Юрась Бушлякоў

Чалавек, падзелены на два, — Кандрат Крапіва

 

5 сакавіка — дзень нараджэньня чалавека, пра якога ў Беларусі ведае ці ня кожны. А бальшыня, пэўне ж, ня толькі ведае пра яго, але й прыпомніць пры нагодзе нешта зь ягоных твораў. За школьнае пары кожны вучыўся ягоных баек, так што прыгадаць хоць што, прынамсі загаловак, можна, здаецца, без праблем. Чалавек, пра якога тут мова, жыў ледзь ня цэлае стагодзьдзе, пакінуўшы па сабе нямала знакаў як у літаратуры, так і ў цэлым у летапісе Савецкай Беларусі. І хвалячы яго, і ганячы, кожны прызнaе маштаб гэтай асобы. Гаворка, вядома ж, пра Кандрата Крапіву.

Ня так даўно ў купэ цягніка, што ехаў з аднае эўрапейскае сталіцы ў другую, маім суседам аказаўся сымпатычны малады чалавек з пашпартам малазнанае ў нас дзяржавы Бэліз. Пачуўшы беларускую мову, спадарожнік — эмігрант з Расеі й уладальнік бэліскае турыстычнае фірмы — загаварыў па-расейску й расказаў мне пра беларускі пэрыяд свайго жыцьця. Выявілася, што «новы бэлізец» за Савецкага Саюзу пажыў з бацькам-вайскоўцам гадоў два ў Віцебску, дзе ў садку й пасьпеў пазнаць славутыя Крапівоўскія байкі. «Дыплямаванага барана» ён цытаваў зь мілаю прыемнасьцю. З такою самаю прыемнасьцю памянёную байку цытуюць апошнім часам беларускія газэты, хоць на тое ёсьць ужо іншыя прычыны.

Сатыра Крапівы 1920-х — сатыра здаровага чалавека, таленавітая сатыра без дазаваньня й аглядкі. Ну хіба што зь пераборамі ў бязбожніцтве, але на тое былі дырэктывы часу, а ім, як вядома, выклікаў Крапіва не рабіў. Наадворот, зброяй сатырыка праводзіў іх у жыцьцё — так і напісалася Крапівоўская «Біблія», глум з Бога й Бібліі, паэма, якую, як сьцьвярджае ў сакавіку 2001-га пісьменьніцкі тыднёвік «ЛіМ», ведалі на памяць ці ня ўсе. Вось і даводзь, начытаўшыся «ЛіМа», што беларусы — не народ бязбожнікаў. Зрэшты, на заранку 1930-х ратавацца даводзілася й апалягетам бязбожніцтва. Ратунку шукаў і былы ўзвышэнец Крапіва, крэсьлячы створанае раней ягонымі таварышамі — вінаваціў, скажам, Уладзімера Дубоўку ў прыхаванай антысавецкасьці й творчасьць паэтаву абвяшчаў антыпралетарскаю. Ліў, значыць, ваду на млын бальшавіцкіх пагромнікаў, у ласку ўбіваўся. А можа, проста рабіў так, як яму прыродная яго кемлівасьць падказвала? Каб выжыць. І каб у п’есах сваіх не засумнявацца. Ці лёгка давалася гэта яму, чалавеку зь пяром сатырыка?

Прывучаны ў пару высечак да пільнасьці, Крапіва на ўсё засталае жыцьцё цьвёрда асеў у каардынатах бальшавіцкіх ацэнак. Партыя ня змусіла чакаць — па вайне даручыла яму фронт акадэмічнае навукі. Крапіва распраўляў плечы — ён быў ня з тых людзей, што хаваюць сваю значнасьць. Прафэсар Бугаёў прыпомніў днямі, як хадзіў быў да Крапівы, на той час віцэ-прэзыдэнта Акадэміі навук, узгадняць кніжку. Кніжку тую Дзьмітры Бугаёў напісаў пра крапівоўскія творы. Пытаньне было ў тым, ці ўпадабае напісанае сам аўтар твораў. На шчасьце для Бугаёва, акадэмік кніжку да друку дапусьціў. А колькі ж было тых, чые працы вэрдыкт зашоранага Крапівы перакрэсьліваў. Пра такі свой выпадак напісаў летась у «Полымі» наш выдатны філёзаф Уладзімер Конан. Раздражнялі савецкага акадэміка спробы рэабілітацыі рэпрэсаванай інтэлігенцыі, ягоных некалі паплечнікаў, Гарэцкага, скажам, ці Ластоўскага.

Амбіцыі Крапівы нярэдка ня ведалі межаў. Апавядаюць, як, зрэдагаваўшы «Беларуска-рускі слоўнік» 1962 г., ня ўбачыў у ім свайго прозьвішча рэдактара пісьменьнік і мовазнаўца Мікола Лобан. Выкрасьліўшы Лобана, Крапіва ўпісаў сябе. А ўвогуле ў пытаньнях мовы прытрымлівацца «зьліцьцёвых» кампартыйных установак Крапіву, здаецца, было найцяжэй. Добры знаўца мовы дый не пры малой пасадзе, ён дазваляў сабе болей, чымся многія ягоныя калегі з Інстытуту мовазнаўства, а значыцца, болей беларускага дазвалялася мець і мове, выпхнутай тым часам на пэрыфэрыю жыцьця. Хто ня верыць, хай параўнае рэдагаваную Крапівом у 1960-х акадэмічную «Граматыку беларускай мовы» з той, якую Крапівовы наступнікі выпусьцілі ў сярэдзіне 1980-х.

Але й у моўных пытаньнях жаданьне не астацца ад курсу партыі нярэдка брала сваё. Фёдар Янкоўскі прыпамінаў у сваіх запісах, як бараніў Крапіва пры рыхтаваньні Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі формы імёнаў на -ій (-ый) (формы, заўважым, небеларускія) — лічыў, што толькі яны павінны застацца ў мове нарматыўнымі: маўляў, не Васіль, а Васілій. Асадзіў тады, у сярдзіне 1960-х, Крапіву Пятро Глебка: «Кандраце, што ж у нас будзе, як пойдзем за тваёю прапановай. Ад заўтрашняга дня ня будзе Кандрата Крапівы, а ўсе дазнаюцца, што ёсьць Кандрацій Крапіва». Ну ўжо такога, ясна, Крапіва зьнесьці ня мог і зараз жа асекся.

Калі ў 1970-х партыя чарговым разам абвясьціла пра свой «клопат» аб беларускай мове — а клопат палягаў у яе далейшай русіфікацыі аж да зьліцьця з расейскаю — Крапіва выступіў аўтарам праграмнага артыкулу, дзе з усёй сваёй партыйнаю прынцыповасьцю задаў лупцоўкі тым, каму савецкая беларуская мова «недастаткова беларуская». Шмат якія літаратары не давалі веры — няўжо Крапіва сам мог такое пісаць, не ягоная ж манера, не ягоны стыль? Пісаў — не пісаў, галоўнае, падпісваў. І па-хлапечаму крыўдаваў, што людзі, пішучы па-беларуску, ужываюць словы, якіх няма ў слоўніку, які ён, Кандрат Крапіва, адрэдагаваў. Сьмяяўся з гэтага ў сваім дзёньніку мудры Максім Танк, дзівячыся, як гэта Кандрат хоча ўсю лексыку нашае зусім ня беднае мовы зьвесьці да статысячнага слоўніка.

Вось такі ён, Крапіва, стаў — з гэтым сваім бальшавіцкім імкненьнем стрымаць беларускае жыцьцё пад напарсткам уласных уяўленьняў і перакананьняў. Як многа пагубляў ён у млыне нялёгкага стагодзьдзя ад сябе колішняга — свабоднага й здаровага. Такі вось выходзіць чалавек, падзелены на два, — Кандрат Крапіва.

Эсэ напісана для Радыё Рацыя


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0