ДЫСКАГРАФІЯ

 

“Kriwi”

Сынгл.
(р) Machno, Kriwi, Belpunkt, 2000.

Добрая работа. Яна годна працягвае тое, што “Крыві” заявілі ў папярэднім альбоме. З той толькі розьніцай, што на гэтым дыску больш увагі надаецца “пазаштатнаму” музыку Масуду Талібані.

Ён удала ўпісаўся ў “Крыві”, ягоны голас і курдзкія мэлёдыі дадалі фарбаў ды своеасаблівасьці і пры гэтым аніяк не паўплывалі на ідэалёгію гурту. Дастаткова паслухаць песьню “Nerem-nerem”, каб атрымаць сапраўднае задавальненьне, нават калі ты — прыхільнік выключна славянскай інтэграцыі. Голас Масуда, як кропелька мёду, дражніць у кодзе песьні “Ўсе лугі”, а ў песьні “Ў цябе, у мяне” курдзкая народная мэлёдыя спалучаецца зь беларускай і таксама не выклікае пярэчаньняў. Зрэшты, курды і беларусы з аднае рабрыны створаныя, так што ніякага дысанансу быць і не павінна.

Што ж да самога дыску, хачу адзначыць: хіба ўпершыню я сустрэўся з выпадкам, калі можна даволі дакладна вылучыць працу ды-джэя. Звычайна, яны, бы тыя п’яўкі, прысмоктваюцца да песьняў і псуюць іх, называючы гэта творчасьцю. DJane Дэльта надзвычай тонка надала песьні “Сьвякроў” рысачкі, якія дазваляюць лічыць яе не спаскуджаным варыянтам, а новым прачытаньнем. Слухаць цікава.

Калі гэтыя запісы будуць пашыраныя да фармату паўнавартаснага альбому, ён, цалкам магчыма, перасягне ўсё тое, што было выдадзена “Крыві” раней.

Сынгл-мэн СЛУХАЧ

 

“Уліс”

“Падарожжа”.

(р) “Ковчег”, 2000.

Як ведаў: падарожжа па сьцяжынах сьвядомасьці Славы Кораня выдалася нялёгкае, але пераканала ў тым, што верныя прыхільнікі ў ягонага “Ўлісу” будуць і надалей. Ужо хаця б таму, што іншага гукавога ўвасабленьня песьні Славы Кораня ніколі ня будуць мець. Гэта — плюс. Але нейкі такі крышачку мінусовы.

Дзіцячую чыгунку ведаеце? Чым яна ад дарослай адрозьніваецца, здагадваецеся? Там цягнік рухаецца выключна па коле. Адна паездка — адно падарожжа. Другая паездка — тое самае падарожжа. У трэцяе ехаць ужо ня хочацца.

Далібог, ня маю ніякага жаданьня крыўдзіць Славу Кораня, бо ягоную апантанасьць разумею не як адсутнасьць магчымасьці выказацца па-іншаму, а як сьвядомы выбар. Музыка — рэч надзвычай дэмакратычная. Вось “Уліс” сёньня гучыць так — на здароўе! Можна слухаць, а можна не.

Музыцы сёньняшняга “Ўлісу” яўна бракуе зьмены настрояў. Ну хоць бы дзе які нюанс, ну хоць бы за што нечаканае вуху зачапіцца! Гэта як па Беларусі ехаць — скрозь калгасы ці то імя Суворава, ці то імя Клары Цэткін. Экзотыка яшчэ тая!

На згаданым альбоме Корань праставіў двух “кантралёраў” — бонус-трэкі песьняў “Краіна ў кратах” ды “Краіна доўгай белай хмары” з пэрыяду клясычнага “Ўлісу”. Іх плюс быў у выразнай мэлёдыцы, сьпеўнасьці, чаго сёньняшняму “Ўлісу” якраз не стае.

Але Слава Корань з тых, хто абавязкова дойдзе да загадзя вызначанага пункту, як з А — у Б. Цікава, чым станецца “Ўліс” у пункце Я, пры канцы падарожжа, перапыняць якое я не заклікаю ані-ані!

БезьБілетны СЛУХАЧ

 

Ірына Дарафеева

“РАНО ИЛИ ПОЗДНО”.
(р) “Студия Ирины Дорофеевой”, 2000.

Нашыя эстрадныя зоркі ня так і часта выдаюць дыскі. Мо таму, што збольшага ўсе яны — зоркі адной-дзьвюх песень, зь якіх альбом скласьці праблематычна.

Дарафеева за тры гады выдае ўжо другі. Гэтым разам ён запісваўся ў Менску, а тыражаваўся на новым кіеўскім заводзе з чыста ўкраінскай назвай “BoliDisk”. Выдатнае афармленьне, разнастайны рэпэртуар, арыентаваны, у адрозьненьне ад першага альбому, найперш на замежную аўдыторыю. Усе песьні я ўмоўна падзяліў на дзьве часткі: звычайныя і творы “з будучыні”.

Шлягеры Дарафеевай — не маскоўскія чупа-чупсы, што пішуцца на адзін капыл. Гэта сапраўды песьні, больш удалыя ці менш, але не прымітыўныя. Вось што-што, а прымітыў у творчасьці Ірыны наўрад ці знойдзеш. “Улетай”, “Наша тайна”, “Музыка ночи” зь неверагодна густоўнымі бэкамі “Камэраты” — гэта, як кажуць “прасунутыя” музычныя крытыкі, “моцныя” песьні, якія Дарафеевай пасуюць. Не пасуюць “Век рок-н-ролла” и “Каравай” – “дажынкавы” рэпэртуар, які не суадносіцца з абліччам сьпявачкі.

Задумаўшыся над будучыняй, разумееш, што тая Ірына Дарафеева, якая за год “пакрывае” турам амаль усю Беларусь, — гэта яшчэ зусім ня тая Дарафеева, якой яна можа быць. Пра гэта сьведчыць, напрыклад, “В темноте” аўтарства Ўладзімера Высоцкага — твор у беларускай папсе цалкам нечаканы. Тэмбр голасу Дарафеевай тут незвычайны, быццам бы заціснуты падземным пераходам. Заяўка на будучыню. Гэтую заяўку падтрымлівае й загалоўная песьня “Рано или поздно”, з рэпэртуару колішняга “Сузор’я”, тэкст якой з-за прэтэнзіяў аўтаркі Вэранікі Долінай быў перапісаны прад’юсэрам Юр’ем Савашам.

Найбольш удалыя нумары праграмы — гэта “Азярцо” і “Баллада” Дзьмітрыя Даўгалёва. Калі маеце патрэбу адчуць розьніцу паміж папсой беларускай і расейскай — пастаўце гэтыя песьні.

Дарафейнуты СЛУХАЧ

 

Ядвіга Паплаўская
і Аляксандар Ціхановіч

“ОТ “МАЛИНОВКИ” И ДО...”.

(р) “Bulba Records”,
BR 008, 2001.

Вось каго ўжо не варухнецца рука крытыкнуць, дык гэта Ядзю ды Сашу. Хіба што ўпікнуць за асабістае абяцаньне Аляксандру Рыгоравічу, што наступным разам на ўрадавым канцэрце фанаграма ня спыніцца. Але ж — ад сэрца абяцаюць! Іншы б там пачаў апраўдвацца, а Саша сказаў усё, як было. Вось за тое і люблю іх: за праўду, за аўтэнтычнасьць, кажучы вумна.

Таму першы альбом нашага бульбянога лэйблу з заяўленай “Залатой лініі” беларускай эстрады крытыкаваць рука не падымаецца.

Галоўны і найбольш істотны плюс гэтага дуэту ў тым, што Паплаўская зь Ціхановічам ніколі нікому ня хлусілі, а значыць, шкоды не рабілі. У кожнай песьні яны такія, якімі ёсьць: не апранаюць чужых лахманоў, не маскуюцца пад цьвікоў чарговага сэзону, не хаваюцца ў хмызы нібыта актуальнага аранжаваньня. Калі можна ў дачыненьні да эстраднай песьні ўжываць такі тэрмін, як “шчырасьць”, — дык гэта якраз пра Сашу зь Ядзяй.

Для прыхільнікаў памяркоўнай, прыемнай, вельмі чалавечнай песьні без хлусьні ды танных эфэктаў, гэты альбом — прэзэнт аптымальны. Музыка ня модная, а, як кажуць, на ўсе часы. “Мідл ов зэ роад” таго, што завецца “сучасная беларуская эстрада”. І ня варта думаць, што сярэдзіна — гэта тая самая каляіна, зь якой вылецець немагчыма. Сярэдзіна ў Паплаўскай ды Ціхановіча — гэта найперш безумоўны прафэсіяналізм – рэч, якую за малыя грошы не набудзеш.

СЛУХАЧ з Малінаўкі-6

 

“Песьняры”

“2001”.

(р) “Ковчег”, 2001.

Зь вялікім хваляваньнем чакаў я гэтага альбому: падзел творчае спадчыны і аўтарытэту “Песьняроў” ня мог не адбіцца на творчасьці. На вялікі жаль, я не памыліўся: альбом расчароўвае і не дазваляе спадзявацца на рэінкарнацыю таго, што хутчэй памёрла, чым жыве.

У “2001” увайшлі як новазапісаныя вэрсіі “клясыкі”, так і адносна новыя песьні. Не абышлося і бяз пэўных недарэчнасьцяў. Так, на ўкладцы пазначана, што “Песьняры” перамаглі на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады, тады як ансамбль атрымаў там другое месца. На адным са здымкаў Мулявін сфатаграфаваны побач з басістам Мікалаем Няронскім, які, відаць, сам ужо забыўся, калі граў у “Песьнярах” і насіў гэтакі хаер. А вось сёньняшні склад гурту на парадным здымку далёка ня поўны. Рэшта, мусіць, не зьмясьцілася. Я б на месцы Вадзіма Касэнкі, напрыклад, пакрыўдзіўся...

Пачынаецца альбом славутай “Спадчынай”. Першая рэакцыя — што з галасамі?! Вакал абсыпаецца, як старая тынкоўка са столі. Скаражонак запявае ў “Марысі” і, што называецца, не знаходзіць зь песьняй супольнай мовы, хоць у наступнай (“Беловежская пуща”) ягоны голас натуральна кладзецца на мэлёдыю. Многія песьні, перазапісаныя для гэтага альбому, зьмяніліся мінімальна. А перавыдаваць практычна тое самае, што ўжо некалі выдавалася, — па меншай меры неінтэлігентна. Час ідзе, ягоныя павевы адбіваюцца на запатрабаваньнях аўдыторыі, модзе, і, урэшце, на сьвядомасьці саміх выканаўцаў, таму новае прачытаньне старой песьні — гэта неабходнасьць. Колькі разоў можна падсоўваць нашаму прасьцяку тое самае?! Я разумею: сэру Макартні ня трэба сёньня па-іншаму сьпяваць “Yesterday”, але ж то, па-першае, “Yesterday”, а не “Любовь, комсомол и весна”; па-другое, сэр усё адно штогод сьпявае крышку іначай. “Песьняры” ж імкнуцца паўтарыць усё дакладна, як было некалі. Крыху зьмянілі ў “Чырвонай ружы” рытмічную аснову, і ўсё. Але “няма таго, што раньш было”...

Ёсьць праблемы і з агульным гучаньнем галасоў (“Наши любимые”, напрыклад), і з галасамі асобных салістаў. За гады быцьця ў Амэрыцы Барткевіч мог бы навучыцца выразна вымаўляць у “Александрыне” складанае спалучэньне “ля млына”. Няўдала гучыць ягоны голас і ў “Алесі”: такая манера ўспрымаецца сёньня як здабытак архіву. Цалкам згубіўся ў альбоме Анатоль Кашапараў, які калісьці прадбачліва памяняў Волагду-гду на Амэрыку. А там давялося выбіраць: альбо піцай займацца, альбо вакалам. А зь піцай у роце сьпяваць складана. Відаць, спатрэбіўся Кашапараў сёньняшнім “Песьнярам” выключна дзеля імя на вокладцы.

Такое адчуваньне, што альбом літаральна “ляпіўся” з таго, што было пад рукой: ні пра якую кампазыцыю казаць не даводзіцца. І, як вынік, трапілі туды творы зусім ніякія. Прычым “ніякі” — гэта яшчэ камплімэнт у дачыненьні да Лучанковай “Паляны” – такога сабе прымітыву тыпова “маскоўскага” фармату. Сола ў ёй вядзе гітарыст былога рок-гурту “Thanks You, Jesus” Сяргей Мядзьведзеў. Слухаеш і нібы адчуваеш, як яму сорамна гэткае гэ... (гіт, значыць) сьпяваць.

Патрапіў у альбом і тыпова савецкі “разгуляеўскі” шлягер “Теща”, аздоблены спробай сучаснага “а ля Ўсход” аранжаваньня. Нібыта саліст Павал Заяц тую песьню ўласнай цешчы прысьвяціў. Гэты твор можа найбольш яскрава характарызаваць узровень калектыву. Аж Янка з Алёнаю на рацэ далёка ад сораму да ракаў у госьці кінуліся...

А вось песьні В.Шарапава — “Ля замкавай гары” і “Ой, княжна” з тых, на якіх “Песьняры” маглі б паспрабаваць узьняцца з попелу. Яны незайграныя і арыгінальныя, як і “Сівы голуб” Ігара Паліводы, які лішні раз пацьвярджае неабыякі кампазытарскі талент заўчасна памерлага музыкі.

Гатовы зьняць перад сп.Мулявіным капялюш, схіляючыся перад ягоным даробкам для беларускае культуры. Гатовы нават паверыць, што ягоная пранізьлівая “Малітва” на словы Янкі Купалы выконваецца шчыра. Але на фоне “Паляны” ды “Тещи” яна ўспрымаецца як гульня на высокіх пачуцьцях.

Мулявіна дарма чакалі на апошняй “Рок-каранацыі”, каб менавіта яму ўручыць прыз як лідэру найлепшага беларускага ансамблю стагодзьдзя. Не прыйшоў. Больш маладыя могуць яго ўжо ніколі не паклікаць...

Няўсьцешчаны СЛУХАЧ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0