02.04.2001 / 13:00

Юлія Андрэева. Стратэгія Зубра

№ 13 (222), 26 сакавіка — 2 красавіка 2001 г.


 Стратэгія Зубра

Калектыў беларускай Опэры з жарам абмяркоўвае нечуваную падзею: падчас спэктаклю “Баль-маскарад” нехта з публікі раскідаў улёткі з здымкамі Андрэя Клімава, Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Здымкі суправаджаліся тэкстам “Яны ня ходзяць у тэатар”, праўда, па-расейску, і лягатыпам арганізацыі “Зубр”.

 

Сьпявачцы Тамары Глаголевай, якая ў той вечар знаходзілася ў глядзельнай залі, падалося, што таямнічыя выканаўцы гэтага ўчынку – заўзятыя аматары опэры. Інакш немагчыма растлумачыць, якім чынам яны папярэдне вызначылі найстасоўнейшы момант для ажыцьцяўленьня сваёй задумы. Яны купілі месцы на бальконе, дачакаліся г.зв. “чыстае перамены”, калі на сцэне мяняюць дэкарацыі, і акурат у гэтую хвіліну кінулі ўніз вялізны стос улётак. Кінулі, зрэшты, ня надта ўмела – амаль увесь стос абрынуўся на цэнтральную частку партэру. Магчыма, віною таму была якасьць паперы, бо цэлы наклад быў надрукаваны на грубых аркушах фармату А4. Гэтым улёткам відавочна не ставала чыста фізычнай улётнасьці. Аднак яны зрабілі сваю справу. “Калісьці я была знаёмая з Ганчаром асабіста, – сказала мне адна з опэрных салістак. – Мне папросту не прыходзіла да галавы, што ён загінуў. Я думала, ён зьехаў кудысьці на Захад… Гэтыя ўлёткі бадай што ўпершыню прымусілі мяне задумацца над тым, што адбываецца ў краіне”.

Зрэшты, многія артысты, асабліва тыя, хто ня мае беларускіх каранёў, ставяцца да ўлётак рэзка нэгатыўна. “Гэта хамы! – верашчала ў калідоры нейкая цётухна з тэатральнае абслугі. – Хто ім дазволіў раскідваць у залі брудную паперу? Яны ж перашкаджалі спэктаклю!”

Між тым, уся соль акцыі заключалася ў дакладным выбары часу. Спэктакль сам сабою на хвілінку прыпыніўся, сцэна адгарадзілася заслонаю, у залі панавала суцэльная цемра – якая, дарэчы, дапамагла ўдзельнікам пратэсту захаваць сваё інкогніта. І тутака паляцелі ўлёткі.

У панядзелак на афіцыйным “зуброўскім” сайце, амаль цалкам расейскамоўным, апублікаваная інфармацыя, што аналягічныя акцыі адбыліся ў сталічнай музкамэдыі, на гастрольным спэктаклі “Сябрыны актораў Таганкі” і ў памяшканьні Магілёўскага тэатру. Прычым самі “зуброўцы” найбольш ганарацца сваімі подзьвігамі ў Магілёве: тамтэйшы тэатар нядаўна адчыніўся пасьля капрамонту, што доўжыўся – страшна прамовіць! – дзесяць гадоў. Нічога дзіўнага, што гараджане валам валяць у падноўлены храм мастацтваў і квіткі разьбіраюць за тры тыдні да спэктаклю.

“Баль-маскарад” – гэта опэра пра забойства караля. Ці, у звычным для нас варыянце, скалечаным колішняю італьянскаю цэнзураю, – опэра пра забойства губэрнатара. Забойцаю апынуўся найлепшы сябар “добрага тырана”…

Юлія Андрэева


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру