Нуль-нуль

Людзі сьвяткавалі, апазыцыя дэфілявала, міліцыя дурэла

Сьвяточныя дні аказаліся насычаныя імпрэзамі. Перадсьвяточная ліхаманка ў Менску пачалася з традыцыйнай выставы мастацкай суполкі «Пагоня». На ёй прадставілі творы 11 жывапісцаў ды графікаў. Экспазыцыя мае выразную назву — «У новае тысячагодзьдзе з новым прэзыдэнтам». Праграму «пагонеўцаў» працягвалі гісторыкі, якія падрыхтавалі круглы стол па пытаньнях барацьбы за незалежнасьць.

24 сакавіка ў Нямецкім адукацыйным цэнтры адбылася ўрачыстая цырымонія падпісаньня Акту незалежнасьці, прынятага летась на Ўсебеларускім зьезьдзе за незалежнасьць, сустаршынямі аргкамітэту зьезду – Радзімам Гарэцкім, Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным і Анатолем Грыцкевічам. У гэты ж дзень у сталічным касьцёле Сьвятых Сымона і Алены адбыліся ўрачыстасьці, прысьвечаныя выхаду 500-га нумару газэты «Наша Слова». А ўвечары ў клюбе «Акварыюм» — незалежніцкая музычная рок-імпрэза. У Полацку Сяргея Астраўца ганаравалі прэміяй “Гліняны Вялес”. У Вільні, Празе, Варшаве, Нью-Ёрку, Беластоку, Рызе, Лёндане, Брусэлі, Парыжы, Кліўлендзе і Маскве прайшлі сьвяточныя бяседы і набажэнствы.

Завершыў праграму сьвята вечаровы пэрформанс 25 сакавіка ў Чырвоным касьцёле з выставамі жывапісу Генадзя Драздова і Алеся Пушкіна, выступленьнямі паэта Андрэя Хадановіча, сьпявачкі Тацяны Цыбульскай, бардаў Андрэя Мельнікава і Аляксея Галіча, музыкаў Алега Пузыні і Скіргайлы Палянэцкага ды фольк-групы «Гуды».

Апазыцыя ж правяла чарговыя шэсьці ў Менску.

Вызвольны Рух параскідаў улёткі па скрынках з заклікам прыйсьці апоўдні на плошчу Незалежнасьці. Адтуль калёна пазьнякоўцаў (пад тысячу чалавек) рушыла па праспэкце, але міліцыя не пусьціла іх.

Акцыя дэмакратычнай апазыцыі пачалася а 14-й на Юбілейнай плошчы. Там сабралася пад 5 тыс. чалавек. Паколькі ўся гара вакол плошчы была ачэпленая міліцыяй, дэманстранты пасунуліся па вул.Танка, а затым – па Дразда. Праспэкт Машэрава быў перагароджаны спэцназам, і міністар Навумаў заклікаў усіх рушыць у бок плошчы Бангалор. Але людзі вырашылі па-свойму: павярнулі да помніка гораду-героя, “бабы з трубой”. На гэтай харошай гары і адбыўся хуткацечны мітынг. Вячаслаў Сіўчык паабяцаў на ім, што ніколі болей апазыцыя не павядзе народу на Бангалор.

На разгон сходу – небясьпечнага сымболікай месца — за некалькі хвілінаў сьцягнулі некалькі тысячаў амонаўцаў, якія і атакавалі мітынгоўцаў. Тут пасьля кароткіх сутычак затрымалі дзясятак чалавек.

Акцыі праходзілі нуднавата, мэханічна, без імпэту, бяз кветак і упрыгажэньняў, нават скандавалі і сьпявалі мала. Лявон Вольскі прыйшоў на сьвята ў акулярах з тоўстымі шкельцамі, з прычэпленымі вусамі і плякацікам «Менш мульцікаў на БТ», а партыйцы — са звыклымі транспарантамі. Людзям карцела сьвята, а палітычныя лідэры гэтага не адчулі. Думаецца, не за адным сьвяточным сталом ім гэта згадалі.

Мікола


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0