Раман Якаўлеўскі

Дыпляматыя б’ецца ў канвульсіях

 

Традыцыйная штогадовая нарада кіраўнікоў дыпляматычных місіяў, якая адбылася ня так даўно ў Менску, мела шэраг асаблівасьцяў. Гэтым разам А.Лукашэнка ня стаў асабіста прыяжджаць у МЗС, каб паставіць перад сваімі пасламі чарговыя задачы. Кіраўнік іх прыняў у сябе ў рэзыдэнцыі за спэцыяльна абсталяваным круглым сталом. Перад гэтым мерапрыемствам галава замежнапалітычнага ведамства Міхаіл Хвастоў правёў у сябе нараду з пасламі, на якой паведаміў ім, што для няма больш важнай задачы, чым усеагульнае забесьпячэньне спрыяльных для рэжыму вынікаў магчымых прэзыдэнцкіх выбараў.

Кіраўнікі дыпляматычных місіяў наўрад ці чакалі нечага іншага. Аднак не абышлося і без неспадзяванак. Так, напрыклад, прыбылыя з розных краінаў сьвету дыпляматы даведаліся, што гэтым разам час іх знаходжаньня дома будзе залічаны ў якасьці асабістага штогадовага адпачынку.

Пасланцы сувэрэннай Беларусі, што працуюць у іншых краінах, як ніхто іншы, асабіста на сабе адчуваюць усе вабноты ізаляцыі, у якой працягвае заставацца краіна. Па вяртаньні дадому некаторыя зь іх, спрабуючы дэманстраваць бадзёры настрой, почасту трапляюць у няёмкае становішча. Напрыклад, гэта здарылася з паслом у ЗША Валер’ем Цапкалам. Выступаючы на БТ, ён выказаў надзею, што ягоны патрон можа зьявіцца зь візытам у Злучаных Штатах. Пасьля паездкі туды Паўла Барадзіна пэрспэктыва адлёту за акіян самога А.Лукашэнкі ўспрымаецца як змрочны жарт.

Апроч лёсавырашальных прэзыдэнцкіх выбараў, Беларусь сёлета чакаюць яшчэ адны. У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый павінна адбыцца галасаваньне, якое вызначыць новых нясталых сяброў Рады Бясьпекі. Ужо другі раз за апошнія дзесяць год у Раду Бясьпекі стукаецца Беларусь. На мінулых выбарах яна саступіла Чэхіі. Гэтым разам канкурэнцыю за месца ў Радзе нам складае Баўгарыя. Усім зразумела, што рэжыму А.Лукашэнкі ня сьвеціць выйграць. Некаторыя зь яго атачэньня нават наважваліся неяк пераканаць гаспадара не выстаўляць на гэты раз кандыдатуры Беларусі. Але безвынікова.

Разнастайная крытыка палітыкі Баўгарыі ў дзяржаўных СМІ ўспрымаецца як помста за яе будучую перамогу на галасаваньні ў ААН. Дарэчы, у Менску дагэтуль няма кіраўніка баўгарскай місіі ў рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла. Ды і ў Сафію нешта не сьпяшаецца А.Лукашэнка даслаць свайго. Праўда, паводле некаторых зьвестак, такім паслом можа стаць цяперашні намесьнік міністра — генэральны сакратар МЗС Беларусі Аляксандар Пятроў. Ён ужо працаваў у пасольстве ў Сафіі. Потым, нейкі час пашчыраваўшы пад кіраўніцтвам Латыпава ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, разам зь ім зноў апынуўся ў МЗС. Цяпер, верагодна, пасьля сыходу Ў.Латыпава ў Раду бясьпекі А.Пятроў камусьці вызваляе месца.

Абяцаюць стаць вакантнымі і месцы астатніх намесьнікаў М.Хвастова. Першых намесьнікаў Сяргея Мартынава і Валянціна Вялічку праракуюць у паслы ў Брусэлі і Кіеве.

Зь нядаўняга часу ўсё часьцей пачалі казаць пра чарговы варыянт выйсьця з замежнапалітычнай ізаляцыі, у якой працягвае заставацца кіраўнічы рэжым. Раней прарывам у гэтай справе афіцыйны Менск спрабаваў прадставіць, напрыклад, удзел А.Лукашэнкі ў Стамбульскім саміце краінаў АБСЭ або прысутнасьць А.Лукашэнкі на другім прадстаўнічым форуме — саміце тысячагодзьдзя ў ААН. Менавіта там упершыню была агалошана прапанова правесьці “дыялёг цывілізацый”. З такой ініцыятывай выступіў прэзыдэнт Ірану Хатамі. Дарэчы, іранскі прэзыдэнт быў адным зь нешматлікіх, хто правёў тады ў Нью-Ёрку двухбаковую сустрэчу з А.Лукашэнкам. Можна нагадаць і тое, што Іран зьяўляецца адной зь нешматлікіх краінаў сьвету, дзе з афіцыйным візытам быў А.Лукашэнка. Цяпер жа, калі зноў пачынаюць казаць пра мажлівасьць прарыву ізаляцыі, маюць на ўвазе ўжо суседнюю Літву. Пры канцы красавіка ў Вільні плянуецца правесьці прадстаўнічую міжнародную канфэрэнцыю на тэму “дыялёгу цывілізацый”. Мяркуецца, што ў ёй возьме ўдзел і цэлы шэраг кіраўнікоў дзяржаваў, у прыватнасьці, прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі. Варта нагадаць, што на адным “дыялёгу” ў Вільні з удзелам прэзыдэнтаў шэрагу эўрапейскіх краінаў А.Лукашэнка ўжо ўдзельнічаў. Было гэта ў верасьні 1997 г. Пасьля гэтага многія зь іх яўна не выказвалі жаданьня зноў сустракацца зь ім за адным сталом. Але калі меркаваны “дыялёг цывілізацый” у Вільні адбудзецца пад эгідай ААН, то пазьбегнуць прысутнасьці на ім А.Лукашэнкі будзе практычна немагчыма.

У красавіку да Лукашэнкі завітае Туркмэнбашы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Туркмэністан — тая жаданая для Беларусі краіна, якая разьлічваецца за беларускія трактары жывой валютай, асабліва каштоўнай у год выбараў. На Менскім трактарным заводзе нават працуе спэцыяльная лінія па вытворчасьці трохколавых трактароў для ўборкі на туркмэнскіх палях. Выгада для абодвух бакоў навідавоку. А.Лукашэнка неяк казаў, што калі б у яго было столькі газу, як у Туркмэнбашы, то ён бы бедаў ня ведаў. І дэмакратычных па эўрапейскіх стандартах выбараў, мабыць, таксама. Няцяжка прадбачыць, што падчас сваіх сустрэчаў два правадыры на высокім філязофскім узроўні пагутараць на тэму клопату аб сваіх народах. Дый некаторыя непаразуменьні ў двухбаковых адносінах выправяць. Так, у свой час прызначэньне беларускага пасла В.Рачкова ў Тэгеране паслом па сумяшчальніцтве ў Ашгабаце выклікала ў Туркмэнбашы пачуцьцё некаторай крыўды. Бо ягоны пасол у Менску І.Вельджанаў па ўсіх парамэтрах пераўзыходзіў палкоўніка КДБ В.Рачкова. Ён і генэрал-лейтэнант, былы ў савецкія часы намесьнік камандуючага Беларускай вайсковай акругай, і дуаен дыпляматычнага корпусу, акрэдытаванага ў Менску. Але, відаць, асаблівай прыкметай любові Туркмэнбашы да Беларусі можна лічыць тое, што пасол І.Вельджанаў зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Туркмэнскім законам гэта не супярэчыць. Можна, вядома, згадаць, што пры ўсёй сваёй унікальнасьці Туркмэністан адрозьнівае ад іншых і такі факт. Ашгабат афіцыйна прызнае рэжым талібаў у Аўганістане. Цікава, што пасьля абвешчаных У.Пуціным санкцыяў супраць талібаў шляхам выданьня спэцыяльнага прэзыдэнцкага дэкрэту нешта не чуваць было пра аналягічны кроку з боку калегі і саюзьніка зь Менску.

У год чаканых прэзыдэнцкіх выбараў у асаблівым рэжыме будуць працаваць ня толькі дыпляматычныя місіі Беларусі ў іншых краінах, але й замежныя місіі ў Менску. Верагодна, што веснавое абвастрэньне можа выразіцца і ў чарговых скандалах вакол замежных грамадзянаў. Яны служаць для таго, каб адцягнуць увагу уласных грамадзянаў ад правалаў унутранай палітыкі. Рана ці позна, але ізаляцыя спараджае канвульсіі. Схільнасьць рэжымаў, аналягічных беларускаму, да нагнятаньня ўсемажлівых сытуацыяў дзеля ўласнай кансэрвацыі — а рэфармавацца яны проста ня здольныя, — гэта канвульсіі асуджанага. Знаходзіцца ў канвульсіях доўга нельга.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0