ВОДГУКІ

 

Аргентынец

Цешуся, што пазнаў на Вашых здымках чалавека, зь якім быў пазнаёміўся, вандруючы па Беларусі. На першай старонцы нумару ад 5 сакавіка — гарадчук, родам з Аргентыны. Мне давялося пазнаёміцца зь ім у Давыд-Гарадку на базары. Такі інтэлігентны, прыстойны чалавек. Жыве ён з вырабу магільных помнікаў. Сям’я ягоная паходзіць са Століншчыны, выехала за акіян да вайны. Ён з групаю такіх сама небаракаў паверыў савецкай прапагандзе ды вярнуўся на Бацькаўшчыну, а тут — вядома што. Ягоныя сябрукі з Альшанаў пасьпелі яшчэ за хрушчоўскай адлігі вярнуцца назад у Аргентыну, а ён забавіўся... А пасьля зусім перасталі выпускаць. Гэтак і жыве ў Давыд-Гарадку.

Аляксей Малец, Менск


Рэха Дзеркаўшчыны

У “НН” ад 29 студзеня быў надрукаваны матэрыял Уладзімера Скрабатуна “Сваю газэту — кожнаму хутару”. У ім паведамлялася пра газэту “Рэха Дзеркаўшчыны”, першы нумар якой выйшаў нядаўна, і пра саму Дзеркаўшчыну — “своеасаблівую вёску Глыбоччыны”.

А мяне зацікавіла як быццам маргінальная інфармацыя пры канцы матэрыялу. “За пару кілямэтраў ад Дзеркаўшчыны, пры дарозе на Глыбокае, стаіць пусты хутар... Тут жыла сям’я Карузаў — зьбеларушчаных італьянцаў, продкі якіх у XVII—XVIII ст. пакінулі сваю радзіму і пасяліліся на Глыбоччыне.

Цытата неабходная, каб падкрэсьліць цікавыя супадзеньні людзкіх лёсаў. Атрымалася нібы інфармацыйная сетка, плеціва з аднатыпных праяваў — “залацістыя карункі”, накінутыя на часапрастору Беларусі, на яе ганарлівую, прыгожую, шляхетную галаву і плечы…

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі я знайшла нядаўна кнігу Язэпа Нарцызава “Вялікая шышка”, выдадзеную ў Вільні ў 1923 г. у выдавецтве Б.Клецкіна. Язэп Нарцызаў — гэта літаратурнае імя Язэпа Драздовіча (1888–1954), літаральна “Язэп Нарцызаў сын” (як яно й было насамрэч). На авантытуле першай часткі названай кнігі стаіць дарчы аўтограф Драздовіча: “Грамадзяніну Паўлу Каруза ад аўтара 1923. Язэп Драздовіч”. У цэнтры гэтага аркуша ёсьць толькі адно слова, набранае друкарскім спосабам, вялікімі літарамі: “ПАБРАЦІМЦЫ”.

Пабрацімцы?

Можа, Каруза — гэта жартоўнае імя якога-небудзь знаёмага віленскага сьпевака (“пеюна”)? — падумалася напачатку мне. Гэтага прозьвішча я нідзе раней не сустракала, калі самастойна дасьледавала творчасьць Драздовіча. Не было яго ні ў “Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі” 80-х гадоў, ні ў 18-томнай сучаснай “Беларускай энцыкляпэдыі” (у апошняй пададзены толькі італьянскі опэрны сьпявак Энрыка Каруза, нават зьмешчана ягонае фота)… Можа, адрасат гэтага аўтографа быў зусім просты чалавек з народу, пра якіх ня пішуць у энцыкляпэдыях? Драздовіч як мастак, этнограф і нястомны вандроўнік меў шмат такіх выпадковых знаёмцаў на сваім жыцьцёвым шляху… Ісьціна выявілася пасярэдзіне, можна сказаць, якраз у месцы залатога сячэньня ўсёй даўжыні “інфармацыйнай струны” пра Драздовічавага адрасата. У картатэцы пэрсаналіяў аддзелу беларускай літаратуры я знайшла карткі артыкулаў Віктара Новіка ў часопісе “Полацак” і штотыднёвіку “ЛіМ” пра драматычны лёс прафэсійнага музыканта Паўла Карузы. І вось, як каштоўная крупінка-дадатак, — нашаніўская публікацыя.

Я даўно зьбіраю дарчыя надпісы на кнігах знакамітых беларускіх аўтараў, апавядаю пра свае знаходкі ў рэспубліканскай прэсе і пэрыёдыках (“Бібліяграфічны сьвет”, “Культура”, “Кантакты і дыялёгі”), зьмяшчаю матэрыялы ў навуковых зборніках. З нагоды цікавай публікацыі Ў.Скрабатуна ў вашай газэце, дарую чытачам “НН” свой аповед пра аўтограф Язэпа Драздовіча.

Трохі пра зьмест выяўленай кнігі з аўтографам. Гэта мастацкая проза пра двух сяброў (“пабрацімцаў”), вучняў мастацкай вучэльні. Завуць іх Гапук і Альфук. Да навагодняга балю-маскараду яны вырашаюць зрабіць “футурыстычныя касьцюмы”. Заканчваецца ўсё камічным здарэньнем на вечарыне, а ўвесь аповед — простым вершыкам, які выяўляе, відаць, у пэўным сэнсе крэда і самога Язэпа Драздовіча — ягонае сваеасаблівае “пасланьне ў будучыню, маладым, а значыць як адрасатам і нам:

Не стварай сабе куміра
Ні з сурдута, ні з мундзіра,
А ні з шоўкавага плацьця,
А ні зь якага багацьця.
Не стварай яго “у мэце”
Ні з натуры, ні ў партрэце.
Ні з гарсэту, ні з манішкі,
Ні зь вялікай, нават, шышкі.

…І яшчэ адно цікавае супадзеньне. Вуліца Міхаіла Калініна ў горадзе Маладэчна, дзе ў 1940 г. працаваў кіраўніком хору Павал Каруза, намаганьнямі энтузіястаў-адраджэнцаў перайменаваная ў вуліцу Язэпа Драздовіча. Яна праходзіць непадалёк ад музычнай вучэльні, якая стаіць на Вялікім гасьцінцы — шляху да Вільні. Апошнія гады свайго жыцьця Павал Каруза стала жыў у Вільні і, як яго ні спакушалі, так і застаўся “беларускім музыкам”.

Людка Сільнова


Забойства як праява грамадзянскасьці

Усе шукаюць, каго б забіць. Ды каб ужо напэўна: прынесьці ахвяру (толькі вось якім багам?) і сто гадоў жыць у радасьці і шчасьці. Гэта наймужнейшы ўчынак, які могуць уявіць сабе нашыя барацьбіты. Можна, канечне, скарыстаць з парадаў Кастуся Траўня й ня піць, ажаніцца з самай “прыгожай, разумнай, добрай, вечнай”, гадаваць дзетак-беларусаў, дасягнуць дабрабыту й г.д. Але для думаньніка-апазыцыянэра гэта цалкам варожая канцэпцыя. Яшчэ можна “красьці, красьці й красьці” (мудрасьць з студэнцкіх партаў) — цудоўна рыфмуецца з радасьцю й шчасьцем. Але перад выбарамі не зусім прыгожа, дый на фатаздымках могуць выдаць вочы альбо робленая ўсьмешка чалавека, які хварэе на духоўны запор. Застаецца адно — рытуальнае забойства.

Мы ўжо забівалі сьвіней, міліцыянтаў, прэзыдэнта, нарэшце дабраліся й да маці. Бацьку “жыўцом закопваць” пакуль што страшнавата, а вось маці — цалкам дарэчы. Яна стрывае ўсё, як трывала дагэтуль. І абразы, і палітычнае сутэнэрства ў падзяку ад родных сыночкаў-беларусаў. Маці ёсьць маці. Чаго ня зробіш для сваіх дзяцей? Тым больш, калі яны ведаюць, супраць чаго змагаюцца. Хаця, як заўважыў С.Паўлоўскі, і не ўяўляюць — за што. Да таго ж забойства — чыста сымбалічнае. Нікому не зашкодзіць, а сказана прыгожа.

Дарэчы, варта было б узгадаць, як вызначалі “маці” беларускія паэты-пісьменьнікі, якой яна ўвайшла ў сьвядомасьць беларусаў, які сацыякультурны фон павінен усплываць пры чытаньні гэтага слова. “Ашчадная, бясконца дарагая, ветлівая, вясёлая, гасьцінная, гордая, ... мілая, нястомная, пакорліва-сьвятая..., пакорлівая, ... паслухмяная, ... прыветная, прыгожая, пяшчотная, разумная, гордая, руплівая..., шчасьлівая..., славянская (Л.Геніюш), сьціплая, сялянская (Л.Геніюш), трапяткая, шчасьлівая...; адзінокая, журботная, заплаканая, маўклівая, нядужая, пасівелая, расхваляваная..., старая, сумная, суровая, трывожлівая, цягавіта-набожная.., шматпакутная” (Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы. Н.В.Гаўрош, Мн. ВШ, 1998). Вось што гарадзкі не-калгасьнік Алесь Чобат прапанаваў чытачу забіць, пакуль суд ды справа й ратныя подзьвігі. Было б, вядома, выдатна, калі б мы пахавалі й ніколі ня ўзгадвалі эпітэтаў, пачынаючы з “адзінокай”. Але калі зыходзіць з гістарычных і літаратурных прыкладаў, тыя, каго закопваюць жыўцом, гэткіх эпітэтаў ня страчваюць, а наадварот — зжываюцца зь імі, як з сваёй труной.

І калі ўлічыць, што спарахнелая вёска мае гэткае ж дачыненьне да нашых сёньняшніх праблемаў, як выган да аэрадрому, а “забойства маці” — даволі моцная мэтафара, то, відаць, дзякаваць А.Чобату, яна станецца падсьвядомым дадаткам да сьветаўспрыманьня беларуса. А калі прызнаць, што беларус у агульнай масе — істота амаральная й нясталая, застаецца гадаць, якім быў бы плён з артыкулу А.Чобата, калі б гэны нягоднік-беларус (які ўсім ужо за апошні час даволі набрыд) артыкул прачытаў. (Праўда, таму й набрыд, што не прачытае).

Хаця сп.Чобат дарма турбуецца й бядуе. Адсталы калгасьнік-беларус ня стаў чакаць парадаў аналітыкаў, а ўжо сам даўно з сваёй сялянскай маці разьвітаўся. І зараз сядзіць па вушы ў мікрараённай слоце й труціцца гарэлкай. “Сярод гурбаў сьмецьця й мільянэраў”. Індывідуаліст, самотнік, воўк і людзям і нелюдзям — якім і павінен быць гараджанін. Іншая справа, што ён пакуль што гараджанін-маргінал. Але ўжо ж ніяк не традыцыяналіст-селянін і не калгасьнік, які ў Беларусі (асабліва Заходняй) калгасьнікам сябе, па-мойму, гэтак і не адчуў.

Беларус-селянін заўсёды дакладна падзяляў для сябе саветы й Радзіму. І беларуская вёска гэтак і ня сталася дашчэнту савецкай. Гэна была беларуская вёска — зь верай, моцнымі традыцыямі, культурай, працалюбствам, павагай да бацькоў, школьнай адукацыяй на беларускай мове. І сяляне вызначалі сябе як беларусаў, нягледзячы на тое, што наконт гэнага меркавалі гарадзкія дзядзькі. А старшыні калгасаў — гэта яшчэ ня вёска, як ППРБ — гэта далёка не Беларусь.

Дык пра якую ж вёску вядзецца ў артыкуле? Якая вёска абабрала Алеся Чобата? Зь якой вёскі тхне чырвонай заразай? З гістарычнай (ужо) беларускай вёскі? А можа, той, дзе тры бабкі зімуюць, ды які-небудзь мясцовы Генюсь самагонкай вочы залівае? Трэба зь іх, дармаедаў, спагнаць за тое, што прызвычаіліся да крэдытаў і ў “адным вялікім калгасе” жывуць! Бо працаваць на карысьць палітычных і сацыякультурных зьменаў, нараджаць, ствараць — цяжэй: патрабуе высілкаў, самапатрабавальнасьці, самаахвярнасьці й мужнасьці ўрэшце.

Рамантычна? Дастаткова. Асабліва на фоне нашых рэаліяў. Але гэта й годна. Гэтак павінна было б быць. Але ня варта, сп.Чобат, хвалявацца й ляцець на барыкады. Сваім заклікам да забойства маці Вы ўжо забілі ў сабе грамадзяніна й можаце з чыстым сэрцам забыцца й на выбары, і на калгасы.

Карацей, можаце спакойна ехаць на вёску.

Алеся Чунь, Менск


Духоўнымі і толькі духоўнымі

Напісаць да вас мяне вымусіў ліст Н.Базылевіч “Сэрца на кандомы”. Але ўсё пачалося значна раней.

У 1999 г. я як вернік Беларускай Эвангельскай Царквы атрымаў прапанову ад П.Севярынца дапамагчы ў арганізацыі руху “Хрысьціянская ініцыятыва”. Адразу я паставіўся да гэтае справы вельмі прыхільна, убачыўшы ў ёй крок да сапраўднага адраджэньня беларускага народу. А нядобрыя рэчы, як, напрыклад, тое, што Паўла ўзяў на сябе функцыі, якія ва ўсе часы зьяўляліся прэрагатываю Царквы, былі ўспрынятыя мною як часовыя недарэчнасьці. Але час ішоў, а “часовыя недарэчнасьці” не зьнікалі. Наадварот, “Ініцыятыва” ператваралася ў нейкае забаўляльнае шоў, у прафанацыю чыстага хрысьціянскага вучэньня. Першым пакінуў П.Севярынца беларускамоўны пастар баптысцкай царквы ў Заслаўі — С.Ліцьвінка, потым сышоў і я. Што там адбывалася пасьля, я ня ведаю.

Мінулым летам, калі я чытаў у “НН” перапалку паміж А.Шыдлоўскім і П.Севярынцам, мне запомніліся ягоныя словы пра тое, што “ён добра адчувае сябе і ў праваслаўнай царкве, і ў касьцёле, і ў пратэстанцкім зборы”. Тады ўзьнікае пытаньне: “Калі ўсе такія аднолькавыя, дык навошта тады аддзяляцца ад Расеі? Будзьма разам!”

Прачытаўшы ў “НН” ад 5 сакавіка пра тое, як 14 лютага такое чыстае й сьветлае паняцьце, як “любоў”, набыло выгляд гумовай прылады, стала зразумелым, што прафанацыя хрысьціянскага вучэньня ў беларускім адраджэнскім асяродку дасягнула свайго апагею.

Хочацца спытацца ў П.Севярынца — няўжо ён не разумее, што такія паняцьці, як “народ”, “нацыя”, зьяўляюцца духоўнымі і толькі духоўнымі? І дыскрэдытуючы хрысьціянскую, ён адначасова зьнішчае й беларускую нацыянальную ідэю?

А ўсім сапраўдным хрысьціянам і шчырым беларусам хочацца нагадаць словы зь Пісаньня.

“...выйдзі ад яе, народ Мой, каб ня ўдзельнічаць нам у грахах ейных...” (Адкр. 18:4).

Сяржук Пятровіч, Барысаў


Нараджэньне хрысьціянаў

Нейкі час таму ў беларускіх СМІ зьявіліся зьвесткі аб адзначэньні ўгодкаў Беларускае Краёвае Абароны сябрамі Беларускай Партыі Свабоды ў даволі нечаканы спосаб: хрышчэньнем у Беларускай Каталіцкай Царкве ўсходняга абраду. З інфармацыі “Нашай Свабоды” і “Радыё Рацыя” можна было даведацца, што БПСаўцы “трымалі нацыянальныя і партыйныя сьцягі ў падтрымку ўніяцтва як адзінай сапраўднай беларускай рэлігіі”. “Наша Ніва” зьмясьціла здымак з гэтае падзеі, закрыўшы твары навахрышчаных партыйцаў чорнай палоскай, такой, як на здымках супэрзасакрэчаных вайскоўцаў антытэрарыстычных паліцыйных фармаваньняў. Карацей, нараджэньне новых хрысьціянаў было пададзена СМІ як нейкая чыста палітычная акцыя.

Што сапраўды адбылося ў лёхах касьцёлу Сьв.Сымона і Алены? Пасьля звычайнае літургіі некалькі маладых хлапцоў былі папросту ахрышчаныя паводле традыцыі ўсходняе Царквы. Настаяцель Грэка-каталіцкай парафіі а.Казімір пракамэнтаваў, што для яго як сьвятара партыйная прыналежнасьць людзей, што да яго прыходзяць, ня мае ніякай розьніцы. Калі б да яго, паводле ягоных словаў, зьвярнуліся сябры РНЕ ці іншае групоўкі з супрацьлеглымі БПС ідэямі, шчыра шукаючы Бога, ён бы ніколі ім не адмовіў у дапамозе. Хаця Царква, насьлядуючы Хрыста, заўсёды імкнулася быць на баку бедных і пакрыўджаных, тых, што шукаюць справядлівасьці і супакою Божага Валадарства, яна ня мае ані прыяцельскіх, ані варожых стасункаў з партыямі ці палітычнымі плынямі, а зацікаўлена ў чалавеку і ягоных стасунках з Богам. Ніколі хрысьціянства ня траціла свайго ўнівэрсалізму і адкрытасьці для ўсіх людзей незалежна ад сацыяльных і палітычных упадабаньняў.

Уніяцтва сёньня цяжка назваць нацыянальнай рэлігіяй, як гэта было ў ХVIII ст. Беларусь — краіна шматканфэсійная. Сярод нашых сяброў і сваякоў ёсьць рыма-каталікі, праваслаўныя, пратэстанты, прадстаўнікі нехрысьціянскіх рэлігій і проста няверуючыя людзі. Само паняцьце нацыянальнай рэлігіі ня можа быць аднесена да якой-кольвек прысутнай у нашым народзе канфэсіі. Больш за тое, нацыянальная сьвядомасьць беларусаў аніяк не залежыць ад канфэсійнае прыналежнасьці. Глянуўшы на гісторыю беларускага адраджэньня, нельга не адзначыць, што сярод яго выбітных дзеячоў былі і ёсьць людзі розных вызнаньняў.

Ня першы раз палітыкі спрабуюць займець аўтарытэт за кошт Царквы, а журналісты з-за адсутнасьці прафэсійнага таленту ці належнай вышыні этычных стандартаў дадаюць барвы да рэчаіснага. Магчыма, што камусьці выгодна прадстаўляць грэка-каталікоў як нацыяналістычную сэкту, якая ня мае аніякага ўплыву па-за маргінальнымі палітычнымі групоўкамі. Турбуе тое, што нашая прэса можа аказацца інструмэнтам грубай правакацыі.

Ігар Лабацэвіч ад імя вернікаў парафіі Іконы Маці Божай Нястомнай дапамогі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0