Народ улады і народ сябе

Нашы праблемы існуюць па-за намі, а ня ў нас

На парозе Дня Волі давялося спрачацца зь сябрамі пра самую філязофію нашага нацыянальнага адраджэньня і пра тэрмін «народ улады».

Беларусы — народ улады. Смургонскія людзі належаць смургонскай адміністрацыі, жлобінскія — жлобінскай. У нас так ня кажуць, але па сутнасьці гэта так. Калі хочаце, беларусы — Лукашэнкавы людзі. Прычым, без акцэнту на канкрэтнай асобе. Заўтра яны могуць стаць Домашавымі ці Пазьняковымі людзьмі — важна тое, што дзейнічае сам гэты прынцып. У нас кажуць: каб зьявіліся беларускія школы, трэба загад адпаведнага міністэрства. І гэтак з усім... Калі нарэшце дадуць загад адрамантаваць у нашым мястэчку вадакачку і пажарную вежу!.. Народ улады зьвязвае ўсе свае жаданьні і ўсю сваю дзейнасьць з уладамі. А не з сабою. Між тым нацыянальнае адраджэньне і нацыянальная культура робяцца явачным парадкам. Можна казаць: на гэта няма грошай, гэтага не дазволіць начальства... А можна нічога не казаць і рабіць сваё, разглядаючы патрэбу фінансаваньня і нейкага начальніцкага подпісу як аб’ектыўныя перашкоды, якія трэба ў рабочым парадку пераадольваць. Так робіць народ сябе. А народ улады разглядае тыя перашкоды як непераадольныя.

Пасьля нядаўняга фэстывалю літоўскіх фільмаў прыяцель зьдзіўляўся: як гэта рэжысэр Жалакявічус, здымаючы ў глыбокую савецкую эпоху фільм «Ніхто не хацеў паміраць», паралельна зьняў яшчэ адну стужку — «Пачуцьці» — ужо без саступак савецкай прапагандзе. За гэтым прыкладам — цэлая філязофія літоўскага адраджэньня. Жалакявічус разглядаў савецкую цэнзуру як аб’ектыўную перашкоду, якую можна залагодзіць, абысьці стараною або і надурыць. Што да нашых творцаў, дык яны ад пачатку сыходзілі з установак цэнзуры, носячы іх пад сэрцам побач са сваімі творчымі задумамі.

Калі працягваць літоўскія прыклады, дык варта згадаць Троцкі замак, наноў збудаваны за савецкія грошы, тыя, што ў БССР ішлі, як і прызначаныя былі, на будаўніцтва аб’ектаў манумэнтальнай прапаганды. Усіх гэтых помнікаў Леніну, стэлаў і мармуровых дошак гонару. Пакуль у машэраўскай Беларусі ідэалягічныя грошы выдаткоўвалі паводле прызначэньня, літоўскія таварышы зьбіралі чамадан з кілбасамі, сырамі і медавухай ды ехалі да крамлёўскага сталаначальніка, які хутка згаджаўся, што Троцкі замак — таксама важны аб’ект для выхаваньня савецкага патрыятызму.

Літоўцы за савецкія грошы прывялі ў парадак свае старыя гарады. А беларусы засталіся з дошкамі незразумелага гонару, бюстамі герояў сацпрацы і бэтоннымі інсталяцыямі кшталту «Міру — мір».

А ўся справа тут у падыходзе, у філязофіі.

У нас сёньня скардзяцца, што “ў ЗАГСе не даюць дзіця назваць па-беларуску”, бо там кіруюцца даўнім узаконеным рэестрам, які называецца «Словарь личных имен народов РСФСР». Калі зноў жа прывесьці літоўскі прыклад, дык там у прынцыпе не існуе абмежаваньняў. Да абвешчаньня сваёй незалежнасьці літоўцаў называлі гэтаксама, як і беларусаў — то на польскі, то на расейскі лад польскія і расейскія ўлады. У міжваеннай Літве перажылі бум імёнаў Вялікіх Князёў — Вітаўтаў, Гедымінаў, Альгердаў — і з прыходам савецкае ўлады дапоўнілі гэтую традыцыю царкоўным іменьнікам, а пасьля разбуяла паганства — Сонцы, Елкі, Дзюны...

Нездарма зводжу гутарку да зусім канкрэтнага — да імёнаў, бо гэта ці ня першае, што ў нацыянальным адраджэньні можна рабіць явачным парадкам. Першы крок да зьмены філязофіі адраджэньня. Мы, бадай, ні на што ў сваёй краіне ня маем такіх пераканаўчых правоў, як на сваіх навародкаў. Зь іншага боку, такім чынам мы фармуем аблічча сваёй нацыі.

Выбар імя для дзіцяці сутнасна блізкі да ўсялякага выбару, які робіць чалавек. Гэта таксама волевыяўленьне. Насуперак застарэламу сындрому народу ўлады, які напаўняе сваімі мэтастазамі ўсё наша грамадзкае цела, у тым ліку і дэмакратычную апазыцыю, і нацыянальны рух, і культуру, творчасьць... усё. У розных сфэрах мы выбіраем, не выяўляючы волі. Нават тады, калі выбіраем імя для свайго дзіцяці.

Разважаючы пра гэта, лішні раз падумаеш пра сэнс нашага Дня Волі. Волі бракуе. Воля — гэта тое, што можа народ улады зрабіць народам сябе.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0