Што з гэтым сёньняшнім «дэжавю» рабіць нам, хто ўжо жыў у 1980‑х? І хто ня хоча вяртацца на машыне часу назад у СССР. Піша Віталь Тарас.

Машына часу — распаўсюджаны ў навукова‑фантастычнай літаратуры сюжэт. Аднак, хоць стварэньне такой машыны пярэчыць законам фізыкі, як і адвечны рухавік, такі мэханізм існуе. Прычым не як нейкая мэтафара, а як абсалютная рэальнасьць чалавечага жыцьця. Яно само і ёсьць машынаю часу. Толькі мы ня ўмеем альбо ня хочам ёю правільна карыстацца.

Усяго якіх пятнаццаць гадоў таму насельніцтва Савецкага Саюзу, у тым ліку й жыхары Беларусі, атрымалі магчымасьць ня толькі зазірнуць у сваю будучыню, але й жыць у ёй. Трэба было толькі прыкласьці для гэтага намаганьні, як гэта зрабілі нашыя суседзі ва Ўсходняй Эўропе.

Але пераважнай большасьці савецкіх людзей будучыня не спадабалася. Яна настолькі нас жахнула, што мы празь некалькі гадоў вярнуліся ў мінулае і працягваем паглыбляцца ў яго, як у багну. Кажуць, на карэце мінулага далёка не паедзеш. Але зь яе й не саскочыш, калі яна набрала хуткасьць і нясецца пад адхон.

Магчыма, некаму гэта падасца абстрактнымі развагамі. Асабіста для мяне яны маюць абсалютна канкрэтны сэнс. Бо падказаныя ўласным досьведам, хоць і набытым, трэба прызнаць, за мізэрна кароткі для гісторыі адрэзак часу — якія‑небудзь трыццаць‑сорак гадоў.

Для мяне тое, што я чую цяпер з экранаў тэлевізіі, радыё — ня проста «дэжавю». Гэта рэальнасьць, якая была. Тая самая рэальнасьць, а не яе падабенства. Час непарыўны. Так, зьмяніліся некаторыя пэрсанажы — нехта ўпершыню выйшаў на сцэну, нехта схаваўся за кулісы. Але зьмест п’есы ніколькі не зьмяніўся. І нават дэкарацыі ня сталі мяняць, праз адсутнасьць патрэбы...

Два самалёты і шар

1 верасьня 1983 году зьявілася паведамленьне ТАСС аб тым, што паветраную прастору СССР над Сахалінам парушыў невядомы самалёт. Далей у паведамленьні гаварылася пра адпаведныя захады з мэтай спыніць далейшае паглыбленьне самалёта ў савецкую прастору, пасьля чаго той «…аддаліўся ў кірунку мора і зьнік». Спрактыкаваныя савецкія людзі ведалі, што паміж радкоў трэба чытаць: зьбілі.

Хутка савецкі генштаб у гэтым прызнаўся. У апраўданьне прыводзіўся той факт, што экіпаж самалёта не выходзіў на сувязь, не рэагаваў на сыгналы, якія падавалі яму лётчыкі зьнішчальнікаў‑перахопнікаў. Савецкаму камандаваньню, якое прыйшло да высновы, што на борце самалёта магла быць шпіёнская апаратура і што гэта можа быць правакацыя спэцслужбаў супраць СССР, вырашыла аб’ект зьнішчыць. Што і зрабіў, нібыта, адзін лётчык — Генадзь Асіпенка. Такім чынам, калі кіравацца лёгікай тагачаснай улады, Савецкі Саюз паддаўся на правакацыю. Пры гэтым факту, што зьбіты быў пасажырскі авіялайнэр «Боінг»‑747 карэйскай авіякампаніі, савецкі бок не прызнаваў. Але ж газэты ўсяго сьвету толькі пра гэта й пісалі, называючы СССР «Імпэрыяй зла».

Лёс пасажыраў паўднёвакарэйскага «Боінга» жыхароў СССР цікавіў у найменшай ступені. Пазьней была прынятая вэрсія, што экіпаж самалёта выконваў спэцзаданьне ЦРУ і ніякіх пасажыраў на борце не было. У якасьці доказу гэтай вэрсіі прыводзіцца той факт, што савецкія вадалазы не знайшлі ў мейсцы меркаванага падзеньня лайнэра ніводнага цела.

Застаецца паверыць, што імёны 260 загіблых пасажыраў рэйса Анкорыдж‑ Сэул выдуманыя, а сьлёзы й гора іхных сваякоў, якое не аціхла дагэтуль — гульня на публіку.

Напэўна, Уладзімер Пуцін, калі б яму ў той час задалі пытаньне пра тое, што здарылася з самалётам, адказаў бы гранічна ясна: ён патануў.

Усяго праз тры з паловай гады пасьля трагедыі нямецкі пілёт Матыяс Руст праляцеў на лёгкаматорным самалёце ад заходняй мяжы да Масквы і прызямліўся на Краснай плошчы. Гэтым разам, пры Гарбачове, паляцелі галовы савецкіх вайсковых начальнікаў. Нядаўна, на дваццацігодзьдзе свайго пералёту, Руст прыяжджаў у Маскву, на месца, так бы мовіць, свайго злачынства. Але ж яму даравалі. У адрозьненьне ад Гарбачова, якога вінавацяць у тым, што ён «разваліў вялікую дзяржаву».

Маршал Ахрамееў, які ў 1983‑м даваў тлумачэньні журналістам ля мапы СССР наконт зьбітага карэйскага авіялайнэра, застрэліўся на другі дзень пасьля няўдалага жнівеньскага путчу ў Маскве. Ніхто больш з савецкіх афіцэраў, акрамя тагачаснага міністра ўнутраных справаў СССР Пуга, гэтага не зрабіў. І, відаць, ніколі больш ня зробіць. Прыклад сёньня бяруць з такіх, як Буданаў і Шпак.

Яшчэ праз восем з паловай гадоў пасьля анэкдоту з Рустам ваенна‑паветраныя сілы Беларусі зьбілі паветраны шар з двума амэрыканскімі аэранаўтамі ў гандоле. Яны ўдзельнічалі ў міжнародных спаборніцтвах і выпадкова апынуліся над Беларусьсю. Афіцыйная вэрсія — у момант атакі экіпаж быў ужо мёртвы з‑за гіпаксіі (задыхнуліся з‑за недахопу кіслароду), таму не выходзілі на сувязь. Тлумачэньні на прэсавай канфэрэнцыі тады даваў генэрал Юры Сівакоў. Наперадзе яго чакалі іншыя слаўныя справы.

Такім чынам, у адрэзак часу ўсяго ў дванаццаць гадоў умясьціліся сьмерць Андропава й Чарненкі, прыход да ўлады Гарбачова, «перастройка», вывад савецкіх войскаў з Аўганістану, двухбаковае скарачэньне стратэгічных ракетаў у СССР І ЗША, дамова аб скарачэньні звычайных узбраеньняў у Эўропе, аб’яднаньне Нямеччыны, распад СССР, ліквідацыя Варшаўскай дамовы, чэкавая прыватызацыя, першая чачэнская вайна, прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.

«Пэршынгі», «Сатана» ды іншая трасца

Што да Расеі, дык 1995 год — гэта быў ужо другі прэзыдэнцкі тэрмін Ельцына. І гэта быў ужо другі Ельцын, які застаўся пры ўладзе праз перадвыбарчыя махінацыі, абкружаны з усіх бакоў алігархамі, сатрапамі й прыхлябацелямі рознага калібру. І найперш — членамі так званай Сям’і. Менавіта з гэтым Ельцыным Лукашэнка заключыў дамову аб стварэньні Саюзу Беларусі й Расеі, а потым і саюзнай дзяржавы. Гэты Ельцын прывёў да ўлады палкоўніка ФСБ Уладзімера Пуціна.

Але я вяртаюся зноў у 1983‑і год. Майму сыну некалькі месяцаў. І мы, ягоныя бацькі, ня проста хвалюемся за яго, праз ягоную хваробу. Больш за ўсё мы баімося іншага — што сьвет, калі ён вырасьце, застанецца такім, якім ён быў тады. За Андропавым. Андропаў, як нас запэўніваюць, быў тонкі чалавек, інтэлектуал заходняга кшталту. Ён насіў акуляры і ўпотай пісаў вершы.

Пры ім адрадзіліся народныя дружыны. Дружыньнікі адлоўлівалі грамадзянаў у лазьнях і кінатэатрах, дзе яны не павінныя былі бавіць працоўны час. Гэта лічылася шляхам да цывілізацыі.

І яшчэ не праходзіла дня, каб у газэтах і на тэлебачаньні не зьяўляліся паведамленьні пра амэрыканскія ракеты «Пэршынг». Вось яшчэ адна краіна Эўропы паставіла іх у сябе, і яшчэ адна, і яшчэ. Мы, тагачасныя савецкія журналісты, вельмі хутка пачалі разьбірацца ў тэхнічных характарыстыках стратэгічных ракетаў, ракетаў сярэдняга радыюсу дзеяньня, меншай адлегласьці. Больш за тое, пра гэта на поўным сур’ёзе пыталіся падчас так званых палітатэстацыяў.

«Возьмём винтовки новые, примкнём штыки»...

З другога боку, дзякуючы заходнім радыёгаласам, мы ведалі, што ў СССР ёсьць стратэгічныя ракеты СС‑20, якія на Захадзе называюць «Сатана», і ракеты «меншай адлегласьці», і свае крылатыя ракеты таксама ёсьць. І што амэрыканцы ставяць свае «Пэршынгі» ў адказ на ўсё новыя савецкія ракеты, у адказ на нарошчваньне савецкіх танкавых груповак ля заходніх межаў.

Мы разумелі, дакладней, пераконвалі самі сябе, што напад ЗША на СССР, як і наадварот, ёсьць чыстым шаленствам. Дакладна гэтак сама, як і цяпер.

Ніхто ніколі на такое ня пойдзе, нават крамлёўскае кіраўніцтва, думалі мы. (Хоць рашэньне пачаць вайну ў Аўганістане дэманстравала адсутнасьць у гэтага кіраўніцтва розуму.)

Чамусьці гэтыя думкі не суцяшалі. Увесь час лезьлі да галавы іншыя: а раптам?!

Алесь Адамовіч адным зь першых назваў тады атамную вайну атамным самазабойствам, омніцыдам (усеагульным зьнішчэньнем). У адказ партыйнае кіраўніцтва абвінаваціла пісьменьніка ў «пацыфізме». Дакараў яго, сярод іншых, цяперашні беларускі патрыёт з расейскім грамадзянствам Іван Антановіч. Маўляў, у сваёй «Апошняй пастаралі» аўтар недастаткова думае аб тым, каб тыя, «якія ўсё‑ткі ацалеюць», несьлі ў сабе правільны, «аптымістычны» (так і сказаў), адным словам, наш сьветапогляд». (Цытую паводле запісаў Адамовіча, якія ўвайшлі ў кнігу «Імя гэтай зорцы Палын»; Менск, 2006 — ВТ.)

Сьветапогляд меўся на ўвазе, зразумела, камуністычны. Ацалець жа пасьля ядравай вайны павінныя былі тыя, хто зможа схавацца ў бункерах. Тыя, каго туды пусьцяць — паводле пэўных сакрэтных сьпісаў для начальства.

Адамовіч саркастычна называў гэта «бункернай хваробай». Якую чамусьці камуністычныя ідэолягі выдавалі за сьветапогляд.

З другога боку, «маршы міру», якія праходзілі тады ў эўрапейскіх сталіцах, усе гэтыя лягеры на вайсковай брытанскай базе ў Грынэм Коман, у Італіі ці яшчэ недзе, усё гэта выклікала ў нармальных людзей дваістае адчуваньне. Найперш, цяжка было пазбавіцца пачуцьця фальшу. Самі актывісты руху за мір, напэўна, былі ні пры чым. Але калі іх паказвалі ад ранку да вечару на экранах ЦТ, зь цягам часу міжволі пачынала цягнуць на ваніты пры зьяўленьні гэтых мужных барадатых мужчын і ня менш мужнага выгляду жанчынаў. Асабліва калі гэтыя мужныя дзядзькі й цёткі пачыналі прызнавацца ў любові да Савецкага Саюзу. А што яны, уласна кажучы, ведалі пра Савецкі Саюз? Ці задумваліся яны калі‑небудзь, што было б, напрыклад, з тымі савецкімі людзьмі, якія б наважыліся падысьці на кілямэтар да якой‑небудзь савецкай ракетнай базы?

Падобныя пачуцьці выклікаюць і сёньняшнія антыглябалісты. Ня столькі тыя, што ламаюць і паляць усё на сваім шляху (маргіналаў рознага кшталту можна сустрэць паўсюль у сьвеце), колькі іх ідэйныя, «памяркоўныя» правадыры. Няўжо яны не разумеюць, што сваім адвечным анты‑ яны цудоўна ўпісваюцца ў тую самую глябалізацыю? Больш за тое, яны даўно зрабіліся такой самай неад’емнай часткай самітаў рознага ўзроўню, як кока‑кола ў якасьці ахаладжальнага напою на сьвецкім прыёме. Бо іхныя акцыі пратэсту, дзякуючы заходнім тэлекампаніям, становяцца бясплатным шоў, «ужасьцікамі» для мільёнаў гледачоў. У адрозьненьне ад афіцыйных прэсавых канфэрэнцыяў, якія ніхто не глядзіць.

Героі тых шоў, правадыры левага руху, перакананыя ў тым, што толькі яны займаюцца адзіна важнай справай у сьвеце, мала чым адрозьніваюцца ў гэтым ад дзяржаўных чыноўнікаў.

Прывід над багнай

У 1970‑я—пачатку 80‑х гадоў сярод часткі савецкай інтэлігенцыі панаваў настрой, які можна выказаць шэксьпіраўскімі словамі: «Чума на абодва вашыя дамы». Маўляў, кіраўніцтва СССР і ЗША — абое рабое. Яны ў аднолькавай ступені нясуць адказнасьць за рост міжнароднай напружанасьці, пагрозу ядравай вайны. І Вашынгтон і Масква аднолькава бразгаюць зброяй і выглядаюць аднолькава несымпатычна. (Тады быў Віетнам, цяпер вось Ірак). Карацей кажучы, хацелася нам сябе ўпэўніць, што амэрыканскі імпэрыялізм нічым ня лепшы за савецкі. Гэта былі развагі, дакладней — самагіпноз лісы з байкі Эзопа, якая ўпэўніла сябе, што вінаград нясьпелы. Нашто нам цягнуцца да заходняй дэмакратыі? Мы самі вельмі асаблівыя і духоўныя. Мы пабудуем сувэрэнную дэмакратыю. І пабудавалі — тыя самыя савецкія інтэлектуалы, аматары «Бітлз» і «Пінк Флойд», з комплексамі перад Захадам.

Гэта было яшчэ й пэўнага кшталту самаапраўданьне: калі я не магу нічым перашкодзіць дыктатуры, процістаяць гвалту дзяржавы над людзьмі, калі ад мяне нічога не залежыць у сваёй краіне, буду суцяшацца тым, што там, «за акіянам», нічым ня лепш. Там нэграў лінчуюць.

Нэграў у ЗША даўно не лінчуюць. Але карыкатурныя ўяўленьні пра жыцьцё на Захадзе захавалася на самым высокім узроўні. Найвышэйшым.

Пуцін у сваім знакамітым інтэрвію перад самітам у Нямеччыне назваў сябе «дэмакратам чыстай вады». Усім падалося, што гэта такі мілы жарт. Але насамрэч там няма й каліва жарту. Ці хоць бы самаіроніі. Бо ўсе аргумэнты зводзяцца, фактычна, да таго самага: «У вас нэграў лінчуюць». А ва Ўкраіне — дык там увогуле тыранія. Падобных жа такім, як ён, уздыхае Пуцін, не засталося нідзе ў сьвеце. Пасьля сьмерці Магатмы Гандзі няма з кім і пагаварыць. Гэта што — зьдзек з самога сябе? Але ж Пуцін мала падобны да мазахіста. Гэта зьдзек, хутчэй, з заходняй публікі. Інакш кажучы: пляваць я хацеў на вашую грамадзкую думку, вы ў мяне ўсё схаваеце. І Магатму з украінскай тыраніяй, і «дэмакратыю чыстай вады», і ракеты, «нацэленыя на Эўропу». Бо як жа вы бяз нас, бяз нашых расейскіх нафты з газам пражывяце?

І што самае цікавае — хаваюць. Што б там ні казаў Блэр у Лёндане пра забойства Літвіненкі і пра інвэстыцыі, што б ні казаў Буш у Празе пра «аўтарытарныя рэжымы», у тым ліку ў Беларусі… Паказальная дыскусія ў заходняй прэсе наконт таго, што меў на ўвазе Буш пад словам derailed, калі казаў аб рэформах у Расіі. Слоўнікі даюць толькі адно значэньне гэта слова — «пайшлі пад адхон». Але знайшлі й больш мяккую трактоўку — «збочылі», «адхіліліся ад шляху».

На саміце восемкі, як і прадказвалі, усё выйшла ціха й гладка. І пра клімат дамовіліся (як выказаўся адзін расейскі карэспандэнт, «вырашылі праблему клімату»), і пра дапамогу Афрыцы. І адносна сыстэмы ПРА зьявіліся цікавыя варыянты — напрыклад, з Габалінскай станцыяй сачэньня ў Азэрбайджане.

Пуціна чакаюць у ліпені на прэзыдэнцкім ранча ў ЗША. Трэба думаць, на бліжэйшыя пару тыдняў рыторыкі ў духу халоднай вайны трохі паменее.

Але ж у Расеі, акрамя ЗША, застаецца шмат ворагаў. Латвія, Літва, Эстонія, Польшча. З Грузіяй, быццам, замірыліся. Ну, а хто там наступны на падыходзе? Складваецца ўражаньне, што ваяўнічыя заявы ды пагрозы Крамля на адрас Захаду — гэта ўжо не рыторыка, ня стыль палітыкі нават. А нейкая іманэнтная рыса расейскага жыцьця. Калі выцягнуць гэты стрыжань варожасьці й ксэнафобіі — і што застанецца? Адны нафтавыя сьвідравіны.

Пакуль ёсьць нафтадаляры — няхай жыве НТВ. Як сымбаль высокай расейкай духоўнасьці.

Але ж калі Расея ўсур’ёз зьбіраецца ўсчаць новую гонку ўзбраеньняў з ЗША, дык перад расейскім народам хутка паўстане тая ж праблема, што стаяла перад савецкім у 1980‑я. Называлася яна «харчовай праграмай». Адных відовішчаў, кшталту Маскоўскай алімпіяды, для яе вырашэньня аказалася недастаткова. Цяперашнія расейцы, а таксама жыхары іншых постсавецкіх дзяржаваў ня надта хацелі б вярнуцца ў час, калі на паліцах у крамах былі, у лепшым выпадку, «кількі ў тамаце». А гарэлку выдавалі па дзьве бутэлькі ў адны рукі. Толькі хто ж у іх будзе пытацца.

Машына часу, пра якую я гаварыў, дзейнічае вельмі жорстка. Трэба вельмі захацець — а дакладней, надта не захацець вяртаньня ў мінулае, каб «калектыўнае несьвядомае» пачало мяняцца ў пазытыўны бок. Каб людзі пачалі думаць, найперш, пра сваіх дзяцей, а значыць — і пра будучыню краіны.

Колькі яшчэ пагромаў павінна адбыцца на прасторах Расеі, колькі людзей павінны загінуць паводле расавых альбо рэлігійных матываў, каб грамадзтва адчула, што фашызм — гэта ўжо ня толькі пагроза. Яно ўжо ім атручанае. І сыход можа быць летальным.

Дэманы нянавісьці, выкліканыя заклінаньнямі расейскіх палітыкаў і паліттэхнолягаў — зразумела, толькі часова, на пэрыяд перадвыбарчай кампаніі ў Расеі, вельмі цяжка будзе загнаць назад. Як зубную пасту, выціснутую зь цюбіка. А расхлёбываць наступствы давядзецца ня толькі расейцам, але шмат каму з суседзяў. Вось і задумваюцца ў Латвіі і Літве — а ці не далучыцца, пакуль ня позна, да амэрыканскай ПРА?

Насамрэч, ня так і важна, пра што дамовяцца Пуцін з Бушам у Штатах. І нават ня мае значэньня, хто будзе пераемнікам Пуціна ў 2008‑м. Важна зразумець — што з гэтым сёньняшнім «дэжавю» рабіць нам, хто ўжо жыў у 1980‑х? І хто ня хоча вяртацца на машыне часу назад у СССР. Перадаць свае пачуцьці й досьвед маладым немагчыма паводле вызначэньня. Застаецца толькі пускаць бурбалкі.

Зрэшты, як сказаў нехта з філёзафаў мінулага, цывілізацыя — гэта ўсяго толькі прывідныя агеньчыкі ў адвечнай цемры над багнай. Згаснуць яны, і няма каму будзе гэтага ўбачыць. А значыць — і шкадаваць.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0