Уладзімер Содаль
Хацелася, але і калолася...
Бацька беларускай філялёгіі, першы беларускі акадэмік Яўхім Карскі ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў вывучэньню нашай мовы. Яго працы (перш за ўсё шматтамовае дасьледаваньне “Беларусы”) сьцьвярджалі нашую нацыянальную ідэю, незалежнасьць, самабытнасьць. А вось грамадзкая пазыцыя аўтара “Беларусаў” была неадназначная. Хістаньні Карскага заўважалі яшчэ ягоныя сучасьнікі. Дамо ім слова.
Язэп Лёсік. З водгуку на кнігу Яўхіма Карскага “Белорусская речь”, выдадзеную ў Петраградзе ў 1918 годзе: “Кніжка гэта цікавая; шмат прынясе карысьці кожнаму інтэлігентнаму беларусу, але, чытаючы яе, трэба памятаць, што аўтар усё яшчэ глядзіць на беларускую мову як падмову маскоўскага языка. Ён, напрыклад, ахвотна згаджаецца і навучна вам давядзе, што сэрбская, польская і чэская мовы асобныя, але беларуская і ўкраінская — гэта ўжо маленькія галінкі мовы велікарускай (маскоўскай). Ён яшчэ да гэтага часу разглядае беларускую мову як нейкага блуднага сына, адшчапенца, каторы доўгі час бадзяўся на чужыне і папсаваў сваю мову.
Праф. Е.Ф.Карскі — з навукі прыхільнік маскоўскага цэнтралізму. Гэтакіх людзей многа выгадавала маскоўская палітыка. Паважаючы іх за іх працу, мы не павінны хаваць аб іх праўды”.
А вось што піша пра Яўхіма Карскага назіральны і дасьціпны Гальяш Леўчык у лісьце да Івана Луцкевіча за 4 (17) ліпеня 1911 г.: “...Ну і цікавы зь яго, аднак, экзэмпляр, наколькі я мог яго пазнаць!.. Зусім ён мяне зьдзівіў, асабліва знаньнем беларускай бібліяграфіі. Ад яго я шмат чаго даведаўся.
Калі ён не махлюе, ды духам не ўпадзе, і будзе ісьці крэпка, то сьмела можна сказаць, што вялікую карысьць ад яго мы можам мець і аграмадную ўслугу ён калісьці Беларусі прынясе! Шкада, што нямаш яму як там у Вільні альбо ў Варшаве пакуль што аперціся, каб матэрыяльна яму было лягчэй, а то, бедны, зусім ужо вытрасься!.. Я яму крыху памог, але далей трудна!
Але, здаецца, ён не махлюе, а кажа праўду”.
Запомнім гэтыя словы: “Калі не махлюе, ды духам не ўпадзе”.
Леўчыкава “калі”, на вялікі жаль, не пакідала Карскага да канца ягоных дзён. Адзін Карскі актыўна рваўся да грамадзкага жыцьця, да дзяржаўнага ўладкаваньня Беларусі, другі тут жа пры найменшым выпрабаваньні азіраўся па баках: а ці туды ён ідзе?
Вось якім убачыў Карскага Макар Краўцоў у сьнежні 1917 г., падчас разгону бальшавікамі Ўсебеларускага зьезьду: “З маестатычнай павагаю сярод прэзыдыюму ўзносіцца фігура прафэсара Карскага...
...Вазіла брыкнуў назад галавою... Прыкінуўся ці запраўды самлеў...
Страшэнны гоман і мітусьня... Рэзаўскі абвяшчае Зьезд распушчаным, а Прэзыдыюм яго арыштаваным. Тым часам урываюцца ў салю азброеныя салдаты Рэмнёва і, разыходзячыся направа і налева, стараюцца ахапіць Зьезд”. Пра Карскага тут усяго толькі адзін сказ, але які ён характэрны, выразны! Мы, мусіць, ужо ніколі не даведаемся, што ў тую хвіліну думаў прафэсар. Абураўся? А мо шкадаваў: навошта зьвязаўся з гэтымі сэпаратыстамі, нацыяналістамі?!
Але тая сьнежаньская зьбянтэжанасьць хутка мінулася, і ўжо ў красавіку 1918 г. мы бачым прафэсара акруговым начальнікам асьветы Беларускай Народнай Рэспублікі. Сакратарыят асьветы даручыў яму разам з Доўнарам-Запольскім распрацаваць праект статуту першага ўнівэрсытэту ў Менску. Апроч таго, Карскі быў і правадзейным сябрам Інстытуту беларускай культуры, а ягоныя друкаваныя працы па тым часе мелі вагу падручнікаў.
Але мінаў час, зьмяняліся палітычныя варункі, і слынны вучоны пачаў сумнявацца ў будучыні нашага народу і яго мовы. Калі аднойчы, яшчэ студэнтам, я прачытаў пра гэтыя сумненьні Карскага, дык разгубіўся. Мне не паверылася, што гэта ён, волат філялягічнай навукі, які ўсё жыцьцё паклаў на алтар беларушчыны, мог такое сказаць. І мабыць, я не памыліўся. Мусіць, быў нейкі ідэалягічны змус. Але з гэтага мне не зрабілася лягчэй. Я пакутаваў за Карскага, за ягоныя словы. Пазьней я даведаўся, што праз гэта пакутаваў і Арсень Ліс. У сваёй прадмове да кніжкі “Браніслаў Тарашкевіч” ён пісаў: “Прызнанаму вучонаму штосьці перашкаджала да канца пераадолець пэўныя погляды афіцыйнай навукі ў дачыненьні да беларускай мовы, беларускага народу, пэрспэктывы яе разьвіцьця”.
Гэтым “штосьці”, мусіць, якраз і была тагачасная ідэалёгія. Перакананы, калі б наша дзяржаўнасьць разьвівалася натуральна, бяз шкодных для яе зыгзагаў, Яўхім Карскі быў бы першым і сталым яе будаўніком. А так і ён, маючы за плячыма такі навуковы грунт, пры канцы жыцьця зрабіўся пэсымістам. Якраз гэтага і баяўся Чыжык Беларускі — Гальяш Леўчык, кажучы “калі духам не ўпадзе”. Значыцца, штосьці хісткае ў пазыцыі прафэсара ўсё ж такі было, і гэта трывожыла ягоных сучасьнікаў. Яны хацелі бачыць слыннага вучонага гарманічнай асобай як у навуцы, гэтак і ў грамадзкім жыцьці. І ён да гэтага імкнуўся, але гэта яму, на жаль, не заўсёды ўдавалася. Мусіць, на тое была свая прычына. І не адна.
Абдумваючы гэтыя нататкі, я зазірнуў у нашы энцыкляпэдыі й даведнікі. Не шукайце там зьвестак пра ўдзел Яўхіма Карскага ў Першым Усебеларускім Зьезьдзе, пра яго супрацоўніцтва з урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, пра ягоныя грамадзка-філялягічныя хістаньні. Пра гэта, мусіць, напішуць ужо энцыкляпэдысты наступных пакаленьняў.
Багушэвіч і Карскі
Пошук сувязяў паміж Багушэвічам і Карскім выглядае цалкам лягічна, калі згадаць, што абодва атрымалі адукацыю ў Нежыне, пасьля жылі ў Вільні. Францішак Багушэвіч прыехаў з Украіны ў Вільню ў 1884 г. Роўна праз год сюды прыехаў і Карскі, таксама з Украіны. І пражыў у Вільні (на вуліцы Полацкай у доме гаспадара Гундрызэра) аж восем год — з 1885 па 1893 год, выкладаў там расейскую і стараславянскую мовы. Гэтаю парою жыў у Вільні і аўтар “Дудкі Беларускай”.
Вядома ж, выкладчык другой віленскай гімназіі Яўхім Карскі чуў пра новага віленскага адваката, які бясплатна бараніў абяздоленых. Але ведаць, чуць – гэта адно, а асабістыя сувязі, кантакты – зусім іншае. Ці былі яны між Карскім і Багушэвічам?
Мажлівасьць такіх кантактаў была. Скажам, з 1892 г. Вільня пачала рыхтавацца да ІХ зьезду археолягаў. З гэтай нагоды быў створаны Віленскі аддзел камітэту па арганізацыі згаданага зьезду, куды, паводле “Памятной книги Виленской губернии на 1892 год”, быў уключаны і Яўхім Карскі. На тым зьезьдзе яму належала быць таварышам сакратара.
Цікавіўся зьездам і Францішак Багушэвіч. 9 сакавіка 1892 г. увечары ён пісаў Яну Карловічу ў Варшаву: “Даўно ўжо абвясьцілі пра зьезд археолягаў, думаюць раскопваць і Замкавую Гару, але хто запрошаны зь Літвы, ня ведаю; калі знойдуць, дык хіба такіх, што маюць розныя старажытныя формы ў прозьвішчы і гэтым не чужыя археалёгіі”.
Яўхім Карскі, жывучы ў Вільні, выдае адну за адной кніжкі па мове. У 1886 г. — “Обзор звуков и форм белорусской речи” і “Грамматику древнего церковно-славянского языка сравнительно с русским”. У 1888-м — дасьледаваньне “К истории звуков и форм белорусской речи”. Францішак Багушэвіч нібыта адчуваў прысутнасьць у Вільні такога філёляга, як Карскі. Менавіта ў тыя гады ён марыў пра граматыку беларускай мовы, нават усклікнуў у сьнежні 1891 г.: “А можа, хтось і граматыку накрэмзаў бы?”
...Хтось. Хто ж гэты хтось? Да каго скіравана Багушэвічава парываньне? Не да Карскага. Яны хоць і ведалі адзін пра аднаго, чулі, візуальна былі знаёмыя, але не шукалі шляхоў збліжэньня. Дужа па-рознаму яны разумелі жыцьцё. Яны нібыта рабілі адну і тую ж справу, але Багушэвічу зь ягонымі клопатамі пра беларушчыну даводзілася таіцца, працаваць нелегальна, свае кніжкі друкаваць за межамі Беларусі. Карскі ж гэтага нічога ня зьведаў. Ён спакойна сабе працаваў, выдаваў том за томам. Ягонай працай афіцыйна апекаваліся, яе фінансавалі дзяржаўныя ўстановы. Значыцца, хоць абодва думалі і дбалі пра Беларусь і беларусаў, але неяк па-рознаму пра іх яны думалі. Відаць, погляд Карскага на беларускі народ быў сугучны афіцыйнаму кірунку. Багушэвічаў погляд ішоў уразрэз зь ім. Гэта было тое галоўнае, што стрымлівала Багушэвіча ад збліжэньня з Карскім, хоць яны і жылі ў адным горадзе, хадзілі аднымі і тымі сьцежкамі. Багушэвіч сачыў за працамі Яўхіма Карскага. Карскі ж, мусіць, аж да пачатку ХХ ст. і не здагадаўся, што віленскі адвакат Багушэвіч і аўтар “Дудкі Беларускай” — адна і тая ж асоба. Гэта нават падкрэсьлена ў трэцім томе “Беларусаў”: “Штуршок беларускаму руху дала выдадзеная ў Кракаве ў 1891 г. на беларускай мове кніжачка Мацея Бурачка (псэўданім Францішка Багушэвіча)... “Дудка Беларуская”. Кніжачка Бурачка к пачатку нашага стагодзьдзя стала вядомая ўсім, хто цікавіцца разьвіцьцём беларускай самасьвядомасьці”.
А вось што піша пра магчымыя кантакты Багушэвіча з Карскім Апанас Цыхун, дасьледчык творчай спадчыны слыннага вучонага:
“У сваёй навуковай дзейнасьці Я.Карскі падтрымліваў цесную сувязь з польскім этнографам і фальклярыстам Янам Карловічам, які зьяўляўся самым блізкім сябрам Ф.Багушэвіча, матэрыяльна яму дапамагаў. Яны разам некалькі разоў наведвалі пісьменьніцу Э.Ажэшку ў Горадні. Ян Карловіч падтрымліваў цесную сувязь зь Я.Карскім, вёў зь ім перапіску, апошні дасылаў Я.Карловічу літаратуру, розныя дапаможнікі. Магчыма, празь Я.Карловіча Ф.Багушэвіч асабіста быў знаёмы і зь Я.Карскім, але гэта трэба даказаць”.
Зьвяртаўся я ў 1981 г. і да дасьледчыка творчай спадчыны Карскага Віктара Баркоўскага. Тым больш, ягонаю жонкаю была дачка Яўхіма Карскага Натальля. Адказ быў кароткі і ляканічны.
“На жаль, ня ведаем, ці стракаўся Ф.Багушэвіч зь Я.Карскім, былі яны знаёмыя ці не. Нічога пра Ф.Багушэвіча Я.Карскі не расказваў».
Вядома, для навукі мо ня так гэта ўжо важна: зналіся Багушэвіч з Карскім ці не. І ўсё ж для чалавеказнаўства цікава: чаму два такія выбітныя беларусы жылі ў адным горадзе, рабілі адну і тую справу, а шляхоў да збліжэньня не шукалі? Відаць, у кожнага зь іх была свая Беларусь. Кожны зь іх ладзіў яе па-свойму, ішоў да яе сваім шляхам і быў перакананы, што шлях гэты адзіны праўдзівы.
Мапа Яўхіма Карскага
Пускаючы ў сьвет першы том “Беларусаў”, Яўхім Карскі, з чыста навуковых меркаваньняў, дадаў да яго і “Этнаграфічную мапу беларускага племя”. Ён не здагадваўся, што яна хутка спатрэбіцца палітыкам. Калі ў першай чвэрці мінулага стагодзьдзя беларусы атрымалі рэальную мажлівасьць аднавіць сваю дзяржаўнасьць, гэтая мапа сталася магутнай падмогай у палітычных спрэчках зь нядобразычліўцамі. Прыкладам, акадэмік Гаўрыла Гарэцкі згадваў, што Аляксандар Чарвякоў у Смаленску заўсёды меў пры сабе мапу Карскага. Ён насіў яе, складзеную ў колькі столак, у бакавой кішэні. Як толькі якая спрэчка з расейскімі палітыкамі, дык ён за гэтую мапу: “Вось глядзіце, тут чорным па белым пазначаны межы Беларусі! І ня мною гэта прыдумана і зацьверджана, а расейскімі вучонымі”.
А этнаграфічныя межы на мапе Яўхіма Карскага значна шырэйшыя за сёньняшнія... Яны амаль такія, якія колісь вызначыў Францішак Багушэвіч у прадмове да “Дудкі Беларускай”: “Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...”
І вось Яўхім Карскі сваёй “Этнаграфічнай мапай” у 1903 г. пацьвердзіў словы паэта, замацаваў іх на карце. Гэтая мапа давала і па-ранейшаму дае шмат думак і імпульсаў неабыякаваму да лёсу Радзімы чалавеку. Перакананы, калі возьмеце яе ў рукі, яна і вам шмат пра што раскажа і пакажа, нямала дасьць і думак. То ўгледзьцеся ў яе!
Чаму
Яшчэ з часоў Скарыны вядзецца так на нашай зямлі: не жывуць тут нашчадкі славутых сыноў і дачок Беларусі. Няма тут нашчадкаў Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Фэрдынанда Рушчыца, Эпімаха-Шыпілы, Ядвігіна Ш., Луцкевічаў, Багдановічаў, Забэйды...
Дый Карскія жывуць у Пецярбурзе. Вось якраз гэтыя Карскія і ёсьць нашчадкі славутага філёляга. Адна зь іх — Тацяна Карская. Яна ўнучка славутага філёляга. Таксама лінгвіст, кандыдат філялягічных навук. Шмат гадоў працавала ў Інстытуце мовазнаўства колішняй акадэміі СССР. Працяглы час займалася чэхаславацка-расейскімі моўнымі сувязямі, была кансультантам Вялікага чэска-польскага слоўніка. Перакладчыца. Пераклала на расейскую мову больш за паўсотні ці болей значных твораў чэскай літаратуры, пераважна клясычных. Пэўны час жыла ў Празе.
Гэтыя зьвесткі з 1980 г., з адказаў на мае пытаньні. Тады я рыхтаваў на тэлевізіі нарыс пра слыннага вучонага, і мне патрэбныя былі зьвесткі пра нашчадкаў Карскіх. У гэтым жа лісьце Тацяна Карская яшчэ паведаміла мне, што прозьвішча Карскі носіць і яе брат Сяргей і ягоны сын, таксама Сяргей. Брат інжынэр. Братава жоначка — усходазнаўца. Яна, натуральна, таксама Карская. Захавала сваё родавае прозьвішча і Тацяна, хоць і даўно замужам. А здарылася гэта таму, што яна пачала друкавацца раней, як выйшла замуж. А вось сын яе ўжо не захаваў родавага прозьвішча. Але і ён вельмі таленавіты. У 1980 г. надрукаваў шэраг буйных мастацкіх твораў. Распавядаючы пра сваю сям’ю, пра свой род, Тацяна Карская між іншым зазначыла: “Я сваё родавае прозьвішча люблю, шаную і паважаю!”
Цікава ўсё гэта. Але чамусь і адначасова сумна. І сум гэты вядомы. Ён і ў назьве развагаў: чаму амаль усе нашчадкі ўсіх нашых славутых людзей адрынутыя Радзімаю? Чаму яна ніколі ня брала іх пад сваю апеку? Чаму ніколі нікога не пагукала пад сваё крыло? А мо гукала, ды яны самі не зжадалі, не захацелі вяртацца на радзіму сваіх продкаў? А калі гукала, а яны не зжадалі, дык усё роўна не здымаецца гэтае “чаму?”. Што ж гэта за такая Радзіма, што не прываблівае сваіх аднакрэўных, а адштурхоўвае ад сябе?..
Гэтыя “чаму” можна доўжыць сабе яшчэ і яшчэ. Але хто на іх дасьць адказ?
І яшчэ. Нашчадкі Яўхіма Карскага, як бачым, людзі здольныя, таленавітыя. А каб жа гэты талент Карскіх ды для Беларусі! І мы б мелі з роду Карскіх і беларускіх пісьменьнікаў, і лінгвістаў. І гэта было гарманічна зь імем вялікага продка. Ну але, на жаль, гэтак ня сталася. І гэта ўсё цягнецца ці ня з тых хістаньняў, якія меў колісь славуты філёляг. А хістаньні тыя маюць выток з таго няпэўнага грамадзка-палітычнага ладу, які быў у Беларусі і які застаецца. Гэты лад не цікавіўся і не цікавіцца лёсам нашчадкаў славутых сыноў і дачок. Ён наадварот, робіць усё, каб іх сагнаць з Нашай Зямелькі. Вось таму і няма ў Беларусі нікога з нашчадкаў Скарыны, Дуніна-Марцінкевіча, Ядвігіна Ш., Лёсікаў... Карскіх таксама!
“Беларусы”
праз два “с” і “о”
...Некалі непадалёк жлобінскага кірмашу, на рагу вуліцаў стаяла невялікая хатка з высокім ганкам – жлобінская местачковая кнігарня. Наведваючы Жлобін, я не мінаў і гэтай местачковай кніжніцы. І вось аднаго разу сярод добра знаёмых мне кніг я раптам угледзеў жаўтавата-шэрую ёмкую кнігу, досыць ладнага памеру, зь якой мне найперш кінулася ў вока яе назва. Яна складалася з аднаго слова — “Белоруссы”.
Мне закарцела яе пагартаць. Толькі зрокавае знаёмства паказала, што гэтая кніга не для лёгкага чытва: гукі, літары, зноскі, дужкі, надрадковыя знакі-дыфтонгі. Паглядзеў на цану — такіх грошай у мяне на тую пару не было. Неўзабаве я зьехаў у Мурманск. Там гэтая кніга не сыходзіла з маёй памяці, стаяла ўваччу, гукала дадому. Праз два гады я вярнуўся ў Беларусь і стаў студэнтам і зноў узьбіўся пры досыць цікавай акалічнасьці на “Беларусаў” Карскага. Але гэта ўжо была зусім іншая сустрэча. Таксама па-свойму нечаканая. Але пра гэта хіба іншым разам. Я і так, мусіць, вам добра ўжо надакучыў гэтымі сваімі не заўсёды аргумэнтаванымі мроямі. Што ж да першай стрэчы зь “Беларусамі”, то хоць мінула з тае пары не адзін дзясятак гадоў і даўно няма тае старэнькае жлобінскае кнігарні, але калі б яна ацалела, я і сёньня паказаў бы вам той яе куточак, дзе стаяла кніга, абазначаная назваю нашай нацыі. Гэтая кніга вылучалася з усіх там кніг, бо на ёй было накрэсьлена самае дарагое слова з усіх нашых словаў. А менавіта — БЕЛАРУСЫ.