Пра гэта ўсе ведаюць, але маўчаць, кажа рэдактар газэты «Прессбол». Выяўлены газэтай у 2004 годзе факт карупцыі ў футболе так і не дайшоў да суду. Больш за тое, нават сьледчага, які вёў справу, адправілі на пэнсію.

Тэма матчаў па дамоўленасьці ў беларускім футболе стала зноў актуальнай пасьля матчу Беларусь — Баўгарыя. Румынская газэта «Prosport» напісала, што гэтую гульню мог купіць адзін з ізраільскіх бізнэсоўцаў. Частка заўзятараў палічыла такія абвінавачваньні бздурай, другія — паверылі, бо на памяці застаецца нераскрытая справа «кратоў». У 2004 годзе пракуратура распачала крымінальную справу па артыкулу 253 КК «Подкуп удзельнікаў прафэсійных спартовых спаборніцтваў». Здаецца, што з таго часу справа не зварухнулася зь мёртвага пункту, і гаварыць пра яе нейкія вынікі не выпадае. Адным з ініцыятараў справы «кратоў» быў галоўны рэдактар найбольшай беларускай спартовай газэты «Прессбол» Уладзімер Беражкоў.

***

«Наша Ніва»: Ці лічыце Вы, што матч Беларусь — Баўгарыя мог быць сапраўды гульнёй па дамоўленасьці?

Уладзімер Беражкоў: Я дапускаю такую магчымасьць. Аргумэнтаў да гэтага шмат. Хаця б гульня нашых абаронцаў, якія зь невытлумачальнай лёгкасьцю давалі забіваць баўгарскім форвардам. Хаця і ніякіх доказаў гэтаму, канечне, няма.

«НН»: Аднак у Вас былі канкрэтныя доказы таго, што матчы 2003 году Беларусь — Чэхія і Малдова — Беларусь былі дамоўленымі.

УБ: Калі такія доказы зьяўляюцца, то да іх ня трэба ставяцца як да шараговай падзеі. У нас сапраўды былі такія доказы. Прычым у тых запісах, якімі мы валодалі, не было ніякай двухсэнсоўнасьці, там добра было бачна, як футбаліст Ш. спрабаваў купіць гульню ў футбаліста Г. Гэта не злачынства кшталту таго, што Вася сьпёр у Мані слоік варэньня. Гэта досыць тонкая матэрыя, да якой трэба ставіцца асьцярожна. Мы ня ведаем, як прасоўваецца крымінальная справа. Я магу апэляваць толькі тымі словамі, якія мне казаў былы сьледчы Аляксандар Алейнікаў. Ён казаў, што матэрыялы цалкам расьсьледаваныя, віна даказаная і справа ўжо сёньня можа перадавацца ў суд. Чаму гэтага не адбываецца і чаму звольнены гэты самы сьледчы, застаецца вялікай загадкай. Прыкладна такой самай, як пытаньне, ці быў дамоўленым матч Баўгарыя — Беларусь. Я магу толькі падазраваць і здагадвацца, што ў гэтай справе замешаныя вельмі значныя людзі. Гэта сапраўдная карупцыя. У расьсьледаваньні справы ўвесь час замінаюць вельмі значныя ў праваахоўных органах людзі. Гэтую справу спрабавалі неаднаразова закрыць.

«НН»: Наколькі я ведаю, да Вас непасрэдна выходзілі злачынцы, якія спрабавалі замяць справу. Гэта праўда?

УБ: У мяне на руках у той час былі ўсе дакумэнты, якія сьведчылі пра дамоўны характар тых матчаў, таму злачынца сапраўды выйшаў на мяне. Ён спрабаваў купіць гэтыя матэрыялы. Дакладней, спачатку ён мне пагражаў расправай. Гэта было ў той самы час, калі «Прессбол» судзіўся зь міністрам фінансаў і старшынём фэдэрацыі гімнастыкі Мікалаем Корбутам па справе Андрэя Іманалі, якога ў той час вышукваў Інтэрпол. Таму я нават ня мог дакладна ідэнтыфікаваць званкі. Маглі пагражаць як з аднаго, так і з другога бакоў. Пазьней тон тэлефанаваньняў крыху зьмяніўся. На мяне выйшаў сам Іманалі, ён паспрабаваў улагодзіць канфлікт, сказаўшы, што ня мае да мяне ніякіх прэтэнзіяў. Сьледам за ім мне патэлефанаваў наш вядомы футбаліст Ш., колішні гулец зборнай Беларусі. Пакуль ідзе сьледзтва, я не магу называць ягонае прозьвішча. Ён прапанаваў выкуп за матэрыялы. Сказаў, што шмат грошай ня мае, але 10 тысяч даляраў знайсьці ў стане. Адразу пасьля гэтага тэлефанаваньня я зьвярнуўся ў міліцыю, мне прапанавалі там пасупрацоўнічаць зь імі. Мой тэлефон паставілі на праслухоўваньне. Прайшло зусім няшмат часу, як злачынца аб’явіўся зноў. Я сказаў, што заняты і папрасіў ператэлефанаваць зноў праз пару гадзін, сам жа зьвязаўся з апэратыўнікамі, якіх папярэдзіў пра хуткую размову. Размова адбылася. Якое ж маё было зьдзіўленьне, калі міліцыянты разьвялі рукамі і сказалі, што ніякага званка на мой мабільны не было зафіксавана. Тады ў мяне адразу ўзьнікла падазрэньне, што ў гэтага хлопца вельмі валасатыя рукі.

«НН»: Пасьля злачынца яшчэ выходзіў на Вас?

УБ: Пасьля гэтага да мяне ў працоўны кабінэт прыйшлі апэратыўнікі, якія расставілі тут аўдыё‑ і відэакамэры. На мяне апранулі нейкі адмысловы пояс для праслухоўваньня. Аднак гэты чалавек аказаўся больш хітры, чым думалі апэратыўнікі, ці быў добра начуты пра мерапрыемства, якое рыхтавалася. Ён наведаў мяне раней прызначанага тэрміну. Прапанаваў прайсьці на вуліцу, дзе і мусіў перадаць мне грошы. Гэта быў бы наўпроставы доказ таго, што чалавек дае хабар. Ужо гэтага дастаткова, каб яго браць і ўжо потым даказваць іншыя злачынствы. Мы селі ў маю машыну, недалёка ад рэдакцыі. Гэты чалавек пачаў спрабаваць перадаць мне грошы. У той самы час на машыну наляцелі АМАПаўцы ў масках. Яны надзелі на мяне кайданкі, паклалі тварам на асфальт, некалькі разоў ударылі па нырках. Я зразумеў, што трапіў у нейкую пастку. Мяне адвезьлі ва ўпраўленьне па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю. Там і пачалі разьбірацца. Аказалася, што гэты злачынца напісаў заяву, што я вымагаю ў яго хабар. Такая вось выйшла сытуацыя, у якой шмат дзіўнага. Празь нейкі час мяне вызвалілі, бо пераканаліся, што я працую ў рамках сьледзтва, тым больш грошы ня браў. Я перастрахаваўся з усіх бакоў. Думаю, калі б я зрабіў хоць адзін няправільны крок, то ўжо сядзеў бы ў турме.

«НН»: Вы верыце, што гэтая справа можа дайсьці да суду, і вінаватыя апынуцца за кратамі?

УБ: Мне здаецца, што ўжо ніхто ня верыць. Сёлета, калі я браў інтэрвію ў старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Генадзя Нявыгласа (кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта — Рэд.), ён мне абяцаў, што справа будзе дасьледаваная да канца. Аднак у мяне няма падставаў так думаць. Асабліва пасьля таго, як на пэнсію адправілі сьледчага ў гэтай справе падпалкоўніка Алейнікава. Мужчыну ўсяго 38 гадоў, а яго раптоўна адпраўляюць на пэнсію. У міліцыі кажуць, што болей ім не патрэбныя людзі, якія здольныя працаваць разумова, ім патрэбныя людзі з дубінкамі, якія будуць захоўваць вулічныя парадкі. Справа пакрылася шкарлупіньнем «таямніцы сьледзтва». Гэта вельмі дзіўна, таму яшчэ раз скажу, што веры з кожным днём становіцца ўсё меней.

«НН»: Ніколі не шкадавалі, што ўвязаліся ў гэтую справу?

УБ: Я ніколі не шкадую аб тым, што раблю. Тыя ўдары, якія наносяць па нас нядобразычліўцы, сьведчаць, што мы ўсё робім правільна. Ізноў прыходзіць да галавы паралель з суду зь Мікалаем Корбутам. Тады, нагадаю, нас судзілі за загаловак на першай паласе «У намесьніках міністра фінансаў ходзіць чалавек, якога шукае Інтэрпол». Згаджуся, што загаловак быў досыць жоўтым і правакацыйным, аднак мы ня ведалі, як па‑іншаму можна засяродзіць увагу заўзятараў на гэтай праблеме. Што да Корбута, то нармальны чалавек, як мне падаецца, проста патэлефанаваў бы і перасьцярог бы нас, а не разьдзімаў з гэтага такі скандал. Пасьля быў суд, дзе нас прызналі вінаватымі ў абразе гонару і годнасьці сп.Корбута. У кватэры ў мяне двойчы апісвалі маёмасьць, якую пазьней прадавалі ў краме канфіскату. Нават сёньня з кожнага заробку я плачу па 100 тысяч, як алімэнты, Мікалаю Корбуту на лекі. Дарэчы, тую інфармацыю пра Андрэя Іманалі нам цалкам зьлілі праваахоўныя органы. Калі на судзе ў нас запыталіся, ці маем мы доказы таго, што Іманалі сапраўды вышукваюць, то мы зьвярнуліся да тых самых праваахоўнікаў, але яны нам адмовіліся як‑небудзь дапамагчы. Сёньняшні спорт надта цесна пераплёўся са злачынным сьветам. Пра гэта ўсе ведаюць, але маўчаць. Усе ж ведаюць, што чыноўнікі езьдзяць не на «Волгах» і «Жыгулях», што будуюць дамы ў менскай «Рублёўцы». Карупцыя, на жаль, пранікла практычна ва ўсе сфэры беларускага жыцьця.

«НН»: Дык мо варта ў артыкулах зразаць небясьпечныя вуглы?

УБ: Так нельга рабіць. Першы рэдактар «Прессбола» Аляксандар Барысевіч заўсёды казаў, што «газэта — гэта не дзяўчынка, якая мусіць усім падабацца». Журналісты — гэта сабакі дэмакратыі. Яны мусяць кусацца, а не лізаць начальству пэўныя месцы. Мы недзяржаўная газэта, таму ня маем нейкіх дзяржаўных датацыяў ці ведамасных падпісак. Каб нас чыталі людзі, то мы ўвесь час павінныя заставацца вострымі і цікавымі.

«НН»: Праблема дамоўленых матчаў актуальная толькі для Беларусі?

УБ: Ні ў якім разе. Я перакананы, што тыя ж матчы з чэхамі і малдаванамі маюць замежныя карані. Гаварыць пра тое, што ў Беларусі мы ўхапілі мафію за хвост, не выпадае, мы проста ўхапілі аднаго з шматлікіх пасярэднікаў гэтай мафіі. За гэтым усім стаяць вельмі вялікія грошы, стаяць людзі, якія гуляюць на таталізатарах. З падобнымі праблемамі ўжо сутыкнуліся і італьянцы, і немцы, і палякі, і бэльгійцы, і шмат хто яшчэ.

«НН»: Ці ёсьць выйсьце з такой сытуацыі?

УБ: У беларускім выпадку адзінае магчымае выйсьце я бачу ў тым, каб давесьці гэтую справу да суду. Трэба прадэманстраваць, што зло не застанецца беспакараным, што рана ці позна мусіць прыйсьці расплата. У выпадках з матчамі па дамоўленасьці ахвярамі становяцца ня два ці сто чалавек, а тысячы і нават мільёны заўзятараў, якія аказваюцца падманутымі. Трэба проста змагацца і перамагаць сваёй маральлю, хоць гэта не зусім і лёгка.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

***

Уладзімер Беражкоў

нарадзіўся ў 1965 годзе ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1989). Працаваў карэспандэнтам БелТА. У «Прессболе» з 1991 году, з 1995 — галоўны рэдактар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0