рэпліка

 Біце сваіх, каб чужыя баяліся

Прачытаў я ў “НН” эсэ аднаго беларускага журналіста, які раней шчыльна супрацоўнічаў з рознымі расейскамоўнымі выданьнямі, а зараз, самастойна вывучыўшы беларускую мову ў далёкай Алма-Аце, пачаў пісаць у незалежныя беларускія выданьні, ды нават клясычным правапісам. Дарэчы, натхнёны лінгвістычнымі прыёмамі шаноўнага аўтара пра “эгіпэцкую рачулку”, хачу заўважыць, што першая частка ягонага прозьвішча сугучная з найменьнем глыбокага й вялікага беларускага возера, а вось дзьве апошнія адпавядаюць літарам прозьвішча чалавека, які ўжо сем год мае ў Беларусі “царскія паўнамоцтвы”.

Асабліва мяне спачатку ўразілі высновы аўтара накшталт таго, што “ўсе мы, беларусы, як шаўцы бяз ботаў”. Я адразу ўспомніў, як савецкія этнографы і гісторыкі абувалі беларусаў у лапці, у той час як археолягі зь вялікай цяжкасьцю знайшлі кавалак лапця, адзіны на ўвесь культурны пласт старажытных гарадоў Беларусі.

Тады я больш уважліва прачытаў чарговы твор сп. журналіста і заўважыў цікавыя несупадзеньні. У эсэ дзейнічаюць, калі верыць аўтару, два сучасныя клясыкі. Так сталася, што я іх ведаю шмат гадоў і таму маю пэўную засьцярогу да выказваньняў наконт іх з боку былога расейскамоўнага журналіста.

Першы, Павал Ізотавіч, быццам бы размаўляў зь ім па-беларуску і нават па-сяброўску запрасіў у госьці. Добра ведаючы гэтую асобу, я, калі яе сустракаю, заўсёды пераходжу на другі бок вуліцы, бо ня маю ніякага жаданьня зь ёй вітацца, а тым больш размаўляць. Вядома, выбіраць сабе суразмоўцаў – прыватная справа, але ў тое, што П.І. раптам пачаў гаварыць па-беларуску, я не магу паверыць.

З другім клясыкам журналіст сутыкнуўся ў краме “Консул” у чарзе па хлеб. І тут пачынаецца самае цікавае. Калі верыць аўтару эсэ, клясык, які стаяў за ім, ледзь яго не растаптаў, таму журналіст выйшаў з чаргі і стаў паасобку, а потым, незразумелым мне чынам, стаў паперадзе клясыка, набыў сваё “малако і сайку”. Цікава, калі ў беларускай мове зьявілася слова “сайка”? Можа, сп.Шупа ці сп.Дубавец патлумачаць, бо я, на жаль, гэтага ня ведаю.

Калі верыць спрактыкаванаму журналісту, жывы клясык, прапагандыст роднай мовы, відаць, ня вытрымаўшы нахабства аўтара, што выхапіў-ткі без чаргі сваю любімую “сайку” перад ягоным носам, загаварыў з жанчынай – гандляркай хлебам – на чужой мове, па-расейску. Пачуўшы слова “ізюм”, аматар “саек” так пакрыўдзіўся, што ня толькі пазбавіўся нейкіх ілюзіяў, але і хуценька напісаў адпаведнае эсэ.

І зноў я ня мог паверыць нашаму журналісту, бо ніколі ня чуў ад згаданай ім паважанай асобы расейскіх сказаў ні пры якіх абставінах. На ўсялякі выпадак праверыў. Так і ёсьць: зманіў шаноўны эсэіст. Адно праўда, што слова “ізюм” у беларускім кантэксьце гаворкі з крамніцай прагучала. І з гэтага аднаго слова была прыдуманая цэлая паэма пра нядобрага савецкага клясыка?!

З гэтай нагоды я ўспомніў, як 15 год вяртаў у беларускую мову слова “дахоўка”, якое знайшоў у кнігах магістрату XVII ст. Напісаў адпаведны артыкул, ужыў гэтае слова, а ў рэдакцыі мне паказваюць раман Ул.Караткевіча, дзе ён піша пра “чарапіцу”. Узяў у рукі манаграфію М.Ткачова, а там тая ж чарапіца. Пайшоў я тады да сп.Міхася, паказаў свае гістарычныя росшукі, і пачалі мы вяртаць нашае спрадвечнае слова ў нашу мову ўдвух. Мне і ў галаву не прыйшла думка напісаць тады эсэ і прылюдна выправіць памылкі савецкага пісьменьніка ды савецкага гісторыка. На жаль, зараз некаторыя былыя расейскамоўныя людзі робяць гэта з надзвычайнай асалодай.

Дарэчы, каюся, я таксама слова “разынкі” да 30 год не ўжываў і ўпершыню сутыкнуўся зь ім, калі пачаў перакладаць на беларускую мову будаўнічы тэрмін “ізюмная кладка”.

Дык ці варта паляваць у крамах і на вуліцах за побытавай мовай “жывых клясыкаў”, мо лепей перакласьці на родную мову слова “сайка”, якое прыйшло да нас з маскоўскай гаворкі?

Алег Трусаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0