэтэндэнтаў з подпісамі, тым болей шанцаў, што некага зь іх усё ж не адсеюць.

Такія разважаньні грунтуюцца на думцы, што Лукашэнка хоча ня проста пераабрацца, а і легітымізавацца.

Прычым легітымізавацца ня толькі ў вачах беларускага грамадзтва і Масквы, але і “міжнароднай супольнасьці”. А для легітымнасьці яму, мяркуецца, будзе патрэбны сапраўды дэмакратычны канкурэнт.

Па-першае, тое, што так мяркуюць “аналітыкі”, не гарантуе, што такой сама думкі трымаецца Лукашэнка. Апошні можа зарэгістраваць адно Чыгіра ды Калякіна, дый задаволіцца. Па-другое, калі апазыцыя зьбіраецца дараваць Лукашэнку і ягонаму выбаркаму незаконную нерэгістрацыю некага з канкурэнтаў, дык хай яна будзе гатовая дараваць ім і лёгкую, але вырашальную фальсыфікацыю ў дзень галасаваньня – калі народ ня выйдзе пратэставаць зараз, ня выйдзе ён і пасьля. Па-трэцяе, той, хто з добрае душы заяўляе: “Хай ідуць усе, а там пабачым, хто пройдзе рэгістрацыю” — відавочна зыходзіць з пасылу, што ўсе кандыдаты аднолькава здольныя выйграць у Лукашэнкі. Гэта аблуда. Ня ўсе здольныя выйграць. Няма магчымасьці пэрсанальна назваць тых, каго, з тых ці іншых прычынаў, раскруціць немагчыма, пакуль не абнародаваныя зьвесткі апошніх дэталёвых сацыялягічных дасьледаваньняў, якія праводзіліся ў лютым-сакавіку. Але што ня ўсе і нават не палова зь іх – факт. Такі сцэнар – яшчэ адзін тупік.

Калі вышэй прааналізаваныя сцэнары – тупіковыя і найбольш выгадныя для Масквы і яе кандыдата Лукашэнкі, дык выйсьце мае палягаць у процілеглых ім.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0