02.04.2001 / 13:00

Сяржук Пятровіч. Пачуцьцё радзімы

№ 13 (222), 26 сакавіка — 2 красавіка 2001 г.


 Пачуцьцё радзімы

Яшчэ ў часы тэрміновай службы ў савецкім войску я зьвярнуў увагу на надзвычайна моцную нацыянальную сьвядомасьць прадстаўнікоў каўкаскіх народаў. Іхнае веданьне сваёй гісторыі, свайго радаводу, шанаваньне роднай мовы, згуртаванасьць, пачуцьцё ўласнай годнасьці выклікала ў мяне часам непрыхаваную зайздрасьць. “Чаму ж мы, беларусы, не такія?”—з горыччу разважаў я. Адукацыя, атрыманая ў школе, або армейскія палітзаняткі не давалі адказу на гэтае пытаньне. Часта вечарамі, седзячы ў капцёрцы або ў ленінскім пакоі, я слухаў аповеды чачэнцаў, кабардзінцаў, лезгінаў, а таксама агульцаў, рутульцаў пра іхны край, іхны лад жыцьця...

Калі больш уважліва зірнуць на Каўказ, можна ўбачыць, што большасьць народаў, якія жывуць там, або зусім колькасна нешматлікія, або ўнутры сябе падзяляюцца на шмат субэтнасаў. Перад каўказцам ніколі не паўставала пытаньня: “Хто я?” Кожны чачэнец ведаў, што ён, перш за ўсё, частка свайго тэйпу, кожны лезгін ведаў, што ён, перадусім, частка свайго хашалу, а ўжо потым кожны зь іх усьведамляў сябе прадстаўніком усёй нацыі.

У вялікім калектыве чалавеку вельмі цяжка ўсьвядоміць сваё “Я”. Ён разважае катэгорыямі большасьці і з асобы ператвараецца ў кавалачак натоўпу. У такога чалавека няма жаданьня займацца самаўдасканаленьнем, бо трэба ж быць “такім, як усе”. Ён жыве вузкаэгаістычнымі інтарэсамі, напрыклад, марамі пра танную кілбасу. Ён ня можа мець любові да “свайго” народу, бо ў гэтым выпадку панятак “народ” для яго зьяўляецца абстрактным і малазразумелым.

Прадстаўнікі невялікіх этнасаў даволі моцна зьвязаныя паміж сабой. Іх яднае ня толькі супольная мова і культура, але і сваяцкія сувязі і, што самае галоўнае, адзіны дух. Прадстаўнік такога народу адчувае сваю асабістую адказнасьць за ягоную будучыню. Ён прыкладае намаганьні ня толькі дзеля таго, каб удасканаліць самога сябе (у спорце, навуцы, літаратуры...), але й каб уславіць свой родны край і тых людзей, што яго насяляюць. Таму на Каўказе духоўныя дзеячы, навукоўцы, літаратары ва ўсе часы карысталіся найвялікшай павагай, тады як беларусы апошнім часам давялі сваю творчую інтэлігенцыю да жабрацкага стану.

Выбітны расейскі мысьляр Бярдзяеў пісаў: “Нямеччына была... вяршыняй эўрапейскай культуры не тады, калі яна была імпэрыяй Бісмарка, а тады, калі складалася зь невялічкіх дзяржаваў. Вялікая культура Грэцыі была зьвязаная зь невялічкай дзяржавай. Вялікі творчы ўздым Адраджэньня ў Італіі зьвязаны з пэрыядам яе раздрабленьня”.

З 1817 па 1860 г. расейскія акупанты зьнішчылі больш за 90% чачэнскага народу. Але чачэнцы, дзякуючы таму, што здолелі захаваць свой падзел на тэйпы, ня толькі выжылі, але й захаваліся як нацыя. Зь беларускім народам адбылося іначай.

Зьвярнуўшы ўвагу на мапу адміністрацыйнага падзелу ВКЛ у XVI ст., заўважыш, што межы ваяводзтваў не на 100%, але ж вельмі супадаюць зь межамі дыялектных зонаў, пазначаных на “Карте Белорусского племени” Яўхіма Карскага. Гэты факт, а таксама беларускі мясцовы патрыятызм XVIII ст. (Кіркор і Смоліч згадвалі, што многія беларусы называюць сябе палешукамі, віцьбічамі, тураўлянамі і г.д.) даюць падставы меркаваць, што падзел на субэтнасы існаваў у старыя часы і ў нашага народу. Менавіта гэтым быў выкліканы ўздым беларускай культуры ў XVI—XVII ст. Але вайна 1654—1667 гг. ня толькі зьнішчыла большую частку насельніцтва ВКЛ і ўсю гаспадарку. Яна разбурыла родавыя сувязі й ператварыла ўсе субэтнасы ў адзіны маналіт — ліцьвінаў. (Ня столькі нацыянальную, колькі грамадзянскую прыналежнасьць.) Перастаўшы быць віленчукамі, барысаўчукамі, людзі перасталі аддзяляць сябе ад іншых, што, дарэчы, зьяўляецца найважнейшай умовай існаваньня нацыі. Таму ў далейшым яны страцілі нацыянальную сьвядомасьць і, як вынік, вельмі часта зьмянялі свой назоў: “рускія” і “палякі” (маючы на ўвазе канфэсійную прыналежнасьць), проста “тутэйшыя”, беларусы і, урэшце, “савецкія людзі”.

Сяржук Пятровіч, Барысаў


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру