Наш Вэрдзі

Юбілейны год Вэрдзі! Для адукаваных спажыўцоў музычнай відэапрадукцыі і наведнікаў опэры сёлета — сапраўдны фэст!

 

Спадарожнікавыя тэлеканалы штотыдня трансьлююць клясычныя і новыя запісы опэраў юбіляра, друкуюцца біяграфіі, рыхтуюцца прэм’еры. У Інтэрнэце паўстаў спэцыяльны сайт “Verdi in the world” – “Вэрдзі ў сьвеце”, http://www. giuseppeverdi.org/cartellone/. Націснуўшы колькі клявішаў, можна даведацца, якія опэры Вэрдзі ідуць у гэтым месяцы ў Шанхаі або ў якіх тэатрах Эўропы ці Амэрыкі пастаўлены “Рыгалета”.

Адзінае, чаго ня ведае разумная машына, дык гэта слова “Менск” ані Minsk, як пішацца яно на інтэрнэтаўскіх старонках, у ангельскіх і амэрыканскіх кампутарных энцыкляпэдыях. Хаця на “Кіеў” пошукавая сыстэма адгукаецца і адразу выдае рэпэртуарны сьпіс ані ня горшы, чым у якой-небудзь Вене ці Парыжы.

А вось мы, беларусы, ня дбаем, не дасылаем зьвестак пра сябе на адпаведныя электронныя адрасы. Вось і застаецца Беларусь белаю плямаю на опэрнай мапе сьвету. І гэта пры тым, што ў беларускай Опэры вэрдзіеўскіх пастановак – на цэлы паўнамэтражны фэстываль, які абяцаюць нам у гэтым месяцы. Можна будзе паглядзець “Аіду”, “Рыгалета”, “Травіяту”, “Набука”, “Баль-маскарад”, а галоўнае – навюткага “Трубадура”, праца над якім ідзе шпаркаю хадою. Дырыгаваць усімі гэтымі спэктаклямі будзе Аляксандар Анісімаў, які адмыслова прыяжджае ці то з Парыжу, ці то з Кёльну. (Дарэчы, менавіта “Трубадурам” адчыніўся сёлетні сэзон у “La Scala”.) У найбліжэйшых плянах беларускай Опэры яшчэ адна вэрдзіеўская прэм’ера – “Атэла”...

Вы запытаецеся, навошта менчукам Вэрдзі, дый яшчэ ў гэткай неверагоднай колькасьці? Тым болей, што галасоў, прыдатных для вэрдзіеўскага «гарачага» вакалу, у “галоўным тэатры краіны” ня знойдзеш. А калі й адшукаеш якога-небудзь людзкага барытона, дык тэнара напэўна ня будзе, сапрана, як заўжды, расхварэецца, і ўвесь спэктакль пратрымаецца на хоры і аркестры. А якія ў нас пастаноўкі! Гэткіх, мабыць, у цэлым сьвеце ня знойдзеш. А ўся праблема ў тым, што ў беларускай Опэры зараз няма ніводнага рэжысэра. Ані галоўнага, ані проста пастаноўшчыка, які б больш-менш сур’ёзна займаўся рэпэртуарам дый падтрымліваў актораў у належнай творчай форме. А тут Вэрдзі зь ягоным маштабам і драматызмам, зь ягонай абвостранай праўдай жыцьця і чалавечых пачуцьцяў.

І аднак бяз Вэрдзі нам ніяк не абысьціся. Нездарма ж беларусы здаўна мелі асаблівы сантымэнт да ягоных опэраў. Яшчэ з тых легендарных часоў, калі Італійскі Легіён на чале з Адамам Міцкевічам хаця б сымбалічна паўдзельнічаў у барацьбе за незалежную Італію. У красавіку 1848 г. польска-ліцьвінскія ваяры Італійскага Легіёну ўвайшлі ў паўстанцкі Мілян. У Эўропе буяла Вясна народаў; у паветры, разам з п’янкім пахам язьміну, лунаў прывід свабоды… А вуліцы Міляну поўніліся музыкаю Вэрдзі. У “La Scala” штодня давалі альбо “Набука”, альбо “Макбэт”, і кожны спэктакль міжволі ператвараўся ў патрыятычную маніфэстацыю. “Vi-va Ve-rdi!” – скандаваў натоўп. Але патаемны сэнс гэтага воклічу быў зусім іншы: “Хай жыве Віктар Эмануіл, кароль Італіі!” (Verdi расшыфроўвалася як Vittorio Emmanuele Re D’Italia – непацьверджаны яшчэ тытул караля Сардыніі, які праз 13 гадоў адновіць незалежную італійскую дзяржаву.) У часе абвяшчэньня незалежнасьці аб’яднанае Італіі сотні людзей сьпявалі “Va pensiero” – хор паняволеных габрэяў з опэры “Набука”.

Цяпер гэтая музыка штодня гучыць на хвалях беларускага радыё “Свабода” ў якасьці застаўкі да “Верша на “Свабоду”… Наш Вэрдзі. Наша патаемная мара пра кагосьці, хто распаліць нам душы і павядзе ў бітву за нашу і вашу свабоду. Хто пакажа нам яснае зорнае неба. Хто прымусіць нас сьпяваць, і плакаць, і адчуваць сябе жывымі істотамі, а не марыянэткамі ў спрытных руках лялькавода. Музыка Вэрдзі вызваляла італьянцаў з палону і ператварала іх у народ. Музыка беларускіх кампазытараў у лепшым выпадку была забаваю для падлеткаў, доказам культурніцкіх дасягненьняў “народнае” ўлады ці прадмэтам інтэлектуальных спэкуляцыяў. У чым прычына – у агульным заняпадзе творчага духу, што назіраецца цяпер у цэлым сьвеце, ці ў атмасфэры айчыннага кампазытарскага саюзу, дзе кожны чацьверты – народны артыст БССР?

Сучасных опэрных кампазытараў у Беларусі можна пералічыць на пальцах адной рукі. Пайшоў з жыцьця таленавіты Ўладзімер Солтан, чыя опэра “Дзікае паляваньне караля Стаха” пратрымалася на сцэне больш за пяць год. Цяжка расхварэўся Зьміцер Смольскі – аўтар опэры “Сівая легенда”, таксама паводле Караткевіча, якая карысталася глядацкім посьпехам ажно шэсьць гадоў запар. Дарэчы, опэрны рэжысэр Сямён Штэйн аднойчы паспрабаваў назваць Смольскага “нашым беларускім Вэрдзі”, аднак кампазытар толькі рагатаў ды махаў рукамі. Маўляў, ня трэба перабольшваць дый безгустоўна параўноўваць сябе зь вялікімі. Што ж тычыцца гэтак званых “беларускіх клясыкаў”, дык яны засталіся дзесьці ў 30-х, у багне сацрэалізму, і наўрад ці ў каго ўзьнікне ахвота іх адтуль выцягваць.

Атрымалася так, што сёньня ў рэпэртуары Нацыянальнага опэрнага тэатру захавалася адна-адзіная опэра беларускага кампазытара – “Візыт дамы” Сяргея Картэса, які па сумяшчальніцтве працуе дырэктарам гэтага опэрнага тэатру. Нездарма ж ён у 1996 г. падпісваў сумнавядомы ліст у падтрымку Лукашэнкі! Хаця ня ўсё тут аж гэтак проста. Прэм’ера адбылася ў лютым 1996-га, ліст быў падпісаны ўвосень. Дый сюжэт з Фрыдрыха Дурэнмата выклікае асацыяцыі, якія наўрад ці спадабаліся б сёньняшняй ўладзе, калі б тая разумелася ў тэатры. Але для яе галоўнае, што лібрэта опэры напісанае па-расейску. А значыць, без усялякай прэтэнзіі на адраджэнскі дух (ці, як кажуць італьянцы, Risorgimento) – і нават без мэлёдыяў, якія можна было б сьпяваць на плошчы.

Так што размаўляць пра сёньняшні стан айчыннае опэры пакуль няма з кім. І ў гэтым відавочны знак: няма пра што гутарыць, музы маўчаць. Але на красамоўным фоне гэтага маўчаньня яшчэ выразьней чуваць цудоўныя мэлёдыі Вэрдзі. Нашага Вэрдзі. Нашага, як Бог. Як Багдановічава зорнае неба над галавой.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0