З УСІХ СТАРОН
Нічога супольнага паміж украінскімі і беларускімі падзеямі
У пятніцу ў Кіеве адбыліся буйныя сутыкненьні паміж дэманстрантамі, якія дамагаюцца адстаўкі Кучмы, і сіламі аховы правапарадку. Дэманстранты спрабавалі ня даць Кучму ўскласьці кветкі да помніка Шаўчэнку (9 сакавіка – дзень нараджэньня паэта, які цешыцца нацыянальным пакланеньнем ва Ўкраіне). Кучма ўсё ж пакланіўся прароку пад аховаю спэцназаўцаў, а пасьля вылецеў у зону паводкі ў Закарпацьце.
Дэманстранты пасьля ўсё ж прарваліся да манумэнта, растапталі прэзыдэнцкія вянкі ды спрабавалі спаліць жоўта-блакітныя стужкі на іх. Узрушаныя посьпехам, яны кінуліся да будынку Міністэрства ўнутраных справаў вызваляць затрыманых уна-ўнсоўцаў. Эфэктныя сутычкі скончыліся раненьнем 12 міліцыянтаў і суботнім затрыманьнем сотні ўнсоўцаў.
Разнароднасьць антыкучмаўскай апазыцыі замінае каардынацыі дзеяньняў, а нешматлікасьць шэрагаў выносіць на авансцэну падзеяў авантурыстаў і люмпэнаў. Гэтак, у пятнічных падзеях рэй вялі не галовы парлямэнцкай апазыцыі і не інтэлектуалы-лідэры апазыцыі пазапарлямэнцкай, а правадыры ЎНА-ЎНСО, арганізацыі, для якой самарэкляма ды прыгожыя жэсты заўжды былі важнейшыя за інтарэсы супольнае справы. Гэтаксама было і з палатачным гарадком на Хрышчаціку, вечна п’яныя жыхары якога палохалі месьцічаў сваімі бруднымі бушлатамі.
Лідэры апазыцыі Кучму ўспрымаюцца большасьцю ўкраінцаў як крэатуры той часткі алігархіі, якая спачатку рабавала краіну разам з Кучмам, а пасьля не падзяліла з Кучмам грошы. Даказаць адваротнае, стварыць магутны, адзіны рух апазыцыя пакуль не змагла.
Кучма ж ня раз падкрэсьліваў, што ня пойдзе беларускім шляхам – ня будзе замахвацца на паўнамоцтвы парлямэнту і судовай улады, ня будзе ўмешвацца ў культуру і згортваць украінізацыю, ані абмяжоўваць свабоду прыватнага бізнэсу.
Нічога супольнага між беларускімі падзеямі 1996 г., і тым, што робіцца ў Кіеве цяпер, няма. Апроч падабенства карцінкі, здыманай тымі самымі апэратарамі, ды агульнай тэндэнцыі ўзмацненьня пазыцыяў Расеі з-за неэфэктыўнасьці нацыянальных эканомік, абумоўленай недастатковасьцю рэформаў.
Барыс Тумар
Атручаныя расізмам
Расейскі праваабарончы цэнтар “Мэмарыял”
пра становішча ў Чачэніі
3 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя лігаў правоў чалавека і расейскі цэнтар «Мэмарыял» выступілі ў Парыжы з просьбаю аб стварэньні міжнароднага вайсковага Трыбуналу, які б судзіў за злачынствы супроць чалавецтва ў Чачэніі. Расейскія праваабаронцы называюць сытуацыю ў Чачэніі «катастрафічнай» і патрабуюць прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за вайсковыя злачынствы прэзыдэнтаў Ельцына, Пуціна, генэралаў Шаманава, Карнукова, Казанцава й Квашніна. Гэта не стасуецца з думкаю камісара Рады Эўропы па правох чалавека Гіль-Роблеса, які заявіў, наведаўшы Чачэнію на пачатку сакавіка, што назіраюцца «зрухі да лепшага» ў параўнаньні зь мінулым годам.
Фільтрацыйныя ямы
Нядаўняя вандроўка ў Чачэнію ледзь ня скончылася трагічна для карэспандэнткі «Новой газеты» Анны Паліткоўскай. Патрапіўшы ў 45-ы полк ПДВ ля вёскі Хатуні, Анна на свае вочы пабачыла фільтрацыйны пункт: дзьве ямы, дыямэтрам каля 6 м для мужчын і каля 3 м для жанчын. У абедзьвюх сядзелі людзі. Выйсьці зь ямы можна і бязь сьледзтва – за 500 даляраў або зброю. Паліткоўская зьвярнулася па тлумачэньні да камандзіра палка, пасьля чаго паступіў загад затрымаць яе. Вайскоўцы дапытвалі журналістку некалькі гадзінаў, потым пасьля пагрозаў расстрэлу перадалі вайсковаму пракурору, дзе яе зноў дапытвалі. Памочнік Пуціна Ястржэмбскі заявіў, што ніякага затрыманьня не было. Прадстаўнік прэзыдэнта ў Чачэніі Ў.Каламанаў запэўніў, што сам дасьледуе фільтрацыйны пункт у 45-м палку. Зьвесткі пра тое, што пры кожным расейскім фармаваньні ёсьць такія ямы, паступалі й раней. Аднак доказ атрыманы толькі цяпер, дзякуючы Паліткоўскай.
Акурат у тыя дні, калі камісар Рады Эўропы па правох чалавека прыехаў сустракацца з Кадыравым, разьнесьліся весткі пра іншыя страшныя знаходкі. У падвалах і ямах на тэрыторыі дачнага пасёлка Здароўе знайшлі больш за 60 трупаў са сьлядамі катаваньняў і калецтваў. На галовах і плячох ахвяраў – нажавыя парэзы, у людзей зьвязаныя рукі й пазавязваныя вочы. Усім зробленыя “кантрольныя стрэлы” ў скронь ці патыліцу. Тры трупы – жаночыя.
Паводле зьвестак судмэдэкспэртаў усе гэтыя людзі былі забітыя 1–8 месяцаў таму. Ужо апазнаныя людзі, якіх раней затрымалі расейскія вайскоўцы і якія пасьля гэтага зьніклі. Рэальны факт: 38-гадовы Адам, ляяльны да расейскіх уладаў, бацька трох дзяцей, быў забраны на ўезьдзе ў Грозны два месяцы таму. Ягонае цела было апазнанае ў пасёлку Здароўе, родныя выкупілі яго за 3 тыс. даляраў. У Адама было страшэнна скалечанае катаваньнямі цела.
Паводле інфармацыі “Мэмарыялу” больш за 2 тыс. мірных чачэнцаў лічацца зьніклымі бязь зьвестак. Мэдыкі “Мэмарыялу” скардзяцца, што ў іх ужо не стае плястыкавых пакетаў для пакаваньня целаў. Працаваць даводзіцца ў супрацьгазах з-за моцнага тленьня целаў. Раз целы належаць людзям, забітым 1–8 месяцаў таму, значыць, іх забівалі ўжо пасьля таго, як вайскоўцы абвесьцілі пра ўстанаўленьне поўнага кантролю над Грозным. Так што тлумачэньні камандаваньня, што забітыя й закатаваныя былі баевікамі, зьнішчанымі падчас актыўнай фазы вайны, – хлусьня.
Вайскоўцы бяруць закладнікаў дзеля заробку, забіваюць дзеля бескантрольнасьці, а катуюць найбольш для ўласнага задавальненьня, сьцьвярджаюць у “Мэмарыяле”.
Палкоўнік Юры Буданаў
27 сакавіка 2000 г. камандзер 160-га танкавага палка палкоўнік Юры Буданаў захапіў 17-гадовую жыхарку мястэчка Тэнгі-Чу Эльзу (Геду) Кунгаеву, завёз яе ў свой полк і пасьля зьдзекаў і згвалтаваньня задушыў. У гэты ж час ягоны падначалены Мікалай Фёдараў «прасаваў» Тэнгі-Чу артылерыйскімі ўдарамі. Была ўзбуджаная крымінальная справа – рэдкі для расейскага войска выпадак. Амаль праз год вайсковая пракуратура Паўночнакаўкаскай вайсковай акругі скончыла разбор справы і накіравала матэрыялы ў суд. Буданава абвінавацілі ў наўмысным забойстве з папярэднім выкраданьнем, а таксама ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў з прымяненьнем гвалту, які меў цяжкія вынікі.
Вайсковыя экспэрты спачатку не пацьвердзілі факту згвалтаваньня Эльзы Буданавым, а зрабілі выснову, што «раны на целе Кунгаевай, якія сьведчылі пра згвалтаваньне, нанёс адзін з трох салдатаў тэрміновай службы, якім Буданаў даручыў схаваць труп». Гэтак вайсковая Фэміда пастаралася хоць неяк уратаваць гонар свайго ведамства — «забіў, але ня гвалціў». Салдатаў жа абвінавацілі ў «папярэдне не абяцаным пакрывальніцтве асабліва цяжкага злачынства». Аднаму зь іх дадаткова было прад’яўленае абвінавачаньне ў «глумленьні з трупа». Аднак крымінальную справу супраць гэтых трох салдат амаль адразу прыпынілі па амністыі.
Пазьней судова-мэдычная экспэртыза ўсё ж канстатавала сьляды групавога згвалтаваньня. Буданаў на судзе заявіў, што ён ня гвалціў, а задушыў дзяўчыну за тое, што тая нібыта была снайпэркаю, забівала расейскіх вайскоўцаў. З пункту гледжаньня палкоўніка, такое тлумачэньне яго цалкам апраўдвае, для яго натуральным зьяўляецца недаказанае абвінавачваньне ў снайпэрстве.
У Буданава шмат абаронцаў, многія расейскія газэты абвесьцілі яго нацыянальным героем. Сотні людзей прыходзяць да растоўскага СІЗА, дзе ўтрымліваецца Буданаў, а таксама да будынку суду, скандуюць лёзунгі падтрымкі, патрабуюць спыненьня працэсу. Рвуцца, каб абняць забойцу ці паціснуць яму руку, шпурляюць яму кветкі.
З-за такой грамадзкай ухвалы згвалтаваньні-забойствы сталіся практыкай (побач з рабаваньнямі й зьнішчэньнем паселішчаў). Падобным чынам былі зьнішчаныя паселішчы Алхан-Юрт у сьнежні 1999 г., Шалі ў студзені 2000 г., Алды ў лютым 2000 г. (апошні эпізод дасьледуе расейская вайсковая пракуратура). Сапраўдную колькасьць злачынстваў выявіць немагчыма: ахвяры й сьведкі баяцца даваць паказаньні сьледчым у пагонах, да таго ж у чачэнскай традыцыі згвалтаваная кабета ня мае шанцу стварыць або працягваць сям’ю.
“Мэмарыял” лічыць, што фэдэральныя войскі дзейнічаюць мэтадам «невыбіральнага тэрору»: патэнцыйнымі ворагамі лічацца ўсе чачэнцы незалежна ад полу, веку і ляяльнасьці. Нават у немаўлятах дэмаралізаваныя вайскоўцы бачаць патэнцыйных камбатантаў. Можна сабе ўявіць, які падарунак атрымае Расея ў выглядзе арды, што некалі дэмабілізуецца ды вернецца ў расейскія гарады й вёскі.
На пачатку «антитеррористической операции» аб’ектам фільтрацыі былі абвешчаныя «все лица мужского пола от 10 до 60 лет». Апошнія месяцы сталі затрымліваць і жанчын: расейцы шукаюць «снайпэрак». Пры доглядзе на блёк-пастох падставы для затрыманьня жанчын яшчэ больш эфэмэрныя, чым у выпадку з мужчынамі. Так, довадам «снайпэрства» можа зьяўляцца... адсутнасьць завушніц.
Што адбываецца
з Расеяй?
Можна сьмела сьцьвярджаць, што чачэнская вайна перастала быць праблемай толькі чачэнцаў, яна стала агульнарасейскай праблемай. Расейскае грамадзтва расколенае на дзьве няроўныя часткі — сумленная меншасьць, якая патрабуе канца вайны й справядлівага суду над злачынцамі, і большасьць, якая патрабуе «закатаць чачэнцаў пад асфальт». Хлусьня бальшыні афіцыйных СМІ, ура-патрыятызм, апраўданьне крыві атручвае расейскае грамадзтва. Градус расізму падняўся ў ім да крытычнай адзнакі. Паводле некаторых дасьледаваньняў, да 60% масквічоў варожа ставяцца ня толькі да каўказцаў, але й да мурынаў, азіятаў, індусаў, кітайцаў.
Сьвятлана Курс,
паводле матэрыялаў
www.hro.org,
www.strana.ru,
www.vesti.ru
і цэнтру “Мэмарыял”
Беларусь Хусэйну
Брытанская газэта Daily Telegraph сьцьвярджае, што Беларусь, парушаючы эмбарга ААН, узялася мадэрнізаваць сыстэму супрацьпаветранай абароны Іраку: «Дзяржаўная беларуская кампанія «Белтэхэкспарт» пагадзілася ўдасканаліць ірацкія сродкі СПА, пераабсталяваць ірацкія ваенна-паветраныя сілы й забясьпечыць падрыхтоўку ірацкіх войскаў да абслугоўваньня тэхнікі. Памеры кантракту ацэньваюцца ў 90 млн. даляраў”.
Б.Т.